Вампіры, прывіды, шкілеты і крывавыя дрэвы: расказваем пра містычныя месцы ў Беларусі

Містыка Беларусь

У Беларусі шмат цікавых мясцін, якія прыцягваюць турыстаў сваёй містычнай энергетыкай. Расказваем пра самыя вядомыя, дзе каленкі не-не і падрыгваюць ад невясёлых легенд і апавяданняў.

Гэты тэкст можна прачытаць, а можна паслухаць у падкасце «Голасам».

Вёска вампіраў

Містыка Беларусь
Могілкі ў Парэ. Фота: Вікіпедыя

Старая вёска Парэ, што знаходзіцца на Палессі каля самай мяжы з Украінай, вядома на ўсю Беларусь сваімі могілкамі і вялізнымі крыжамі вышынёй да шасці метраў. Людзі з суседніх вёсак раяць не наведваць Парэ. І вось чаму.

Ходзяць чуткі, нібыта калісьці ў вёсцы жылі сапраўдныя вампіры. Мясцовыя жыхары верылі, што пасля смерці злыя людзі перакідваюцца ў вупыроў, вылазяць з магіл і п’юць чалавечую кроў. Вампірам мог стаць не толькі вядзьмак, але і любы чалавек, які перад смерцю думаў пра нядобрае альбо зрабіў штосьці благое.

Таму тут існавала незвычайная традыцыя — накрываць магілы дубовымі калодамі ці проста ўбіваць у іх вялізныя крыжы. Людзі верылі, што гэта перашкаджала выбрацца з труны тым, хто пасля смерці ажываў. Калоду клалі на магілу не адразу па пахаванні, а пасля першага Вялікадня. Да Вялікадня магілу накрывалі вялікім каменем.

А яшчэ на могілках і на ўсіх вясковых скрыжаваннях ставілі гіганцкія дубовыя крыжы — гэта мусіла абараніць Парэ ад бед і нечысці. Апошняй колісь тут вадзілася нямала, бо вакол былі непраходныя балоты. Лічылася, што нячыстая сіла збіралася менавіта на раздарожжы. Калі, напрыклад, была моцная навальніца ці пачынала падаць быдла, усе мужыкі з вёскі ішлі ноччу ў лес, рабілі крыж і ставілі потым яго на скрыжаванні, а жанчыны ўпрыгожвалі крыж ручнікамі, хусткамі і рознакаляровымі стужкамі. Традыцыя дайшла і да нашых дзён, але цяпер крыжы ўпрыгожваюць толькі раз на год — на Радаўніцу.

Чорная Панна Нясвіжа — самы рамантычны прывід Беларусі

Містыка Беларусь
Войцех Герсан. Прывід Барбары Радзівіл. Фота: Вікіпедыя

Прывід Чорнай Панны, напэўна, самы вядомы ў Беларусі і самы рамантычны. А стаіць за ім вялікае каханне — «каханне стагоддзя», як часта называюць яго гісторыкі.

Літоўская княжна Барбара Радзівіл і польскі кароль Жыгімонт Аўгуст так кахалі адно аднаго, што малады кароль нават хацеў адрачыся ад трона дзеля Барбары. А тая, у сваю чаргу, была гатова цярпець знявагу і абразы ад польскай шляхты і маці Жыгімонта, Боны Сфорцы, якая называла каханку свайго сына не іначай як «літоўскай дзеўкай».

Праз некалькі гадоў супрацьстаяння і перашкод Жыгімонт усё ж такі дабіўся свайго — ажаніўся з Барбарай і зрабіў яе польскай каралевай і вялікай княгіняй літоўскай. Але шчасце іх было нядоўгім. На наступны год пасля каранацыі маладая каралева памерла ад невядомай і невылечнай хваробы. Ёй было ўсяго 30 гадоў. Хадзілі чуткі, што яе атруціла свякроў Бона Сфорца.

