Now Reading
Марыя дэ Кастэлян Радзівіл — княгіня-рэфарматар, якая вярнула славу Нясвіжскаму замку

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл — княгіня-рэфарматар, якая вярнула славу Нясвіжскаму замку

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл, Нясвіжскі замак, Нясвіж

Нясвіжскі палац мы ведаем як самы прыгожы і папулярны ў турыстаў помнік архітэктуры Беларусі. Але быў час, калі ён літаральна стаяў у руінах. PALATNO расказвае пра княгіню Марыю дэ Кастэлян Радзівіл, дзякуючы якой замак змог вярнуць сабе статус галоўнай рэзідэнцыі роду Радзівілаў і былую славу аднаго з найбагацейшых палацаў Еўропы.

«Марыя Радзівіл была адной з самых уплывовых асоб у Берліне»

Марыя дэ Кастэлян дэ Талейран нарадзілася ў 1840 годзе ў Францыі і паходзіла са старажытнага арыстакратычнага роду. Яе дзед быў Маршалам Францыі, а бабуля — жонкай брата знакамітага дыпламата Талейрана, майстра палітычнай інтрыгі часоў Банапарта.

Дзяцінства Марыя правяла ў радавым замку і вельмі шмат падарожнічала. У 1854 годзе ў Рыме дзяўчынку прадставілі нават Папе Рымскаму Пію IX. Там з Марыяй здарыўся няшчасны выпадак, які мог каштаваць ёй жыцця. Каля храма Святога Пятра на яе знянацку ўпала частка шыбы і параніла галаву. Самлелую дзяўчынку аднеслі ў рызніцу і аказалі дапамогу. Пій IX пазней будзе рэгулярна цікавіцца яе здароўем і ўспамінаць пра здарэнне праз шмат гадоў, а Марыя ўсё жыццё будзе падтрымліваць цесныя сувязі з Ватыканам.

Цэлы год Марыя правяла ў манастыры, куды яе аддалі на выхаванне да манашак з ордэна Сакра-Кур. У 1855 годзе яна вярнулася ў Францыю. Там яе хутка прызналі адной з самых прыгожых і адукаваных дзеўчын у Еўропе.

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл, Нясвіжскі замак, Нясвіж
Марыя дэ Кастэлян Радзівіл у маладосці.

Гэта была стройная шатэнка з вельмі жывым тэмпераментам. Сучаснікі апісвалі яе як надзвычай інтэлігентную, добрую асобу і называлі цудоўным сябрам.

Бабуля Марыі, княгіня Дарота дэ Талейран, прынялася устройваць замужжа ўнучкі і ў якасці кандыдатуры жаніха падабрала прадстаўніка роду Радзівілаў, Антонія Вільгельма, ад’ютанта прускага імператара. Малады князь прыбыў у Парыж з бацькам, каб пазнаёміцца з нявестай. Антоні адразу спадабаўся дзяўчыне сваім выхаваннем, адукаванасцю і манерамі. Сімпатыя была ўзаемнай, і 3 кастрычніка 1857 гады пара пабралася шлюбам. Сам Ферэнц Ліст граў на аргане для маладых і гасцей.

Пасля пышнага вяселля маладая княгіня пераехала з мужам у Берлін, дзе яе прадставілі да двара прынца Вільгельма. Марыя пасябравала з ягонай жонкай Аўгустай і зблізілася з нямецкай шляхтай настолькі, што будучы імператар на ўсіх прыёмах усаджваў княгіню па правую руку, а замежныя паслы першымі аддавалі ёй візіты. Пра пару Радзівіл тады пісалі: «Радзівілы былі знакамітыя не толькі паходжаннем. Яны ўдзельнічалі ў палітыцы, і збіралі вакол сябе гурткі, бывалі ў Пецярбургу, Парыжы, Вене, Берліне, і ўсюды мелі поспех і аўтарытэт у грамадстве. Марыя Радзівіл была адной з самых уплывовых асоб у Берліне. У яе абавязкі ўваходзіла прадстаўляць Радзівілаў у свеце двара».

«Я прамаўляю слова “Нясвіж”, з якім звязана так шмат у маім жыцці, як нешта, пакрытае арэолам магіі…»

Падчас вайны 1812 года расійскі ўрад канфіскаваў Нясвіжскі палац, бо яго тагачасны ўладальнік, Дамінік Геранім Радзівіл, выступіў на баку Напалеона. Руская армія абрабавала замак і вывезла ўсе скарбы. Пасля гібелі Дамініка некалькі пакаленняў князёў-ардынатаў не жылі ў Нясвіжы. У 1814 годзе асабістым указам імператар Аляксандр I перадаў Нясвіжскі замак прадстаўнікам прускай галіны дынастыі. Але тыя амаль 50 гадоў яны не паяўляліся ў сваёй рэзідэнцыі, якая трухлела і разбуралася.

