Веды

Краіна, якая нарадзілася з легенд. Як міфы сфарміравалі нямецкую культуру і ідэнтычнасць


Краіна, якая нарадзілася з легенд. Як міфы сфарміравалі нямецкую культуру і ідэнтычнасць

Як зразумець немцаў праз іх міфы і легенды? Нямецкая ідэнтычнасць складваецца з гістарычных падзей і палітычных катастроф, а яшчэ — са старажытнагерманскіх легенд і рамантычных поглядаў XIX стагоддзя. Нямецкія міфы стваралі вобраз тыпічнага немца і яго месца ў свеце.

PALATNO расказвае пра тое, як нямецкія міфы і легенды сфарміравалі нямецкую ідэнтычнасць.

Старажытная міфалогія немцаў

У аснове нямецкага міфалагічнага мыслення ляжала агульная для паўночных германцаў сістэма легенд. Яна была падобнай да скандынаўскай з невялікімі адрозненнямі.

У цэнтры касмалагічнай карціны свету старажытных немцаў знаходзілася дрэва Ігдрасіль, якое звязвае ўсё ў свеце. Одзін (Вотан) быў богам вайны, але яшчэ ўспрымаўся як увасабленне мудрасці, волі і здольнасці бачыць будучыню. Дарэчы, такія рысы ў рамантычную эпоху стануць часткай ідэалу нямецкага духу. Тор жа ўспрымаўся як бог моцы і навальніцы, які ўвасабляў зямную стойкасць.

Старажытная міфалогія не знікла з прыходам хрысціянствам. Яна працягвала жыць у звычаях, народных легендах і, асабліва, у рамантычным нямецкім мастацтве XIX стагоддзя.

Як галоўны нямецкі эпас стварыў героя і трагедыю

У германскай міфалогіі заўсёды дамінавалі багі, але з часам у цэнтры ўвагі аказаўся чалавек. Гэта адбылося ў эпасе XII-XIII стагоддзя — «Песні пра Нібелунгаў». «Песня пра Нібелунгаў» вяртала ў свет рыцарскага гонару і фатальнасці. Зігфрыд стаў адным з першых нацыянальных герояў. У эпасе была расказана не проста гісторыя перамогі, а гісторыя непазбежнай трагедыі, у якой гераізм ператвараўся ў гібель, а вернасць — у помсту.

нібелунгі, песнь пра нібелунгаў, нямецкія легенды, нямецкія міфы
Паўль Рыхтар у ролі Зігфрыда ў фільме «Нібелунгі», 1924 год.

У XIX стагоддзі «Песня пра Нібелунгаў» стала краевугольным каменем у фарміраванні агульнанямецкай культурнай свядомасці. Напрыклад, Рыхард Вагнер выкарыстаў эпас як аснову для опернага цыклу «Пярсцёнак Нібелунгаў». Твор Вагнер увогуле стаў культурным міфам сам па сабе.

Нямецкі рамантызм праз Нібелунгаў стварыў уяўленне пра немцаў як пра народ, які жыве паміж гераізмам і трагічнай свядомасцю лёсу.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Немцам чорт даў порах…». Германафобія ў нашай літаратуры ХІХ стагоддзя

Як у часы Свяшчэннай Рымскай імперыі з’явіўся міф пра «місію германцаў» і як рамантызм змяніў усё

На працягу стагоддзяў цэнтральным элементам самавызначэння немцаў было перакананне, што германскія землі з’яўляюцца спадчыннікамі Рымскай імперыі, а германскія каралі былі апекунамі хрысціянскай Еўропы. Так, на працягу стагоддзяў сфарміраваўся міф пра імперскую місію, які стаў важным фактарам у фарміраванні нямецкай дзяржаўнасці.

Для сярэднявечных немцаў Das Reich стаў сакральнай прасторай, дзе зямное перапляталася з боскім. Нават пасля распаду імперыі гэты міф працягваў жыць. Спачатку ён быў толькі культурнай місіяй пра нямецкае адзінства, якое змаглі рэалізаваць у 1871 годзе.

Яшчэ адной важнай падзеяй у нямецкай гісторыі была бітва ў Тэўтабургскім лесе, калі германскія плямёны пад кіраўніцтвам Армінія разграмілі рымскія легіёны. Тая бітва стала адной з ключавых легенд пра паходжанне немцаў. У эпоху рамантызму герой бітвы, Арміній, стаў сімвалам свабоды і супраціву. У XIX стагоддзі Арміній стаў нацыянальным героем, а ў 1875-м яму ўзвялі вялізны помнік.

бітва ў Тэўтабургскім лесе, нямецкія міфы, нямецкія легенды
Бітва ў Тэўтабургскім лесе. Карціна Коха, 1909 год.

У першай палове XIX стагоддзя немцы стварылі новы культурны міф пра сябе саміх як пра народ паэтаў і мысліцеляў. Мастакі малююць адзінокіх падарожнікаў у туманных горных краявідах, паэты шукаюць сутнасць чалавека ў смутку і яго таямніцах. Рамантычны міф стаў настолькі ўплывовым, што і нават сёння шмат людзей бачаць у немцах асаблівую схільнасць да філасофіі і інтравертнасці — стэрэатыпах, якія базіраваліся на эстэтычных уяўленнях эпохі рамантызму.

А што з нямецкімі казкамі? Нямецкую культуру немагчыма ўявіць без казак братоў Грым. Яны сабралі і сістэматызавалі народныя паданні, у якіх жылі рэшткі старажытнай веры: духі лесу, русалкі, злыя і добрыя істоты.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Фантастыка+рэальнасць: расказваем, навошта чытаць казкі Гофмана

Казкі Грым не проста вучылі дзяцей маралі. Яны стваралі своеасаблівы вобраз немца, які блізкі да прыроды і якому вядомы небяспечныя сілы свету.