Now Reading
Легенды і паданні Нясвіжа: таямнічы саркафаг, закаханыя дрэвы і жывая князёўна ў труне

Легенды і паданні Нясвіжа: таямнічы саркафаг, закаханыя дрэвы і жывая князёўна ў труне

легенды і паданні нясвіжа

Нясвіжчына вядомая шматлікімі паданнямі і легендамі. І акрамя апавяданняў пра Чорную Панну тут можна пачуць іншыя цікавыя і часта жудасныя гісторыі.

PALATNO расказвае пра тыя легенды, што ледзяняць кроў.

Дуб і сасна

Па дарозе з Гарадзеі ў Нясвіж на працягу многіх дзесяцігоддзяў можна было ўбачыць незвычайны помнік прыроды: дуб і сасна стаялі абняўшыся, як закаханыя. У 1999 годзе сасна загінула, але на гэтае месца дагэтуль прыязджаюць маладыя ў дзень вяселля. Ужо шмат гадоў помнік ахоўваецца дзяржавай, пра што гаворыць спецыяльная таблічка на агароджы.

Адна з легенд расказвае гісторыю дрэў. У другой палове XVIII стагоддзі ў Нясвіжы і Слуцку ўжо працавалі прыгонныя тэатры. Браты Міхал і Геранім Радзівілы часта абменьваліся артыстамі. Так са Слуцка ў нясвіжскі тэатр патрапіла таленавітая і прыгожая сямнаццацігадовая балерына Гануся. Сваім танцам, тонкім станам і вялізнымі блакітнымі вачыма яна пакарыла сэрцы не толькі простых гледачоў, але і багатых і знакамітых гасцей замка. Многія з іх дамагаліся сімпатыі дзяўчыны, але заўсёды сустракалі катэгарычную адмову. Пакрыўджаныя прыхільнікі скардзіліся князю і нават патрабавалі адправіць танцорку на стайню.

Пасля спектакляў Гануся не вярталася ў грымёрку, а хавалася ў старых дэкарацыях за сцэнай, каб не прыцягваць лішняй увагі і дакучлівых заляцанняў. Адзін з тэатральных мастакоў, малады прыгажун Язэп, ведаў пра гэта. Ён пакахаў дзяўчыну яшчэ з таго моманту, як балерына прыехала ў Нясвіж, але не адважыўся сказаць пра свае пачуцці. Гануся таксама з першага позірку закахалася ў хлопца і чакала ад яго прызнання.

Гэта працягвалася амаль два гады, пакуль танцорам не прыйшлося вяртацца ў Слуцк. Тады юнак нарэшце пераадолеў сарамлівасць і сказаў Ганусі, што кахае яе. Дзяўчына адказала ўзаемнасцю, і шчаслівыя закаханыя вырашылі прасіць нясвіжскага князя Міхала Радзівіла аб дазволе на іх вяселле. Той пагадзіўся, але папярэдзіў, што апошняе слова будзе за слуцкім князем.

легенды і паданні нясвіжа

Геранім Радзівіл адрозніваўся жорсткасцю ў адносінах да прыгонных і, вядома, не даў дазвол на шлюб. У гневе ён загадаў даставіць Ганусю ў Слуцк. Закаханыя даведаліся пра гэта і вырашылі бегчы, але на выездзе з Нясвіжа іх злавілі. Апошнія абдымкі маладых былі такія адчайныя, што жаўнеры, якія іх затрымлівалі, нібыта плакалі разам з імі.

Дзяўчыну закавалі ў кайданы і павезлі ў Слуцк. Праз некалькі дзён да Язэпа дайшла вестка, што яго каханая загінула. Невядома, ці пайшла яна з жыцця добраахвотна ці яе закатавалі ў зняволенні, але з таго часу Язэп кожны дзень пачаў хадзіць на месца, дзе іх разлучылі. У памяць аб Ганусі ён пасадзіў дуб і сасну. Дрэвы раслі і спляталіся стваламі гэтак жа, як і закаханыя ў хвіліну раставання. Праз пару гадоў, не ў сілах жыць без каханай, Язэп пайшоў у манастыр.

Дуб і сасна прастаялі некалькі стагоддзяў і сталі сімвалам вечнага кахання і вернасці. Падчас Другой сусветнай вайны немцы хацелі вывезці цуд прыроды ў Германію, але гэта не атрымалася. Да гэтага часу сюды акрамя маладажонаў часта прыходзяць хлопцы і дзяўчаты, у якіх не складаецца асабістае жыццё, і просяць аб тым, каб сустрэць каханне на ўсё жыццё.

