Як селянін спяваў пра Беларусь усяму свету. Расказваем пра Міхася Забэйду-Суміцкага

міхаіл забэйда-суміцкі, міхась забэйда-суміцкі, беларуская музыка, беларуская опера, беларускія спевакі

У яго жыцці былі выступы ў «Ла Скала», вучоба ў Кітаі, гестапа. Аднак самае галоўнае, што меў Міхась Забэйда-Суміцкі, — музыка, якая стала яго зброяй і лёсам.

PALATNO расказвае пра беларускага спевака.

Ад песень з маці да арый у «Ла Скала»

Міхась Забэйда-Суміцкі нарадзіўся ў адной з трох вёсак — Несцерава, Падароск, Шэйпічы — сам дакладна не ведаў, у якой. Маці не памятала, дзе нарадзіўся сын: казала, што мог нарадзіцца ў лузе, калі тая працавала. Ужо сам Міхась пазней запісваў у дакументах, што нарадзіўся ў бацькавай вёсцы — Несцяровічах, дату нараджэння ўзяў з метрычнай кнігі — 14 чэрвеня 1900 года.

Міхась нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, але з сямі дзяцей выжыў толькі ён адзін. Бацька памёр, калі хлопчыку было паўтара года. Маці суцяшала дзіця песняй, а ён падпяваў. І так — спачатку несвядома — нарадзіўся адзін з наймагутнейшых тэнараў свайго часу.

«У маці маёй быў вельмі добры голас — густы, аксамітны, мяккі. Ад маці я і пераняў любоў да песні. Ды не толькі любоў: песня стала маёю мовай», — успамінаў сам спевак.

У маладым узросце Міхась паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Маладзечне. Падчас Першай сусветнай вайны семінарыю эвакуявалі ў Смаленск, дзе хлопец закончыў адукацыю. Цяпер у Маладзечне адна з вуліц названая ў гонар спевака. У час вайны Міхась, як і многія беларусы на той час, з’ехаў ад крывавых бітваў у Сібір. У Сібіры ўжо была яго маці, з якой у Міхася былі вельмі цёплыя адносіны.

На Далёкім Усходзе хлопец працягнуў адукацыю. Ён зрабіў незвычайны крок: паступіў ва ўніверсітэт у кітайскім Харбіне. У той час у былой Расійскай імперыі разгаралася Грамадзянская вайна. Аднак менавіта там, у Харбіне, ажыццявіў мару — пачаў вучыцца музыцы, хоць меркавалася, што ён стане юрыстам. У Харбіне атрымаў першую музычную працу: стаў салістам у оперным тэатры.

міхаіл забэйда-суміцкі, міхась забэйда-суміцкі, беларуская музыка, беларуская опера, беларускія спевакі
Міхаіл Забэйда-Суміцкі ў Празе ў 1970 годзе. Фота: Сяргей Панізнік / pahonia.cz

У Харбіне Забэйда-Суміцкі дэбютаваў у ролі Ленскага ў оперы «Яўгеній Анегін». У харбінскай оперы спявак правёў тры гады. Пасля захацеў удасканаліць веды і адкрыць больш магчымасцей. Так трапіў у Мілан.

Міхась заўсёды спяваў на мове арыгіналу. Вядома, што ён спяваў на 16 мовах на працягу кар’еры. У Італіі Міхась выступаў у знакамітай оперы «Ла Скала».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Што выбітнага ў The Beatles?

Чаму «Танец рыцараў» Пракоф’ева стаў шэдэўрам

Пяць самых вядомых кампазіцый у свеце: як ствараліся і чаму яны — легенды


Дзеля хворай маці вярнуўся ў Беларусь

Міхась мог застацца там, дзе для яго адкрывалася вялікая кар’ера, але вярнуўся на радзіму, бо там была хворая маці. У 1935 годзе ён вяртаецца ў Беларусь. З маці яны не бачыліся каля 16 гадоў.

Тут працягнуў выступленні па беларускіх гарадах, Польшчы, Літве, Латвіі і Чэхаславакіі. Ён больш не вярнуўся ў Італію.

