280 гадоў таму было падаўлена адно з самых буйных у беларускай гісторыі паўстанняў пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Яно адбылося на ўсходніх рубяжах тагачаснай Рэчы Паспалітай — Крычаўскім старостве. Доўгі час узброенаму хваляванню ва ўсходнім старостве дзяржавы прыпісвалі антыфеадальны характар, але насамрэч усё было крыху іначай.
PALATNO расказвае падрабязнасці.
Змест
Прыгнёт паноў, якія былі яўрэямі. Чаму сяляне вырашыліся на паўстанне
Крычаўскае староства размяшчалася на мяжы з Расіяй і лічылася ўласнасцю караля Рэчы Паспалітай. З часам яго перадалі ў «дзяржанне» магнацкаму роду Радзвівілаў, якія здавалі староства ў арэнду. Арандатары былі зацікаўлены ў тым, каб за вызначаны тэрмін паспець атрымаць як мага больш прыбытку, таму парушалі вызначаныя Радзівілам інвентары, дзе былі прапісаны павіннасці сялян.
Першае дзесяцігоддзе пасля Паўночнай вайны жыхарам Крычаўскага староства жылося надта складана. Асабліва цяжкія часы прыйшлі ў 1730-я гады, калі староства арандавалі Гдаль і Шмуйла Іцкавічы.
Сваёй жорсткасцю да жыхароў староства яны не ішлі ні ў якое параўнанне са сваімі папярэднікамі. Толькі за чатыры гады Іцкавічы выбралі ў насельніцтва Крычаўскага староства звыш устаноўленых інвентарамі норм чыншу каля 700 тысяч злотых, а за ўвесь час іх дзевяцігадовай арэнды з сялян і гараджан спагналі было звыш належнага 1 298 909 злотых, 120 270 коп пянькі, 39 вазоў мёду.
Моцны прыгнёт і жорсткасць арандатараў у дачыненні да мясцовых жыхароў, непамерныя нормы чыншу, а таксама поўнае ігнараванне інвентароў, сталі фактычнымі прычынамі паўстання. Насельніцтва староства паўстала супраць арандатараў-яўрэяў, якія не толькі максімальна выціскалі прыбытак з арандаванай зямлі, але былі чужымі і па этнарэлігійнай прыкмеце.
Арандатарамі былі незадаволеныя і ў праваслаўнай царкве, мясцовыя мяшчане, гандляры, купцы. Паступленне ўсіх даходаў у кішэню Іцкавічаў выклікала абурэнне ў значнай часткі сацыяльнай праслойкі староства. Яны бачылі ў асобах Гдалія і Шмуйлы сваіх канкурэнтаў, якія адымалі ў мясцовых іх даходы і ставілі ў нявыгаднае становішча. У сялян Іцкавічы патрабавалі павышаны чынш, нярэдка не выдавалі квіткоў пра аплату і потым зноў патрабавалі грошы. За карыстанне млынам арандатары бралі не дзясятую, як звычайна, а сёмую мерку збожжа. Нават мясцовая шляхта падбухторвала сялян на радыкальныя меры.
Крычаўцы пісалі князю Гераніму Фларыяну Радзівілу скаргі, але слугі арандатараў лавілі іх на дарогах і чынілі расправу. Войта вёскі Селішчы Васіль Вашчыла неаднаразова каралі за тое, што той ездзіў са скаргамі да князя. Аднойчы Вашчылу збілі і кінулі ў астрог, а другім разам пакаралі 150 бізунамі. Аднак гэта не толькі не спыніла паўстанне, а з кожным месяцам распальвала вогнішча незадаволенасці.
Урэшце, 1743 год стаўся актыўным у змаганні з арандатарамі. Узброеныя атрады сустракаліся па ўсім Крычаўскім старостве. Розныя слаі насельніцтва староства ў той час былі аб’яднаны адной мэтай — пазбавіць магчымасці братоў Іцкавічаў быць арандатарамі.
Узброенае сутыкненне працягвалася менш за поўгады
Раней часта пісалі, асабліва ў савецкі час, што Крычаўскае паўстанне нібыта адбывалася чатыры гады — з 1740 па 1744-м. Але гэта не зусім праўда. Цяпер жа ў беларускай навуцы замацавалася больш вузкая храналогія падзей — сярэдзіна 1743 і пачатак 1744 гадоў. Гэты час непасрэдна звязаны з узброеным выступленнем, разгонам адміністрацыі, нападамі на маёнткі шляхты, дамы купцоў, а затым яго сілавое падаўленне.
