Веды

Пахаванне стралы. Як продкі беларусаў «адводзілі» маланку песняй


Пахаванне стралы. Як продкі беларусаў «адводзілі» маланку песняй

На Палессі існуе абрад, які перажыў стагоддзі розных гістарычных падзей. Абрад спалучае страх перад стыхіяй, аграрную магію і вечнае жаданне чалавека ўплываць на лёс.

PALATNO расказвае пра абрад пахавання стралы.

Адкуль паходзіць абрад

Абрад пахавання стралы з’яўляецца адным з найстаражытнейшых у беларускім абрадавым фальклоры. Пераважна абрад быў распаўсюджаны ў Пасожжы, на землях радзімавічаў. Галоўнай мэтай яго была адвесці «грамавую стралу» Перуна ад вёскі, каб засцерагчы хаты і палі ад маланак, пажараў і розных няшчасцяў.

У свядомасці нашых продкаў маланка была жывой сілай, якую трэба ўміласцівіць, адвесці. Таму яе «пахаванне» не было звязана са смерцю, а з’яўлялася сімвалічным дзеяннем, каб прымірыць чалавека са стыхіяй.

У песнях, якія спявалі падчас абраду, страла выступала як жывая істота і была галоўным дзеючым персанажам. Страла «ляціць», «убівае добрага малайца», а жанчыны (маці, сёстры, жонкі) яго аплакваюць.

Як адбываўся абрад

Свята праводзілася на Ушэсце, то бок на сорак дзён пасля Вялікадня. У гэты дзень жанчыны апраналі святочнае адзенне, выходзілі ў цэнтр вёскі і вадзілі карагоды. Песні падчас абраду былі асаблівымі: у іх гучалі заклінанні, просьбы і, канешне, аплакванні.

Пасля карагодаў шэсце накіроўвалася за вёску да жытнага поля. Там адбываўся кульмінацыйны момант — пахаванне стралы. Удзельніцы закопвалі ў зямлю дробныя прадметы: гузікі, манеты, пярсцёнкі, шпількі. Яны былі сімвалічнымі ахвярамі для Перуна, каб маланка не забівала. Часта ў яму клалі ляльку, якая была заменай чалавечай ахвяры.

Абрад заканчваўся качаннем у жыце — гэта быў элемент аграрнай магіі, які мусіў забяспечыў здароўе і ўрадлівасць.

А калі людзі вярталіся назад у вёску, то спяваліся летнія і вясёлыя песні, бо вясна на той момант ужо была «пахавана», а лета пачалося.

Лакальныя варыянты абраду і яго даследаванні

Этнографы і фалькларысты (Барташэвіч, Гусеў, Ліс) адзначалі, што абрад мае шмат мясцовых формаў. У Веткаўскім раёне абрад называюць «Хрэн» або «Сена». У Лоеўскім раёне абрад называлі «Ваджэнне Вясны» ці «Сула».

Даследчыкі вылучалі тры складнікі абраду: дзеянне, прадмет і слова. Дзеянне — гэта  карагоды, качанне па жыце, закопванне. Прадмет — ахвярныя рэчы. Слова — песня-заклінанне. Так у народным абрадзе аб’ядналіся элементы паганскага культу, аграрнай магіі і хрысціянскай традыцыі.

У розных вёсках замест лялькі закопвалі галінку вярбы, ёлку, колік або жменю каласкоў. У некаторых мясцінах стралу тапілі, спальвалі ці адводзілі праз усе вуліцы вёскі.

Нягледзячы на разнастайнасць, сутнасць была аднолькавай — засцерагчыся ад прыроднай стыхіі і ўтрымаць ураджайнасць на добрым узроўні.

Абрад пахавання стралы на сённяшні дзень застаецца жывой часткай культурнай памяці беларусаў. У 2006 годзе ён атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а найбольш у аўтэнтычным варыянце захаваўся ў вёсцы Казацкія Балсуны ў Веткаўскім раёне.