У ліпені ў беларускіх універсітэтах завяршылася прыёмная кампанія. На некаторыя спецыяльнасці ў розных ВНУ не атрымалася набраць вызначаную колькасць студэнтаў. Сярод іх — беларуская філалогія. Прычым дзесьці быў недабор нават на бюджэтныя месцы, а дзесьці ўвогуле не спрабавалі набраць студэнтаў на гэтую спецыяльнасць.
PALATNO паразмаўляла з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі ў Польшчы і Беларусі і даведалася, чаму беларуская мова не карыстаецца папулярнасцю ў моладзі ў сённяшніх умовах і што рабіць для таго, каб змяніць сітуацыю.
На дзесяць месцаў — тры чалавекі
У 2023 годзе ў беларускіх універсітэтах конкурсу на спецыяльнасць «Беларуская філалогія» ўвогуле не было.
Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце на 20 бюджэтных месцаў падаліся 19 чалавек. На сайце kudapostupat.by адзначаецца, што на спецыяльнасці «Беларуская філалогія» і «Славянская (славянская і беларуская) філалогія» па агульным конкурсе залічылі 30 абітурыентаў, сем з іх прынялі без экзаменаў. Прахадны бал на «Беларускую філалогію» быў 261, а на «Славянскую філалогію» — 305. Летась БДУ таксама не атрымаў планаваную колькасць заяў на «Беларускую філалогію»: на 30 месцаў падаўся толькі 21 чалавек. А самы высокі конкурс у БДУ (амаль 15 чалавек на месца) сёлета быў на новую спецыяльнасць — «Графічны дызайн і мультымедыядызайн».
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на 10 месцаў падаліся толькі тры чалавекі. Спецыяльнасцю з самым высокім прахадным балам ва ўніверсітэце (361) стала «Псіхалогія».
У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны ўвогуле не праводзіўся набор на спецыяльнасць «Беларуская філалогія». На філалагічным факультэце ёсць «Руская філалогія», дзе прадугледжана 25 месцаў, «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская/ кітайская)», куды набіраюць таксама 25 студэнтаў, і «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» — усяго 13 месцаў.
У Мазырскім дзяржаўным універсітэце таксама не адкрылі набор на спецыяльнасць «Беларуская філалогія». Філалагічны факультэт прапаноўваў для абітурыентаў толькі спецыяльнасці: «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Замежныя мовы (англійская, нямецкая)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова».
Спецыяльнасць «Беларуская філалогія» ёсць у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. У 2023 годзе планавалася набраць 17 студэнтаў. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава на гэтую спецыяльнасць запланавалі 18 бюджэтных месцаў і 2 месцы — платныя.
На «Беларускую філалогію (літаратурна-рэдакцыйную дзейнасць)» у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце было 8 бюджэтных месцаў і 2 платных. Прахадны бал склаў 292. Столькі ж месцаў было і на «Беларскую філалогію (дзелавую камунікацыю)», а прахадны бал — 285.
Нечакана і тое, што ў 2023 годзе Акадэмія МУС карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі. Напрыклад, на спецыяльнасць «Правазнаўства» на факультэце крымінальнай міліцыі конкурс склаў 2,61 чалавека на адно месца.
У Ваеннай акадэміі самы высокі конкурс быў на спецыяльнасць для дзяўчат — «Эксплуатацыя інфакамунікацыйных і аўтаматызаваных сістэм кіравання спецыяльнага прызначэння» — 4,4 чалавека на месца. Заявы падалі 22 абітурыенткі, а планавалася набраць пяць чалавек. У Ваеннай акадэміі конкурс быў на ўсіх факультэтах. Пры плане прыёму 649 курсантаў падалі заявы 814 абітурыентаў.
«Размеркаванне можна лічыць рабствам»
Запыталіся ў прадстаўніц сістэмы адукацыі ў Беларусі і Польшчы, чаму спецыяльнасць «Беларуская філалогія» не карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі ў сённяшніх умовах і што рабіць для таго, каб змяніць сітуацыю.
Беларускі медыяпедагог і экспертка ў адукацыі Паліна Пашкевіч (імя зменена ў мэтах бяспекі — PALATNO) кажа, што недабор у беларускіх ВНУ існуе таксама і на настаўнікаў фізікі і матэматыкі, інжынерныя і аграрныя спецыяльнасці і нават на некаторыя міліцэйскія. Паліна дадае, што на філалогію недабор традыцыйны.
— Дзяржава штогод закрывае школы. За мінулы год было закрыта 67 школ, у асноўным сельскіх, з беларускай мовай навучання. Амаль усе незалежныя медыя, прыватныя выдавецтвы, Саюз пісьменнікаў, якім былі патрэбныя беларускамоўныя карэктары і рэдактары, таксама ліквідаваныя. Справаводства па-беларуску не вядзецца, законы не пішуцца. Людзі проста баяцца застацца без працы. Да рызыкі застацца без працы па спецыяльнасці дадаецца размеркаванне, якое можна лічыць рабствам.
Па словах эксперткі, сёлета на філалагічны факультэт БДУ ніхто не падаў заяву на мэтавы набор на «Беларускую філалогію» і «Усходнюю філалогію» нават ад Мінаблвыканкама.