Першы раз Марыя з мужам наведала Нясвіж у 1865 годзе. Стан палаца быў настолькі дрэнным, што пара нават не змагла знайсці ў ім пакоі, дзе можна было б пераначаваць. Замак быў поўнасцю нежылым. Праз выбітыя вокны гуляў вецер, дах быў прадзіраўлены і працякаў, у многіх месцах не было падлогі, усё танула ў гразі. Нягледзячы на жудасны стан, палац уразіў Радзівілаў сваёй высакароднасцю і веліччу. У сваім дзённіку Марыя напіша: «Да чаго ж цудоўнымі былі яго абрысы, нягледзячы на сляды разбурэння і варварскіх адносін, ахвярай якіх зрабіўся гэты антычны скарб».

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл, Нясвіжскі замак, Нясвіж
Жанчыны фатаграфуюцца на фоне Нясвіжскага замка.

Першы час пара жыла ў дзядзькі Антоні, Лявона Радзівіла, у яго маёнтку Радзівілмонты за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Нясвіжа. Там княгіня пачала падрабязна вывучаць гісторыю роду свайго мужа і задалася мэтай аднавіць былую веліч рэзідэнцыі. Ужо праз год Марыя правяла вопіс маёмасці замка. А апісваць было што: інтэр’еры 75 пакояў, горы сталовага срэбра і фаянсу, вялізны гардэроб і стайні з элітнымі скакунамі.

Праз некаторы час Антоні Радзівіл разам з сям’ёй вярнуўся ў Нясвіж і пасяліўся ў замку канчаткова. Марыя ўсё больш улюблялася ў горад і пісала ў мемуарах, што ён нагадвае ёй радзіму: «Я прамаўляю слова “Нясвіж”, з якім звязана так шмат у маім жыцці, як нешта, пакрытае арэолам магіі… Гэты замак, кожны камень якога, вобразна кажучы, можа расказаць гісторыю сваёй краіны, а краіна мае нашмат больш развітую культуру, чым Прусія і нагадвае мне маю Францыю…» Менавіта княгіня Радзівіл пасля сфарміруе Нясвіжу рэпутацыю «маленькага Парыжа».

Як аднаўлялася веліч Нясвіжскага замка

Аднаўленне замка патрабавала неверагодных намаганняў, цяжкай разумовай працы і вялізных грашовых затрат. Княгіня шмат ездзіла па Еўропе, дзе шукала і наймала найлепшых архітэктараў і рэстаўратараў таго часу. Многія з іх раілі ўсё знесці і пабудаваць нанова. Але Марыя і Антоні цудоўна разумелі, што, калі разбурыць палац, знікне той непаўторны дух стагоддзяў, які рабіў яго асаблівым месцам.

Усе багацці і сувязі роду Радзівілы аддалі на адраджэнне горада. Марыя пачала шукаць скарбы сям’і і вяртаць іх у Нясвіж. Дзякуючы настойлівасці княгіні, часткова вярнуліся замкавыя багацці: каля 2 000 камплектаў рыцарскай зброі, партрэты, тканіны, калекцыя слуцкіх паясоў, мэбля. У 1900 годзе з літоўскага маёнтка Веркаў у Нясвіжскі замак перавезлі знакамітую на ўсю Еўропу чатырохсотгадовую калекцыю радзівілаўскіх даспехаў. Для іх разбору запрасілі дырэктара дрэздэнскага Гістарычнага музея. Князь Антоні дапамог жонцы перавезці ў палац увесь архіў, створаны пры замку яшчэ ў 1551 годзе. Княгіня таксама вярнула архівы нясвіжскіх кляштараў бернардынцаў, частку езуіцкай бібліятэкі, заснаванай у XVI стагоддзі, некаторыя кнігі Ягелонскага ўніверсітэта і купіла яшчэ пятнаццаць тысяч кніг на французскай і нямецкай мовах.

Пакоі замка Марыя таксама прывяла ў парадак. З іншых маёнткаў князя і княгіні прывезлі раскошную мэблю, габелены і фарфор, а ў адной з залаў размясцілі найбагацейшую карцінную галерэю. Нямецкі імператар Вільгельм II падчас візіту ў Нясвіж уразіўся вялікай колькасцю цудоўных старажытных партрэтаў. Ён адзначаў, што нідзе не бачыў столькі каштоўных твораў мастацтва. Марыя аднавіла знакамітыя нясвіжскія паляўнічыя сезоны, на якія прыязджалі прадстаўнікі еўрапейскіх каралеўскіх двароў і дыпламаты з усіх краін свету. Да 1900-га года палац ужо мог паспрачацца з лепшымі манаршымі рэзідэнцыямі ў Еўропе, а Нясвіж стаў сапраўдным культурным цэнтрам і жамчужынай заходняй Беларусі.

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл, Нясвіжскі замак, Нясвіж
Малюнак Нясвіжскага замка Напалеона Орды.

