Вы чытаеце:
Як Купалле ў Беларусі стала праўладным фестывалем

Як Купалле ў Беларусі стала праўладным фестывалем

купалье в Беларуси, купалле ў беларусі

Свята Івана Купалы, або Купалле, — старажытнае народнае свята, якое звязана з летнім сонцастаяннем. У залежнасці ад календара — юліянскага ці грыгарыянскага — Купалле адзначаюць у ноч з 23 на 24 чэрвеня ці ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

PALATNO расказвае, як беларускія чыноўнікі пераўтварылі Купалле ў праўладны фестываль і як сапраўды яго варта святкаваць.

Не Купалле, а мора піва і шашлыку

Купалле ў Беларусі пад назвай «Александрыя збірае сяброў» упершыню правялі ў 2010 годзе ў аграгарадку Александрыя ў Шклоўскім раёне, на малой радзіме Лукашэнкі.

Некаторыя праўладныя беларускія медыя нават спрабавалі тлумачыць ідэю праводзіць фестываль у Александрыі: нібыта ўсе мерапрыемствы павінны праходзіць на беразе Дняпра, бо рака спрадвеку звязвала беларусаў, украінцаў і рускіх. Падкрэслівалася, што такія мерапрыемствы спрыяюць гандлёва-эканамічнаму і сацыяльна-культурнаму супрацоўніцтву рэгіёнаў Беларусі, Украіны і Расіі.

Ад 2010 года галоўнымі элементамі Купалля ў Беларусі сталі канцэрты, кірмашы, тэматычныя падворкі, гандлёвыя рады, кніжныя выставы-продажы, забаўляльныя дыска-праграмы для моладзі з удзелам дыджэяў, майстар-класы, гульнявыя праграмы, феерверкі і атракцыёны. У 2014 годзе нават правялі ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўскай вобласці.

У 2015 годзе ў Александрыі Купалле наведалі каля 100 тысяч чалавек. Галоўным дасягненнем таго года стала колькасць з’едзенага і выпітага напояў: 7 тон шашлыку, 1,1 тоны марожанага, 2 тысячы дэкалітраў квасу і 3 тысячы дэкалітраў піва.

лукашенко

У 2018 годзе ў рамках фестывалю адбылося музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Малая радзіма», у якім прыняў удзел малодшы сын Лукашэнкі. Мікалай сыграў на фартэпіяна кампазіцыю Валерыя Іванова «Вяртанне да спадчыны». Выкананне кампазіцыі было настолькі кранальным, што Лукашэнка-старэйшы не вытрымаў і расплакаўся.

У 2020 годзе фестываль прайшоў пад патранатам ЮНЕСКА. Усе рэгіёны Беларусі і горад Мінск прадставілі свае экспазіцыйна-тэматычныя падворкі, таксама адбылася прэзентацыя праграмы, прысвечанай Дню беларускага пісьменства.

У 2023 годзе фестываль «Александрыя збірае сяброў» адбудзецца 8 ліпеня з удзелам беларускіх і расійскіх артыстаў. Уваход на мерапрыемства вольны, але за гала-канцэрт трэба заплаціць 46 рублёў. Гэтым разам фестываль будзе праходзіць не два дні, як заўсёды, а толькі адзін.

Як святкавалі Купалле нашыя продкі

У старажытнасці Купалле сімвалізавала мяжу, пасля якой пачынаў скарачацца дзень, а прырода рыхтавалася да восені і зімы. Пазней гэтае свята стала прымяркоўвацца да дня нараджэння Іаана Хрысціцеля — 24-25 чэрвеня, але ў некаторых мясцінах яго адзначалі з 23 на 24 чэрвеня.

Пасля рэформы 1918 года і пераходу на грыгарыянскі каляндар свята Івана Купалы пачалі адзначаць у ноч з 6 на 7 ліпеня.

Назва «Купалле» асацыіравалася са словам «купаць» — «апускаць у ваду», як пры абрадзе хрышчэння.

Рыхтавацца да свята пачыналі з раніцы: дзяўчаты ішлі ў поле, збіралі зёлкі і кветкі. Дома імі ўпрыгожвалі хату, пакідалі сушыцца. Таксама з іх плялі вянкі, на якіх потым варажылі. Кідалі іх у ваду і глядзелі: да якога берага паплыве вянок, туды дзяўчына і пойдзе замуж.

Уначы запальвалі вогнішча, вадзілі вакол яго карагоды, танцавалі і спявалі песні. Запальвалі яго звычайна каля вялікага дрэва, на беразе ракі, побач з полем, на выгане або нават на галоўнай плошчы мястэчка, калі яно было вялікім. Адным з абрадаў таксама былі скачкі праз вогнішча. Лічылася, што, калі пераскочыш праз яго, можна ачысціцца ад усяго дрэннага, што накапілася на працягу года. Таксама дзяўчаты скакалі праз вогнішча, каб паваражыць на замужжа: калі да спадніцы прычэпіцца некалькі іскарак, хутка да яе гаспадыні прыедуць сваты.

Сярод галоўных абрадаў — пошукі папараць-кветкі, якая дапамагае размаўляць з усім звярамі і паказвае месцы, дзе схаваны старажытныя скарбы.

