Now Reading
OSTарбайтары. Паміж катаргай і «еўратурам»

OSTарбайтары. Паміж катаргай і «еўратурам»

другая сусветная вайна, остарбайтары

Нас вучылі, што знак OST на вопратцы — амаль смяротны вырак для «савецкіх людзей», вывезеных у часы вайны ў Нямеччыну. Рабства, цяжкая праца, голад… Але з фотаздымкаў остарбайтараў на нас глядзяць усмешлівыя, добра апранутыя дзяўчаты і хлопцы. Дзе прапаганда, а дзе рэальнасць?

Што мы ведаем пра остарбайтараў? Улады Рэйха гвалтам вывозілі вялікія масы насельніцтва з тэрыторыі СССР. Везлі ў Нямеччыну, каб людзі працавалі на заводах, фабрыках, у сельскай гаспадарцы ў нялюдскіх умовах. Пасля 1991-га Нямеччына пачала плаціць кампенсацыі былым «остаўцам», якія дажылі да таго часу. Вось і ўсё.

У СССР было напісана безліч кніг ды знята безліч фільмаў пра вайну. Пра фронт, лётчыкаў, матросаў, партызан, санітарак… Пасля смерці Сталіна — нават пра ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Але — не пра «остарбайтараў». Чаму?

Паспрабуем разабрацца, якой была доля «остарбайтараў» падчас і пасля вайны. Дзе міфы, а дзе рэальнасць?

Ад агітацыі да «хапуноў»

Ostarbeiter — гэта «працаўнік з усходу». Назва стала агульнай для ўсіх вывезеных на працу на захад, хоць асобна была група «цывіларбайтэраў» ды іншыя больш дробныя катэгорыі. Ад 2/3 да 3/4 ад усёй масы остарбайтараў складалі ўкраінцы — 2 мільёны 244 тысячы. Беларусы — прыкладна 400 тысяч.

Вялікая колькасць остарбайтараў працавалі на сельскай гаспадарцы ва Усходняй Прусіі.

Большасць — моладзь 16-20 год, хлопцы і дзяўчаты. На пачатку вайны была нават такая практыка: калі вывезеная жанчына цяжарала, яе вярталі на радзіму. Пасля немцы ад яе адмовіліся — шмат хто адмыслова цяжараў, каб вярнуцца. Некаторыя, дарэчы, бралі з сабой у Нямеччыну дзяцей.

Шляхі, якімі людзі траплялі ў Нямеччыну, былі розныя. Немцы шырока праводзілі агітацыю, каб людзі ехалі на працу. Выпускалі буклеты пра высокі статус жанчыны ў Нямеччыне, магчымасці вучыцца, падарожнічаць. У часопісах распісвалі прыгажосць нямецкіх гарадоў, замкаў, аўтабанаў. Былі і ідэалагічна матываваныя працоўныя групы, напрыклад, юнакі з шэрагаў СБМ: для іх ладзілі і турыстычныя, і працоўныя паездкі.

Остарбайтары часам працавалі разам з гаспадаром ці яго роднымі.

Ужо пазней стаў масавым прымусовы вываз на працы, калі старастам вёсак немцы даводзілі паказчыкі: колькі трэба аддаць моладзі. Або яшчэ горш — рабілі «хапуны» на вуліцы, калі маладзейшых забіралі працаваць прымусам. Адзінай практыкі ці алгарытму не існавала: залежала ад лакальнага начальства.

Сутыкаючыся з прымусовым вывазам, людзі сапраўды баяліся, хаваліся. Паводле ўспамінаў беларусаў Падляшша, вываз у Нямеччыну быў адным з найбольшых страхаў: невядомасць, адарванасць ад сям’і, шок. Часам вывезеныя сваякі ці сябры літаральна знікалі: фабрыкі, асабліва буйныя, дзе працавалі остарбайтары, моцна бамбілі ў 1943-45, шмат хто загінуў без следу.

«Думаю даслаць вам парашку для мыцця і троху мыла…»

У даследаваннях, прысвечаных остарбайтарам, найчасцей фігуруе статыстыка, лічбы, графікі, даты. Радзей — успаміны, як правіла, запісаныя ўжо ў 1990-х. Куды радзей — сведчанні і фотаздымкі таго часу.

Дзіўна: якія фотаздымкі на катаржных працах? Але такіх фота зараз вядома вельмі шмат. Са здымкаў пазіраюць хлопцы і дзяўчаты ў добрай вопратцы, паасобку ці ў кампаніях, на імпрэзах, падчас паходаў у заапарк ці вандроўкі на катары! На штампах — фотаатэлье Усходняй Прусіі, Цюрынгіі, Берліна.

