Беларускі ПЭН правёў даследаванне сярод літаратараў, мастакоў, фатографаў, музыкаў, працаўнікоў тэатра і кіно і іншых дзеячаў культуры. У рэспандэнтаў, што жывуць і працуюць у Беларусі, пыталіся пра развіццё культуры ўнутры краіны.
Што адбываецца апошнія гады з культурным жыццём у Беларусі? PALATNO расказвае, што думаюць пра гэта людзі, якія працуюць шмат гадоў у гэтай сферы і працягваюць заставацца ў краіне, нягледзячы на рэпрэсіі.
Змест
«Пагаршэнне ідзе проста галопам»
Апошнія паўтара года культурнае жыццё Беларусі пагаршаецца. Рэспандэнты лічаць, што культурная сфера вельмі заняпала, а беларускія культура і мастацтва знаходзяцца ў глыбокай яме: «Зараз культура прыведзеная ў такі аранжавы ўзровень небяспекі, чырвонага яшчэ не было»; «Пагаршэнне ідзе проста галопам».
Да 2022 года большасць культурных арганізацый у краіне закрылася, працягваецца прымусовая ліквідацыя некамерцыйнага сектара, прыватных выдавецтваў, выдаўцоў пазбаўляюць ліцэнзій. Незалежнага тэатра ў Беларусі амаль не існуе: «Рэпрэсіі робяцца ўсё больш маштабнымі, як і ўзровень цэнзуры і самацэнзуры». Цэнзура стала самым папулярным відам рэпрэсій у культурніцкай сферы.
- Ускладнілася працэдура атрымання гастрольных пасведчанняў.
- Жорсткія патрабаванні да правядзення мерапрыемстваў.
- Складзеныя спісы «недобранадзейных».
Рэспандэнты адзначылі, што цэнзуры актыўна спрыяюць прапагандысты, да якіх прыслухоўваюцца чыноўнікі. Яны параўноўваюць сучасны стан беларускай культуры з тым, што адбывалася падчас Савецкага Саюза. У дзяржаўным сектары культуры праводзяцца праверкі кадраў на лаяльнасць сістэме: адбываюцца звальненні — гэта вядзе да дэпрафесіяналізацыі і зніжэння якасці паслуг. Спецыялісты з’язджаюць з Беларусі, але частка свядома застаецца.
Асноўнымі тэмамі ў культуры сталі Вялікая Айчынная вайна (эпізод Другой сусветнай вайны) і «генацыд беларускага народа». Разам з гэтым расце колькасць так званых забароненых тэм, у тым ліку — вайна ва Украіне. Рэспандэнты падкрэсліваюць, што бяспечнымі працягваюць заставацца народныя традыцыі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і пошукі культурнага кода.
Літаратура
Жыццё беларускай літаратуры за апошнія гады змяніла закрыццё незалежных выдавецтваў. Гэта адбілася на аўтарах і на чытачах. Закрыццё найстарэйшага выдавецтва Беларусі «Зміцер Колас», якое працавала ад канца 1980-х гадоў, называюць «беспрэцэдэнтным». На паліцах у манапаліста кнігарняў «Белкнігі» больш няма большасці сучасных беларускіх аўтараў. Замест іх цяпер ухваленыя дзяржаўнай прапагандай кнігі і руская літаратура.
«Калі браць агулам літаратуру беларускую, я маю на ўвазе сур’ёзную, каторая была ў нас у Беларусі, то яе няма: хто ўцёк, хто схаваўся, усе пішуць у шафу, і практычна літаратуры няма»
У бібліятэках зніжаецца напаўняльнасць, у тым ліку ў выніку самацэнзуры бібліятэкараў. Прынамсі некаторыя ўсё роўна лічаць, што ў бібліятэках павінны захоўвацца ўсе дакументы эпохі, а дзяржаўная ўлада не павінна ўплываць на фонды бібліятэк. У бібліятэках і кнігарнях мерапрыемствы праводзяцца пад наглядам «ціхароў» — яны сочаць, каб на імпрэзе не было забароненых кніг і нават кніг з бела-чырвонымі вокладкамі, бо «экстрэмізм».
