Now Reading
Каханне, сямейныя драмы і просьбы не ўцякаць. Што пісалі палонным вайскоўцам іх блізкія некалькі стагоддзяў таму

Каханне, сямейныя драмы і просьбы не ўцякаць. Што пісалі палонным вайскоўцам іх блізкія некалькі стагоддзяў таму

лісты да палонных вайскоўцаў, лісты да палонных маракоў

Падчас Сямігадовай вайны англійскія вайскоўцы канфіскавалі каля ста лістоў ад блізкіх французскіх маракоў. Абсалютна розныя людзі — ад сялян да заможных афіцэрскіх жонак — расказвалі ў гэтых лістах пра каханне, жыццё і сямейныя сваркі.

Гэтыя лісты ніколі не дайшлі да адрасатаў і захоўваліся ў архіве англійскага Адміралцейства ў Лондане. Нядаўна, праз 265 гадоў пасля іх адпраўкі, даследчык абсалютна выпадкова распячатаў іх і ўпершыню прачытаў.

PALATNO расказвае пра незвычайную знаходку і што пісалі маракам іх родныя.

«Я замовіў скрынку толькі з цікаўнасці»

Прафесар гістарычнага факультэта Кембрыджскага ўніверсітэта Рэно Мар’е выпадкова знайшоў у архіве скрынку са стосам маленькіх лістоў. Ён выдаткаваў некалькі месяцаў на тое, каб прачытаць сотні лістоў з дзіўным правапісам, без знакаў прыпынку і вялікіх літар.

— Я замовіў скрынку з лістамі толькі з цікаўнасці. Лісты былі маленькія, з пячаткамі. Таму я спытаў архіварыуса, ці можна іх увогуле распячатаць, і ён дазволіў. Я быў першым чалавекам, хто прачытаў гэтыя вельмі асабістыя паведамленні. Тыя, каму яны былі адрасаваны, такой магчымасці не мелі, — расказаў Мар’е.

лісты да палонных вайскоўцаў, лісты да палонных маракоў
Гісторык Рэно Мар’е. Фота: University of Cambridge

Прафесар мяркуе, што гэтыя лісты паказваюць, як чалавек спраўляецца з вялікімі жыццёвымі праблемамі і падтрымлівае сувязь са сваімі блізкімі. Яны — пра ўніверсальныя чалавечыя перажыванні, а не толькі пра Францыю ў эпоху Сямігадовай вайны альбо пра васямнаццатае стагоддзе.

— Сёння ў нас ёсць Zoom і месанджары. У васямнаццатым стагоддзі ў людзей была толькі папера, але тое, пра што яны пісалі ў сваіх лістах, падаецца нам вельмі знаёмым.

Сямігадовая вайна (1756-1763 гады) — маштабны канфлікт паміж буйнымі еўрапейскімі дзяржавамі. Вайну таксама называюць каланіяльнай, бо ў ёй сутыкнуліся інтарэсы метраполій. Сутычкі паміж дзяржавамі пачаліся не ў Еўропе, а паміж англічанамі і французамі ў Паўночнай Амерыцы. Баявыя дзеянні адбываліся ў Індыі, на Філіпінах і Карыбах. На еўрапейскім кантыненце вайны прагнуў прускі кароль Фрыдрых II, які ў выніку зрабіў сваю краіну адной з галоўных у Еўропе. Гэта вайна павялічыла эксплуатацыю амерыканскіх калоній Англіяй, што праз дзесяць гадоў прывядзе да Вайны за Незалежнасць.

Падчас Сямігадовай вайны англічане напоўнілі турмы тысячамі французскіх маракоў, каб аслабіць флот Францыі. Напрыклад, у 1758 годзе Вялікабрытанія зняволіла траціну ўсіх французскіх маракоў. А за ўсю вайну ў зняволенні пабывалі больш за 60 тысяч маракоў.

У гэтых мужчын былі сем’і, якія спрабавалі звязацца з імі і чакалі дома. Большасць маракоў была вызвалена, але некаторыя памерлі ад хвароб і недаядання.

Паштовая сувязь у васямнаццатым стагоддзі выглядала крыху іначай, чым сёння. Асабліва калі вы хацелі даслаць ліст на карабель, які ўвесь час рухаўся. Часцей за ўсё людзі дасылалі некалькі копій ліста ў розныя парты, каб хоць адна з іх трапіла да адрасата.

Лісты, якія знайшоў Мар’е, дабраліся да Англіі. Там іх перадалі не зняволеным маракам, а ў Адміралцейства — каб высветліць, ці маюць яны ваенную каштоўнасць. Аднак унутры іх было толькі асабістае, таму лісты паклалі на захоўванне. Вядома, што гэтыя лісты былі дасланыя членам экіпажа карабля Galatée: ён плыў з Бардо ў Квебек, але ў 1758 годзе карабель захапілі брытанцы і накіравалі ў Портсмут — экіпаж арыштавалі, а судна прадалі.

Прафесар Мар’е ідэнтыфікаваў кожнага члена экіпажа карабля — ад простых матросаў да вышэйшых афіцэраў. Разам з гэтым даследчык правёў генеалагічнае даследаванне адрасатаў і іх карэспандэнтаў, каб даведацца пра іх жыццё больш.

