Як пахаваць і памянуць, калі ты беларус. Расказваем пра рытуалы і традыцыі

пахавальныя традыцыі беларусаў, смерць беларуская міфалогія

Беларуская традыцыйная культура з’яўляецца складанай сістэмай рытуалаў, знакаў і сэнсаў. Сярод іх асаблівае месца займае пахавальная і памінальная абраднасць. Яна з’яўляецца адной з самых архаічных і найбольш кансерватыўных частак беларускай духоўнай спадчыны. Яна адлюстроўвае базавыя ўяўленні пра жыццё і смерць, пра сувязь пакаленняў і адказнасць жывых перад продкамі. Нягледзячы на мадэрнізацыю і ўрбанізацыю, менавіта пахавальныя практыкі і на сёння застаюцца магутным механізмам захавання этнічнай адметнасці беларусаў.

PALATNO расказвае, якімі былі пахавальныя традыцыі ў беларусаў.

Свая і не свая смерць

У традыцыйнай беларускай думцы існавала ключавое размежаванне: натуральная смерць ад старасці і заўчасная, гвалтоўная смерць. Першая катэгорыя пераходзіць у шанаваную катэгорыю продкаў — «дзядоў», якіх рэгулярна памінаюць. Другіх — «нячыстых» нябожчыкаў — баяліся, не паміналі з усёй пашанай і імкнуліся абмяжаваць іх магчымы ўплыў на жывых. «Нячыстымі» лічыліся самагубцы, нехрышчоныя дзеці і чараўнікі.

Хрысціянская традыцыя змякчыла і перафарматавала многія архаічныя меркаванні. Аднак базавы падзел на сваю (натуральную) і не сваю смерць застаўся асновай рытуальнай логікі.

Смерць разумелася як развітванне душы і цела. Душа «вылятала» з цела з апошнім выдыхам, яе ўяўлялі як муху ці птушку. Душы «нячыстых» ператвараліся ў чорнага сабаку, ката, парася. Паводле павер’яў, душа чалавека магла яшчэ некалькі дзён пасля смерці хадзіць каля дому, пакуль на труну не ўпадзе першая жменя зямлі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Што такое душа? Пакапаліся ў беларускай міфалогіі 

Як хавалі чалавека?

Традыцыйная пахавальная абраднасць мае тры асноўныя блокі. На працягу ўсяго рытуала гучалі галашэнні, якія апавяшчалі супольнасць пра страту. Напрыклад, на Віцебшчыне лічылася непавагай, калі ў дом памерлага заходзяць і не галосяць.

Існуе парадак перадпахавальных дзеянняў. Калі апошнія гадзіны чалавека цяжкія, то для яго імкнуцца палегчыць агонію: расшпільваюць гузікі і развязваюць вузлы, адчыняюць вокны і дзверы, абкурваюць свянцонымі травамі. У момант смерці ў рукі клалі свечку. Пасля смерці нябожчыку заплюшчвалі вочы, каб памерлы не выглядаў яшчэ адну смерць. Часам кладуць на павекі манеты. На акно ставяць ваду і хлеб, вешаюць ручнік на дарогу душы.

Потым ішло абмыванне, якое было не проста часткай гігіены, а рытуалам зняцця жывых якасцяў з нябожчыка. Ваду ад мыцця вылівалі ў памежныя месцы — на сметнік, пад плот, у кут хаты, на скрыжаванне. Нябожчыкаў апраналі ў спецыяльна пашытую вопратку без вузлоў і металу. Раней на Падзвінні нябожчыкаў апраналі пераважна ў белае. Нябожчыку ў труну клалі рэчы паводле полу і звычак: мужчыне — шапку, люльку, нож, а вось жанчыне — хустку і падобныя рэчы. Маладых, якія не паспелі пабрацца шлюбам, хавалі ў вясельным строі.