«Гарбаты» саркафаг

У радавым склепе Радзівілаў у Фарным касцёле стаіць «гарбаты» саркафаг. Паводле легенды там пахаваная маладая князёўна Людвіка Радзівіл, якая загінула з-за кахання да прасталюдзіна. Бацькі дзяўчыны ўжо даўно вырашылі, што выдадуць яе замуж толькі за багатага аўстрыйскага прынца. Бацька Людвікі, князь Багуслаў Радзівіл, арганізаваў пышны баль, каб заручыць дачку з будучым шляхетным жаніхом.

Аднак дзяўчына любіла іншага хлопца, простага канюшага Радзівілаў, і ўжо дамовілася бегчы з ім з замка, каб таемна вянчацца. Каханы павінен быў чакаць яе з адзеннем і санкамі. Князь даведаўся пра змову, загадаў злавіць юнака і пасадзіць у вязніцу. Людвіка, не здагадваючыся пра гэта, прыбегла ў люты мароз ва ўмоўленае месца проста ў бальнай сукенцы і лёгкіх туфлях. Дзяўчына змерзла, так і не дачакаўшыся каханага. Яна так адубела, што яе не маглі пакласці ў звычайную труну: былі вымушаны пахаваць няшчасную ў сядзячым становішчы.

легенды і паданні нясвіжа

Беларускі паэт Юрась Свірка па матывах гэтай гісторыі напісаў верш «Паданне».

Праз шмат дзесяцігоддзяў гэтая рамантычная легенда была развянчаная. У 1954 годзе ўрадавая камісія праводзіла ўскрыццё некаторых пахаванняў. Унутры драўлянага саркафага знаходзілася цынкавая труна, у якой знайшлі не юную князёўну, а пажылую 74-гадовую княгіню Адэліну з роду Карніцкіх, жонку князя Канстанціна Радзівіла. На труне знайшлі вянкі з надпісам «Дарагой бабулі ад дзяцей і ўнукаў» і вазу з металічнымі кветкамі, якая і ўтварыла «горб» – каб яе прыкрыць, сканструявалі крышку такой арыгінальнай формы.

легенды і паданні нясвіжа

Сава, якая плача

З фамільным склепам Радзівілаў звязана яшчэ адна легенда. У адным з памяшканняў стаяць дзве вялікія труны і дванаццаць меншых. У княгіні Ганны Кацярыны Радзівіл усе дзеці памерлі ў юным узросце, дванаццаць яе дзяцей не дажылі да паўналецця. Пакуты жанчыны былі невыноснымі: ёй здавалася, што там, у падзямеллі, дзеці «вельмі баяцца халады і цемры». Нават уначы душа маці не ведала спакою і кожную поўнач пакідала цела, ляцела ў склеп і там ператваралася ў саву. Па чарзе птушка жудасна галасіла над кожнай дамавінай. Страшэнныя крыкі прыводзілі ў жах тых, хто выпадкова аказваўся ў гэты час каля касцёла.

Старэйшая з дзяцей, юная прыгажуня Караліна, дажыла да шаснаццаці гадоў і збіралася выходзіць замуж. Кожную раніцу дзяўчына пачынала з прымеркі вясельных сукенак, якія ёй прывозілі з Парыжа. Пасля прымерак маладая князёўна любіла чытаць за сталом у сваім пакоі.

легенды і паданні нясвіжа

Аднойчы Кацярына зайшла да дачкі і ўбачыла, што тая задрамала — галава дзяўчыны ляжала на адкрытай кнізе. Маці паклікала Караліну, але тая не адклікалася. Тады Кацярына ўзяла яе за руку і абамлела — рука была ледзяной. На крык княгіні збегліся слугі і спрабавалі прывесці дзяўчыну ў пачуцці, але бескарысна. Караліна была мёртвая.

Роспач маці, якая страціла апошняе дзіця, не паддавалася апісанню. Кацярына літаральна рвала на сабе валасы ад гора. Яна загадала выліць з воску фігуру дачкі ва ўвесь рост і пасадзіць яе за стол гэтак жа, як тая сядзела ў апошні дзень свайго жыцця. Па пакоі раскідалі вясельныя сукенкі і накрылі ўсё чорным празрыстым пакрывалам. Няшчасная маці больш ніколі не смяялася і не ўсміхалася. Цэлымі днямі яна сядзела ў пакоі дачкі, малілася, плакала і размаўляла з васковай фігурай, якую было не адрозніць ад жывой Караліны.

