Фільмы, якія ўключалі ў сябе інавацыйныя падыходы да апавядання, мантажу і гуку, што зрабіла іх сапраўднымі шэдэўрамі… Фільмы, якія не толькі сталі знакавымі, але аказалі значны ўплыў на развіццё кінематографа — якія яны?
PALATNO расказвае пра культавыя фільмы, якія сфарміравалі сучасны кінематограф.
Змест
- «Грамадзянін Кейн». Лепшы фільм усіх часоў?
- «Касабланка». Вялікі фільм пра вялікае каханне?
- «Сем самураяў». Класіка, якая ўплывае на фільмы і дагэтуль
- «Псіха». Хічкок — першапраходнік
- «Восем з паловай». Інавацыйны фільм пра творчы крызіс
- «Хросны бацька». Культавая сага
- «Мужчына і жанчына». Класіка французскага кіно
- «Зорныя войны: Эпізод IV — Новая надзея». Скачок у навуковую фантастыку
- «Крымінальнае чытво». Прывіт, Квенцін Таранціна
«Грамадзянін Кейн». Лепшы фільм усіх часоў?
Год: 1941
«Грамадзянін Кейн» рэжысёра Орсана Уэлса лічыцца адным з найбольш уплывовых фільмаў у гісторыі кінематографа, дзякуючы сваім тэхналагічным інавацыям у здымцы, мантажы і, вядома, апавяданні.
У фільме выкарысталі шматлікія тэхнічныя новаўвядзенні, якія сталі стандартам у кінематографе. Гэта — глыбінны фокус, калі ўся сцяна (ад пярэдняга плана да фону) была ў фокусе. У «Грамадзяніне Кейне» выкарысталі нестандартную структуру апавядання з успамінамі з розных часавых перыядаў, што зрабіла сюжэт больш складаным.
Сюжэт таксама стаў культавым. Галоўнага героя Чарльза Кейна паказалі як складаную і супярэчлівую асобу, пра якога цяжка рабіць адназначныя вынікі. Фільм даследаваў чалавечы характар, уладу і адзінокасць.
«Касабланка». Вялікі фільм пра вялікае каханне?
Год: 1942
«Касабланка» застаецца адным з самых знакавых фільмаў у гісторыі кінематографа. Уплыў кінастужкі распаўсюджваецца на многія аспекты кінавытворчасці і культуры.
Фільм стаў крыніцай многіх вядомых цытат, якія ўвайшлі ў папулярную культуру. Фразы «Here’s looking at you, kid» і «We’ll always have Paris» сталі класікай. Многія сцэны з «Касабланкі» таксама сталі класікай і часта капіруюцца або парадзіруюцца ў іншых фільмах.
Фільм стаў узорным прыкладам для сцэнарыстаў. Любоўны трохкутнік і канфлікт на фоне Другой сусветнай вайны сталі шаблонамі для многіх будучых фільмаў. А архетыпы галоўных герояў — таксама класіка. Напрыклад, персанаж Рык Блэйн стаў архетыпам цынічнага, але доблеснага героя; а Ільза Лунд увасабляе ідэал рамантычнай гераіні.
«Сем самураяў». Класіка, якая ўплывае на фільмы і дагэтуль
Год: 1954
«Сем самураяў» змянілі кінематограф у некалькі напрамках: ад тэхнічнага майстэрства да наратыўных тэхнік.
Фільм устанавіў шаблон «збору каманды», дзе група разнайстайных персанажаў аб’ядноўваецца для выканання агульнай місіі. Гэту формулу выкарысталі ў шматлікіх фільмах: ад культавых «12 раз’юшчаных мужчын» да коміксных «Мсціўцаў». Рэжысёр Акіра Курасава сумясціў эпічныя бітвы з глыбокімі асабістымі драмамі. У фільме кожны галоўны персанаж развіваецца — нарэшце ў кіно расказалі пра матывацыю герояў да змагання.