Адзін з літаратараў расказаў Беларускаму ПЭНу ў даследаванні, што, на яго думку, ідзе мэтанакіраваная палітыка знішчэння або звужэння беларускага кнігавыдавецтва.
Выяўленчае мастацтва
У выяўленчым мастацтве «рэжым маўчання» ўключыўся пасля гісторыі з арыштам мастака Алеся Пушкіна, які загінуў у турме. У беларускай «улады» спісы з «нядобранадзейнымі» мастакамі з’явіліся не так даўно, а пасля змен у Кодэкс аб культуры ў студзені 2023 года кожная выстава павінна прайсці працэдуру ўзгаднення. Частка арганізатараў не ладзіць выставы, а частку закрываюць пасля званкоў ад праўладных мастакоў.
«Самы папулярны спосаб рэпрэсій — гэта цэнзура, гэта немагчымасць выказвацца, немагчымасць выстаўляцца, бо ты знаходзішся ў спісах. І гэта, хутчэй, складаней часта псіхалагічна, чым калі цябе пасадзяць… Але з другога боку, гэта пагроза: ты ж разумееш, што для цябе ёсць пагроза — зрабіцца Алесем Пушкіным»
Для мастакоў існуе цэнзуру ў некалькі ўзроўняў:
- Узгадненне выставачнага праекта: падчас выставы можа прыйсці супрацоўнік Міністэрства культуры, які можа забараніць нейкіх аўтараў.
- Цэнзура прапагандыстаў: яны прыходзяць на выставу і могуць праз свае сацыяльныя сеткі «распіярыць» яе.
- Выстаўленне сваіх прац пад псеўданімамі, бо пад рэальным імем будзе небяспечна.
На мастакоў уплываюць і праз арэнду майстэрняў: напрыклад, падымаюць цану на арэнду памяшкання. На людзей ціснуць і выключэннямі з Саюза мастакоў, якія могуць рабіць неабгрунтавана.
Палітычнае і незалежнае мастацтва цяпер немагчымае ў публічнай сферы, хоць у краіне і працягваюць праводзіць выставы. На думку мастакоў і экспертаў, такія выставы праходзяць без палітычнага кантэксту, у ім няма «ніякага адцення, ніякага гуку часу».
Музыка
У музыкантаў таксама існуюць свае спісы «нядобранадзейных». Такім музыкам закрыты доступ да сцэны, гастроляў, радыёэфіраў. Большасць музыкаў не хочуць атрымліваць гастрольнае пасведчанне, бо трэба падаваць склад гурта, іх імёны і ўсе кантакты.
«Я не магу ні фізічна працаваць, ні ў клубах, ні атрымліваць сродкі для існавання за сваю творчасць (раней я атрымліваў аўтарскія з радыёэфіру)», — расказаў адзін з музыкаў, што застаецца ў Беларусі.
Тэатр
У 2022 годзе адбылася зачыстка імёнаў, павышэнне допуску да пастаноўкі, частцы артыстаў забараняюць займацца прафесіяй нават праз подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Калі незалежны тэатр у Беларусі амаль не існуе, то ў дзяржаўных увесь час адбываюцца чысткі.
Міністэрства культуры патрабуе ад тэатраў ствараць і прасоўваць ідэалагічна вывераныя творы і спектаклі. У Мінску прайшоў тэатральны фестываль «Перамога», на якім паказалі толькі ваенныя спектаклі. Усе пастаноўкі праходзяць экспертызу Мінкульта.
Музейная справа
З музеяў працягваюць сыходзіць людзі, і самы яскравы прыклад — музей Азгура, у якім змянілі ўсю каманду. Калі людзі не сыходзяць самі, то іх мяняюць — кіраўнікоў, каманды і асобных спецыялістаў.