Паступова ўсе пачалі забываць аб трагедыі, жаніх Караліны заручыўся з іншай, сяброўкі павыходзілі замуж. І толькі Кацярына да канца жыцця насіла жалобу, а перад смерцю загадала зрабіць сваю васковую фігуру на каленях перад ложкам дачкі. Пасля смерці княгіні ніхто ў замку не адважваўся заходзіць у пакой Караліны, людзі баяліся нават на метр туды наблізіцца.

Слёзы Марыі

У Новым парку ёсць гранітны помнік, на якім выбіты надпіс «Марысін, 1898». Калісьці тут быў невялікі вадаспад пад назвай «Слёзы Марыі» і аднайменны ручай. Па легендзе на гэтым месцы пахаваная маленькая Марыся, дачка князёўны Марыі, якую ў стане летаргічнага сну паклалі ў труну жывой.

Ужо згаданая камісія 1954 года знайшла ў магільным склепе Радзівілаў саркафаг з маладой дзяўчынай у вясельным уборы. Пасля вывучэння пахавання стала зразумела, што яна сапраўды была жывой і памерла ад разрыву сэрца пры спробе павярнуцца ў труне. Пра гэта ёсць драматычная гісторыя.

У сястры аднаго з князёў Радзівілаў была дачка Марыя, якая правяла дзяцінства ў бацькоўскім замку недалёка ад Клецка. Там яна пасябравала з сялянскім сіратой Янам. Дзеці так прывязаліся адно да аднаго, што далі клятву ніколі не расставацца. Але хутка бацькі Марыі памерлі, і дзяўчынку аддалі на выхаванне ў Нясвіж. Так сувязь з Янам была страчаная.

Жыццё ў нясвіжскім замку моцна адрознівалася ад ранейшага. Дзяўчына не магла свабодна гуляць і мець зносіны з тымі, хто быў ніжэй па паходжанні. Марыя замкнулася ў сабе, пачала шмат чытаць і амаль ні з кім не размаўляла. Адзінай суразмоўніцай была служанка з Клецкага маёнтка, сяброўка дзяцінства Марыі, якую ёй дазволілі ўзяць з сабой у Нясвіж.

У замку ў той час працавала шмат садоўнікаў, якія аднаўлялі парк. Адным з іх быў прыгажун Ян, каханне дзяцінства Марыі. Хлопец паспеў адвучыцца ў Італіі і вярнуўся ў Нясвіж выдатным спецыялістам па паркавай архітэктуры. У адзін з дзён Марыя праводзіла ў замкавай бібліятэцы, куды дазвалялі хадзіць і Яну. Там яны сустрэліся ўпершыню за шмат гадоў, і каханне маладых людзей успыхнула з новай сілай.

З дапамогай служанкі закаханыя пачалі сустракацца кожны дзень і хутка вырашылі ажаніцца. Але была сур’ёзная перашкода — гаспадары замка ўжо даўно вырашылі, што Марыя, якая была князёўнай з багатым пасагам, выйдзе замуж за іх сына.

легенды і паданні нясвіжа

Да таго ж дзяўчына зацяжарыла і разумела, што стане чорнай плямай на магутным родзе Радзівілаў. Пара вырашыла бегчы, але іх злавілі, а Марыю аб’явілі псіхічна нездаровай і закрылі ў пакоі. Там князёўна нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Марысяй. Пакуль маці адыходзіла ад родаў, дачку забралі. Праз некалькі дзён тая самая служанка сказала Марыі, што Яна вывезлі з горада і забілі, а ад маленькай Марысі таксама пазбавіліся і пахавалі дзяўчынку за возерам.

Служанка прызналася, што ведае, дзе яе магілка, і няшчасная маці ў роспачы пабегла туды. З распушчанымі валасамі ў белай доўгай кашулі, яна неслася як прывід, і ніхто не мог яе спыніць. Нарэшце яна ўбачыла свежавыкапаную зямлю на беразе возера і пачала так плакаць і крычаць, што хутка страціла прытомнасць. У замку пазней абвясцілі, што Марыя памерла ад псіхічнага захворвання і ў той самы дзень арганізавалі яе пахаванне, паклаўшы бедную дзяўчыну ў труну яшчэ жывой. Так трагічна абарвалася жыццё закаханых і іх маленькай дачкі.

У 1980-х гадах у памяць Марыі і Яна ўсталявалі дзве скульптуры закаханых на Востраве кахання ў Марысіным парку. Таксама ў глыбіні парка ёсць скульптура Марыі, якую ў цёмны час сутак можна лёгка прыняць за прывід.

Вярнуцца ўгару