Паміж дзяржаўнай стабільнасцю і паўсядзённай рэальнасцю. Культура, тэхналогіі і жыццё Беларусі ў 2000-х

мінск у нулявыя, беларусь у нулявыя, культура беларусі

PALATNO расказвае пра тое, якой была культура ў Беларусі ў 2000-я гады.

Афіцыёз супраць альтэрнатыўнай культуры

Пасля палітычнага крызісу 1990-х гадоў улады стварылі выразную культурную лінію, у якой не было месца палітыкі. Тэлебачанне і кіно было пад поўным кантролем дзяржавы, а галоўнымі тэмамі дзяржаўнай культуры сталі патрыятызм, працавітасць і любоў да роднай зямлі. На афіцыйным узроўні дамінавала савецкая эстэтыка. Масава рабіліся канцэрты ў гонар Дня Незалежнасці і іншых дзяржаўных святаў з вайсковымі аркестрамі і карагодамі.

Паралельна існавала іншая культура. Яна была незалежнай, беларускамоўнай, часта гарадской. Контркультура не змагалася з сістэмай адкрыта, але стварала свой свет. На музычнай сцэне дамінавалі N.R.M, Neuro Dubel, «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкі». Пасля 2004 года многія гурты не дапускалі да эфіраў і канцэртаў, бо яны дазволілі сабе быць датычнымі да апазіцыйных Лукашэнку рухаў.

Беларуская літаратура жыла паміж афіцыйным саюзам пісьменнікаў і альтэрнатыўнымі выдавецтвамі. З’яўляюцца новыя аўтары, якія па-іншаму глядзяць на тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. У 2000-х гадах з’яўляецца інтэрнэт-пісьменства: беларусы актыўна карысталіся блогамі, у якіх станавіліся сапраўднымі зоркамі.

Тэатры і кіно

У дзяржаўных тэатрах паказвалі класіку і ідэалагічна бяспечныя для рэжыму Лукашэнкі пастаноўкі. Аднак разам з гэтым з’яўляюцца эксперыментальныя тэатральныя праекты, якія часцяком працавалі падпольна, але мелі вялікую папулярнасць.

У пачатку 2000-х гадоў беларускае мастацтва перажывала доўгую паўзу, але з сярэдзіны дзесяцігоддзя з’явілася новае пакаленне мастакоў, якія эксперыментавалі з вобразамі. З’яўляюцца незалежныя пляцоўкі, дзе можна было ўбачыць не толькі беларускіх мастакоў, але замежных прадстаўнікоў розных плыняў.

Кінаіндустрыя Беларусі не надта змянілася з 1990-х гадоў. Кіно было пераважна дзяржаўным, але ўсё роўна пачынаюць з’яўляцца аўтарскія фільмы і дакументальныя праекты, якія паказвалі сапраўдную Беларусь, а не тое, што было на экране тэлевізара.

2000-я гады сталі дзесяцігоддзем, калі беларуская мова і культура сталі моднымі зноўку. Моладзь зноў пачала размаўляць па-беларуску. У гарадах адкрываюцца беларускія гурткі, кніжныя крамы і беларускацэнтрычныя фестывалі.

Як жылі беларусы ў 2000-х

2000-я гады сталі эпохай, калі Мінск і абласныя гарады візуальна абнавіліся. У іх з’яўляюцца новыя гандлёвыя цэнтры, шматлікія крамы, салоны і сэрвісы. Большасць людзей прытрымлівалася простага ладу жыцця, у якой ёсць праца, дача і стабільны заробак. У дамах і кватэрах з’яўляюцца першыя пральныя машыны, больш новыя халадзільнікі, а яшчэ больш пачалі распаўсюджвацца мабільныя тэлефоны.

Дзякуючы інтэрнэту беларусы пачынаюць атрымліваць інфармацыю больш хутка і ўжо не з экранаў тэлевізараў. У 2000-я гады з’яўляюцца медыярэсурсы, якія з часам стануць косткай у горле афіцыйнай улады. Напрыклад, TUTBY за некалькі гадоў стане адным з ключавых беларускіх медыя. У 2009 годзе амаль палова беларусаў мела доступ да інтэрнэту, што цалкам змяніла камунікацыю.

У 2000-я з’явіўся гарадскі сярэдні клас. Гэта былі людзі, якія ўпершыню пачаў падарожнічаць за мяжу, браць крэдыты, купляць аўто (часам не толькі адно) і камп’ютары.

Да канца дзесяцігоддзя сфарміравалася пакаленне «нулявых», якія жывуць у інтэрнэце, слухаюць незвычайную музыку для афіцыйных улад, цікавяцца Еўропай і не хочуць вяртання ў СССР. Менавіта яны праз дзесяць гадоў выйдуць на вуліцы ў 2020 годзе і будуць патрабаваць справядлівых выбараў, мірнага пратэсту і сыходу Лукашэнкі.

Вярнуцца ўгару