Як кніга «Пентаквантар» даказала, што будучыня можа гаварыць па-беларуску

кніга пентаквантар, купіць кнігу пентаквантар

У XXI стагоддзі беларуская мова ўваходзіць у новы свет — штучны інтэлект, касмічныя баржы і харэакагнітыўныя ядры. Той свет, які яшчэ ўчора быў тэрыторыяй англійскай, нямецкай ці японскай моваў, адкрываецца і для беларускай.

Раман Арцёма Шуканава «Пентаквантар» з’яўлецца нечаканым і моцным доказам гэтага. Кніга паказвае, што беларуская мова можа расказваць не толькі пра мінулае, але і пра тое, што яшчэ не адбылося. Беларуская мова цалкам здольная быць мовай квантавай будучыні.

PALATNO расказвае пра раман «Пентаквантар».

Як беларуская мова адышла ад міфа да матрыцы

Беларуская літаратура з кожным новым творам дапамагае лепш асэнсоўваць мінулае і сучаснае, разумець навакольны свет і іншых людзей. Аднак мова — гэта не толькі лексіка, гэта яшчэ і спосаб успрымаць рэальнасць. А сённяшняя рэальнасць стала лічбавай.

Некаторыя ўсё яшчэ ўспрымаюць беларускую мову як тое, што апісвае жыццё, у якім ёсць словы «дзеці» або «жыта», але нібыта па-за яе межамі свет з паняццямі «алгарытм» і «сінгулярнасць». Аднак гэта зусім не праблема мовы, а толькі пытанне гарызонту ўяўлення. Калі літаратура шмат дзесяцігоддзяў была ахвярай гісторыі, то не дзіўна, што ў ёй не так часта сустрэнеш карціны будучыні. Калі сама беларуская літаратура ва ўмовах выжывання, для яе самой зусім не проста глядзець у вочы заўтрашняму дню.

Усё змянілася, калі з’явілася новае пакаленне аўтараў, якія не баяцца ўключыць святло ў калісьці неасветленым пакоі будучыні. Арцём Шуканаў — адзін з тых, хто ўзяў беларускую мову і паклаў на існуючыя схемы кіберпанку. Нечакана высветляецца, што беларуская мова вытрымлівае існаванне даждлівых мегаполісаў і штучных істот, якія існуюць побач з людзьмі. І ў гэтым сусвеце беларуская мова гучыць абсалютна натуральна, таму што ў ёй хапае самых розных сродкаў выразнасці, нават для такой рэчаіснасці.

КУПІЦЬ КНІГУ «ПЕНТАКВАНТАР» МОЖНА НА САЙЦЕ ВЫДАВЕЦТВА GUTENBERG.

Сусвет «Пентаквантара»

Свет «Пентаквантара» — не проста фантастычны. Гэта складаны арганізм, дзе чалавецтва і штучныя інтэлекты (іэлы) спляліся ў адну інфармацыйную экасістэму. Аднак здарыўся харэастаз, калі ўсе іэлы ўпалі ў каматозны стан, а чалавецтва засталося сам-насам з уласнымі ценямі.

Галоўная гераіня, Одры Аганэсян — напалову японка, напалову армянка, жыве ў Кіёта і займаецца тэхналагічным шпіянажам. Усе думкі і размовы Одры напісаныя па-беларуску. Беларуская мова ў гэтай кнізе не проста перакладае іншамоўны свет, яна яго стварае.

Мова ўваходзіць у свет тэхналогій праз такія выразы: «абанемент надвор’я», «харэакагнітыўнае ядро», «саматужны рэверс» і іншыя. Гэтыя неалагізмы не гучаць суха, бо ў іх ёсць жыццё. Кожнае слова нібыта дыхае, утрымліваючы ў сабе адначасова тэхнічны і мастацкі складнік. У кнізе беларуская мова не ператвараецца ў экзотыку. Аўтар карыстаецца ёю як інструментам інжынернай дакладнасці.

У «Пентаквантары» беларуская пераадольвае межы нацыянальнага і становіцца глабальнай. У адным месцы можна ўбачыць па-беларуску пра Кіёта, у другім — пра Мінск-3, у яшчэ іншым — пра касмічныя баржы. Аказваецца, што беларуская мова здольная быць паўсюль, то бок, кажучы мовай «Пентаквантара», мае своеасаблівы квантавы стан — існуе адразу ў некалькіх месцах.

Шуканаў у сваім рамане будуе свет, дзе Кіёта і Мінск не супрацьпастаўляюцца, а звязваюцца праз мову. У гэтым ёсць нешта, чаго мы даўно чакалі: беларуская мова, якая выжывала ў пэўных межах, нарэшце выходзіць у адкрыты космас.

Беларускі посткіберпанк і простае чалавечае

Посткіберпанк цяпер расказвае не пра чыпы і кіслотныя гарады, як у класікаў 1980-х гадоў. Цяпер кіберпанк расказвае пра чалавека, які спрабуе знайсці душу ў машыне.

У «Пентаквантары» вобраз Одры намаляваны не як звычайнай гераіні-шпіёнкі, а чалавека, які спрабуе не страіць сувязь з сабою. Яе спадарожніца — галасавы бот Адзумі — не проста праграмны памочнік, а эмацыйна разумная істота, якая нагадвае сяброўку. Тут беларуская мова дапамагае пазбегнуць дэгуманізацыі, паказваючы, якім цёплым можа быць беларускі кіберпанк.

Дык які ён, кіберпанк па-беларуску? Ён не пра канфлікт чалавека з сістэмай, а пра дыялог паміж чалавекам і яго стварэннем, паміж «я» і «мы», паміж рэальным і ўяўным.

Некаторыя словы, напрыклад, «харэастаз», «іэл», «коблерная мікракропля», гучаць не толькі па-навуковаму, але як і паэтычныя вобразы. «Харэастаз» — нібыта музычны тэрмін, але гэта стан глабальнай свядомасці, замерлай у сваім рытме. «Іэлы» — электронныя асобы, але ў назве чуваць нешта ад чалавечага, як «я» і «ён». «Коблерная мікракропля» — тэхналагічны канцэпт, але па-беларуску ён гучыць вельмі лёгка. Беларуская мова валодае фанетычнай пластычнасцю, што дапамагае ёй  ствараць новыя сусветы. І, як паказвае «Пентаквантар», можа натуральна расказваць пра свет пасля тэхналагічнага выбуху.

***

Мова памірае, калі на ёй не гавораць. Аднак насамрэч яна памірае, калі на ёй перастаюць уяўляць. «Пентаквантар» паказвае, што мы свабодна можам уяўляць па-свойму. Беларуская мова не баіцца будучыні, бо яна ўжо там.

Вярнуцца ўгару