Раней труну рабілі на двары нябожчыка, выкарыстоўвалі драўляныя цвікі. Дно дамавіны высцілалі сенам, галінкамі. Перад вынасам было адпяванне, а затым труну выносілі нагамі наперад — гэта рабілі звычайна чужыя людзі, капачы. У некаторых мясцінах труну абсыпалі зернем, ударалі аб парог, перакульвалі табурэты, перад труной часам ішлі дзеці.

Узімку труну везлі на санях, летам — на возе. У пачатку працэсіі неслі крыж, ішоў святар, харугва, потым труна, а за ёй сваякі. Сустрэчным не прынята абганяць шэсце, яны павінны былі даваць дарогу на той свет. Шэсце рабіла прыпынкі на скрыжаваннях, ля капліц і прыдарожных крыжоў. Магілу не павінны былі капаць родныя, а перад апусканнем труны развязвалі павязкі на руках і барадзе, каб нябожчык мог хадзіць і маліцца. На магіле ставілі драўляны крыж, а пазней больш трывалае надмагілле. На Падзвінні рабілі традыцыйныя каменныя формы («жальнікі»), а на Палессі — драўляныя надбудовы.

Памінальная трапеза адбывалася да альбо пасля пахавання — у залежнасці ад рэгіёну. Перад ежай абавязкова мыюць рукі і запрашаюць на памінкі святара. На куце пакідаюць месца для нябожчыка: ставілі талерку і чарку. На стол ставілі куццю, бліны, клёцкі, поліўку. Асобныя стравы адкладвалі для душы. Часцяком рабілі кароткае частаванне на саміх могілках.

Пахаванні «нячыстых» былі іншымі. Самагубцаў традыцыйна не адпявалі, не мылі, хавалі ў той жа вопратцы. Часта іх хавалі без труны і па-за агульнымі могілкамі: гэта адбывалася на скрыжаваннях, узвышшах, у лесе ці багністых мясцінах. Парушэнне гэтай забароны лічылася нябеспечным. Чараўнікоў таксама хавалі па-за агароджай, а ў абрад уводзілі адваротныя дзеянні: выносілі галавой наперад, пераварочвалі труну на скрыжаванні. У народнай памяці захаваліся радыкальныя спосабы абясшкодзіць «нячыстых» нябожчыкаў: адсяканне галавы, асінавы кол у грудзі.

Як паміналі памерлых на працягу года?

Цягам года пасля пахавання адбываліся індывідуальныя памінкі. Найбольш пашыраныя: 3-і, 9-ы, 40-ы дні, паўгода і гадавіна ў праваслаўных; 3-і, 30-ы дні і гадавіна ў католікаў. Да гэтага часу ў доме часта трымалі на акне ваду, хлеб і прысмакі.

Першы дзень пасля пахавання ў некаторых мясцінах называлі «будзіць памерлага». У гэты дзень магілу пахаванага наведвалі толькі родныя.

Жалоба па памерлым доўжылася год. У гэты год не маглі адбывацца вяселлі, забавы, нельга было спяваць песні. Гэта ўсё адбівалася на абрадавым календары, калі ўводзіўся шэраг абмежаванняў.

Што змянілася ў пахавальным абрадзе?

Сучасная практыка пахавальнага абраду застаецца пазнавальнай. Адбываюцца адпяванні, памінкі на асобныя дні і гадавіну, сур’ёзнае стаўленне да дарогі душы, ахова супольнасці ад «нячыстых» смерцяў.

Адначасова змяняюцца матэрыялы (фабрычныя труны, а не ўласна пабудаваныя), з’явілася сістэма рытуальных паслуг, гарадская прастора пераносіць частку рытуалу на могілкі і храмы.

Аднак аснова — мова сімвалаў, логіка мяжы жыцця і смерці, памяці продкаў — застаецца. Менавіта таму пахавальныя традыцыі і сёння падтрымліваюць культурную непарыўнасць, дапамагаюць супольнасці перажываць страты годна і з сэнсам.

Вярнуцца ўгару