Срачкі, дзерава, кошасць. Як вы называеце болькі?

што такое болька, беларуская мова

PALATNO расказвае пра болькі і тое як іх называлі ў розных беларускіх рэгіёнах.

Прышчыкі

Прышчыкі, з якімі змагаюцца падлеткі і, напэўна, многія людзі, называліся ў беларускіх рэгіёнах па-рознаму. Ва ўсходняй Беларусі найбольш дамінавала назва прышчык. У цэнтральнай Беларусі любілі выкарыстоўваць слова прышчынак, прышчынкаУ заходняй Беларусі выкарыстоўвалі слова прышч.

Ёсць і больш рэгіянальныя адрозненні. Ля Гродна пра прышчыкі казалі прышчайка, прышчай. Ля Бярозы і Івацэвічаў прышчыкі называлі прышчаўкай.

Перхаць

У беларускіх рэгіёнах існуе шмат варыяцый назваў перхаці. Уласна, перхаццю гэта называюць у большасці раёнаў Беларусі. Гэта з’яўляецца найбольш распаўсюджанай назвай.

У цэнтральнай Беларусі, на Магілёўшчыне і на Палессі распаўсюджанай назвай перхаці была луска (з націскам на апошні склад). На поўначы Беларусі найбольш распаўсюджанай лічыцца іншая назва перхаці — шалуха.

На Палессі зафіксаваны назвы перга, пархі. Дарэчы, на Брэстчыне таксама папулярнай назвай перхаці было чашуя.

Ля Брэста найбольш распаўсюджаным словам лічылася лупыны. А вось ля Гродна карысталіся іншым словам — кошасць.

На Гомельшчыне і паўднёвай частцы Магілёўшчыны выкарыстоўвалі слова самяшына.

На Верхнядзвіншчыне і Расоншчыне карысталіся словам шолудзі для апісання перхаці. Дарэчы выкарыстанне гэтага слова зафіксавана ля Рэчыцы.

Кароста

ШТО ТАКОЕ КАРОСТА?
Заразная хвароба скуры ў чалавека і жывёл, якая суправаджаецца моцным свербам.

Кароста была самай распаўсюджанай назвай гэтай хваробай у Беларусі. Існавала не вельмі шмат рэгіянальных адрозненняў.

У заходняй частцы Беларусі каросту называлі яшчэ часоткай. На Магілёўшчыне і Гомельшчыне найбольш выкарыстоўвалі словы чоска, начоска разам з каросткай і часоткай. Ля Хоцімску на Магілёўшчыне зафіксавана іншая назва каросты, якой не фіксавалі нідзе ў Беларусі, — нечысць.

Барадаўкі

Ва ўсходняй Беларусі найбольш распаўсюджанай назвай з’яўляецца барадаўкі. А вось у заходняй карысталіся вельмі падобным словам — бародаўкі (націск на другі склад).

У паўднёвай частцы Брэстчыны барадаўкі называліся бародзяўкі (націск на другі склад). На Віцебшчыне разам з барадаўкамі карысталіся рэгіяналізмам дзіч і дзічка.

Ля Брагіна зафіксавана слова срачкі (націск на першы склад) для апісання барадавак. Такое ж слова зафіксавалі ля Круглага на Магілёўшчыне і ля Сянно на Віцебшчыне.

На беларуска-літоўскай мяжы з боку Астраўца барадаўкі называлі карпам.

Сіняк

У асноўным у Беларусі выкарыстоўвалі слова сіняк.

У паўночнай частцы Міншчыны сіняк называлі чорнымі (зафіксавана ў Даўгінава ў Вілейскім раёне і Плешчаніцах). У паўднёвай частцы Міншчыны карысталіся словам чарняк.

Ля Віцебска і Чачэрска сіняк называлі пабоям.

Стрэмка

Стрэмка — востры кавалачак дрэва ці асколак шкла альбо металу, які залез пад скуру. У яго былі розныя назвы ў беларускіх рэгіёнах.

Словам стрэмка карысталіся пераважна ў цэнтральнай Беларусі.

На поўдні Беларусі, пераважна Палессі, найбольш распаўсюджаным словам было дзерава (націск на першы склад). Ля Камянца карысталіся словам дразка.

Ля Віцебска, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне карысталіся словам скабка. У цэнтральнай частцы Віцебшчыне карысталіся словам шчэпка.

На беларуска-літоўскім памежжы найбольш распаўсюджанай назвай стрэмкі было ражон.

Пухліна

Назва пухліна дамінавала на тэрыторыі Беларусі. У паўднёвай частцы Беларусі наадварот найбольш распаўсюджаным словам быў пухла (націск на першы склад).

На Магілёўшчыне і Гомельшчыне выкарыстоўвалі слова вопухаль. На Віцебшчыне зафіксавана слова вопух.

На Гродзеншчыне і Брэстчыне карысталіся словамі опухоль, пухляціна.

На Палессі найбольш распаўсюджанай назвай была опух. Там жа таксама выкарыстоўвалі слова опухля (націск на першы склад).

Мазоль

Найбольш распаўсюджанай назвай мазолю было ўласна мазоль.

Асноўныя адрозненні зафіксаваны на Палессі, а менавіта ад Кобрына да Пінска існавалі розныя варыяцыі назвы. Напрыклад, там казалі не мазоль, а мулянік і муленік.

Ад Лунінца да Петрыкава зафіксавалі таксама іншыя назвы: муляк, мульмо, муляч.

Ікаўка

У Беларусі выкарыстоўвалі слова ікаўка амаль паўсюль.

На Палессі і ў цэнтральнай Беларусі карысталіся словам ікавіца.

На Брэстчыне і Гродзеншчыне найбольш распаўсюджанымі варыянтамі былі гікаўка, ікатка (націск на першы склад), ікотка. Ля Зэльвы карысталіся словам шчыкаўка.

Вярнуцца ўгару