
Ён быў святаром, місіянерам і першым, хто даследаваў Вавілон, стварыў каталіцкую акадэмію ў Бейруце, уцёк з Вільні з-за раскапанага чэрапа і прывіда манаха — усё гэта пра Максіміліяна Станіслава Рылу. Ён нарадзіўся на Гродзеншчыне ў беларускім мястэчку, паходзіў са збяднелай шляхты, але яго галоўнай цікавасцю стаў Усход.
PALATNO расказвае пра Максіміліяна Рылу.
Змест
Паходжанне, адукацыя і таямнічы чэрап, які змяніў яго лёс
Максіміліян Станіслаў Рыла нарадзіўся ў Падорску на Гродзеншчыне ў 1802 годзе. Ён паходзіў са шляхецкай сям’і, але збяднелай. У дакументах каталіцкай царквы перад тым, як Рыла паехаў у першыя місіянерскія падарожжы, яго называлі «літвінам». Спачатку малога Максіміліяна навучала маці, затым яго аддалі ў павятовую школу ў Лыскове. Там ён вывучаў матэматыку, замежныя мовы і гісторыю. Дагэтуль дакладна невядома, ці скончыў Рыла школу ў Лыскове.
Аднак вядома, што ўжо ў 15 гадоў ён вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Полацку. Там атрымаў ступень магістра філасофіі.
Ад 1820 года пачаў вучобу ў Віленскім універсітэце — магчыма, што там навучаўся медыцыне. Хутчэй за ўсё, у Вільні ён правёў мала часу, бо яго прозвішча гісторыкі не знайшлі сярод слухачоў віленскага ўніверсітэта. Чаму Рыла вырашыў кінуць вывучэнне медыцыны і далучыўся да езуітаў? Адказ ёсць — яго дае адзін з місіянераў, які быў знаёмы з Рылам:
«Аднаго дня Рыла разам з таварышам дастаў на могілках чэрап для сваіх анатамічных даследаванняў. Калі яны вярнуліся туды, дзе жылі, то схаваў чэрап пад ложкам свайго таварыша. Таварыш прачнуўся ноччу і ўбачыў постаць, якая лезла да яго ў ложак. Ён прыбег да Рылы і ўсё яму расказаў, аднак той не паверыў. Рыла памяняўся ложкамі з таварышам, і да яго таксама прыйшла тая самая постаць».
Згодна з тым, што расказваў знаёмы з Рылам місіянер, гэта быў адзін з пахаваных каталіцкіх манахаў на віленскіх могілках. Ён нібыта папярэдзіў Рылу, што калі той застанецца ў Вільні, то яго вышлюць у Сібір. Рыла паехаў у Італію.
Рым
Максіміліян Рыла трапляе ў Італію ў 1820 годзе. Ён адразу ж уступіў у ордэн езуітаў.
Рыла таксама працягнуў адукацыю ў Рыме. Там ён навучаўся ў Грыгарыянскім універсітэце, дзе атрымаў званне прафесара філасофіі. Яшчэ падчас вучобы Рыла падтрымліваў кантакты з каталіцкімі місіянерамі на Усходзе. Магчыма, што ў той час ён ужо марыў пра місіянерскую дзейнасць на Усходзе.
Пасля вучобы Рыла выкладаў у Турыне і Рыме. У 1833 годзе ён становіцца святаром.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву
«Свабода патрабуе чалавечых ахвяр». Ігнат Грынявіцкі — забойца рускага імператара
Усход: даследаванні Вавілона, акадэмія ў Бейруце
У 1836 годзе ўпершыню паехаў з місіяй на Усход. Магчыма, першая паездка ў яго была ў Сірыю інкогніта, ніхто не ведаў, што ён прадстаўляе каталіцкую царкву.
Ужо крыху пазней Максімільян Рыла, афіцыйна як прадстаўнік каталіцкай царквы, змог павандраваць па Усходзе. Ён стаў першым, хто даследаваў Вавілон, а свае археалагічныя знаходкі даслаў у музей Ватыкана.
У 1837 годзе яго абралі ў Папскую археалагічную акадэмію і Арыенталагічнае таварыства Францыі. У 1839 годзе Рыла актыўна займаецца дзейнасцю на Блізкім Усходзе. Праз некалькі гадоў, у 1841-м, ён адкрывае Каталіцкую акадэмію ў Бейруце. Аднак мясцовыя французскія ўлады палічылі, што ў акадэміі будзе зашмат самастойнасці, таму Рылу папрасілі з’ехаць. Дагэтуль Максіміліян Станіслаў Рыла лічыцца заснавальнікам гэтай акадэміі, якую пазней ператварылі ў Бейруцкі ўніверсітэт святога Іосіфа.
Наступным прыпынкам для Рылы стала Мальта. Ён два гады пражыў там, але ўсё роўна меў праблемы з мясцовай уладай: яму забаранялі чытаць казанні. У 1844 годзе яго прызначаюць рэктарам Рымскага калегіума, а яшчэ праз два гады становіцца апостальскім вікарыям Цэнтральнай Афрыкі ў Хартуме.
Максіміліян Рыла памёр у 1848 годзе ў Хартуме (Судан). У 1900 годзе яго парэшткі перавезлі на могілкі ў Каір.