Якім было лета беларускіх мастакоў? Расказваем і паказваем

мастак валянцін губараў, карціна губарава гародніна і людзі, карціны беларускіх мастакоў

PALATNO расказвае і паказвае, як беларускія мастакі бачылі лета.

Валянцін Губараў — «Гародніна і людзі»

Валянцін Губараў нарадзіўся ў 1948 годзе ў Горках. Там жа скончыў мастацкае вучылішча, пазней працягнуў мастацкую адукацыю ў Маскве. У сярэдзіне 1970-х вярнуўся ў Беларусь, жыве і працуе ў Мінску.

Карціна Губарава «Гародніна і людзі» была напісаная ў 1999 годзе. Цяпер знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.

Губараў працуе ў жанры наіўнага мастацтва. Выставы мастака ладзяцца ў Францыі, а яго творы выстаўляюцца на сусветнавядомых аўкцыёнах — Christie’s, Drout Richelieu, Taschen, KINSKY.

Марк Шагал — «Закаханыя»

Марк Шагал, шагал карціна закаханыя 1981, карціны шагала, беларускія мастакі 20 стагоддзя
Марк Шагал: «Закаханыя», 1981 год.

Марк Шагал нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску, быў вучнем знакамітага мастака Юдаля Пэна. Шагал шмат працаваў у Віцебску, нават клікаў на працу вядомых мастакоў таго часу — напрыклад, Казіміра Малевіча. У 1920-я гады выехаў у Германію, асеў у Францыі і атрымаў французскае грамадзянства. Падчас Другой сусветнай вайны жыў у Злучаных Штатах і Мексіцы. Шагал стаў адным з самых выбітных мастакоў мінулага стагоддзя, яго працы прадстаўлены ва ўсіх буйнейшых музеях свету. Памёр у 1985 годзе ў Францыі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Загадкавае забойства настаўніка Шагала ў віцебскім пад’ездзе: смерць Юдаля Пэна

У 1981 годзе Марк Шагал стварыў карціну «Закаханыя». У 2012 годзе Белгазпромбанк, якім на той час кіраваў Віктар Бабарыка, купіў карціну «Закаханыя» за 650 тысяч долараў. Цікава, што яна стала першай карцінай Шагала ў Беларусі, да гэтага ў краіне былі толькі некалькі літаграфій. Менавіта гэта карціна Шагала ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Аляксандр Мазалёў — «На канікулах»

мастак аляксандр мазалёў, карціна мазалёва на канікулах, карціны беларускіх мастакоў
Аляксандр Мазалёў: «На канікулах», 1966 год.

Аляксандр Мазалёў нарадзіўся ў 1910 годзе на Магілёўшчыне, у вёсцы Рудня. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, але не змог атрымаць адукацыю з-за фінансавых цяжкасцей. У 1930-я гады жыў і вучыўся ў Ленінградзе. Напрыканцы 1930-х яго накіравалі на працу ў Луганск, там ён выкладаў у Варашылаўградскім мастацкім вучылішчы, але перад пачаткам вайны пераехаў у Віцебск. Мазалёў удзельнічаў у вайне, быў падпольшчыкам. Тры гады правёў у канцлагеры, пасля вызвалення ваяваў у шэрагах Чырвонай арміі. Пасля вайны жыў у Мінску.

У 1960-я гады Аляксандр Мазалёў становіцца адным з прыкметных і яркіх жывапісцаў Беларусі, хоць пры жыцці талент мастака не ацанілі савецкія ўлады.

У 1966 годзе Мазалёў стварыў карціну «На канікулах». Цяпер яна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як беларускія мастакі бачылі і паказвалі восень?

 

Вясна вачыма беларускіх пісьменнікаў. Якая яна?

 

А хто, акрамя Шагала? Топ-5 беларускіх мастакоў з Віцебшчыны


Ізраіль Басаў — «Зноў лета»

мастак ізраіль басаў, беларускія мастакі 20 стагоддзя, беларускія мастакі яўрэйскаг паходжання
Ізраіль Басаў: «Зноў лета», 1979 год.

Ізраіль Басаў нарадзіўся ў 1918 годзе ў Мсціслаўі. Перад вайной спрабаваў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча, але не змог здаць уступны іспыт. Дарэчы, у Ізраіля быў старэйшы брат Беньямін, які таксама быў мастаком. Пасля вызвалення Беларусі Ізраіль вярнуўся ў Мсціслаў. Затым адвучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы — адтуль яго ледзь не адлічылі, але ўступіліся студэнты.

Да 1970-х не змог праводзіць персанальныя выставы, толькі пасля 1975-га яго творы эпізадычна ўдзельнічалі ў выстаўках. На 50-годдзе мастака, у 1968-м, Саюз мастакоў прапанаваў Басаву правесці персанальную выставу, але без гледачоў і прэсы — Ізраіль такую прапанову адхіліў.

У апошнія дзесяцігоддзі жыцця для Басава асноўным матывам становіцца горад. У 1970-1980 гады Басаў увогуле адмаўляецца ад акадэмізму. У тыя ж гады была напісаная карціна «Зноў лета». Большасць твораў знаходзіцца ва ўласнасці сям’і Ізраіля Басава. Памёр у 1994 годзе ў Мінску.

Міхась Сеўрук — «Жніво»

мастак міхась сеўрук, карціна сеўрука жніво, беларускія мастакі
Міхась Сеўрук: «Жніво», 1937 год.

Міхась Сеўрук нарадзіўся ў 1905 годзе. Па адных дадзеных, месцам яго нараджэння з’яўляецца Варшава, па іншых — Нясвіж. У 1926 годзе стаў вучнем знакамітых мастакаў Фердынанда Рушчыца і Людаміра Сляндзінскага ў Вільні. Разам з Язэпам Драздовічам, Язэпам Горыдам і Пётрам Сергіевічам стварылі Віленскае таварыства мастакоў. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Сеўрук вяртаецца з Вільні ў Нясвіж.

У ранні перыяд творчасці ішоў шляхам сезанізму і ар дэко. У пазнейшых працах, ужо пасля пераезду ў Савецкі Саюз, прасочваецца выразная народнасць вобразаў у творах. Сеўрук адмовіўся працаваць у стылі соцрэалізму, працягнуў жыць сваім мастацкім жыццём. За што яго не вельмі любілі савецкія ўлады. Мастак памёр у 1979 годзе ў Нясвіжы. Яго першая выстава ў Савецкім Саюзе адбылася праз год пасля смерці мастака.

Самы вядомы твор Сеўрука — «Жніво». Карціна створаная ў 1937 годзе. Сеўрук упершыню паказаў гэты твор на выставе ў Варшаве. Гэта была яго першая вялікая праца пасля заканчэння ўніверсітэта і некалькіх гадоў практыкі.

Вярнуцца ўгару