Самастойна вырашаць, куды пойдуць вашы падаткі, прапаноўваць ідэі і рэалізоўваць іх. На платформе «Новая Беларусь» з’явіліся суполкі пілотнага праекта па лічбавым самакіраванні.
PALATNO расказвае, у чым сэнс праекта і якую карысць ён прынясе беларусам унутры краіны.
Абмеркаваць ідэі і вырашыць, куды пойдуць падаткі
Тыя людзі, якія пералічылі адсотак ад сваіх падаткаў ці зрабілі ўнёсак у партнёрскія арганізацыі «Новай Беларусі», цяпер могуць вырашыць, якія ідэі рэалізаваць на агульна сабраныя грошы.
Напрацягу двух тыдняў удзельнікі і ўдзельніцы праекту прапаноўвалі ідэі і ацэньвалі падабайкамі прапановы іншых удзельнікаў і ўдзельніц. 29 чэрвеня прайшоў адбор самых рэйтынгавых ідэй. Вось якія ініцыятывы перамаглі ў выніку адбору:
У «польскай» суполцы:
- Данат палку Каліноўскага
- Падтрымка сем’яў загінулых беларускіх ваяроў з палка Кастуся Каліноўскага
- Беларуская гульня з гістарычным/адукацыйным ухілам
- Беларуская платформа кааператыўных гульняў
- Сэрвіс продажу білетаў на платформе «Новая Беларусь»
- Англамоўны партал пра гісторыю Беларусі
- Агульны памочнік для беларусаў у эміграцыі
- Зямля для новай Беларусі (адзін удзельнік ці ўдзельніца прапанаваў/ла купіць кавалачак зямлі для беларусаў)
У «літоўскай» суполцы:
- Лічбавая беларуская школа
- Бібліятэка з беларускай літаратурай у Літве
Больш падрабязна пра кожную ідэю можна прачытаць у суполках: націснуць укладку «Ідэі», потым зайсці ў «Прыём ідэй» і націснуць на назвы ідэй, якія цікавяць.
Зараз удзельнікі і ўдзельніцы праекта абмяркоўваюць ідэі, дапрацоўваюць іх і ставяць падабайкі. Гэты этап будзе доўжыцца амаль што два тыдні, пасля чаго адбудзецца яшчэ адзін адбор на аснове рэйтынга і фінальнае галасаванне, якое вызначыць пераможцаў.
Бюджэт праекта складае 8265 еўра: 6350 еўра ў Польшчы і 1915 еўра ў Літве. У абмеркаванні і выбару ідэй ужо ўдзельнічае 241 беларус і беларуска.
Як прапанаваць ідэю
Назіраць за ходам праекта — бачыць ідэі, вынікі галасавання і чытаць навіны ў суполках — могуць усе аўтарызаваныя карыстальнікі/цы платформы «Новая Беларусь». Уплываць на рашэнні могуць выключна ўдзельнікі/цы суполак. Усе ахвочыя могуць далучыцца да «пілота» на любым яго этапе за ўнёсак ад 35 еўра.
Каб далучыцца да праекту, трэба самастойна запоўніць падатковую дэкларацыю і выбраць партнёрскія ўстановы «Новай Беларусі» у Польшчы ці Літве ў якасці атрымальнікаў вашага адсотка на дабрачыннасць. Калі не запаўняць дэкларацыю, то гэты працэнт спішацца аўтаматычна выпадковым чынам на рахунак іншай арганізацыі.
Каб прапанаваць ідэю, неабходна сцягнуць мабільную праграму «Новая Беларусь», знайсці суполку «Пілотны праект па самакіраванні» у Польшчы ці Літве і прайсці аўтарызацыю. Затым у замацаваных паведамленнях трэба знайсці форму прыёму ідэй і прапанаваць сваю.
Стварэнне і выбар найлепшай ідэі нагадвае квэст і праходзіць у восем этапаў. На кожным з іх беларусы і беларускі могуць паспрабаваць новыя інструменты.
На першым этапе трэба прапанаваць ідэю. Чым больш падабаек яна збярэ, тым вышэйшы яе рэйтынг. Аўтарам ідэй неабходна прыняць рашэнне: канкурыраваць у адзіночку ці разам з іншымі аўтарамі. У адзіночку ў вас будзе больш свабоды выбару тэмы, а разам з іншымі — больш высокі шанец прайсці на наступны этап.
На другім этапе каманда «Новай Беларусі» праверыць, ці адпавядае прапанаваная ідэя заканадаўству Польшчы і Літвы.