«Яны тупа не ведаюць, каго паклікаць на Ноч музеяў, бо нікога нельга клікаць»
Музейныя куратары павінны самастойна вызначаць, што можна выстаўляць, а што можа трапіць пад забарону. Па меркаванні рэспандэнтаў, гэта атрымліваецца не заўсёды, бо ніколі не ведаеш, што не спадабаецца дзяржаўным органам гэтым разам.
Кіно
Працаваць у беларускім кіно, а значыць у кінастудыі «Беларусьфільм», можна толькі пасля праверкі ў КГБ. Таму першаснымі для працы ў кіно становяцца не прафесійныя якасці і талент, а лаяльнасць. Да прыкладу, над «Чорным замкам Альшанскім» працуюць не беларусы, а расійскі рэжысёр і грузінскі аператар.
Беларускім акцёрам актыўна прапануюць ролі ў Расіі, а ў Беларусі здымаюць толькі адзін мастацкі фільм.
Спадчына
З-за палітычнага пераследу ў Беларусі зніклі дзясяткі некамерцыйных арганізацый, якія былі рухавіком у захаванні беларускай спадчыны. Галоўны стопар — забарона на публічныя выступы спецыялістаў без папярэдняй праверкі імёнаў у спецслужбах.
Чаму беларускую культуру пераследуюць
Большасць рэспандэнтаў упэўненая, што пераслед у культуры не з’яўляюцца мэтанакіраванай атакай. Галоўнай прычынай пераследу называюць грамадзянскую пазіцыю, выхад на пратэсты, каментарыі ў інтэрнэце. Людзей саджаюць за фотаздымкі з маршаў, за рэакцыю ў інтэрнэце, антываенныя выказванні і рэпосты. Акрамя гэтага адбываюцца масавыя выклікі на размовы ў КГБ.
Адна з літаратарак параўнала рэпрэсіі з машынай, якой патрэбныя ланцугі, каб прабірацца па снежнай дарозе, — да і без таго бесперапыннага катка рэпрэсій прымайстравалі ланцугі, «ланцугі застрашвання».
Рэспандэнты лічаць, што рэпрэсіі ўзмацняюцца. Па іх словах, тое, што раней здавалася недапушчальным з боку прадстаўнікоў улады і функцыянераў, цяпер стала прымальным, і гэтая мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца.
«І таму калі ў 22-м годзе калегі, там хтосьці, пачалі пісаць: “Чаму вы маўчыце?”, я ўсвядоміла, што яны проста не разумеюць той кантэкст, у якім мы жывём праз два гады пасля 20-га, — ён моцна змяніўся».
«”Русский мир” абсалютна ўсюды»
Кожны трэці дзеяч культуры ў размове з Беларускім ПЭНам закранаў тэму ўсё большага пранікнення рускай культуры ў беларускую. Хваля рускай культуры адчуваецца ўсё мацней і ў кожным з сектараў культуры.
- Літаратура: «Я заходжу ў кнігарню і бачу, што там адбываецца на паліцах: які адсотак займаюць беларускія кнігі, якія расійскія стаяць кнігі, якія пісьменнікі — Прылепін і гэтак далей. І недзе яшчэ год таму была лепшая сітуацыя на беларускіх палічках, а цяпер ужо знята ўсё, што можна было зняць».
- Тэатры: «Вось гэтыя гастролі бясконцыя расійскіх тэатраў у беларускія тэатры».
- Канцэрты: «Хто выступае — Грыгорый Лепс, нейкая барышня ў какошніку, якую я не ведаю, ну яны [афішы] занятыя гэтымі расійскімі выканаўцамі»; «І ў філармоніі таксама: вялікая колькасць рускіх музыкаў, якія прыязджаюць, — такога ніколі не было».
- Музеі: «Гэты першы музейны форум [праходзіў], і ў выніку там 44 дамовы заключаны паміж беларускімі і расійскімі музеямі: будзе абмен выставамі, яны будуць прыязджаць»; «Прыходзілі ці з міністэрства, ці скуль, маніторылі, сказалі многіх-многіх пісьменнікаў [беларускіх] з экспазіцыі прыбраць».