Курасава паказаў у «Сямі самураях» традыцыйную японскую культуру і самурайскі кодэкс. Для заходніх гледачоў гэта быў унікальны погляд на культуру і каштоўнасці Японіі.
«Псіха». Хічкок — першапраходнік
Год: 1960
«Псіха» ад Альфрэда Хічкока не проста змяніў кінематограф, а сам падыход да кінавытворчасці.
Па-першае, «Псіха» — гэта рэвалюцыя ў жанры жахаў і трылераў. Фільм пераставіў акцэнт на рэалістычны і псіхалагічны жах, паказваючы, што зло можа існаваць у звычайных людзях. А яшчэ Хічкок майстэрскі ствараў і падтрымліваў напружанне на працягу ўсяго фільма.
Калі вы глядзелі «Гульню тронаў», то ведаеце, як быццам бы важныя персанажы былі забітыя ў самыя нечаканыя моманты. Аднак гэта рабіў яшчэ Хічкок! У «Псіха» ён парушыў традыцыйныя правілы і забіў галоўную гераіню яшчэ ў сярэдзіне фільма.
Самая знакавая сцэна ў душы стала магчымай дзякуючы хуткаму мантажу і выкарыстанню гукавых эфектаў. Выбар чорна-белай стылістыкі не толькі знізіў выдаткі для вытворчасці, але і падкрэсліў інтэнсіўную і жудасную атмасферу фільма.
Па-другое, Альфрэд Хічкок выкарыстаў неардынарныя маркетынгавыя хады, каб стварыць зацікаўленасць і ажыятаж. Рэжысёр аддаў распараджэнні, што гледачам забаронена ўваходзіць у залу пасля пачатку сеансу і нельга было раскрываць канцоўку.
«Восем з паловай». Інавацыйны фільм пра творчы крызіс
Год: 1963
Федэрыка Феліні спалучыў у «Восем з паловай» аўтабіяграфічныя элементы з фантазіямі, а гэта стварыла новы ўзровень апавядання. Фільм парушае традыцыйную лінейную структуру, пераскоквае паміж успамінамі з фантазіямі і рэальнасцю. Пасля многія рэжысёры будуць даследаваць асабістыя тэмы праз прызму кіно.
Што зрабіла кіно ўнікальным? Кіно даследуе ўнутраныя канфлікты і крызіс ідэнтычнасці. У ім жа выкарыстоўваецца мова сімвалаў і метафар, каб перадаць унутраны свет галоўнага героя. Гэты шэдэўр ад Феліні прапануе гледачу глыбокую рэфлексію на тэму творчага крызісу.
«Хросны бацька». Культавая сага
Год: 1972
«Хросны бацька» расказвае гісторыю мафіёзнага клана. Гэты фільм Фрэнсіса Форд Копалы паказаў рэалістычны і складаны свет мафіі, што значна кантраставала з простым і гламурным адлюстраваннем злачыннага свету ў іншых фільмах. Асаблівая глыбіня ў фільме — пра сям’ю, гонар і маральныя дылемы.
Развіццё персанажаў, магчыма, самы ключавы аспект у гэтым фільме. Копала намаляваў іх складанымі, з псіхалагічнай глыбінёй. Напрыклад, абсалютна фантастычнай выглядае трансфармацыя Майла Карлеоне ад ваеннага героя да жорсткага лідара мафіі. У «Хросным бацьку» не лінейны наратыў. Каб зрабіць багаты кантэкст для персанажаў і падзей, Копала выкарыстаў устаўкі ўспамінаў.
«Хросны бацька» паказаў, што высокабюджэтныя фільмы могуць быць і камерцыйна паспяховымі, і па-мастацку значнымі.
Фільм аднавіў кар’еру Марлона Брандо і прадставіў свету новых зорак — Аль Пачына, Джэймса Каана і Роберта Дзюваля.