Жыгімонт Аўгуст, здавалася, страціў розум ад гора. Ён не мог ні пра што думаць, толькі пра тое, як яму вярнуць каханую. Падчас аднаго са сваіх візітаў у Нясвіж да брата Барбары Мікалая Радзівіла Чорнага кароль вырашыў з дапамогай чарнакніжнікаў выклікаць яе дух. Узяўся за гэта вядомы ў тыя часы алхімік і вучоны пан Твардоўскі. Да сустрэчы з памерлай падрыхтавалі люстры, на адным з якіх была выгравіравана ў поўны рост постаць Барбары ў белым адзенні. Каралю загадалі сядзець спакойна і ні ў якім разе не дакранацца да здані. Твардоўскі на ўсялякі выпадак запытаў Жыгімонта Аўгуста, ці дазволіць ён прывязаць сябе да падлакотнікаў крэсла. Той адмовіўся, але даў слова, што будзе сядзець ціха і толькі запытаецца ў Барбары, як яму жыць далей. І вось у цёмнай зале, дзе гарэла толькі адна свечка, стала ціха. Пачуўся звон і з люстэрка выйшла Барбара — такая ж прыгожая, як падчас першай сустрэчы з Жыгімонтам Аўгустам. Кароль расхваляваўся і з крыкам: «Басенька мая!» кінуўся да здані каханай, каб абняць яе. Пачуўся лёгкі выбух, пайшоў трупны пах, і прывід са стогнам знік у паветры. З таго часу душа Барбары не можа знайсці шлях на той свет і назаўжды стала палонніцай Нясвіжскага замка.

Ужо пятае стагоддзе запар апоўначы Барбара штоноч з ціхім плачам абыходзіць залы і пакоі замка, а калі гадзіннік паказвае пятнаццаць хвілін на пятую раніцы, яна знікае ў падземных хадах. Прывід паказваецца толькі ў чорным адзенні — у знак жалобы па сваім загубленым жыцці і каханні. Да XVIII стагоддзя лічылася, што Барбару бачаць закаханыя, якіх чакае хуткае расстанне. Пазней сталі казаць, што сваім паяўленнем яна папярэджвае гаспадароў замка аб бядзе — пажарах, хваробах або вайне.

Дарэчы, перад самым пажарам у замку ў 2004 годзе супрацоўнікі палаца бачылі прывід у адным з вокнаў. А ў часы Другой сусветнай вайны немцы, якія акупавалі Нясвіж, пры з’яўленні Чорнай Панны крычалі: «Шварц фраў!», спрабавалі патрапіць у яе са стрэльбаў і разбягаліся па парку.

Лошыцкая тапельніца

Містыка Беларусь
Партрэты Яўстаха і Ядвігі Любанскіх у Лошыцкім маёнтку. Фота: flickr.com

Самы знакаміты прывід Мінска — Ядвіга Любанская, жонка Яўстафія Любанскага, нашчадка князёў Прушынскіх, — жыве ў Лошыцкім парку.

Маладзенькую 20-гадовую дзяўчыну выдалі замуж за амаль удвая старэйшага памешчыка Яўстаха Любанскага, гаспадара Лошыцкага маёнтка. Летуценная Ядвіга часта нудзілася і пакутавала праз недахоп увагі ад мужа, які цалкам прысвяціў сябе навуцы. Яўстах цікавіўся лесаводствам і арганізаваў аграрную вытворчасць у сваёй сядзібе па апошнім слове навукі канца XIX стагоддзя.

Раскошны дом Любанскіх быў заўсёды адкрыты для высокапастаўленых гасцей. Чароўная і надзвычай прывабная Ядвіга знайшла для сябе занятак — пачала арганізоўваць балі, на якіх збіралася ўся мінская арыстакратыя. На адным з такіх вечароў яна закахалася ў мінскага губернатара Мусіна-Пушкіна і закруціла з ім бурны раман, пра які пазней даведаўся ўвесь горад, у тым ліку і яе муж.

