
Ён быў вясковым хлопцам сярод мінскай мітусні, не любіў сустрэчы літаратараў і прысвячаў час кнігам. Лукаш Калюга пражыў кароткае жыццё, быў рэпрэсаваны і не змог выжыць у сталінскіх лагерах.
PALATNO расказвае пра Лукаша Калюгу.
Змест
Вясковы хлопец у Мінску
Лукаш Калюга (сапраўднае імя — Канстанцін Вашына) нарадзіўся 27 верасня 1909 года ў вёсцы Скварцы на Міншчыне ў сялянскай сям’і. З часам, ужо калі ён стаў пісаць, змяніў сапраўднае імя на псеўданім. Па ўспамінах яго сучаснікаў, гэта было зроблена з-за не мілагучнасці яго прозвішча, аднак яго знаёмыя часцяком працягвалі называць яго Кастусём.
Хлопец вельмі рана стаў сіратой. У два гады ў яго памерла маці, а ў шэсць гадоў памёр бацька. Выхаваннем хлопчыка займалася сястра бацькі Марыя.
У 1927 годзе скончыў сямігадовую школу, а яшчэ праз чатыры гады — Беларускі педагагічны тэхнікум. Затым два гады працаваў у навукова-даследчым інстытуце прамысловасці, непрацяглы час адпрацаваў у Беларускім радыё. Калюга ўваходзіў у літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Узвышша».
Хоць пісьменнік быў часткай літаратурнага жыцця Беларусі, ён не любіў сустрэчы з калегамі. Па ўспамінах Сяргея Грахоўскага, яшчэ адзін беларускі пісьменнік Сяргей Астрэйка так выказваўся пра ігнараванне Калюгай літаратурнага бамонду: «Не любіць марнай валтузні і мітусні, пустой балбатні і ўяўнай фанабэрыі. Ён піша. І гэта галоўнае».
Грахоўскі расказваў, што доўгі час не мог сустрэцца з няўлоўным Лукашам Калюгай, бо той не прыходзіў у Дом пісьменніка і працаваў на прадпрыемстве беларускай прамысловасці. Аднак першая сустрэчу ўразіла Грахоўскага:
«Я разглядаў твар і постаць новага знаёмага: прыгожае, трошкі выцягнутае аблічча, з яснымі, класічнымі разрэзу вачыма, на вуснах дрыжала ледзь прыкметная ўсмешка, нібыта ён ведаў нешта такое, пра што не хацеў гаварыць, у вымаўленні ракатала картавінка»
Грахоўскі памятаў Калюгу як вясковага хлопца ў гарадскім Мінску: усе былі ў ладных гарадскіх паліто, капелюшах і модных шапках, а Калюга сярод іх вельмі вылучаўся. Той жа Грахоўскі бываў у доме Калюгі. Пісьменнік жыў там «дзе канчаўся горад», здымаў чысты і цёплы пакой, у якім на адзіным стале ляжалі кнігі і паперы, а побач стаялі самаробныя палічкі з кнігамі. Для Лукаша Калюгі творчасць была вялікай часткай жыцця.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Змітрок Бядуля: пісьменнік, які марыў пра нацыянальнае адраджэнне
Спяваў пра светлую будучыню і загінуў у цемры рэпрэсій. Расказваем пра паэта Юрку Лявоннага
Іван Шамякін і Іван Мележ: што яны пісалі?
Арышты і ранняя смерць на чужыне
У студзені 1933 года Лукаша Калюгу арыштавалі і асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі. Ён адбываў пакаранне ў Ірбіце ў Свярдлоўскай вобласці.
2 кастрычніка 1937 года Калюгу арыштавалі паўторна ўжо па рашэнні Чалябінскага абласнога суда. Праз 20 дзён пасля арышту, 22 кастрычніка, пісьменнік загінуў у Ірбіце.
Лукаш Калюга быў рэабілітаваны пасмяротна ў 1956 годзе.
Рана пачаў пісаць, любіў пераклады. Творчасць Калюгі
Лукаш Калюга пачаў друкавацца вельмі рана. У 1927 годзе, калі яму толькі споўнілася 18 гадоў, надрукавалі яго першае апавяданне «Вясна». «Вясна» была апублікавана ў часопісе «Чырвоны сейбіт». Першая аповесць Калюгі «Ні госць ні гаспадар» была апублікавана ў часопісе «Узвышша» ў 1928 годзе.
У 1931 годзе ў «Полымі» апублікавана першая частка аповесці «Нядоля Заблоцкіх (Нягоды і летуценні)». У апошнія гады жыцця працаваў над аповесцю «Шушамяць» — другой часткай «Нядолі Заблоцкіх».
Пра творчасць і асобу Лукаша Калюгі адклікаўся яго калега Кузьма Чорны: «Богам дадзены талент». Разам з Кузьмой Чорным яны перакладалі творы замежных пісьменнікаў. Асноўная тэма ў творчасці Калюгі — жыццё беларускай моладзі ў першыя дні пасля Кастрычніцкага перавароту і дарэвалюцыйная вёска. Калюга спалучаў у творчасці гістарычнасць і канкрэтнасць, міф і рэальныя факты.
Калі Лукаш Калюга быў асуджаны і знаходзіўся ў ссылцы, то працягваў там пісаць. Творы ссыльнага часу захаваліся да нашых дзён (у тым ліку незавершаны раман «Пустадомкі»), а таксама яго перапіска.
Лукаш Калюга пераклаў на беларускую мову творы Панча, Алешы, Гашака. Ва ўспамінах Грахоўскага фігуруе гісторыя, калі яны разам сядзелі ў Калюгі дома і пісьменнік зачытваў перакладзеную першую старонку «Зайздрасці» Юрыя Алешы: «Відаць, яму асабліва падабаўся пачатак аповесці: рознымі інтанацыямі па-руску і па-беларуску ён паўтараў першыя сказы, дзівячыся пластыцы і дакладнасці кожнага слова».