Многія жанчыны пакінулі след у гісторыі навукі: ад адкрыцця структуры ДНК да медыцынскіх работ па жаночаму здароўю. Іх працы ляжалі ў аснове Нобелеўскіх прэмій і навуковых прарываў, але прызнанне часта даставалася іх калегам-мужчынам.
PALATNO расказвае пра тое, як жанчыны знаходзілі новае, але іх адкрыцці скралі мужчыны.
Змест
Разалінд Франклін
Сфера: малекулярная біялогія
Адкрыццё: структура ДНК
Як адкрыццё скралі? Праца Разалінды Франклін дала важныя доказы дзвюхспіральнай структуры ДНК. Аднак Джэймс Уотсан і Фрэнсіс Крык выкарысталі яе дадзеныя для стварэння сваёй мадэлі ДНК і атрымалі Нобелеўскую прэмію ў 1962 годзе разам з Морысам Уілкінсам. Уклад Франклін застаўся непрызнаным пры яе жыцці.
Разалінд Франклін нарадзілася ў Лондане ў 1920 годзе ў заможнай яўрэйскай сям’і. Яе бацька быў банкірам і падтрымліваў адукацыю дачкі, нягледзячы на існуючыя гендарныя стэрэатыпы. Яна вывучала хімію ў Кембрыджскім універсітэце, спецыялізавалася на рэнтгенаўскай крышталаграфіі. Памерла ва ўзросце 37 гадоў, у 1958-м, ад раку яечнікаў.
Ліза Мэйтнер
Сфера: фізіка
Адкрыццё: ядзернае дзяленне
Як адкрыццё скралі? Мэйтнер супрацоўнічала з фізікам Ота Ганам у ядзерных даследаваннях. Пасля ўцёкаў Мэйтнер з нацысцкай Германіі з-за яе яўрэйскага паходжання Хан апублікаваў працу па ядзерным расшчапленні. У 1944 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па хіміі. Мэйтнер засталася без прызнання, нягледзячы на яе асноўны тэарэтычны ўклад.
Ліза Мэйтнер нарадзілася ў 1878 годзе ў Аўстрыі. Яна вывучала радыёактыўнасць і ядзерную фізіку, аднак працяглы час жанчынам было забаронена наведваць універсітэт, але пасля адмены гэтага закону яна паступіла ў Венскі ўніверсітэт і атрымала ступень доктара. У Берліне стала першай жанчынай, якая атрымала сваю лабараторыю. У 1938 годзе пасля аншлюсу Аўстрыі змагла ўцячы ў Швецыю. Падчас Другой сусветнай вайны катэгарычна адмаўлялася працаваць над стварэннем атамнай зброі. Памерла ў 1968 годзе.
Джослін Бэл Бёрнэл
Сфера: астраномія
Адкрыццё: пульсары
Як адкрыццё скралі? Бёрнэл адкрыла пульсары, калі была аспіранткай у 1967 годзе. Аднак яе навуковы кіраўнік Энтані Х’юіш атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 1974 годзе за гэта адкрыццё. Ролю Бэл Бёрнэл засталася без увагі, хоць з тых часоў яна атрымала прызнанне і засталася вядомай фігурай у фізіцы.
Джослін Бэл Бёрнэл нарадзілася ў 1943 годзе ў Паўночнай Ірландыі. Бацька падтрымліваў яе цікавасць да астраноміі і браў з сабой у планетарый. Вучылася ў Кембрыджскім універсітэце. У 2018 годзе Бэл Бёрнэл атрымала прэмію за навуковыя дасягненні (3 мільёны долараў), якую ахвяравала на падтрымку жанчын у навуцы.
Ву Цзяньсюн
Сфера: фізіка
Адкрыццё: парушэнне цотнасці ў слабых узаемадзеяннях
Як адкрыццё скралі? Ву правела важныя эксперыменты, якія абверглі захаванне цотнасці, што з’яўлялася ключавым для тэарэтычнай працы Лі Чжэндао і Янга Чжэньніна. Абодва атрымалі Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 1957 годзе, але эксперыментальная праца не была прызнаная Нобелеўскім камітэтам.
Ву Цзяньсюн нарадзілася ў Кітаі ў 1912 годзе. Яна вывучала фізіку ў Кітаі і ЗША. Яна правяла большую частку жыцця па-за межамі Кітая, частка яе сваякоў памерла падчас «культурнай рэвалюцыі». Ву часта называюць «кітайскай Мары К’юры» за яе выдатны ўклад у фізіку. Памерла ў 1997 годзе.
Эстэр Ледэрберг
Сфера: мікрабіялогія
Адкрыццё: метады лямбда-фага і бактэрыяльнай генетыкі
Як адкрыццё скралі? Ледэрберг унесла значны ўклад у мікрабіялогію, аднак замест жанчыны яе муж Джошуа Ледэрберг атрымаў ільвіную долю заслуг: менавіта яго ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй у 1958 годзе.
Эстэр Ледэрберг нарадзілася ў ЗША ў 1922 годзе ў сям’і імігрантаў. У Стэнфардскім універсітэце атрымала ступень магістра. Амаль усё сваё жыццё Эстэр правяла ў цені свайго мужа, які карыстаўся яе навуковымі адкрыццямі. Памерла ў 2006 годзе.
Нэці Стывенс
Сфера: генетыка
Адкрыццё: палавыя храмасомы
Як адкрыццё скралі? Стывенс выявіла, што вызначэнне полу звязана з храмасомамі, і апублікавала сваю выснову. Аднак яе сучаснік, Эдмунд Уілсан, пазней таксама апублікаваў навуковую працу і атрымаў усе заслугі.
Нэці Стывенс нарадзілася ў 1861 годзе ў ЗША у маленькім горадзе Кавендзіш на ўсходзе краіны. Яна зарабляла сабе на вучобу тым, што сама давала ўрокі. Нэці працавала ў вельмі цяжкіх умовах і здолела зрабіць свае адкрыцці ўсяго за 11 гадоў навуковай кар’еры. Памерла ад раку ва ўзросце 50 гадоў, у 1912-м.
Тратула Салернская
Сфера: медыцына
Праца: жаночая здароўе і гінекалогія
Як працу скралі? Тратула з Салерна напісала ўплывовыя медыцынскія тэксты пра здароўе жанчын у Сярэднявечнай Еўропе. Пазней яе працы няправільна прыпісвалі аўтарам-мужчынам або прадстаўлялі як ананімныя, і тым самым прыніжалі яе ролю ў медыцыне.
Італьянка Тратула жыла ў Салерна ў XI стагоддзі. У аснове яе медыцынскіх трактатаў ляжалі тэмы па жаночым здароўі: цяжарнасць, роды і пасляродавы догляд. Яе працы былі такімі папулярнымі, што іх выкарыстоўвалі ў медыцыне на працягу некалькіх стагоддзяў.