Now Reading
Няптун, Дублін, Панкі. Якія цікавыя назвы ёсць у беларускіх вёсак

Няптун, Дублін, Панкі. Якія цікавыя назвы ёсць у беларускіх вёсак

вёска самалі ў беларусі

Усе ведаюць пра Парыж у Віцебскай вобласці і Балі з Малі ў Гродзенскай. Але гэта не адзіныя назвы беларускіх вёсак, якія так ці іначай можна суаднесці з геаграфічнымі назвамі ў іншых краінах. У Беларусі ёсць нават Марс з Юпіцерам, свая Палесціна і Вулкан.

PALATNO расказвае, якія цікавыя назвы можна знайсці на мапе Беларусі.

Іншыя планеты ці назвы вёсак?

У некалькі абласцях ёсць вёскі з цікавымі назвамі, якія могуць нагадаць нам пра іншыя планеты. Усе яны з’явіліся пасля Першай сусветнай вайны і перад пачаткам татальнай калектывізацыі. Гэтыя вёскі стваралі жыхары суседніх вёсак, якіх «перасялялі». Вядома, у кожнай з вёсак у 1930-я арганізавалі калгасы.

  • Пасёлак Няптун (Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць);
  • Пасёлак Марс (Лоеўскі раён, Гомельская вобласць);
  • Вёска Венера (Лагойскі раён, Мінская вобласць);
  • Вёска Марс (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць) — пра яе вядома нашмат больш, чым сухія дадзеныя пра стварэнне ў 1920-я населенага пункта і затым калгасу. Марс стварылі вяскоўцы з Кукшавічаў, і вось у Кукшавічаў большая гісторыя. Вёска ўпамінаецца яшчэ ў другой палове XVI стагоддзя ў складзе маёнтка Крысава ва ўладанні Радзівілаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя гаспадарамі Кукшавічаў стаў граф Чапскі. На пачатак XX стагоддзя ў Кукшавічах жылі амаль 800 чалавек. У 1905 годзе мясцовыя сяляне патравілі памешчацкі сенакос — суд наклаў на мясцовых штрафныя санкцыі. Падчас Першай сусветнай вайны вёску спалілі, бо тая знаходзілася ў прыфрантавой зоне.
  • Пасёлак Юпіцер (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць).
вёска няптун у беларусі
Фота: CastleMound, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

А гэта дакладна ў Беларусі?

Калі забыцца пра іншыя планеты, то на беларускай мапе можна лёгка знайсці назвы, якія быццам неяк не асацыіруюцца з Беларуссю. Яны прысутнічаюць амаль у кожнай вобласці: некаторыя нагадваюць пра акіяны і горы, а некаторыя — пра засценкі часоў камуністычнага рэжыму.

Лубянка ў Быхаўскі раён на Магілёўшчыне — гэта не даніна павагі маскоўскай Лубянцы. Вёска была вядома значна раней, чым будынак дзяржбяспекі часоў СССР. Пра вёску ўпершыню ўзгадваецца ў XVII стагоддзі: у 1619 годзе Лубянку называюць фальваркам у валоданні Быхаўскага касцёла. Напрыканцы XVIII стагоддзя ў Лубянцы стварылі прыгонніцкую мануфактуру па вырабе шклянога посуду і ластавага шкла. З цягам часу колькасць жыхароў у Лубянцы павялічвалася, і на пачатак XX стагоддзя таму жылі больш за 700 чалавек. У 1930-я гады там арганізавалі калгас.

Вёска Піцер у Клімавіцкім раёне на Магілёўшчыне крыху старэйшая, чым Піцер у Ленінградскай вобласці Расіі. Упершыню пра хутар на Клімаўшчыне стала вядома ў 1857 годзе — ён узгадваецца як населены пункт ва ўладанні не названага памешчыка. У 1897 годзе, дзякуючы перапісу, становіцца вядома, што Піцер называюць яшчэ Звярынцам. Падчас калектывізацыі тут арганізоўваюць калгас. У часы Другой сусветнай вайны вёску цалкам спальваюць — гэта адбылося ў 1943 годзе.

Беларуская вёска Дублін у Брагінскім раёне на Гомельшчыне згадвалася ў летапісах у часы ВКЛ. Яна вядома з XVI стагоддзя — спачатку як уладанне Вішнявецкіх, а затым Канецпольскіх. Дублін знаходзіўся пад акупацыяй Расійскай імперыяй ад другога падзелу Рэчы Паспалітай, з 1793 года. У 1930-я гады ў Дубліне арганізавалі калгас, а падчас вайны загінулі каля сотні дублінцаў — усе яны змагаліся супраць нацыстаў.

вёска дублін у беларусі

Вёска Самалі (Маладзечанскі раён, Мінская вобласць). Упершыню ўпамінаецца ў XVIII стагоддзі. У 1800 годзе Самалі належалі памешчыку Агінскаму. Падчас Першай сусветнай вайны тэрыторыю занялі кайзераўскія войскі, а падчас савецка-польскай вайны вёску захапілі польскія вайскоўцы.

