Ці хочаце ведаць, з чаго смяяліся беларусы ў даўнія часы? Хто быў галоўным героем жартаў і над кім кпілі яшчэ ў царскія часы?
PALATNO падказвае вам жарты на 1 красавіка.
Змест
Вушы ў нагах
— Ну, а як тамака ваш новы пан? Добры?
— Нічога сабе, толькі бяда, што мае вушы ў нагах.
— Якім жа гэта парадкам?
— А так: калі, гаворачы да яго, не нахілішся ажно да каленаў, дык нічагусенька не чуе.
Даведаўся
Зайшоў селянін да пана, а той якраз паеў і парожнюю міску перавярнуў. Сялянін і пытае:
— Пане, а чаму вы як паелі, то перавярнулі міску?
— Гэта значыць, што я наеўся.
— Вось яно што! А я ўсё думаў, было, чаго гэта мая свіння як толькі паесць, дык і перавяртае карыта.
Добра зразумеў
Жанчына з брыдкім і страшным тварам, наняўшы фурманку, пытаецца ў фурмана:
— Ваш конь не выверне, ён не баязлівы?
— Нічога, сядайце: ён не будзе назад аглядацца.
Сваю службу знае
Адзін пан пытаецца раз у свайго фурмана, ці той паедзе з ім у вялікую дарогу.
— За вамі, пане, усюды, — адказвае фурман.
— Як гэта ўсюды? Нават у пекла?
— Нават у пекла!
— Але падумай сабе, што ў пекле надта ж горача, агонь.
— Нічога, пане, — кажа фурман, — я сваю службу знаю, высаджу пана ў пекле, а сам, як заўсёды, буду чакаць перад брамай.
Адзін раз паміраюць
Прыезджы пан звяртаецца да селяніна:
— Што гэта там капаюць?
— Магілу, паночку.
— Гм, магілу, а я думаў, што ў такой прыгожай і здаровай ваколіцы людзі паміраюць не часта.
— Людзі тут, паночку, не часта, а толькі адзін раз паміраюць.
Навіна
— Ты чуў, Кастусь са сваёю памірыўся?
— Не чуў. А не брэшаш?
— Ды каб я праваліўся! Учора іду, гляджу: каля клуні дружненька гэтак дровы ўдваіх піляць. Проста паглядзець люба.
— Дык гэта ж яны мэблю дзялілі!
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Пра яўрэяў, жонак і алкаголь. Найлепшыя беларускія жарты стогадовай даўніны
Дзесяць чыста беларускіх анекдотаў пра сям’ю
Як жартавалі і з чаго смяяліся беларусы сто гадоў таму?
Прычына
— Чаму гэта ты, кум, як п’еш гарэлку, заплюшчваеш вочы?
— Бачыш, куме, я прысягнуў жонцы, што на гарэлку ніколі глядзець не буду.
Якраз
Сядзяць у турме два задрыпанцы: адзін — за крадзеж каровы, другі — за крадзеж гадзінніка. Той, што ўкраў карову, вырашыў пасмяяцца над суседам і пытае:
— А ці не скажаш, якая гадзіна?
Той глянуў на руку і адказвае:
— Якраз час карову даіць.
Прынцыповая
У жанчыны пытаюцца:
— Колькі вам год?
— Трыццаць.
— Але ж вы і год таму тое ж гаварылі.
— Я ад сваіх слоў ніколі не адмаўляюся.