- Кіно: «Абсалютна відавочна расійскі ціск тут: мы не возьмем беларускіх рэжысёраў і аператараў, а возьмем з Расіі і з Грузіі здымаць нацыянальнае кіно пра гісторыю Беларусі».
- Выставы: «Практычна расійскія мастакі выстаўляюцца ў галерэі больш, чым самі беларусы… Вось гэта, канешне, няправільна, проста несправядліва чыста па мастацкіх паняццях нават».
- Лекцыі: «Усё больш нейкіх лекцый пра Маякоўскага, пра Бродскага, Цвятаеву і гэтак далей. То-бок такая напалову маскоўская туса… Усё больш пра Ахматаву, чым пра Канстанцыю Буйло ці не дай бог Арсенневу».
- Творчыя саюзы: «Я чытаў дакументы, з якіх робіцца зразумела, што іх [творчыя саюзы мастакоў, дызайнераў, кінематаграфістаў і іншых] вымушаюць быць паглынутымі расійскімі саюзамі… Яны як незалежныя беларускія НДА знікаюць і ўваходзяць у структурныя падраздзяленні саюзаў Расіі».
- Адукацыя: «Найлепшыя нашы дзеці, якія праходзілі алімпіяды, без экзаменаў маглі трапіць у найлепшыя расійскія ВНУ. Такім чынам арганізаваны адток мазгоў у Расію».
- Гарадское асяроддзе: «У сферы эстэтыкі і ў архітэктуры проста заўважаю, што руская эстэтыка — яна ўсё больш і больш пранікае на вуліцы»; «Нават шыльды ўжо пачынаюць мяняць — здзіраюць беларускія, размяшчаюць рускія».
- Дзяржаўныя СМІ: «Гэта страшная, проста антыбеларуская прапаганда на беларускім тэлебачанні».
Што адбываецца ў дзяржаўным сектары культуры
Дзяржаўны сектар культуры рэспандэнты апісваюць як таталітарны, цэнзураваны, ідэалагізаваны і бюракратызаваны.
У 2021-2022 гадах ва ўстановах культуры пачалі з’яўляцца спецыялісты па ідэалогіі, якія ўсіх правяраюць на лаяльнасць лукашэнкаўскай сістэме. Галоўны ідэолаг звальняе непажаданых асоб, прымае на працу, адсочвае сацыяльныя сеткі супрацоўнікаў, пазбаўляе прэмій, выклікае на размовы.
На супрацоўнікаў дзяржаўных культурных устаноў ціснуць многімі спосабамі. Іх могуць зняць з пасады, падаўжаць кантракт толькі на некалькі месяцаў — раней яго заключалі на некалькі гадоў. Ідэолагі пагражаюць звольніць з пасады, пазбавіць прэміі ці павялічыць нагрузку, а таксама робяць дысцыплінарныя спагнанні.
Дзеячы культуры казалі пра некалькі хваль звальненняў у іх інстытуцыях, якія працягваюцца і цяпер.
Вось падставы, па якіх звальнялі ці не працягвалі кантракт:
- удзел у пратэстах 2020 года («хто ўдзельнічаў у пратэстах і неяк там засвяціўся»);
- калектыўны зварот ад імені прафесійнай супольнасці («якія ўдзельнічалі ў відэазвароце»);
- подпіс за Віктара Бабарыку на этапе яго вылучэння ў кандыдаты на прэзідэнцтва («што былі за Бабарыку падпісаны — гэта я дакладна ведаю»);
- подпіс пратэсту («што паставіла подпіс супраць несумленных выбараў ці то ў дзень выбараў, ці то пасля, у іх недзе на ўчастку добраахвотна збіралі подпісы пратэсту супраць няправільнага падліку галасоў»);
- крытычныя публікацыі ў сацыяльных сетках («зараз сацсеткі з’яўляюцца такой крыніцай інфармацыі для пераследу — людзей звальняюць нават там»);
- прапольская пазіцыя («якія тым ці іншым чынам схільныя да Польшчы — вось іх неяк так выціскаюць»);
- прабеларуская пазіцыя («менавіта на звальненне ўсіх, хто так ці іначай павязаны з беларускай культурай… Менавіта людзей, хто можа ўзняць голас супраць “русского мира”… Хто проста кажа штосьці непажаданае і, зноў жа, штосьці такое, што можа паўплываць на ўспрыняцце ў Беларусі “русского мира”»);
- адмова ўступаць у прафсаюз («звольнілі яшчэ чатыры ці пяць чалавек за тое, што яны не ўступалі ў прафсаюз»);
- пасля адміністрацыйнага або крымінальнага пераследу («яго проста забралі на суткі і звольнілі па факце… адсутнасці на рабоце»);
- пасля дыфамацыйных публікацый у праўладных СМІ і каналах;
- даносы ў прафесійным асяроддзі («проста супрацоўнікі гэтага органа пішуць данос, што ён бчб-шнік і да таго падобнае, і яго на ўзроўні міністэрства вымушаны прыбраць»).