  • Вёска Байкал (Талачынскі раён, Віцебская вобласць);
  • Вёска Парыж (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць) — упершыню ўзгадваецца ў 1784 годзе як уладанне Тызенгаўза. У 2006 годзе мясцовыя жыхары дамагліся перайменавання ў Парыж — раней яна была названая Навадруцкам;
  • Вёска Балі (Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць);
  • Вёска Галіцыя (Астравецкі раён, Гродзенская вобласць);
  • Вёска Малі (Астравецкі раён, Гродзенская вобласць) — першая ўзгадка ў 1534 годзе;
  • Вёска Палесціна (Астравецкі раён, Гродзенская вобласць) — першая ўзгадка ў 1555 годзе.

Грамадска-палітычныя адценні

Лукашэнка і яго паплечнікі заўсёды кажуць, што Майдану ў Беларусі не будзе. Праўда, беларускі Майдан у нас даўно ўжо ёсць — гэта вёска ў Талачынскім раёне, Віцебская вобласць.

Яшчэ адна цікавая назва, якая нагадае адно вядомае СМІ і першую беларускую газету з карцінкамі, — Наша Ніва. Вёска знаходзіцца ў Старадарожскім раёне, Мінская вобласць. Па перапісу за 2019 год у вёсцы жылі чатыры чалавекі.

Пасля сфальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе шмат беларусаў прайшлі праз палітычныя рэпрэсіі. Многіх адпраўлялі на суткі… А ці ведалі, што вёска ў Беларусі існуе вёска Суткі? Яна знаходзіцца ў Уздзенскім раёне, Мінская вобласць. Так што «паехаць на суткі» можа набыць новыя адценні — і не такія сумныя.

На Віцебшчыне ёсць тры вёскі пад назвай Бабарыкі. Яны знаходзяцца ў Верхнядзвінскім, Гарадоцкім і Мёрскім раёнах. Ці звязаны яны неяк з кандыдатам у прэзідэнты на выбарах-2020 Віктарам Бабарыкай — невядома.

І яшчэ цікавосткі

Ёсць у іншых сферах, не звязаных з палітыкай ці космасам. Напрыклад, вёска Амур (Глускі раён, Магілёўская вобласць) да 1964 года называлася Шумяцічы. Да Кастрычніцкага перавароту Шумяцічы былі невялічкім фальваркам на Магілёўшчыне. У 1920-я гады ў Шумяцічах стварылі арцель «Іскра», а яшчэ праз некалькі гадоў — калгас. У 1942 годзе нацысты амаль цалкам спалілі вёску.

На Магілёўшчыне ёсць вёска пад назвай Гвалтоўнік, яна знаходзіцца ў Шклоўскім раёне. Вёска ўзгадваецца ў перапісу насельніцтва за 1897 год — тады там налічвалася 93 жыхары. З пачаткам новага стагоддзя колькасць насельніцтва скарацілася ў два разы. Змяншэнне насельніцтва ў Гвалтоўніку зменіць калектывізацыя: у 1930-я гады тут, як і ў шматлікіх беларускіх вёсках, арганізуюць калгас. Падчас Другой сусветнай вайны вёску акупіравалі нацысты, пазней — ужо пасля вайны — побач з вёскай знойдуць пахаванне 60 савецкіх вайскоўцаў і мірных жыхароў, якіх забілі немцы.

вёска чыкі ў беларусі
Фота: Zelyoniy.anton, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

У 1920-я гады на Лоеўшчыне ўзнікла вёска Вулкан. Як і ў выпадку з «касмічнымі» назвамі, яе стварылі перасяленцы. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска падверглася радыяцыйнаму забруджанню і аднесена да катэгорыі з правам на адсяленне.

У Барысаўскім раёне на Міншчыне ёсць вёска Уцеха. Вёска вядомая з XVIII стагоддзя. А ў першай палове XIX стагоддзя знаходзілася ў складзе маёнтка Латыгаль. Напачатку XX стагоддзя побач з вёскай знаходзіўся хутар, які таксама называўся Уцеха. Падчас Другой сусветнай вайны вёску акупіравалі нацысты, аднак у хуткім часе населены пункты ўвайшоў у партызанскую зону. У 1943 годзе ля вёскі ішлі цяжкія баі нацыстаў з партызанамі падчас карнай аперацыі першых.

Вёска Чарты ў Маладзечанскім раёне ўпершыню ўзгадваецца ў XVIII стагоддзя як шляхецкая ўласнасць. У 1800 годзе вёска знаходзілася ва ўладанні Валадзьковіча, у другой палове таго ж стагоддзя перайшла ва ўладанне памешчыка Высоцкага. У 1921 годзе вёска стала польскай тэрыторыяй. Падчас Другой сусветнай вайны вёску часткова спалілі. Калгас у вёсцы арганізавалі толькі ў 1949 годзе.

Яшчэ адна цікавая назва — Чыкі. Вёска знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне, Мінская вобласць. Населены пункт вядомы з пачатку XVIII стагоддзя. У 1707 годзе вёска знаходзілася ва ўладанні Сапегаў, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя Чыкі належалі памешчыку Марбургу. Колькасць жыхароў рэзка знізілася напрыканцы 1990-х гадоў.

  • Вёска Каты (Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць);
  • Вёска Панкі (Віцебскі раён, Віцебская вобласць);
  • Вёска Яя (Браслаўскі раён, Віцебская вобласць) — назва вёскі можа паходзіць ад фінскага слова «лёд»;
  • Вёска Слёзкі (Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць);
  • Вёска Добрая Зямля (Валожынскі раён, Мінская вобласць);
  • Вёска Жэўжык (Клімавіцкі раён, Магілёўская вобласць).
Вярнуцца ўгару