Наглядчык за Польшчай: нераскрытае забойства беларускага бандыта. Галаваломка, 2 сезон #9

У 2023 годзе суд у Катавіцах апраўдаў самага вядомага крымінальнага аўтарытэта Польшчы «Кракавяка» і чальцоў яго банды за замоўнае забойства беларуса Віктара Фішмана. Напрыканцы 1990-х гадоў Фішман стаў прыкметнай фігурай у крымінальным свеце Польшчы, але канкурэнцыя з польскімі злачынцамі давяла яго да смерці.

Вітаем, гэта другі сезона падкаста «Галаваломка» на PALATNO.

Ранняе жыццё, спорт і крымінал

Віктар Фішман нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў 1964 годзе ў Мінску. У дзяцінстве пачаў цікавіцца спортам, асабліва — баявымі відамі, Займаўся боксам і кікбоксінгам. У Беларусі Віктар пазнаёміўся з Назарам па мянушцы «Мядзведзь». У 1980-я гады Фішман увайшоў у групоўку, якой кіраваў той самы «Мядзведзь».

У першай палове 1980-х у Беларусі за ўсім наглядала расійская арганізаваная злачыннасць. Першы час маладыя беларускія злачынцы не канфліктавалі з, так бы мовіць, «старэйшымі» групоўкамі з Расіі. Але бліжэй да 1990-х, калі межы з Еўропай сталі больш адкрытымі, а бізнес мог прыносіць вялікія грошы, канфлікт стаў непазбежным.

Вядома, што ў 1995 годзе Віктар Фішман мог забіць двух мужчын — бандытаў адной з расійскіх груповак. Тады Фішман упершыню пакінуў свой след у міліцэйскай картатэцы, але не за двайное забойства, а за збіццё члена групоўкі, з якой ён канкурыраваў.

У 1986 годзе яго арыштавалі і пасадзілі на два гады. Некаторы час ён знаходзіўся ў зняволенні ў сумна вядомым ізалятары на Акрэсціна.

Віктар Фішман, беларускі бандыт у польшчы, беларускі крымінал
Віктар Фішман.

Уцёкі ў Польшчу

Фішман выйшаў з турмы толькі ў 1988 годзе. У тым жа годзе беларуская пракуратура аднавіла справу па двайным забойстве, да якога мог мець дачыненне Фішман. Той некаторы час хаваўся ад сілавікоў, а потым — уцёк у Польшчу.

У Польшчы Віктар працягнуў працаваць разам з Назарам «Мядзведзем», які таксама пераехаў у Польшчу і пасяліўся ў Варшаве. Ён працаваў у свайго таварышча целаахоўнікам. Праз час «Мядзведзь» адправіў Фішмана ў Гданьск, каб пашырыць сваю крымінальную экспансію Польшчы. Яшчэ крыху пазней Фішман пераехаў у Шчэцын — гэта адбылося прыкладна ў 1992 годзе. А чаму менавіта Шчэцын?

Шчэцын мог стаць ключавым пунктам для беларускіх бандытаў, бо ён адкрываў доступ да дадатковых шляхоў праз мора. Беларусы сумесна з расійскай арганізаванай злачыннасцю займаліся перагонам скрадзеных амерыканскіх аўтамабіляў, якія прывозілі ў Польшчу па моры.

Віктар Фішман стаў тварам беларускага крымінальнага свету ў заходняй частцы Польшчы. У 1993 годзе ў Шчэцыне ён кантраляваў пастаўкі наркотыкаў, наймаў прастытутак і займаўся перагонам крадзеных аўто, нелегальна перапраўляў людзей у Германію.

Віктар Фішман, беларускі бандыт у польшчы, беларускі крымінал
Віктар Фішман.

Канфлікты з палякамі

Першапачаткова дзейнасць Фішмана не перашкаджала польскіх злачынных групоўкам. Некаторы час Фішман нават супрацоўнічаў з адным з лідараў мясцовай банды Марэкам.

Першы канфлікт паміж Віктарам Фішманам і бандай Марэка адбыўся ў 1995 годзе. Фішман працягваў кантраляваць пастаўкі наркотыкаў і «крышаваць» прастытуцыю, займаўся рэкетам у пераважна рускамоўных прадпрымальнікаў… Гэтым беларус пачаў займацца ўжо самастойна, без дапамогі польскай банды, што яўна не спадабалася палякам.

У 1996 годзе Фішман усур’ёз пачаў займацца не толькі перагонам аўтамабіляў, але і іх угонам. Па чутках, ён вельмі клапаціўся пра надзейную сувязь са сваімі людзьмі: насіў некалькі тэлефонаў з сімкамі розных аператараў, а кіраўнікі яго каманд мелі па два мабільных для сувязі з начальнікам. Фішман увёў у сваёй групоўцы правіла, што кожны грузавік, які вёз скрадзеныя аўто, павінен быў суправаджацца двума аўтамабілямі. Першы аўтамабіль ехаў наперадзе і правяраў, ці ёсць на дарозе супрацоўнікі паліцыі. Уздоўж маршрута былі падрыхтаваныя стаянкі, на якіх можна было перачакаць, пакуль паліцэйскія не з’едуць з трасы. У выпадку, калі аперацыя была адмененая, а аўто затрымлівалі сілавікі, то пра гэта паведамлялі ў Шчэцын: там чысціліся кватэры, гаражы і майстэрні.