У 1905 годзе гаспадыня маёнтка святкавала свой 35-гадовы юбілей. Вечар азмрочыўся тым, што Яўстах застукаў Ядвігу з яе палюбоўнікам. Адбыўся страшны скандал, і жанчына ўцякла з дому ў парк. Калі раніцай яна не вярнулася, а маленькія сабачкі, якія заўсёды суправаджалі Ядвігу, прынеслі яе капялюш, Яўстах разам са слугамі кінуўся яе шукаць. Нежывое цела Ядвігі знайшлі недалёка ад берага ракі.

Пасля смерці каханай Яўстах моцна сумаваў, зусім перастаў займацца навукай і нават загадаў замураваць акно ў спальні Ядвігі. Каля ракі, дзе знайшлі яе цела, у памяць аб жонцы ён пасадзіў вельмі рэдкі ў нашых краях маньчжурскі абрыкос. З таго самага часу, як абрыкос упершыню расцвіў, па парку блукае здань Ядвігі. Маладыя дзяўчаты часта прыязджаюць у парк менавіта вясной, калі ўсё квітнее, каб убачыць прывід. Яны лічаць, што сустрэча з Ядвігай абяцае шчасце ў любоўных справах.

Няшчасны закаханы і нявінная ахвяра

Містыка Беларусь
Гальшанскі замак. Фота: Вікіпедыя

Па начах на руінах Гальшанскага замка з’яўляецца прывід Чорнага манаха. Кажуць, што гэта дух Грыміслава Валюжыніча, маладога беднага хлопца, які на сваё няшчасце закахаўся ў князёўну Ганну Гардзіславу Гальшанскую. Дзяўчына адказала яму ўзаемнасцю, і яны пачалі таемна сустракацца. А каб ніхто яго не пазнаў, Грыміслаў апранаўся ў адзенне манаха і так трапляў у замак. Хутка пра спатканні закаханых даведаўся бацька князёўны. Гэта была страшная ганьба для князя і яго сям’і, таму ён аддаў загад забіць Грыміслава, а яго цела замураваць у сцяне замка. З таго часу яго постаць блукае там у сутарэннях і па замкавых руінах.

Ёсць у Гальшанах яшчэ адзін прывід — Белая Панна, што жыве ў кляштары францысканцаў непадалёку ад замка. Легенда расказвае, што некалі гэта была маладая прыгожая дзяўчына і жонка аднаго з рабочых, што будавалі кляштар. Адна са сцен будынка ўвесь час абвальвалася, і работнікі не прыдумалі нічога лепшага, як замураваць у ёй чалавека. Яны вырашылі, што зробяць гэта з першай жанчынай, якая прынясе ім абед.

Ёю аказалася дзяўчына, якая нядаўна заручылася з маладым маляром. Яна так спяшалася прынесці абед свайму каханаму, што прыбегла самай першай. Рабочыя замуравалі дзяўчыну ў сцяну жыўцом, а пасля гэтага будаўніцтва было скончана. Так і засталася яе душа ў кляштары навечна.

Магчыма, гэтая гісторыя зусім не легенда. У 1995 году вырашылі правесці рэстаўрацыю кляштара, які тады ўжо быў музеем.

Будаўнікі знайшлі пад адной са сцен чалавечы шкілет. Медыкі ўстанавілі, што ён належаў маладой жанчыне, а ненатуральная поза гаварыла пра гвалтоўную смерць. Шкілет дасталі, і ў той жа дзень на сцяне з’явілася расколіна. Двое мясцовых жыхароў падрадзіліся пахаваць косці і закапалі іх на могілках. Паколькі была зіма, то крыж вырашылі паставіць ужо пасля таго, як сыдзе снег. Але абодва мужчыны раптоўна памерлі адзін за другім, і магілу дзяўчыны знайсці так і не ўдалося.

Супрацоўнікі музея і ў нашы дні расказваюць, як у кляштары святло згасае ці ўключаецца само па сабе, па калідорах разносяцца дзіўныя гукі, а ў турыстаў спыняюцца гадзіннікі. Наведвальнікі, у сваю чаргу, нібыта адчуваюць моцны страх, які не пакідае іх у кляштары. Яны часта не могуць знайсці выйсце з будынка і блукаюць па калідорах.

