Вы чытаеце:
Знайшлі шкілет і засыпалі яго зямлёй. Як у Беларусі сотні гадоў знаходзілі мамантаў

Знайшлі шкілет і засыпалі яго зямлёй. Як у Беларусі сотні гадоў знаходзілі мамантаў

у Беларусі знайшлі маманта

У беларуска-расійскім прыграніччы, у Веткаўскім раёне, вадалазы знайшлі астанкі маманта. Астанкі маманта — гэта не самая дзіўная знаходка ў Беларусі, але і не самая частая. Пік такіх знаходак прыйшоўся на пачатак 2000-х гадоў, а апошнім часам фрагменты мамантаў нават спрабавалі вывезці з краіны кантрабандысты.

PALATNO расказвае пра знаходкі мамантаў, дзе іх астанкі захоўваюцца ў Беларусі і як наша краіна звязана з кантрабандай біўняў.

Як шукалі і выпадкова знаходзілі астанкі мамантаў

1 жніўня гомельскія вадалазы падчас абследавання акваторыі Бесядзь у вёсцы Свяцілавічы Веткаўскага раёна знайшлі астанкі жывёлы. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выказала здагадку, што астанкі належалі маманту. Гэтую здагадку пацвердзілі супрацоўнікі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, якіх выклікалі на месца знаходкі.

Для Беларусі гэта рэдкая знаходка насамрэч не такая і рэдкая. Беларускія навукоўцы знаходзілі астанкі мамантаў больш чым у 200 розных месцах на тэрыторыі нашай краіны, дзе маманты жылі ў перыяд палеаліту.

Самая першая такая знаходка выявілася яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай, пад канец XVI стагоддзя: тады астанкі маманта знайшліся падчас будаўніцтва касцёла ў Міры. Падобныя знаходкі адбываліся ў Магілёве, Быхаве, Віцебску, Оршы, Гомелі, Слуцку. Вядома, што калекцыі костак рэліктавых жывёл былі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. У Мінску астанкі маманта ўпершыню знайшлі ў 1908 годзе: гэта адбылося падчас будаўніцтва чыгункі. У 1926 годзе каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна быў знойдзены цэлы чэрап маманта, а побач — стаянка часоў позняга палеаліту. У Мінску косткі мамантаў выявіліся таксама ў 1929 годзе — падчас будаўніцтва на беразе Свіслачы. У 1932 годзе археолаг Канстанцін Палікарповіч налічыў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі каля 66 знаходак астанкаў мамантаў. У 1959 годзе ў кар’еры ля Петрыкава знайшлі няпоўны шкілет маманта. На беразе Віліі, на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна, таксама выкапалі часткі мамантаў. У 1970-х гадах у Мінску пры пракладцы водаправода каля праспекта Пушкіна адкапалі бівень маладога маманта.

У 2006 годзе каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна адкапалі цалкам захаваную галаву маманта з біўнямі. Археолагі ацэньваюць узрост знаходкі ў 26,5 тысячы гадоў.

у Беларусі знайшлі маманта
Фота: kp.by

У Беларусі знаходзілі не толькі мамантаў. У 2006 годзе ў раёне вуліцы Русіянава ў Мінску падчас будаўніцтва метро выкапалі астанкі ляснога слана — гэтая жывёла значна старэйшая за маманта. Гэта была першая такая знаходка ў Еўропе: ніколі раней не знаходзілі амаль цэлы шкілет ляснога слана.

У 2008 годзе ў пясчаным катлаване ў ваколіцах Мінска будаўнікі выпадкова знайшлі астанкі мамантаў. Косці ляжалі на глыбіні 5-8 метраў ад паверхні зямлі. Навукоўцы мяркуюць, што астанкі належаць сям’і мамантаў — агулам прыкладна 20 асобінам, ад нованароджаных да старых. Радыевугляродны метад даследавання паказаў, што гэтыя маманты жылі каля 23 тысяч гадоў таму. Мяркуецца, што статак мог праваліцца пад лёд і загінуць. Цалкам даследаваць тэрыторыю археолагі не змаглі, бо побач будавалі дом.

