Больш за дзвесце гадоў таму на беларускія землі прыйшлі французскія войскі. Вайна 1812 года прынесла велізарныя страты — як чалавечыя, так і матэрыяльныя і культурныя. Марадзёрства, баявыя дзеянні, голад — такім быў прыход Напалеона на беларускія землі.
Расказваем, што адбывалася ў 1812 годзе пад Салтанаўкай, на Бярэзіне і ў Смаргоні.
Няпростыя ўзаемаадносіны паміж Францыяй і Расіяй
Французска-расійскія ўзаемаадносіны напачатку дзевятнаццатага стагоддзя былі няўстойлівымі: ваенныя канфлікты то разгараліся, то згасалі, а за некалькі гадоў да 1812-га дасягнулі свайго апагею. У той час Англія апынулася ў кантынентальнай блакадзе, таму Расія імкліва страчвала грошы, царскі ўрад нават патураў кантрабандзе. Затым расійскія ўлады ўвялі забарону на тавары, якія ўвозіліся па сушы, а гэта ўжо ўдарыла па французскім гандлі.
На фоне гэтага Напалеон Банапарт прыгразіў Аляксандру I аднаўленнем Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, што яшчэ болей абвастрыла ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі, а створанае Напалеонам Варшаўскае герцагства расійскія ўлады хацелі далучыць да сябе, як і ўсе землі былой Рэчы Паспалітай. Французска-расійскія інтарэсы сутыкаліся і на Балканах, і на Блізкім Усходзе.
Ужо ў 1810 годзе краіны сталі рыхтавацца да новай вайны: ваенныя бюджэты павялічыліся, дзяржавы пачалі заключаць саюзы з новымі партнёрамі.
Бітвы на беларускіх землях
22 чэрвеня 1812 года Напалеон прыехаў у Ваўкавішкі і паведаміў сваім салдатам пра пачатак вайны. Ноччу 24 чэрвеня напалеонаўскія войскі пераправіліся праз Нёман і захапілі Коўна. У той час Аляксандр I знаходзіўся ў Вільні і пра пачатак вайны даведаўся толькі ўвечары. Менш чым праз тыдзень расійскія войскі пакінулі Гродна, у горад увайшла польская кавалерыя, якая ваявала ў складзе напалеонаўскіх войск. Тады ж быў захоплены і Мінск.
Напалеон спадзяваўся, што генеральная бітва з расійскай арміяй адбудзецца пад Віцебскам напачатку ліпеня. Дарэчы, крыху раней яна планавалася пад Вільняй. Але ні там, ні там галоўная бітва так і не адбылася, бо войскі саперніка пачалі адступаць у бок Смаленска. І Напалеон вырашыў ісці на Маскву.
Бітва пад Салтанаўкай. Частка расійскіх войск пад кіраўніцтвам Пятра Баграціёна хацела далучыцца да асноўнай часткі арміі з Міхаілам Барклаем дэ Толі на чале каля Магілёва, аднак пад канец ліпеня горад быў заняты французскім маршалам Даву. Паблізу Магілёва, ля вёскі Салтанаўка, з войскамі Даву адбыліся баі. Гэтыя баі перашкодзілі расійскім войскам злучыцца, і Баграціён быў вымушаны адступіць да Смаленска.
Восенню 1812 года беларуская зямля зноў стала месцам баявых дзеянняў, хоць войскі Напалеона і ён сам увайшлі ў Маскву. Там французскі імператар не дачакаўся прапановы міру і быў вымушаны пакінуць Маскву, якая палала ад пажараў. У той жа час прыйшлі першыя халады, якія абяссілілі французаў.
Расійскія войскі спрабавалі атачыць і знішчыць рэшткі французскай арміі, якая адступала. Напачатку кастрычніка рускія занялі Брэст і пайшлі ў бок Мінска. У гэты час французы прайгралі бітву і пад Полацкам. У лістападзе Напалеон загадаў войскам, якія адступалі з Масквы і былі амаль небаяздольнымі, захапіць Барысаў, які расійская армія ўзяла месяцам раней.
Пераправа праз Бярэзіну. Французскія войскі знаходзіліся не ў лепшым становішчы, ім трэба было пераправіцца праз Бярэзіну. Расійскае камандаванне было дэзынфармаванае пра дакладнае месца пераправы і накіравала большасць сваіх войск не туды. Падчас пераправы каля 20 тысяч французаў загінулі, яшчэ 50 тысяч трапілі ў палон. Толькі каля 10 тысяч французскіх вайскоўцаў паспяхова пераправіліся і сталі адступаць у бок Вільні праз Зембін, Плешчаніцы і Маладзечна. Там таксама адбыліся баі, французы цалкам страцілі баяздольнасць, а Напалеон спешна ад’ехаў у Парыж. Дарэчы, Напалеон неаднаразова сам кіраваў сваімі войскамі на беларускіх землях у гэтую вайну.
