Праца за хлеб і самагубства ў рэчцы. Як жыла і што малявала Алена Кіш

мастачка Алена Кіш, жыццё Алены Кіш

Гісторыя жыцця адной з самых незвычайных беларускіх мастачак Алены Кіш была сапраўды цікавай і трагічнай. Яна нарадзілася ў шматдзетнай сялянскай сям’і, не атрымала спецыяльнай мастацкай адукацыі і стала майстрыхай «маляванак». У яе жыцці былі і дзве вайны, і цяжкая праца, і вандроўкі па вёсках у пошуках заробку. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна працягвала ствараць сваё дзіўнае мастацтва, а яе творы сталі вядомымі толькі пра некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці.

PALATNO — пра беларускую мастачку-прымітывістку Алену Кіш.

Сціплае жыццё, праца за ежу і прыстанак. Як прайшло ранняе жыццё мастачкі

Алена Кіш нарадзілася ў 1889 ці 1896 годзе (дакладная дата яе нараджэння застаецца невядомай) у вёсцы Раманава на Случчыне. Яна нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, яе бацькі былі сялянамі. Бацька Алены быў творчай асобай і добрым майстрам — магчыма, гэта ад яго мастацкі талент перайшоў да дачкі. Старэйшы брат Алены Мітрафан быў цесляром і, як кажуць даследчыкі, аднаўляў размалёўкі на сценах цэркваў.

Кіш застала дзве вайны, аднак невядома, чым яна займалася падчас Першай сусветнай вайны. У міжваенны час яна жыла ў Слуцку разам з іншымі братамі і сёстрамі. Лічылася, што ў Слуцку яны маглі зарабіць сабе на жыццё больш, чым у вёсцы. У той час у сям’і Кіш ужо памерлі бацькі.

Алена Кіш, беларуская мастачка маляванак і маляваных дываноў
Адзіны фотаздымак Алены Кіш, які захаваўся. Гэта партрэтны здымак з яе пашпарту.

Ад пачатку 1930-х гадоў Алена пачала хадзіць па вёсках і рабіла сялянам дываны на замову за ўзнагароджанне. Яна ніколі не атрымлівала адмысловай мастацкай адукацыі, маляваць навучылася сама. Большую частку жыцця зарабляла менавіта дзякуючы сваёй творчасці. За «маляванкі» вяскоўцы давалі мастачцы ежу і прыстанак на час працы. У асноўным яна праводзіла час у рабоце над палотнамі і ў вандроўках ад вёскі да вёскі.

У часы нападу нацыстаў на СССР Алена Кіш працягвала маляваць. Пасля Другой сусветнай вайны сястра Алены Ніна выйшла замуж і асела ў вёсцы Грозаў на Капыльшчыне. Туды ж да яе прыехала жыць і Алена. Аднак доўга разам з сястрой яна не пражыла.

Вяскоўцам вельмі не падабалася, што жанчына толькі малявала, а не ішла на працу ў калгас — рабіла не так, як рабілі ўсе. Жанчыну часта называлі гультайкай — і за спінай, і ў вочы.

За сваё жыццё Алена Кіш не завяла сям’ю, у яе не было свайго дому. Яна сціпла жыла і ніколі не імкнулася зарабіць вялікія грошы на сваіх працах.

Прымітывізм на «маляванках». Што яна малявала і як пра яе даведаліся

Алена займалася «маляванкамі» ці маляванымі дыванамі — гэта распісныя дываны, унікальнае беларускае мастацтва. Яна малявала ў стылі прымітывізму. Можна дакладна сказаць, што Кіш, творчасць якой раскрылі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля яе смерці, была сапраўднай майстрыхай.

ШТО ТАКОЕ ПРЫМІТЫВІЗМ?
Прымітывізм — стыль жывапісу, у якім адмыслова спрашчаецца карціна і робіць яе формы прымітыўнымі, падобнымі да творчасці дзіцяці ці малюнкаў першабытных людзей.
«Ліст да каханага» Алена Кіш, беларускае мастацтва дываноў
Адна з прац Алены Кіш пад назвай «Ліст да каханага».

У сваіх працах Алена выкарыстоўвала тры асноўныя сюжэты — «Рай», «Ліст да каханага», «Дзева на водах». Яна працавала на грубых даматканых палотнах, з самаробнымі фарбамі і трафарэтамі (некаторыя яна нават выразала з бульбы). Даследчыкі кажуць, што падчас працы яна магла спяваць народныя беларускія песні.

Мастацтва Кіш стала вядомым у 1970-я гады. Значная колькасць твораў захоўваецца ў архіве Заслаўскага гісторыка-культурнага музея. Пра Кіш стала вядома, дзякуючы мастаку Уладзіміру Басалыгі, які ў дзяцінстве бачыў дываны, якія яна малявала. Вось так ён успамінаў пра работы Кіш:

«Улетку бацькі адправілі нас са Слуцку ў вёску да бабулі і дзядулі. […] На сценах дамоў сваякоў я ўвесь час сустракаў падобныя гісторыі: львы, незвычайныя птушкі, дрэвы. Дываны, як сонца, асвятлялі дом днём і ноччу. Калі я глядзеў на іх, мне падавалася, што я трапіў у казку. А мне нават сніліся персанажы, што былі на дыванах. Вельмі часта бачыў і ў сне, ішоў ім насустрач».

Пазней Уладзімір Басалыга пачне збіраць работы мастачкі. Усяго ён знойдзе 13 палотнаў. Некаторыя з іх ён літаральна даставаў з гною ў хлявах: адзін з іх знайшоў у хляву, і гэты дыван перагароджваў стойла паміж каровай і кабанчыкам.

Упершыню працы Алены Кіш паказалі публіцы ў 1978 годзе на Першай рэспубліканскай выстаўцы народных рукапісных дываноў у Мінску. У 1984 годзе ў Югаславіі апублікавалі «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва». Сярод 800 мастакоў з 50 краін свету была і Алена Кіш.

Цяпер большасць работ Алены Кіш захоўваецца ў музеі ў Заслаўі. Туды ж перадаў свае знаходкі і Басалыга. Дарэчы слуцкі музей адмовіўся прымаць работы Кіш, бо палічыў іх нецікавымі, хоць яна і была ўраджэнкай Случчыны.

Фабрычныя канкурэнты і трагічная смерць. Чаму Кіш аказалася незапатрабаванай?

Новая эпоха пасля вайны змяніла і звычайнае жыццё мастачкі. Акрамя таго, што яна сышла з дому сястры і зноўку пачала вандраваць па вёсках у пошуках працы, «маляванкі» аказаліся ўжо незапатрабаванымі. Фабрычныя дываны, якія лічыліся моднымі на той час, праніклі ў беларускую вёску.

З часам, вельмі хутка, палатняныя працы Алены Кіш сталі для беларускіх сялян неактуальнымі. Са сцен, якія яны доўгі час упрыгожвалі, траплялі на падлогу, а адтуль — на гарышча ці ўвогуле ў хлеў.

біяграфія алены кіш

Гаротнае жыццё мастачкі давяло яе да самагубства. Яна ўтапілася, калі ён было каля 60 гадоў, у 1949 годзе.

Большасць даследчыкаў упэўненая, што Алена Кіш скончыла жыццё самагубствам: кінулася ў раку. Аднак была версія, што яна загінула выпадкова — паслізнулася на кладцы і патанула.

Вярнуцца ўгару