Сямейныя драмы, знаёмыя сучаснаму чалавеку

Часцей за ўсё ў гэтых лістах людзі абмяркоўвалі сваё асабістае жыццё — ад рамантычнага кахання да сямейных сварак падчас вайны. Даследчык Мар’е змог «адкапаць» асабістую гісторыю марака, чыя маці крытыкавала яго ў лістах і спаборнічала са сваёй нявесткай за ўвагу сына.

Маладому мараку Нікаля Квэснэлу даслала ліст яго непісьменная маці Маргарыт, напісанае невядомым пісцом. У гэтым лісце жанчына скардзілася на тое, што ён не піша ёй, а нявестка нічога пра яго не расказвае. У выніку нявеста Нікаля напісала свайму каханаму, каб той абавязкова напісаў хоць штосьці маці. Далей Маргарыт дасылае яшчэ адзін ліст, у якім папракае сына за тое, што той не згадвае ў лістах свайго бацьку.

лісты да палонных вайскоўцаў, лісты да палонных маракоў
Ліст сястры да французскага марака Ларану Сан’е. Фота: University of Cambridge

Мар’е высветліў, што родны бацька Нікаля памёр, а мужчына, пра якога кажа яго маці, даводзіўся яму айчымам. Гісторык лічыць, што Нікаля не прызнаваў таго сваім бацькам, але маці працягвала настойваць. Гісторык адзначае: «Гэта цяжкае, але вельмі знаёмае і нам напружанне ў сям’і».

Пасля заканчэння вайны Нікаля Квэснэл выйшаў на волю, а затым стаў мараком у экіпажы трансатлантычнага судна, якое займалася гандлем рабоў.

Жанчыны і вайна

Больш за палову лістоў маракам напісалі жанчыны. Прафесар Мар’е мяркуе, што яны даюць зразумець шмат пра становішча жанчын падчас вайны.

— Лісты разбураюць старамоднае ўяўленне пра тое, што вайна — гэта толькі пра мужчын. Пакуль мужчын не было дома, жанчыны кіравалі гаспадаркай, прымалі важныя эканамічныя і палітычныя рашэнні, — адзначае гісторык.

У той час французскі флот камплектаваўся мужчынамі, якія жывуць ля ўзбярэжжаў. Яны служылі адзін год кожныя тры альбо чатыры гады. Гэта сістэма была непапулярнай, таму многія французскія маракі ўцякалі ці падавалі дакументы на вызваленне ад службы на падставе атрыманых траўм. Сястра марака Нікаля Гадэфруа пісала ў лістах, каб той не ўцякаў з карабля. Аднак сама яна і яе сваякі адмовіліся падаваць прашэнне аб яго вызваленні ад службы, бо баяліся, што яго прымусяць застацца ў моры яшчэ даўжэй.

«Я магла бы правесці так цэлую ноч за лістом да цябе… Я твая назаўжды верная жонка. Добрай ночы, мой дарагі сябар. Зараз поўнач. Я думаю, што мне трэба адпачыць», — так заканчваецца апошні ліст Мары Дзюбоск да мужа Луі Шамбрэлана. Яна не ведала, што яго карабель быў захоплены. Шамбрэлан ніколі не прачытаў гэты ліст ад жонкі, яны больш ніколі не сустрэліся. Мары памерла ў наступным годзе пасля захопу карабля, а Луі затым ажаніўся паўторна і вярнуўся ў Францыю.

«Я не магу дачакацца, каб авалодаць табой», — напісала Ан Лэ Сэрф свайму мужу. Яна падпісвалася так: «Ваша паслухмяная жонка Нанэт». Яе муж Жан Тапсэнт ніколі не прачытаў гэтага ліста.

З граматнасцю былі праблемы

У большасці лістоў не было знакаў прыпынку, вялікіх літар, нават не аддзяляліся сказы. Даволі часта лісты былі простымі, з абмежаваным слоўнікавым запасам.

Уменне пісаць і чытаць не было ў тыя часы абавязковай умовай для ўдзелу ў ліставанні. Некаторыя звярталіся да іншых людзей, каб напісаць ліст ці прачытаць яго. Часта лісты пасля прачытання пераходзілі з рук у рукі, часам па-за колам сям’і. Пра гэтыя акалічнасці ведалі і тыя, хто пісаў лісты да маракоў. Жонка марака Жана Вільяра перадавала ў сваім лісце прывітанне мужчыне Пелер’езу, які прачытае паведамленне.

лісты да палонных вайскоўцаў, лісты да палонных маракоў
Ліст Катрын Франсуазы Пастурэль свайму мужу П’еру Эмануэлю Дэламару. Гэты ліст напісаны пісцом. У гэтым лісце жонка расказвае мужу пра дзіця, якое пытаецца пра бацьку, а таксама пра нараджэнне пляменніцы. Фота: University of Cambridge

У васямнаццатым стагоддзі напісанне ліста патрабавала пэўных навыкаў: як падрыхтаваць паперу, як трымаць пяро і наносіць на канверт гарачы воск. Апроч гэтага трэба было ўмець пісаць, куды адпраўляць ліст. Часта людзі звярталіся да пасрэднікаў. Гісторык Мар’е высветліў, што некаторыя лісты да звычайных матросаў былі напісаныя адным і тым жа чалавекам — хутчэй за ўсё пад дыктоўку іх сваякоў.

Часам гэтыя лісты былі не такімі прыватнымі: іх пісалі цэлымі сем’ямі. Аднак яны заўсёды пісаліся толькі для аднаго чалавека.

Вярнуцца ўгару