Вядомая Марыя Радзівіл і тым, што стварыла адзін з самых прыгожых паркаў у Еўропе. Гэта стала ці не галоўнай справай княгіні. У 1878 годзе пачаліся работы па стварэнні вакол палаца ландшафтнага ансамбля па французскім тыпе, падобным да натуральнага лесу. Марыя запрасіла самых знакамітых у той час садоўнікаў: Андрэя Пастэрэмчыка, Міхаіла і Адольфа Стоцкіх, Антонія Глінскага. Тыя прывозілі з Берліна і іншых гадавальнікаў высакародныя і экзатычныя віды раслін, ачысцілі равы вакол замка і напоўнілі іх вадой. У перыяд з 1905 па 1914 гады майстры сфарміравалі парк з пяці частак, кожную ў сваім стылі: Замкавы, Стары, Японскі, Марысін і Англійскі паркі, і аб’ядналі іх Дзікай, Замкавай і Бернардынскай сажалкамі. У склад ансамбля ўключылі замкавыя валы і бастыёны. На адным з бастыёнаў стварылі «інтымны» дворык, у які можна было патрапіць толькі праз густую расліннасць і па крутых дарожках. На іншых бастыёнах пабудавалі альтанкі, з якіх адкрываўся цудоўны від на наваколле і Фарны касцёл.

Каля ўвахода ў Стары парк князь Антоні ўсталяваў памятны валун, дзе загадаў выбіць словы падзякі жонцы: «У знак прызнання за шматгадовую працу па аднаўленні замка Марыі дэ Кастэлян, княгіні Радзівіл камень гэты паставіў у 1903 годзе яе ўдзячны муж Антоні Радзівіл, XIV ардынат Нясвіжскі». А побач размясцілі меншы камень з надпісам: «Алею пасадзіла Марыя дэ Кастэлян, княгіня Радзівіл, выкарыстаўшы саджанцы, вырашчаныя з насення, прывезенага з саду берлінскага палаца князёў Радзівілаў». Лічыцца, што валун можа выканаць любое жаданне, трэба толькі дакрануцца да яго і падумаць аб самым патаемным.

«Я прысвяціла сябе вяртанню маім нашчадкам годнага становішча, якое адпавядае іх імені і гісторыі іх краіны»

У 1904 памірае муж Марыі Антоні Радзівіл. Галоўным спадчыннікам князя становіцца старэйшы сын Георгій і атрымлівае ва ўладанне замак і берлінскі палац, адкуль перавозіць амаль усю маёмасць у Нясвіж. Княгіня, якая на карысць дзяцей адмовілася ад асноўнай часткі спадчыны і пагадзілася толькі штогадовае грашовае ўтрыманне і кватэру ў Парыжы, дапамагае сыну і просіць міністра фінансаў Расійскай імперыі аб бесперашкодным пропуску маёмасці з Берліна праз мяжу.

У студзені 1905 года Марыя асабіста звяртаецца да імператара Мікалая II з просьбай вярнуць радзівілаўскую маёмасць, канфіскаваную пасля вайны 1812 года. Патрыятызм княгіні крануў імператара, і той аддае распараджэнне вярнуць усе каштоўнасці ў Нясвіжскі замак з Эрмітажа, Зброевай палаты і Румянцаўскага музея. Пасля гэтага княгіня занялася аднаўленнем прадпрыемстваў Радзівілаў. Адно з іх — мэблевая фабрыка, у якой рабілі мэблю выключна па французскіх узорах.

Марыя нават у жалобе пасля смерці каханага мужа не пераставала весці актыўнае жыццё. Яна рэгулярна наведвала Берлін і Парыж, дзе прымала ў сваіх салонах каранаваных асоб і прадстаўнікоў арыстакратычных сем’яў. Княгіня да канца жыцця добра разбіралася ў палітыцы, заўсёды ведала, што робіцца пры дварах манархаў і ў кабінетах міністраў, з якімі вяла перапіску.

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл, Нясвіжскі замак, Нясвіж
Камень у гонар Марыі дэ Кастэлян.

У 1914 годзе з пачаткам першай сусветнай вайны здароўе Марыі моцна аслабла. Германскія акупацыйныя войскі сілай вывезлі княгіню ў радавы маёнтак у Клейніц у Сілезіі, дзе яна памерла 10 ліпеня 1915 года. Пазней цела перавезлі ў Нясвіж і пахавалі побач з мужам Антоніем Радзівілам у радавой крыпце.

Справу княгіні працягнулі яе дзеці і ўнукі, якія з таго часу жылі ў сваім радавым замку да 1939 года. Палац прастаяў амаль 150 гадоў без сур’ёзнага рамонту і ўвесь гэты час выглядаў так, як адрэстаўравалі яго жонкі Марыя і Антоні Радзівілы. У сваіх успамінах княгіня пакінула такія радкі: «На працягу 29 гадоў я прысвяціла сябе вяртанню маім нашчадкам дастойнага становішча, якое адпавядае іх імені і гісторыі іх краіны».

Так францужанка Марыя дэ Кастэлян Радзівіл зрабіла галоўнай справай свайго жыцця адраджэнне былой велічы Нясвіжскага замка, што ў яе цудоўна атрымалася.

Вярнуцца ўгару