У сярэдзіне 1930-х гадоў Забэйда-Суміцкі пачаў супрацоўнічаць з познаньскай операй. Адносіны з дырэктарам оперы не склаліся, бо спявак адмаўляўся называць сябе палякам і казаў, што беларус.

«Адносіны да мяне дырэктара оперы былі не з лепшых, бо я не ўтойваў таго, што я беларус. Палітыка польскага буржуазнага ўрада тады была такая: “У Польшчы няма беларусаў”», — успамінаў Міхась.

Забэйда-Суміцкі актыўна прасоўваў беларускасць. Часта спяваў беларускія народныя песні ці песні беларускіх кампазітараў. Аднак на той час польскае радыё не хацела прапускаць у эфір беларускія творы, якія наогул так не называлі, замест на іх казалі «рэгіянальныя» ці «народныя». Нягледзячы на гэта, за год да пачатку Другой сусветнай вайны Міхась змог запісаць грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень.

міхаіл забэйда-суміцкі, міхась забэйда-суміцкі, беларуская музыка, беларуская опера, беларускія спевакі
Міхаіл Забэйда-Суміцкі на сустрэчы з выхаванцамі. Фота з асабістага архіву спевака / pahonia.cz

Сам Забэйда-Суміцкі ведаў, што яго схільнасць да беларускай музыкі не прынясе славы і вялікай кар’еры, аднак гэта быў свядомы крок і выбар:

«Гэта яшчэ больш збліжала мяне з роднаю песняю — песняю маёй маці, давала магчымасць распаўсюджваць гэту песню, несці яе ў свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтай песняю сусветную культуру» — дзяліўся спявак.

Вайна, кантузія, пераслед нацыстаў і камуністаў

Другую сусветную вайну Міхась Забэйда-Суміцкі сустрэў у Варшаве. Падчас бамбардзіравання польскай сталіцы спявак быў кантужаны і засыпаны ў разбураным доме, таму не змог эвакуявацца адтуль у больш бяспечныя рэгіёны.

У Варшаве ён пражыў да 1940 года, а пасля атрымаў запрашэнне на працу ў тэатр у Празе.

У Празе пражыў не толькі вайну, але і далейшае жыццё. Нацысцкія ўлады прапаноўвалі яму весці беларускія перадачы на радыё, але Міхась адмовіўся. Нацысты трымалі яго тры дні ў Берліне, патрабуючы пагадзіцца на працу на радыё, але затым адпусцілі.

У часы вайны ездзіў на акупіраваныя тэрыторыі і выступаў там з песнямі. Вядома, што ў 1942 годзе прыязджаў з канцэртамі ў Беларусь — выступаў у Мінску, Гродне, Ваўкавыску, Баранавічах і Дзвінску.

На канцэрце ў Ваўкавыску сустрэўся са сваім стрыечным братам Уладзімірам Урбановічам і тлумачыў яму, чаму выступае ў такіх умовах. А затым аддаў канцэртны ганарар Урбановічу і сказаў перадаць партызанам, а таксама папрасіў маці дапамагаць партызанскаму руху.

міхаіл забэйда-суміцкі, міхась забэйда-суміцкі, беларуская музыка, беларуская опера, беларускія спевакі
Міхаіл Забэйда-Суміцкі ў Празе ў 1970 годзе. Фота: Сяргей Панізнік / pahonia.cz

У 1944 годзе выступаў з канцэртам у Вільні — гэта быў яго апошні канцэрт падчас вайны. Пасля вярнуўся ў Прагу, дзе яго арыштавалі супрацоўнікі гестапа як бальшавіцкага агента. Знаходзіўся ў зняволенні да вызвалення Чэхаславакіі. НКУС пачаў расследаванне ў дачыненні да Міхася, бо яго падазравалі ў сувязях з нацыстамі.

У 1950 годзе абвінавачванні ў супрацы з нацыстамі знялі. У 1963 годзе Забэйда-Суміцкі прыехаў з канцэртамі ў Беларусь: білеты амаль не прадавалі, а асноўнымі гледачамі саджалі савецкіх вайскоўцаў.

Міхась марыў жыць у Беларусі, але гэта мара так і не здзейснілася. Ён памёр 21 снежня 1981 года. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Вярнуцца ўгару