На кожнага супрацоўніка складаюцца характарыстыкі. У іх дзве часткі: прафесійная і інфармацыя ад спецслужбаў. З-за адмоўных характарыстык ад спецслужбаў людзей могуць не браць на працу.
Што будзе далей
Адно з наступстваў зацяжнога характару рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры і бесперапыннага ціску рэжыму на дзяржаўныя інстытуцыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці — «нармалізацыя» таго, што адбываецца. Разам са з’яўленнем «новай нормы» адбываюцца такія працэсы ў сферы культуры ўнутры Беларусі, як дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнага сектара і гарызанталізацыя незалежнай культуры.
Усё новыя змяненні і задачы, што ставяцца дзяржавай перад установамі культуры, вядуць да прафанацыі і з’яўлення сурагату культуры з гледзішча вырабленага ёю прадукту. З іншага боку, гэта стварае выклік для самой сістэмы — патрабуе ад яе дадатковых намаганняў, каб не разваліць усё. Адна з галоўных пагроз у выпадку доўгатэрміновай перспектывы — разрыў кампетэнцый спецыялістаў, перадачы досведу і ведаў.
Для незалежнай культуры засталося вельмі мала альтэрнатыў, таму адбылося вяртанне да стратэгій экспанавання мастацтва, якое было ў савецкі час — кватэрнікаў і міжсабойчыкаў. Арт-жыццё зрабілася больш камерным і менш публічным. Самацэнзура і ананімнасць вядуць да знікнення дзеячаў культуры з радараў.
«Няма гэтай канкурэнцыі, няма нагледжанасці, бо сапраўды не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць ездзіць проста на прафесійныя фестывалі, сюды нікога не прывозяць, натуральна. І ёсць страх, што мы закрываемся ў сваёй гэтай тусовачцы нейкай, і “мы” — я ж кажу і пра гледача, ён жа таксама павінен быць нагледжаным».
«З’ехалі — засталіся»
Дзеячы культуры з дзяржаўнага і незалежнага сектараў культуры казалі пра наяўнасць як мінімум двух фармальных падзелаў паміж беларусамі: на лініях «свой — чужы» і «з’ехалі — засталіся». Рэспандэнты шмат звярталіся да тэмы спрэчак беларусаў і адсутнасці мастка паміж тымі, хто з’ехаў і хто застаўся. На іх думку, з абодвух бакоў падліваецца алей у агонь. Па лініі «свой — чужы» ідзе падзел па тых, хто супрацоўнічае і хто не супрацоўнічае з дзяржаўнымі інстытуцыямі.
«Мастакі і наогул арт-супольнасць, любая, якая цяпер знаходзіцца за мяжой, вельмі добра мусяць разумець тое, што гэтыя выказванні, якія яны цяпер робяць, якія звязаны з палітыкай або вайной ва Украіне, — яны мусяць разумець, што яны выказваюцца не ад свайго імя, яны выказваюцца ад імя нас».
Загалоўнае фота: «Наша Ніва».