
PALATNO расказвае як сказаць па-беларуску пра холад.
Як назваць холад?
Ахалона — прахалода, ахаладжэнне.
Ёдка — холадна, вільготна. Больш слова распаўсюджана на ўсходзе Беларусі.
Золь — сырое, пранізлівае надвор’е.
Зэс — пранізлівы холад. Звычайна гэта слова выкарыстоўвалі ў паўночна-заходняй Беларусі.
Зыр — халодны вецер. Слова звычайна выкарыстоўвалася ў паўночна-заходняй Беларусі.
Сівер — халодны паўночны пранізлівы вецер.
Сцюжа — моцны холад, мароз.
Стынь — холад, халадэча. Паходзіць ад дзеяслова «стыць», што значыць станавіцца халодным ці астываць.
Склём — гэта холад. Слова выкарыстоўвалася на Барысаўшчыне. Як утварылася слова — невядома. Магчыма, яно паходзіць ад дзеяслова «скленіць».
Слота — сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам.
Студзень — холад. А яшчэ так па-беларуску называецца першы месяц года. Цікава, што гэтае ж слова можна выкарыстаць у дачыненні да балота: так называюць месца на балоце, дзе заўсёды халодная вада.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Здуха, сап, гвэгня. Як па-беларуску можна назваць балота
Люць — моцны мароз.
Што з намі робіць холад?
Азглець — азябнуць, адубець. Адкуль пайшло слова — невядома. Магчыма, што яно паходзіць ад польскага «oschły» (чэрствы, халодны).
Карчанець — моцна азябшы, траціць адчуванне.
Мерзнуць — адчуваць холад, рабіцца халодным.
Скверыць — так гавораць, калі мароз аж пячэ.
Студзіць — рабіць халодным, астужаць.
Тнуць — пранізваць, прабіць (пра холад, вецер і нават боль).