Як так? Умовы, у якія траплялі остарбайтары, былі вельмі розныя. Можна было трапіць на металургічны завод ці шахты, дзе шмат працы і амаль няма адпачынку. Жыццё — у бараку за калючым дротам. Выхад у горад калі і ёсць, то па выхадных. А можаш — да баўэра. Тады будзеш працаваць і жыць фактычна ў сям’і.

Ліст остарбайтара бацькам, дзе той прапаноўвае выслаць ім пральны парашок і мыла.

У лістах остарбайтараў — шмат сведчанняў пра штодзённасць. Цытуем некаторыя з іх (у адаптацыі аўтара з трасянкі на беларускую мову; каб пабачыць арыгінал, навядзіце курсор або націсніце на тэкст):

«Дарагі мой тата і мама, я жыву на тым самым месцы, дзе і жыў, работу раблю тую самую, бо яшчэ каровы стаяць у хляве, але ўжо хутка пойдуць у поле і ўжо будуць дзень і ноч у полі, толькі будзем ездзіць даіць у поле два разы на дзень. (…) Міхал да мяне лісты дасылае, але піша, што яму надта цяжка, бо мала даюць есці, а працы многа. (…) Думаю даслаць вам парашку для мыцця і трохі мыла, бо я не ведаю, ці ў вас ёсць, ці не». (27.04.1944, Кузьма Шыша, даслана ў в. Замасцяны на Гродзеншчыне)

 

«Сям’я ў майго гаспадара вялікая: чатыры дачкі і тры сыны. Адной — 20 год, гэта Ірэна. 18 Авелін (?). 16 Валдтрафта. 14 Герда. 22 гады Герат, які на фронце каля Рыгі, і браты яго Ёахім і Дытар, гэта малыя пацаны, але вельмі добрыя хлопцы». (03.10.1943, Аляксандр Доўбуш, з Усходняй Прусіі даслана родным на Ваўкавышчыне.)

 

«Уяві сабе, працую 2 км ад вёскі, не бачу больш нічога, толькі палі і гоні, а тыдзень ні з кім не размаўляю, бо няма з кім, хоць маю двух таварышаў, але гэтыя людзі ніжэй самых цёмных людзей: паляк непісьменны і беларус 44 гады (…). Працы ў нас вельмі шмат, я працую з чацвёркай коней, бараную, ару і наогул апрацоўваю зямлю да пасеваў, але гэта хутка скончыцца, хутка засеем, даў бы Бог хутчэй. (…) Падымаюся а 4, а сканчаю а 8, уяві, 16 гадзін, але я не баюся гэтага, абы хутчэй скончылася». (03.05.44, Сяргей, з Усходняй Прусіі даслана родным у Ружаны)
Жанчына-остарбайтар з дзіцёнкам. Фота: архіў Яўгеніі Жук

Цікавы момант: у лістах сустракаецца крытыка немцаў. Напрыклад, у апошнім з прапанаваных лістоў аўтар параўноўвае свайго гаспадара са зверам, ад якога чуе толькі «люз люз арбайтэн» — «хутчэй, хутчэй, працуй!». На паштоўцы іншага хлопца з восені 1943-га чытаем: «…у мяне ніякіх навін, толькі лётаюць і лётаюць, але свабоды не даюць» — гаворка, відаць, пра авіяналёты на яго мясцовасць.

Як так, няўжо лісты не праходзілі цэнзуры? З вялікай верагоднасцю — так! Немцы наўпрост не маглі агарнуць увесь масіў перапіскі — сотні тысяч лістоў па-руску, па-ўкраінску, па-польску, па-беларуску, на трасянцы, часам — кашмарным малапісьменным шрыфтам. Парадокс, але людзі маглі пісаць тое, што думаюць.

Дзе падзелася нашыўка OST?

Нашыўка на вопратку з літарамі OSTнайбольш пазнавальны сімвал остарбайтараў. Па правілах, наяўнасць нашыўкі была абавязковай: як жоўтая зорка Давіда для яўрэяў. Але на большасці фота… мы яе не бачым. Больш за тое, вядомае фота, дзе паверх нашывак дзяўчаты прычапілі сабе брошкі!

Група остарбайтараў: OST знакі закрытыя брошкамі.

Магчыма, нашэнне было абавязковым толькі ў працоўны час, а выходзіць у горад можна было і без яе? Магчыма, на месцах правілы маглі і не быць такімі жорсткімі? Магчыма, насіць нашыўку былі абавязаныя адно вывезеныя сілай, а добраахвотнікі мелі большую свабоду?.. Таямніца.

Калектыўны здымак остарбайтараў у Нямеччыне. Заўважце, што знак OST — толькі ў аднаго чалавека

Дарэчы, для «цывіларбайтараў» з Польшчы былі свае нашыўкі — з літарай P у ромбіку. Былі яшчэ адмысловыя нацыянальныя азнакі для працоўных з Беларусі, Украіны, краін Балтыі, але на практыцы, калі аналізаваць фота, яны амаль не сустракаюцца.