Новы год з 1996 на 1997 год палякі і рускамоўныя члены групоўкі, звязаныя з Фішманам, сумесна адзначалі ў шчэцынскім атэлі Radisson. Сумесны Новы год павінен быў патушыць канфлікт паміж бандамі. Аднак у атэлі падчас вечарынкі адбыўся інцыдэнт. Адзін з беларусаў зачапіў жанчыну, якая была дзяўчынай аднаго з польскіх бандытаў. Вядома, што шчэцынскія бандыты правакавалі членаў банды Фішмана і абражалі яго лідара.

Віктар Фішман, беларускі бандыт у польшчы, беларускі крымінал
Віктар Фішман.

Паміж бандытамі разгарэлася драка, у якой, як сцвярджалі польскія медыя, перамаглі беларусы. Хадзілі чуткі, што палякі пачалі страляць з пісталетаў і падстрэлілі двух беларусаў, якія раней паранілі чатырох сапернікаў.

Лічыцца, што 1 студзеня 1997 года пачалася сапраўдная вайна паміж польскімі і беларускімі бандытамі ў Шчэцыне. Прыкладна ў той жа час з польскай турмы выйшаў партнёр Марэка — Сільвестр па мянушцы «Сыльвек». Як пазней устанавіла следства, ён прапанаваў Марэку ліквідаваць канкурэнта. «Рускі фраер», як Фішмана называлі польскія бандыты, перашкаджаў злачыннаму бізнесу палякаў у Шчэцыне.

Тры замахі на Фішмана, суды і апраўданні

Першы замах на Віктара Фішмана адбыўся праз два тыдні пасля дракі ў атэлі Radisson. У сярэдзіне студзеня 1997 года ў цэнтр Шчэцына кілер стрэліў у мужчыну, але пазней аказалася, што гэта быў толькі падобны да Фішмана чалавек. Другі замах таксама сарваўся: з аўтамабіля, у якім звычайна ездзіў Фішман, выйшаў іншы мужчына (дарэчы, член банды Марэка), таму атаку адклалі.

Трэці замах адбыўся напрыканцы студзеня 1997 года. Фішмана застрэлілі па дарозе дадому на паркоўцы. За адной з машын хаваўся кілер з аўтаматам.

Следчыя хутка разабраліся ў справе. Высветлілася, што Марэк пасля наводкі «Сыльвека» звярнуўся да Януша «Кракавяка». «Кракавяк» атрымаў 100 тысяч злотых за выкананне замовы, але той даручыў справу Здзіславу па мянушцы «Здыха», а той атрымаў за забойства толькі чвэрць ад сумы.

Першы суд па справе аб забойстве Фішмана скончыўся толькі ў 2004 годзе. У планіроўцы забойства абвінавацілі «Сыльвека» і прысудзілі яму 13 гадоў пазбаўлення волі. У 2016 годзе «Кракавяк» атрымаў 25 гадоў турмы па гэтай справе, але знаходзіўся ў зняволенні ад 2001 года, калі польскія праваахоўнікі пачалі расследаванне злачыннай дзейнасці яго банды. Марэк атрымаў столькі ж, колькі і «Кракавяк» — 25 гадоў пазбаўлення волі. А непасрэдны выканаўца Здзіслаў «Здыха» быў прыгавароны да пажыццёвага пазбаўлення волі.

Увесну 2023 года Апеляцыйны суд у Катавіцах апраўдаў асоб, якіх пакаралі за забойства Віктара Фішмана. Высветлілася, што абвінавачванне будавалася на паказаннях былых членаў банды, якія пайшлі на супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі Польшчы. Апеляцыйны суд прыйшоў да высновы, што сведкі абвінавачвання з’яўляюцца ненадзейнымі, а ў самой справе шмат разыходжанняў:

Пракуратура не змагла даказаць, што Януш «Кракавяк» і Марэк сапраўды сустракаліся і дамаўляліся аб замоўным забойства на 100 тысяч злотых. Следства сцвярджала, што Здзіслаў «Здыха» прывёз з сабой аўтамат у Шчэцын, але высветлілася, што раней гэты аўтамат засвяціўся ў злачынстве непасрэдна ў Шчэцыне.

Нягледзячы на апраўдальны прысуд па замоўным забойстве Віктара Фішмана, лёс удзельнікаў працэсу склаўся па-рознаму. Для «Кракавяка» гэта быў апошні судовы працэс па дзейнасці яго банды, ён будзе на волі. Здзіслаў «Здыха» знаходзіцца за кратамі на пажыццёвым тэрміне за забойства гаспадара абменнага пункта ў Пшэмысле.

У 2018 годзе на волю выйшаў Марэк, які нібыта замовіў забойства Фішмана. Ён жыве пад Варшавай, яму забаронена пакідаць тэрыторыю Польшчы. У 2019 годзе польскія медыя паведамлялі, што «Сыльвек» зноў трапіў за краты: яму прысудзілі чатыры гады турмы за рабаванне нелегальнай фабрыкі цыгарэт.

Вярнуцца ўгару