Прывіднае войска і крывавыя сосны

Містыка Беларусь
Лідскі замак. Фота: Вікіпедыя

Магутную Лідскую крэпасць пабудаваў князь Гедымін, каб перапыніць набегі крыжакоў на землі Вялікага Княства Літоўскага. Але ў халодны і надзвычай марозны снежань 1392 года тыя, узброеныя да зубоў, падышлі пад самыя сцены замка, якім у той час кіраваў князь Дзмітрый Карыбут. Ён і абараняў яго сумесна з дружынай. Нечакана, пры аблозе ворагам фарпоста, князь таемна пакінуў замак разам са світай, нягледзячы на тое, што меў і войска, і зброю, і ваду. Падземнымі хадамі ўначы ён пайшоў у Навагрудак. А для таго, каб вораг думаў, што войска засталося ў крэпасці, Карыбут пакінуў там некалькі сваіх ваяроў і загадаў ім змагацца да апошняга. Тыя мужна біліся, але ўсе да аднаго загінулі. З тых часоў па начах у Лідскім замку чуваць звон зброі і цяжкія крокі — гэта прывіды дружыннікаў працягваюць ахоўваць яго і пасля сваёй гераічнай гібелі. Кажуць, што часам іх здані паказваюцца турыстам, а мясцовы фатограф нават зрабіў фота аднаго з ваяроў.

Існуе яшчэ адна легенда, звязаная з Лідскім замкам. Шмат стагоддзяў таму сюды прыйшлі прапаведаваць хрысціянства манахі-францысканцы. Але мясцовыя жыхары, якія тады былі язычнікамі, забілі місіянераў і скінулі іх целы ў яму каля замка. На месцы, дзе іх закапалі, пазней выраслі дзве сасны. Аднойчы мясцовы жыхар адсек галінку, а з яе выступіла кроў. З таго часу лідскія сосны, пра якія пачалі гаварыць, што яны выраслі на крыві, ніхто так і не адважыўся чапаць.

Косаўская Чорная Дама — інтэлігентнасць і высокая мараль

Містыка Беларусь
Косаўскі палац. Фота: Вікіпедыя

У Косаўскім замку жыве самая інтэлігентная здань Беларусі — гэта дух графіні Ядвігі Пуслоўскай. Яна была жонкай Вандаліна Пуслоўскага, які зрабіў палац адным з самых раскошных у краіне.

Графіня была надзвычай неардынарнай асобай. Напрыклад, яна вельмі любіла ўлетку катацца на санях па солі, за што яе і яе сям’ю пракліналі конюхі, якія былі вымушаны ратаваць коней ад салянога пылу ў вачах і лёгкіх. Праклёны нібы спраўдзіліся.

Сын графаў Пуслоўскіх уцягнуўся ў азартныя гульні і шмат каму быў вінен грошы. Ён прайграў у карты гіганцкую суму, і гэта вымусіла яго прадаць палац. Такога графіня Пуслоўская дараваць яму не магла. Пасля сваёй смерці яна так і не змірылася са стратай палаца і засталася там назаўжды — стала з’яўляцца ў выглядзе прывіду. Мясцовыя жыхары назвалі яго Чорнай Дамай.

Кажуць, што гэта надзвычай высокамаральная здань, якая не сцерпіць у палацы грубіянскіх і нахабных паводзін ні ад турыстаў, ні ад супрацоўнікаў. І калі, крый Божа, хтосьці будзе лаяцца ў палацавых пакоях ці, што яшчэ горш, з’явіцца там у нецвярозым стане, прывід графіні адразу паўстане перад небаракам і знойдзе спосаб яго прыстрашыць. Таму Косаўскі палац варта наведваць выключна са светлымі намерамі і старацца думаць толькі аб высокіх матэрыях.

Вярнуцца ўгару