— Свабода — гэта каштоўнасць для беларусаў. Таму быць інжынерам на дзяржпрадпрыемстве ці бяспраўным настаўнікам менш прэстыжна, чым вольным праграмістам, дызайнерам ці псіхолагам. Перакос магла б выправіць дзяржава праз антыманапольную палітыку, справядлівае фінансаванне і гарантаванне прафесійных і эканамічных свабод, але, як той кажа, не з нашым шчасцем.
Паліна сцвярджае, што зацікаўленасць беларускай мовай у моладзі не памяншаецца: у апошнія гады нашмат больш людзей пачалі вучыць мову, гісторыю і чытаць беларускія кнігі. Экспертка дадае, што таксама пашырыўся беларускамоўны асяродак у сацыяльных сетках.
— Нарэшце, быць беларусам у Беларусі стала прэстыжна. Усё астатняе — часовыя з’явы. Выкладчыкам ВНУ трэба максімальна захаваць праграмы, выкладанне, бо знішчыць лёгка, а аднавіць заўсёды цяжэй. Укладацца ў тых, хто ідзе на гэтыя спецыяльнасці па поклічу сэрца, а не дзеля перспектывы заробку ў якой-небудзь «Звяздзе» (дзяржаўная рэспубліканская газета на беларускай мове — PALATNO). А яны прыйдуць.
«Не з’яўляецца дзяржаўнай, хоць і дзяржаўная»
Таццяна працуе ў Беларусі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна кажа, што спецыяльнасць «Беларуская філалогія» даволі вузкая, працаваць можна толькі ў школе, таму ніхто не ідзе вучыцца на яе. Але, напрыклад, у вучняў Таццяны зацікаўленасць беларускай мовай ёсць, таму што «мова родная — мова модная».
Таццяна дадае, што кожны сам вырашае, на якой мове яму размаўляць, гэта залежыць ад чалавека і яго самасвядомасці.
— У нашай краіне беларуская мова не з’яўляецца дзяржаўнай, хоць і дзяржаўная. Але беларуская мова не знікне, бо свядомая моладзь выкарыстоўвае яе ў сваіх зносінах.
«Беларуская мова не зусім патрэбная для выжывання і заробку»
Беларуская паэтка іспанскага паходжання, кандыдат філалагічных навук Анхела Эспіноса Руіс працуе ў Варшаўскім універсітэце на кафедры беларусістыкі. Анхела кажа, што ведае выпадкі, калі людзей арыштоўвалі за тое, што яны размаўлялі на вуліцы па-беларуску. Яна мяркуе, што «такі студэнцкі білет не тое, што не зусім прэстыжны ў шырокім грамадстве, а нават небяспечны».
— Акрамя небяспекі, новае пакаленне — вельмі практычнае. Гэта прагматычныя людзі, якія не баяцца казаць наўпрост тое, што думаюць, і шукаюць эфектыўныя і хуткія рашэнні на канкрэтныя праблемы. Філалогія і ўвогуле гуманітарныя навукі страчваюць папулярнасць, калі няма магчымасцей выкарыстоўваць іх практычна. Напрыклад, UX writing. Гэта калі пішуць тэксты для карыстальнікаў на розных сайтах і ў праграмах, каб людзям было прыемна і лёгка («назад», «працягнуць», «здаецца, нешта не так з вашай сувяззю!»). У сённяшніх умовах беларуская мова на практыцы не зусім патрэбная для выжывання і заробку ў Беларусі (і нідзе па-за яе межамі).
Анхела лічыць, што зацікаўленасць у беларускай мове і звязянымі з ёю спецыяльнасцямі стане нашмат большай толькі тады, калі «беларушчына будзе патрэбная для атрымання дзяржаўнай працы ў Беларусі і будуць вялікія гранты на даследаванне беларускай літаратуры».
Што тычыцца кафедры беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце, то там неўзабаве распачнецца другая частка рэкрутацыі. Анхела кажа, што ўсіх студэнтаў яшчэ не набралі, але ўжо вядома, што новая група на бакалаўрыяце будзе. Таксама могуць з’явіцца і магістранты.
— Ведаю, што ліміт яшчэ не вычарпаны, але дакладную статыстыку не памятаю. У мінулым годзе выйшла даволі вялікая група першакурснікаў, але засталіся на другі год не ўсе. Большасць з іх — беларусы. На першы курс магістратуры запісалася шасцёра студэнтаў, з якіх засталіся з намі пяць. Сёлета ўжо вядома, што бакалаўрыят будзе, беларусаў каля дзесяці, палякаў таксама хапае. З магістратурай складаней, але спадзяемся ў верасні набраць.
Каб паступіць на бакалаўрыят на беларусістыку ў Варшаўскі ўніверсітэт, неабходна мець вынік ЦТ па беларускай мове, замежнай мовы і, пры магчымасці, па матэматыцы. Для паступлення ў магістратуру — дыплом. Па словах Анхелы таксама спатрэбяцца прысяжныя пераклады дакументаў і легалізацыя ў Польшчы. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці па спасылцы.
— У Польшчы людзі бачаць вартасць у вяртанні да беларушчыны або ў тым, каб з ёй пазнаёміцца: абітурыенты думаюць пра СМІ, дыпламатыю, НДА і іншыя магчымасці, якіх у Беларусі фактычна не стала.