Тэрыторыю сучаснай Беларусі французскія войскі аддалі толькі ў снежні. Пад канец снежня ў Вільню прыехаў Аляксандр I. Кутузаў параіў яму канфіскаваць маёмасць беларуска-літоўскіх паноў, якія падтрымалі Напалеона, і перадаць гэтую маёмасць расійскім генералам і афіцэрам. Замест гэтага расійскі цар аб’явіў амністыю.
Падчас вайны французская армія не здолела захапіць усе беларускія землі. У Полацкім павеце стаяў корпус Вітгенштэйна. У Мінскай губерні не занятымі былі Рэчыцкі і Мазырскі паветы, у Магілёўскай губерні — Беліцкі павет, а ў Мінскай — частка Бабруйскага павета. У тыле французскай арміі засталася не захопленай Бабруйская крэпасць.
Што рабіла французская ўлада на беларускіх землях
Падчас вайны 1812-га значная частка літоўска-беларускай шляхты спадзявалася на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Замест расійскай адміністрацыі ўтваралася французская: у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губернях пачаў працаваць Часовы Урад Вялікага Княства Літоўскага. Губерні сталі называцца дэпартаментамі, паветы — падпрэфектурамі. Падпрэфектуры падзяляліся на дыстрыкты, а тыя — на кантоны. Віцебская і Магілёўская губерні не падпарадкоўваліся Часоваму Ураду, імі кіраваў ваенны губернатар Анры Шарпанцье. 28 чэрвеня Часовы Урад прыняў Акт аб далучэнні ВКЛ да Генеральнай канфедэрацыі Польшчы.
На акупаванай французамі беларускай тэрыторыі была ўведзена новая грашовая сістэма. Замест дамінуючых папяровых асігнацый з нестабільным курсам сюды хлынулі грошы. За асноўную манетную адзінку быў прыняты польскі злоты, крыху пазней — французскі франк.
З беларускіх зямель у напалеонаўскае войска набіраліся рэкруты. Часцей сяляне супраціўляліся набору ў войска, а памешчыкам было нявыгадна аддаваць сваіх прыгонных. Таксама прыгонных сялян набіралі ў жандармерыю і народную гвардыю, якія павінны былі ахоўваць парадак у паветах і буйных гарадах.
Тэрыторыю сучаснай Беларусі апустошвалі таксама зборам прадуктаў харчавання для французскай арміі. Збор правіянту суправаджаўся пагрозамі, але народ супраціўляўся, не слухаўся нават загадаў Часовага Урада.
Насельніцтва беларускіх зямель хавалася і ад французскіх, і ад рускіх войск. Нярэдка сяляне фарміравалі партызанскія атрады: ваявалі супраць французаў і сваіх былых памешчыкаў. А часам сяляне ўчынялі масавыя забойствы. Новая ўлада заводзіла крымінальныя справы і шукала збеглых сялян. Напрыклад, напачатку вайны сяляне з вёскі Трасцянец у Ігуменскім павеце забілі пана і членаў яго сям’і — усяго дванаццаць чалавек. Яны разрабавалі маёмасць і спалілі іх дом разам з забітымі. Некаторыя сялянскія партызанскія атрады ўзаемадзейнічалі з рускімі войскамі, але гэта было хутчэй выключэннем: у асноўным, яны змагаліся супраць сваіх паноў.
Калі памешчыкі атрымалі ад Аляксандра I амністыю, то сялянства пасля вайны 1812 года аказалася ў яшчэ больш прыгнечаным стане.
Што адбылося з Напалеонам пасля вайны 1812 года
Пад канец снежня 1812 года Напалеон кінуў рэшткі свайго войска на беларускіх землях, аддаў камандаванне войскамі Мюрату пад Смаргонню, а сам пераапрануўся ў форму польскага афіцэра і з’ехаў у Парыж. Паражэнне Напалеона выклікала ўздым антыфранцузскага руху ў залежных ад Францыі краінах.
У 1814 годзе Парыж занялі войскі антыфранцузскай кааліцыі. У тым жа годзе Напалеон адрокся ад прастола. Праз год ён вярнуўся ў Францыю з выспы Эльба і аднавіў сваю ўладу. Аднак праз некалькі месяцаў яго войскі пацярпелі паражэнне ў бітве пры Ватэрлоа супраць аб’яднаных войск Вялікабрытаніі, Прусіі і малых герцагстваў і каралеўстваў Цэнтральнай Еўропы.
Напалеон Банапарт быў арыштаваны англічанамі і сасланы на выспу Святой Алены. Фразу «Мы ўжо нічога не можам зрабіць», якая апошнім часам завірусілася ў інтэрнэце, Напалеон нібыта сказаў яе на той выспе пасля пытання аднаго з вайскоўцаў, ці могуць яны нешта для яго зрабіць.
Напалеон памёр на выспе Святой Алены ў 1821 годзе.