Дзіўна: як у педантычных немцаў не было строгасці і адзінства ў пытаннях тых самых нашывак? Адзінства па пытаннях остарбайтараў на практыцы не было і ў больш важных пытаннях. Напрыклад, Райнхард Гейдрых быў супраць агітацыі працоўных з СССР на выезд у Рэйх — толькі прымусова. А вось Герман Герынг загадаў плаціць остарбайтарам заробак, хоць і гэта выконвалі не заўжды. Нямеччына была ў стане вайны, таму шмат якія рашэнні прымаліся на месцах.

Лёс пасля «вызвалення»

Краіны Захаду, паводле дамоўленасцей са Сталіным, выдавалі ў СССР былых савецкіх грамадзян, што вылілася ў шматлікія асабістыя трагедыі. Безліч людзей маглі трапіць у лагер ці пад расстрэл… Але шмат хто шчыра хацеў вярнуцца. Часта гэта былі сяляне, моцна прывязаныя да зямлі, для якіх адзіны ў жыцці выезд за мяжу стаў шокам.

Саюзу, на фоне вялізных чалавечых страт, былі патрэбныя гэтыя людзі як чалавечы рэсурс. Таму ўсіх пагалоўна адправіць у ГУЛАГ як «здраднікаў» пасля 1945-га было нерэальна. Людзі вярталіся да працы, але, напрыклад, ужо не маглі зрабіць кар’еры ў партыі, органах ці на пасадзе чыноўніка: у анкетах былі адпаведныя графы. Пра ўсё, што яны бачылі ў Нямеччыне, маўчалі. Неакуратныя словы пра ўзровень жыцця «ў ворага» пры Сталіне маглі каштаваць надта дорага.

Стаўленне да остарбайтараў у СССР было падвойным. З аднаго боку — гэта ахвяры нацызму. З іншага — «здраднікі». Маўляў, працавалі на немцаў, калі ўвесь гераічны «савецкі народ» змагаўся на фронце, у падполлі ці ў тылу. Таму ніякага статусу ветэранаў ці пенсій яны не маглі атрымаць.

Остарбайтары на экскурсіі на катары ў Кёнігсбергу.

Падобна было з тэмай ваеннапалонных, якіх Сталін яшчэ на пачатку вайны абвясціў «здраднікамі». Табу на тэму палонных было знята толькі пасля яго смерці. Адсюль і «Альпійская балада» Быкава, маўляў, героі былі і там. А вось пра остарбайтараў маўчалі ажно да 1991-га. Іх нібыта не існавала, а людзі замыкаліся ў сабе, не пакідаючы ўспамінаў ці расповедаў.

«Найшчаслівейшы час у жыцці» ці пекла?

Тэма «остарбайтараў» — складаная, няпростая, дагэтуль нераскрытая. З аднаго, боку людзей прыніжалі, эксплуатавалі, не плацілі заробку або вылічвалі вялікі адсотак на штрафы. Але ці лепш было ў савецкіх калгасах, адкуль іх узялі і куды вярнулі? Дзе людзі не мелі пашпартоў, нікуды не выязджалі, галадалі, грошай не бачылі ніколі, бо працавалі за «працадні», а фотаздымкаў не маглі сабе дазволіць у прынцыпе?..

У лістах «остарбайтары» часта пішуць пра цяжкую працу або просяць родных дасылаць ім пасылкі. Але ў тых жа лістах пытаюцца ў сваякоў, што ім выслаць: боты, адзежу, медыкаменты, гармонікі, хатнюю хімію… Цяжка сабе ўявіць, каб з ГУЛАГу вязні дасылалі сваім родным гармонікі з лекамі.

Падарожжа ў Нямеччыну, на цягніку пад бамбёжкамі, у невядомасць, далёка ад блізкіх часта было невыносным шокам для 16-17-гадовых вясковых падлеткаў. Але найчасцей гэта было адзінае (!) ў іх жыцці падарожжа, прынамсі — на Захад. А там, далей, — як пашчасціць.

Да адных ставіліся па-людску, кармілі, апраналі, прапаноўвалі выходзіць замуж (напрыклад, за некага з сыноў «баўэра»). Іншых — трымалі за калючым дротам ды лічылі людзьмі «другога гатунку». Галоўнае, што варта разумець: адзінай карціны жыцця гэтых людзей не існавала. Таму для адных гэта быў «найшчаслівейшы час у жыцці», для іншых — пекла.

Феномен «остарбайтараў» — складаны, шматслойны, варты далейшага вывучэння. Дакладна не варты далейшай міфалагізацыі ды ідэалагізацыі. Бо праўда заўжды больш цікавая за міфы.

Алесь Кіркевіч.
Фотаздымкі з архіва аўтара ды прыватных калекцый, а таксама цытаты з лістоў друкуюцца ўпершыню.

Вярнуцца ўгару