Да 1743 года ніякіх ваенных сутыкненняў не было. Спачатку па Крычаўскаму староству распаўсюджваліся бунтарскія настроі: сяляне і некаторыя слаі гарадскога насельніцтва вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства арандатараў братоў Гдаля і Шмуйлы Іцкавічаў: адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і іншыя прымусовыя павіннасці. Вашчыла са сваімі паплечнікамі перазаключалі дамовы арэнды на прамысловыя прадпрыемствы, корчмы, сачылі за дробнымі арандатарамі, імкнуліся абмежаваць эксплуатацыю сялян.
Хваляванні пачаліся ў другой палове 1743 года, калі ўзброеныя сяляне пачалі нападаць на маёнткі шляхты, дамы купцоў і ліхвяроў, дзяліць іх маёмасць, знішчаць судовыя і даўгавыя кнігі, разганяць адміністрацыю. На чале паўстання сталі Васіль Вашчыла і бурмістар Іван Карпач, а таксама Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян і іншыя.
У пачатку 1744 года атрад паўстанцаў заняў Крычаў. Крычаўскі дзяржаўца Іеранім Радзівіл, які стала тут не жыў, накіраваў на падаўленне паўстання вялікі атрад са свайго слуцкага ўладання на чале з палкоўнікам Пястжэцкім. Амаль адразу каля двух тысяч узброеных сялян паспрабавалі ўзяць замак штурмам, але гэта ім не ўдалося, хоць былі падтрыманыя беднатой гораду. Добра падрыхтаванае і ўзброенае войска, якое падтрымала артылерыя замка, вымусіла сялян адступіць. Больш за 100 сялян загінула, 500 паранілі і 77 узялі ў палон. З іх толькі трое засталіся жывымі: старац і два бурмістры, астатніх павесілі ці пасадзілі на кол.
Паўстанцы адступілі і каля вёскі Царкавішча стварылі новы лагер. У новым лагеры атрад паўстанцаў стаў папаўняцца людзьмі. У хуткім часе іх колькасць дасягнула каля 4 000 чалавек. Там жа распрацавалі план акружэння і асады замка: усё гэта меркавалі распачаць 26 студзеня 1744 года. Пра гэта даведаўся Пястжэцкі — і вырашыў ударыць першым.
У ноч перад асадай на лагер паўстанцаў нечакана напалі атрады Пястжэцкага. Захопленыя знянацку сяляне адступілі. На полі бою засталіся за 200 забітых і шмат параненых, 176 чалавек, у тым ліку і некаторыя кіраўнікі паўстання, трапілі ў палон. У пачатку лютага 1744 года паўстанне было задушана канчаткова: 60 паўстанцаў жывымі пасадзілі на калы, павесілі на круках і шыбеніцах.
Паўстанне атрымала паражэнне. Нягледзячы на тое, што войскі Радзівіла задушылі паўстанне, а завадатараў жорстка пакаралі, галоўная мэта была фактычна дасягнутая — Іцкавічы перасталі быць арандатарамі Крычаўскага староства. Фактычны ўладальнік староства Геранім Фларыян Радзівіл замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некаторыя абмежаванні ў сялянскім гандлі, а таксама аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і некаторыя іншыя саступкі.
У савецкі час Вашлычу называлі ўнукам Хмяльніцкага, а паўстанню прыпісывалі барацьбу за ўз’язданне з Расіяй і антыпольскі характар
Яшчэ да пачатку так званай Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай гісторыі Крычаўскае паўстанне пачалі падаваць як выступленне супраць «польскіх магнатаў» Радзівілаў. Савецкія гісторыкі надавалі яму антыпольскую афарбоўку.
Гісторык Лочмель апісаў падзеі паўстання як выступленне супраць польскага панавання, увасобленага «польскім магнатам» Радзівілам, пры гэтым мясцовыя арандатары згадваліся рэдка. Ён стараўся паказаць падзеі як па-сапраўднаму народны выступ: яго кіраўніком быў «выхадзец з сялян» Вашчыла, а памочнікамі — мяшчане Карпач, Стэсь і Вецер. Галоўную ж сілу паўстання склалі прыгонныя сяляне і гарадскія рамеснікі. Лочмель стварыў прапагандысцкую тэзу пра Крычаўскае паўстанне як частку барацьбы беларускага народа супраць польскага прыгнёту, падчас якога, маўляў, паўстанцы перабілі больш за тысячу чалавек панскай адміністрацыі, ліхвяроў і іншых прыгнятальнікаў.