Дзе ладзяць святкаванне Купалля-2023

купалье в Беларуси

Мінск

7 і 8 ліпеня ў Цэнтральным батанічным садзе будуць адзначаць Купалле з усімі элементамі аўтэнтычнага святкавання: пляценнем вянкоў, карагодамі, купальскай варажбой. Музычную атмасферу будуць ствараць гурты: Aratseya, Krasa і «Гуды».

Калі: 7-8 ліпеня з 19 да 22:30.

Дзе: вул. Сурганава, 2В.

Колькі каштуе: дзецям ад 6 гадоў, пенсіянерам, студэнтам — 6 рублёў, дарослым — 12 рублёў, дзецям да 6 гадоў, дзецям са шматдзетных сем’яў, дзецям-сіротам, інвалідам усіх груп — бясплатна.

Стрытфуд-пляцоўка «Песочница» запрашае правесці купальскі вечар у сямейным коле. Тут плануюцца мерапрыемствы як для дзіцячай аўдыторыі, так і для дарослых. А 18:00 дзетак запрашаюць прыняць удзел у квэсце, дзе яны адправяцца на пошукі папараць-кветкі. А 19:00 гасцей «Песочницы» чакае выступ фолк-гурта Andarak, а адразу пасля — народныя песні і танцы са студыяй «Варгін».

Калі: 7 ліпеня з 18 да 22 гадзін.

Дзе: вул. Куйбышава, 45.

Колькі каштуе: уваход вольны.

7 ліпеня адсвяткаваць Купалле можна на беразе Мінскага мора — на пляжы «Друзья». Вас чакае купальская забаўляльная праграма з майстар-класамі, пошукам папараць-кветкі, выступам гумарыстычнага дуэта «Дед и Баба», а таксама велізарны дзіцячы гарадок і анімацыя.

Калі: 7 ліпеня а 19 гадзіне.

Дзе: пляж «Друзья».

Колькі каштуе: уваход вольны.

Мінскі раён

8 ліпеня адсвяткаваць Купалле можна будзе ў музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо. У праграме: пляценне вянкоў, варажба, рэканструкцыя традыцыйных абрадаў, жывое выкананне песень і музыкі на народных інструментах ад студыі «Варгін».

Калі: 8 ліпеня з 18 да 21 гадзіны.

Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (Мінскі раён, вёска Азярцо).

Колькі каштуе: школьнікам, студэнтам (студэнцкі білет) — 6 рублёў, дарослым — 12 рублёў, дашкольнікам — бясплатна.

Стаўбцоўскі раён

Парк-музей «Сула» сёлета прапануе дзве святочныя праграмы: начную і дзённую. Начная праграма пройдзе 7 ліпеня з 20 да 0 гадзін. Гасцей чакае травяная гарбата, варажбы, традыцыйныя купальскія песні і танцы, карагоды, скачкі праз вогнішча, а галоўным нумарам праграмы стане начная прагулка па рацэ на дракары. 8 і 9 ліпеня з 14 да 17 гадзін — дзённая купальская праграма з абрадавымі песнямі і гульнямі, майстар-класам па пляценні вянкоў і скачкамі праз вогнішча.

Калі: 7 ліпеня з 20 да 0 гадзін, 8-9 ліпеня з 14 да 17 гадзін.

Дзе: парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» (вёска Сула, 14, Стаўбцоўскі раён).

Колькі каштуе: дзецям ад 7 гадоў — 15 рублёў, дарослым — 30 рублёў, дзецям да 7 гадоў, ветэранам ВАВ, Героям Савецкага Саюза і Беларусі, інвалідам 1-2 групы (толькі пры прад’яўленні пасведчання) — бясплатна. Для сяброў «Сулы» (каб стаць сябрам, падпішыцеся на адну з сацыяльных сетак парка «Сула») — 25 рублёў.

Аўгустоўскі канал

Гасцей чакае рэканструкцыя старадаўніх абрадаў, купальскае шэсце, карагоды і песні вакол вогнішча і скачкі праз агонь, пошук кветак папараці, пляценне вянкоў і варажба, а дапоўніць праграму танцавальны этнамарафон.

Калі: 7 ліпеня а 19 гадзіне.

Дзе: Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка.

Колькі каштуе: уваход вольны.

Косава

7 ліпеня на тэрыторыі Косаўскага палацава-паркавага комплексу пройдуць гулянні з нагоды свята Івана Купалы. У праграме — традыцыйныя купальскія забавы, канцэрт і дыскатэка.

Калі: 7 ліпеня а 18 гадзіне.

Дзе: Косаўскі замак, Востраў кахання (Косава, вул. Т. Касцюшкі, 108).

Колькі каштуе: уваход вольны.

Дзяржынскі раён

У Цэнтры экатурызму «Станькава» вечарам 8 ліпеня можна будзе паўдзельнічаць у купальскіх абрадах і варажбе, гасцей таксама чакае забаўляльная праграма і агнявое шоу.

Калі: 8 чэрвеня — з 18 да 23 гадзін.

Дзе: Цэнтр экатурызму «Станькава», гасцінічны комплекс на беразе возера (в. Станькава, Дзяржынскі р-н, Мінская вобласць).

Колькі каштуе: дзецям ад 5 гадоў — 5 рублёў, дарослым — 10 рублёў, дзецям да 5 гадоў — бясплатна, зніжкі шматдзетным сем’ям.

Больш інфармацыі можна знайсці па спасылцы.

Марыя Седышова.

Вярнуцца ўгару