А дзе захоўваюць астанкі?

У Беларусі знайшлі сотні астанкаў мамантаў, але музея палеанталогіі ў краіне дагэтуль не існуе. Самая буйная калекцыя касцей знаходзіцца ў Заалагічным музеі біялагічнага факультэта БДУ ў Мінску. Частка астанкаў захоўваецца ў Мінскім краязнаўчым музеі, штосьці — у рэгіянальных і нават школьных музеях.

— Частку знаходак вывезлі з Беларусі, а астатняе проста выкінулі ці знішчылі праз няправільнае захоўванне. Напрыклад, у сярэдзіне 1980-х гадоў у Віцебскім раёне экскаватар наткнуўся на поўны шкілет маманта з біўнямі. Працу спынілі і спрабавалі знайсці спецыялістаў, якія забяруць косткі. Па маманта ніхто не прыехаў, а шкілет хутка разбураўся, амаль цалкам парэпаліся біўні. У выніку, астанкі проста закапалі ў адвале, — расказваў «Камсамолцы» кандыдат геолага-мінералагічных навук Юрый Заіка.

у Беларусі знайшлі маманта
Фота: museum.by

У краязнаўчым музеі ў Полацку захоўваюцца часткі касцей і бівень маманта. Узрост экспанатаў — больш за 10 тысяч гадоў. Бівень знайшлі мясцовыя жыхары ў 1999 годзе ў рэчышчы Заходняй Дзвіны на глыбіні сямі метраў.

у Беларусі знайшлі маманта
Фота: «Витебские вести»

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць экспанаты астанкаў мамантаў: ніжняя сківіца з зубамі, сцегнавая косць, лапатка, каленны сустаў, частка рабра і яшчэ з дзясятак розных фрагментаў. Іх знаходзілі мясцовыя жыхары ў 1990-х на беразе ракі на тэрыторыі Шумілінскага раёна.

У 2016 годзе Археалагічны музей разам з Нацыянальным гістарычным музеем і Геалагічным музеем стварылі праект, у якім выкарысталі больш за 180 экспанатаў. Частка з іх — фрагменты мамантаў, знойдзеныя пры раскопках у Мінску.

Беларусь — транзітны пункт у кантрабандзе мамантаў з Расіі

У беларускіх навінах інфармацыя пра астанкі мамантаў не заўсёды тычыцца музейных экспанатаў ці чарговых знаходак. Апошнім часам мамантавыя біўні і іх фрагменты фігуруюць у крымінальных хроніках.

У 2019 годзе ў Смаленскай вобласці расійскія паліцэйскія затрымалі аўтамабіль, у якім незаконна перавозілі біўні маманта. Расійскія сілавікі налічылі каля 60 мяшкоў з астанкамі мамантаў. Біўні везлі з Расіі ў Беларусь, каб далей транспартаваць тавар ў Еўропу. Гэта не апошняя гісторыя, звязаная з кантрабандай астанкаў мамантаў, дзе Беларусь была транзітным пунктам паміж Расіяй і заходнімі краінамі.

Праз тры гады, у 2022 годзе, смаленскія паліцэйскія разам з супрацоўнікамі ФСБ спынілі грузавік, у якім перавозілі тры драўляныя скрыні з біўнямі мамантаў.

А ў маі 2023 года кантрабандысты спрабавалі праз Беларусь вывезці біўні мамантаў у Літву. Агульная вага кантрабанды склала каля трох з паловай тон. Беларускі памежны камітэт ацаніў кантрабанду ў 1,8 мільёна долараў. Высветлілася, што біўні здабывалі ў Якуціі, а затым вывозілі ў ЗША і краіны Заходняй Еўропы.

Вярнуцца ўгару