Пазней у працах таго ж гісторыка з’явіўся новы кампанент, патрэбны для артыкулявання ідэі ўсходнеславянскага адзінства: аўтар напісаў, што лідар паўстання Васіль Вашчыла «абвясціў сябе ўнукам Багдана Хмяльніцкага», а гэта сведчыць пра вялікую папулярнасць Хмяльніцкага сярод беларускага народа.
У пасляваенны час у афіцыйным наратыве БССР усяляк прасоўваўся тэзіс пра імкненне беларускага народа да «ўз’яднання з Расіяй». Менавіта з такога пункту гледжання тлумачылі і паўстанне на Крычаўшчыне — маўляў, на сялянскае паўстанне паўплывала прага аб’яднацца з Расіяй. Такую наватарскую тэзу прасоўваў вядомы партыйны гісторык Абэцэдарскі. Яшчэ далей пайшоў гісторык Ігнаценка, які ў сваёй манаграфіі часоў застою адкрыта манупуляваў фактамі: нібыта рускія сяляне «актыўна падтрымлівалі» крычаўскіх паўстанцаў, а кіраўнікі кантактавалі з памежнай рускай адміністрацыяй і быццам дзейнічалі са згоды цэнтральных уладаў імперыі.
У абодвух гісторыкаў класавая антыфеадальная барацьба беларускіх сялян Крычаўскага староства нібыта супадала з «нацыянальна-вызваленчай» і вялася за аб’яднанне з Расіяй, што з’яўляецца фальсіфікацыяй рэальных фактаў.
Легенда пра Вашчылу як «унука Хмяльніцкага» выконвала ў афіцыйным наратыве канкрэтную ідэалагічную функцыю — упісвала паўстанне ў міф «нацыянальна-вызваленчай барацьбы» прыгнечаных Польшчай беларускага і ўкраінскага народаў, якія, маўляў, імкнуліся да «старэйшага брата». Такія падыходы пэўны час панавалі ў падручніках і гістарыка-краязнаўчай літаратуры.
Крычаўскае паўстанне ў літаратуры
Пра Крычаўскае паўстанне пісалі вядомыя беларускія пісьменнікі. Уладзімір Дубоўка напісаў вершаванае апавяданне «Крычаўскае спакуса». Уладзімір Арлоў — аповесць «Міласць князя Гераніма», галоўныя героі якой — князь Геранім Радзівіл і крычаўскі бурмістр, гарматнік Іван Карпач. У сваю чаргу Іван Чыгрынаў і Уладзімір Караткевіч напісалі дзве п’есы «Следчая справа Вашчылы» і «Маці ўрагану».
Найбольш вядомы твор у гэтым спісе належыць Катаркевічу. У ім ў рамантызаваным вобразе паказаны падзеі Крычаўскага паўстання, дзе паўстанцы адназначна паказаны як нацыянальныя героі. У 1990 годзе кінастудыя «Беларусфільм» нават экранізавала п’есу Караткевіча пра Крычаўскае паўстанне.
Мала хто ведае, што паўстаннем пад кіраўніцтвам Вашчылы шчыльна цікавіўся і Якуб Колас. Больш за тое, ён збіраўся стварыць твор гістарычнай тэматыкі пра падзеі паўстання, пра што ў 1930-х пісаў ва ўласных лістах да розных людзей. У 1938 годзе Якуб Колас піша ліст ад свайму калегу і сябру Пятрусю Глебку, дзе згадвае наступнае: «Чакаю, калі трохі буду вальней. Ёсць надзея, што ў недалёкім часе будзе ўмацован прэзідыум, і тады я займуся раз’ездамі. У першую чаргу адведаю вас, другі мае родныя, а потым паеду ў Крычаў на пошукі слядоў сярод народа аб паўстанні ў Крычаве (1740-1744 гг.)».
Пра намер паехаць па мясцінах паўстання Якуб Колас піша і да Сяргея Гарадзецкага ў тым жа 1938-м: «Зреет план большой исторической повести, пожалуй, даже романа. Думаю, поехать на то место, где происходили исторические события, взглянуть на окрестности, познакомиться с народом, поискать следов прошлого в его памяти. Я, кажется, уже делился с тобой мыслями об этом замысле. Первоначально намеревался писать пьесу на этом материале. Но меня больше увлекает повесть. Здесь я буду менее связан канонами театра. Пьесу будет легче написать, когда материал пройдёт известную обработку. (Я имею в виду Кричевское восстание.)».
Аднак моцная загружанасць справамі Акадэміі навук, а яшчэ больш растрэлы беларускай інтэлігенцыі у другой палове 1930-х, не дазволілі Якубу Коласу паўнавартасна ўзяцца гістарычны раман пра Крычаўскае паўстанне.
Аўтар Хведар Прылёпаўскі