«Мужчына і жанчына». Класіка французскага кіно
Год: 1966
У фільме «Мужчына і жанчына» выкарысталі і чорна-белыя, і каляровыя кадры. Гэта стварыла асаблівую візуальную эстэтыку і падкрэсліла эмоцыі герояў.
Клод Лялуш вывучаў у гэтым фільме тэмы страты і надзеі, аднаўлення праз каханне. У рэжысёра атрымалася стварыць кранальную і рамантычную кінастужку. У сусвеце Лялуша персанажы паказаныя як сапраўдныя людзей са складанымі эмоцыямі і дылемамі. Лялуш выкарыстаў не толькі цікавыя тэхнічныя рашэнні з колерамі, але інтэграваў цалкам музыку ў апавяданне: саўндтрэк падкрэсліў эмоцыі і настрой.
«Мужчына і жанчына» стаў часткай французскай новай хвалі — руху, якія характаразаваўся новымі падыходамі да здымкі, апавядання і стылю. Фільм атрымаў «Залатую пальмавую галіну» і «Оскар» за лепшы замежны фільм.
«Зорныя войны: Эпізод IV — Новая надзея». Скачок у навуковую фантастыку
Год: 1977
«Зорныя войны» — гэта новы ўзровень у спецэфектах, вялікія бюджэты і вялікія прыбыткі. Фільм устанавіў тэндэнцыю выпуску буйных фільмаў у летні перыяд — гэта стала звычайнай практыкай для галівудскіх студый. Таксама «Зорныя войны» стаў адным з першых фільмаў, які манетызаваў свой поспех праз продаж цацак, адзення, кніг і іншай прадукцыі.
Напрыканцы 1970-х гадоў «Зорныя войны» адрадзілі цікавасць да навуковай фантастыкі ў кіно і зрабілі гэты жанр мэйнстрымам. Героі фільма — Люк Скайуокер, Прынцэса Лея, Дарт Вейдар і многія іншыя — сталі іконамі поп-культуры і застаюцца папулярнымі дагэтуль.
Музыка ад Джона Уільямса стала неад’емнай часткай фільма і задала новыя стандарты для кінамузыкі. А праца гукавога дызайнера Бэна Бёрта была рэвалюцыйнай: ён стварыў унікальныя гукі — светлавога мяча і робатаў.
Разам з гэтым «Зорныя войны» сталі адной з першых кінафраншыз. Фільм таксама адкрыў дарогу для стварэння спін-офаў, тэлесерыялаў і іншых медыяпраектаў, каб пашырыць свет «Зорных гульняў». Многія праекты бралі прыклад з класікі, якую стварыў Джордж Лукас.
«Крымінальнае чытво». Прывіт, Квенцін Таранціна
Год: 1994
У 1990-х гадах Квенцін Таранціна пакінуў свой след у кінематографе. Адным з самых значных праектаў рэжысёра стала «Крымінальнае чытво». Адметнай рысай кінастужкі стаў нелінейны сюжэт, які будзе адметнасцю стылю Квенціна Таранціна.
Таранціна вядомы яркімі, жывымі і доўгімі дыялогамі. Яны становяцца настолькі культавымі, што іх затым уключаюць у фільмы іншыя рэжысёры. Дыялогі ў фільмах Таранціна гучаць натуральна і рэалістычна, а гэта дае персанажам дадатковую глыбіню.
Квенцін Таранціна выкарыстаў для «Крымінальнага чытва» ўнікальны саўндтрэк. Ён складаецца з песень розных жанраў і эпох. Дзякуючы музыцы, можна назіраць і за настроем галоўных персанажаў, і за агульным апавяданнем. Дарэчы, «Крымінальнае чытво» спалучае элементы трылера, камедыі, драмы і экшэна.
«Крымінальнае чытво» стала прарывам для незалежнага кіно, якое ў 1990-я стала важнай часткай кінаіндустрыі.