На трэцім этапе ідзе аўтаматычны адбор прапаноў на аснове падабаек. У наступны этап пройдуць толькі ідэі з рэйтынгам мінімум 51% ад самага высокага рэйтынгу.
Чацвёрты этап уключае абмеркаванне і дапрацоўку ідэй. Цяпер можна пісаць каментары і ацэньваць іх, даваць парады, як палепшыць ідэі, ставіць не толькі падабайкі, але і не падабайкі. На гэтым этапе ў аўтараў таксама ёсць магчымасць уносіць праўкі ў свае ідэі.
На пятым этапе каманда «Новай Беларусі» зноў правярае ідэі. Шосты этап — аўтаматычны адбор. На наступны этап праходзіць толькі 20% прапаноў з самым высокім рэйтынгам.
Сёмы этап — галасаванне. У ўдзельнікаў і ўдзельніц будзе цэлы набор галасоў і на вынікі ўплываюць галасы не толькі «за», але і «супраць».
На восьмым этапе можна будзе ўбачыць вынікі галасавання.
«Адчуць, як гэта, калі твой голас рэальна ўлічваецца»
Аўтары кажуць, што праект па лічбавым самакіраванні — гэта магчымасць папрактывацца ў прыняцці сумесных рашэнняў на прынцыпах дэмакратыі, усвядоміць сваю суб’ектнасць, адчуць, як гэта, калі твой голас рэальна ўлічваецца, а твае ідэі дапамагаюць вырашаць праблемы. Ён — адзін з першых крокаў на шляху да мэты пабудаваць лічбавую дзяржаву.
— Ідэя ўзнікла, калі мы прыдумлялі, які праект зрабіць пілотным для нашага кірунку па фарміраванні грамадзянскай супольнасці, і наша каманда падумала пра магчымасць выкарыстоўваць дабрачынны падатак у Польшчы і Літве, паколькі ў гэтым выпадку чалавек перакладае ўмоўна віртуальныя грошы. Пры гэтым мы як платформа, дапамагаем людзям зладзіць публічныя абмеркаванні, выдаткаваць гэтыя грошы, прыдумаць ідэі і гэтак далей. Такім чынам, людзі далучаюцца ў паўнавартасны працэс рашэння. А мы як платформа ствараем і тэстуем у рэальных умовах механізмы для таго, каб у будучыні пашырыць гэты пілотны прадукт на значна большую аўдыторыю, — кажа сузаснавальнік платформы «Новая Беларусь» Павел Лібер.
Павел дадае, што людзі, якія пераводзілі грошы ў рамках пілотнага праекта, знаходзяццца ў Літве і Польшчы, але многія прапановы ў выпадку іх увасаблення могуць прынесці карысць беларусам і беларускам усюды, дзе б яны не жылі. Напрыклад, калі гэта ідэя глабальнай анлайн-адукацыі, то яна, па словах Паўла, будзе важным праектам для людзей у Беларусі.
— Мы вельмі хочам пасля пілотнага праекта пашырыць яго да значна большай аўдыторыі і прыйсці да ідэальнага ўвасаблення партысіпатыўнага бюджэту (грамадзянскі бюджэт; той, які распрацаваны і зацверджаны з удзелам грамадскасці) на нацыянальным узроўні, калі людзі выразна разумеюць, на што трацяцца іх грошы і прымаюць у гэтым непасрэдны ўдзел. Так адбываецца ва ўсіх прагрэсіўных дэмакратычных краінах, і нам важна вучыць людзей, што так і павінна быць.
Што такое «Новая Беларусь»
«Новая Беларусь» — гэта грамадская платформа, на якой разам з экспертамі можна распрацаваць і абмеркаваць рэформы, неабходныя ў розных сферах жыцця краіны. Сярод іх — сістэма адукацыі, ахова здароўя, медыйная сфера, мясцовае самакіраванне і іншыя.
Праект накіраваны на тое, каб пабудаваць прававую, дэмакратычную і сацыяльную дзяржаву, умацаваць суверэнітэт і незалежнасць краіны, правесці сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні і пабудаваць рыначную эканоміку.
Прапаноўваць, абмяркоўваць і прасоўваць ідэі можа кожны прыхільнік пазітыўных перамен. Для гэтага трэба запоўніць анкету, якая знаходзіцца на афіцыйным сайце праекта.
Ад сакавіка 2023 года ў беларусаў, якія жывуць у Польшчы і Літве, з’явілася магчымасць ахвяраваць частку сваіх падаткаў на беларускія праекты. У спіс такіх арганізацый уваходзяць партнёры «Новай Беларусі»: у Польшчы — Fundacja Tutaka, а ў Літве — Littouwin LIONS CLUB.