Падчас В’етнамскай вайны амерыканскія вайскоўцы часта размалёўвалі свае шлемы — гэта стала папулярнай формай самавыяўлення сярод салдат. Вайскоўцы размалёўвалі свае каскі рознымі сімваламі, лозунгамі і малюнкамі, якія адлюстроўвалі іх перажыванні і адносіны да вайны.
PALATNO расказвае пра гэта мастацтва і паказвае самыя яркія каскі часоў В’етнамскай вайны.
Каскі — элемент формы, але на іх усё роўна малявалі
Падчас В’етнамскай вайны ў ЗША існаваў прызыў, цалкам на кантрактную аснову вайсковай службы амерыканцы перайшлі ў 1973 годзе. На вайну прызывалі розных людзей і розных узростаў. Падчас вайны салдаты выкарыстоўвалі свае шлемы як палатно, яны паказвалі сваю індывідуальнасць і пачуцці там, дзе асабістасць часта падаўлялася.
Амерыканскія вайскоўцы, безумоўна, не былі першымі, хто размалёўваў свае шлемы. Аднак менавіта падчас В’етнамскай вайны гэтае мастацтва атрымала найбольшае пашырэнне.
Каскі лічыліся часткай формы, якая належала амерыканскай дзяржаве, таму іх наўмыснае псаванне каралася. Да таго ж у кожным войску кожнай краіны ёсць правілы нашэння формы — і размаляваныя каскі ні ў адно з іх не ўпісваліся. Часам за размаляваныя каскі вайскоўцы атрымлівалі спагнанні, у такіх касках ім забаранялі паказвацца журналістам (аднак у аб’ектывы камер яны ўсё роўна траплялі).
У выніку, амерыканскія салдаты ўсё роўна размалёўвалі свае шлемы. Большасць вайскоўцаў насілі каскі толькі падчас баявых заданняў, калі на надпісы і малюнкі ўсім было ўсё роўна. У баях не было супрацоўнікаў вайсковай паліцыі, якія маглі бы неяк паўплываць на салдата не насіць гэтую каску. Афіцэры не каралі сваіх падначаленых у выпадку, калі такое шлемавае мастацтва не ганьбіла армію ці дзяржаву, а таксама не парушала правілаў маскіроўкі.
Спачатку былі карты
Вайскоўцы рабілі розныя малюнкі: ад звычайных ініцыялаў і мультперсанажаў да моцных антываенных слоганаў. Аднак пачатакам самавыяўлення сталі карты!
Адным з самых вядомых дызайнаў лічылася «Карта смерці», якую папулярызавалі вайскоўцы з 1-й кавалерыйскай дывізіі ў часы В’етнамскай вайны. Вайскоўцы дывізіі, акрамя канфлікту ў В’етнаме, удзельнічалі ў бітвах Другой сусветнай, у Карэйскай вайне, уварванні ў Ірак. «Картай смерці» называлі пікавы туз з чэрапам.
Пікавы туз — адзін з самых папулярных сімвалаў В’етнамскай вайны ў амерыканскім грамадстве. Аднак выкарыстанне картаў вайскоўцамі як элементаў формы было не толькі ў В’етнаме.
Напэўна, у першы раз як сімвал пікавы туз выкарысталі брытанскія вайскоўцы падчас Першай сусветнай вайны. У Другую сусветную карта набыла яшчэ большае значэнне. Картачныя масці выкарысталі тады як ідэнтыфікацыйны элемент, малюнак наносілі на шлем звычайнай фарбай: каскі з чырвамі і хрэсцямі быў у двух пяхотных палкоў, звонкі і пікі — у дэсантнікаў.
З часам пікавы туз стаў сімвалам удачы для вайскоўцаў, таму яны замацоўвалі на сваіх шлемах саму карту.
У часы В’етнамскай вайны амерыканскія салдаты лічылі пікавы туз сваеасаблівай абаронай ад салдат В’етконгу. Існаваў міф, што в’етнамскія салдаты баяліся пікавага туза яшчэ з часоў французскай акупацыі: гэтая карта нібыта прадказвала няшчасце. Менавіта таму амерыканцы маглі пакідаць туз на целах забітых в’етнамскіх вайскоўцаў, каб запужаць іншых ворагаў.
Графіці на шлемах
Разам з пікавым тузам даволі папулярным надпісам побач быў «Калі я памру, то я траплю ў рай, бо я ўжо правёў свой час у пекле» (англ. — When I die, I’ll go to heaven, because I’ve spent my time in hell). Вядома, усялякіх надпісаў, лозунгаў і слоганаў амерыканцы дадавалі на свае каскі вельмі шмат.
Пра мастацтва на шлемах пачалі размаўляць яшчэ ў часы самой вайны. У 1965 годзе ў Associated Press быў апублікаваны фотаздымак салдата Лары Уэйна Чафіна, на касцы якога быў надпіс «Вайна — гэта пекла» (англ. — War is hell). Вайскоўцу было ўсяго 19 гадоў, калі ён знаходзіўся на вайне. Чафін прабыў там толькі год. Ён памёр ва ўзросце 39 гадоў.
Папулярнымі былі «Забі камуняку для мамы» (англ. — Kill a commie, for mommy), «Вайна — добры бізнес, інвестуй свайго сына» (англ. — War is good business, invest your son), «Чую ўсё зло, бачу ўсё зло, заб’ю ўсё зло» (англ. — Hear all evil, see all evil, kill all evil).
Разам з гэтым даволі распаўсюджаным сімвалам быў сімвал міру. Побач з ім малявалі часамі галубоў. Гэты дызайн часцей за ўсё выкарыстоўвалі вайскоўцы, якія выступалі супраць вайны, але ўсё роўна на яе трапілі.
Некаторыя дызайны былі больш асабістымі — з выявамі членаў сям’і, дамашніх жывёл ці роднай мясцовасці.
Часамі вайскоўцы малявалі на касках календары: выкрэслівалі месяцы, што яны правялі на вайне.
Часта салдаты малявалі гумарыстычныя карцінкі ці надпісы, якія дапамагалі ім выжываць падчас жахаў вайны.
Дарэчы, знакамітая фраза «Народжаны забіваць памерці» (англ. — Born to kill die) знакамітая не тым, што яе пісалі на касках амерыканцы. Яе папулярызавалі ў фільме «Суцэльнаметалічная абалонка», яна красавалася на шлеме радавога Джокера. Была яшчэ фраза на касцы «Калі я памру, пахавайце мяне дагары нагамі, каб свет пацалаваў мой зад» (англ. — When I die, bury me upside down, so the world can kiss my ass) — яна таксама стала папулярнай толькі дзякуючы фільму («Узвод», 1986).
* * *
В’етнамская вайна мела глыбокія і доўгатэрміновыя наступствы не толькі для яе непасрэдных удзельнікаў, а для ўсяго свету. Вайна закончылася перамогай Паўночнага В’етнама, які падтрымліваў СССР і Кітай, што прывяло да аб’яднання Паўночнага і Паўднёвага В’етнаму ў адну сацыялістычную краіну. У ЗША змянілася ваенная дактрына і адносіны насельніцтва да ўдзелу амерыканскіх вайскоўцаў у канфліктах па-за межамі краіны. У вайне ў В’етнаме памерлі сотні тысяч вайскоўцаў і мірных жыхароў, усяго — да трох мільёнаў чалавек.