Бог, маці, тры дзяўчыны з вянкамі. Як беларусы верылі ў долю

доля беларуская міфалогія, доля беларуская этнаграфія, беларуская міфалогія, міфалогія беларусаў

Ці верыце вы ў прадвызначанасць чалавечага лёсу? Доля з’яўляецца адным з найстаражытнейшых вобразаў. У беларускай традыцыі доля цесна звязаная з Богам і маці. Доля магла быць добрай і ліхой, а чалавек амаль не мог паўплываць на свой лёс. Аднак выключэнні, канешне ж, існавалі.

PALATNO расказвае пра долю.

Павітуха, маці ці Бог? Хто дае чалавеку долю

У традыцыйных уяўленнях беларусаў чалавек не выбіраў свой лёс сам. Доля была таямнічай сілай, якая суправаджала кожнага чалавека ад нараджэння да смерці. Яна магла быць шчаслівай ці ліхой, але заўсёды лічылася дадзенай звыш. Ці ведаеце вы бажбу «далібог»? У індаеўрапейцаў паняцці «доля» і «Бог» азначалі тое самае. У фальклоры Бог заўсёды выступаў як галоўны надзяляльнік долі, менавіта ён абірае, якой будзе доля чалавека.

Хоць беларусы былі перакананыя, што доляй надзяляецца чалавек ад нараджэння, яе звязвалі не толькі з Богам. На долю магла паўплываць маці, бабка-павітуха ці кумы. Аднак толькі Бог выступаў галоўным надзяляльнікам долі. Толькі ад яго залежала, якім будзе жыццё чалавека.

Доля была амбівалентнай. Яна магла быць добрай ці ліхой. Калі чалавек быў шчаслівы і задаволены жыццём, то казалі, што яму дасталася добрая доля. Калі жыццё складвалася горка, то ў гэтым вінавацілі ліхую долю. У праклёнах зычылі «нядолі», то бок поўнай адсутнасці шчасця.

Доля звязана з нараджэннем дзіцяці, таму ў радзіннай паэзіі шмат песень і тэкстаў, прысвечаных гэтай тэме. Калі нараджалася дзіця, то яму зычылі хлебавай долі (матэрыяльнага дабрабыту), грашовай долі (шчасця ў справах), вянчальнай долі (сямейнага суладдзя). Згадваліся і іншыя долі: «збожжавая», «свабодная», «здаравейка». Такія зычэнні для немаўляці адлюстроўвалі надзеі бацькоў і грамады на шчаслівы шлях нованароджанага.

Паданне пра тры долі

У беларусаў існавала паданне пра тры долі, якую запісаў этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Паданне адлюстроўвае народную веру ў тое, што доля вызначаецца не самім чалавекам, а сіламі звонку. Паводле падання, цяжарнай жанчыне прыснілася, як тры дзяўчыны-долі вырашалі, каму з іх служыць сыну жанчыны. Кожная з дзяўчын мела свой вянок: з калючых траў — ліхая доля, з галінак дрэў — доля рыбака ці паляўнічага, з каласоў і кветак — шчаслівая доля гаспадара.

Будучы лёс чалавека вырашаўся ў выпадковай гульні. Высока падкідвалася кветка з вянка, а хто яе з дзяўчын лавіў, то такая доля была з чалавекам усё яго жыццё. У паданні, што запісаў Сержпутоўскі, кветку злавіла добрая доля, доля гаспадара.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Як барада стала абярэгам ад ваўкоў і сімвалам урадлівасці

«Не вучы дзядулю кашляць». Якія ёсць беларускія прыказкі пра дзядоў?

«Даганяючы не нацалавацца». Як пра каханне і адносіны гавораць беларусы?


Ці можна змяніць долю?

Беларусы былі перакананыя ў тым, што доля заўсёды прадвызначаныя. Аднак гэта не спыняла людзей ад таго, каб на яе ўздзейнічаць і спрабаваць змяніць. Нашы продкі выкарыстоўвалі розныя магічныя рытуалы, замовы, звярталіся непасрэдна да Бога.

Беларусы верылі, што доля спалучала ў сабе прыняцце непазбежнага і надзею на магчымасць змяніць свой лёс.

Вярнуцца ўгару