«Падымалісь чорны хмары». Як у эпічнай песні беларускі народ расказаў пра барацьбу супраць ворагаў

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады

Гісторыя пакідае свае сляды ў назвах мясцін і паселішчаў, дакументах, паданнях і легендах, а таксама і ў гістарычных песнях. Менавіта апошнія паказваюць стаўленне народа да той ці іншай падзеі, асобы. У гістарычных песнях беларускі народ расказаў пра сваё змаганне з татарамі, туркамі і маскоўцамі — з усімі тымі, з кім давялося не раз ваяваць. Да найбольш ранніх з вядомых беларускіх гістарычных песень належаць песні пра барацьбу з татарскімі заваёўнікамі. Тут перш за ўсё вылучаюцца народныя балады пра татарскі наезд і гібель воінаў у бітве з ворагам. Але ёсць і эпічныя творы, дзе гаворка вядзецца пра перамогу над татарскім войскам.

Калі эпічны твор стаў вядомы

Адну са старонак мінуўшчыны Крычава адлюстроўвае гістарычная песня пад назвай «Падымалісь чорны хмары», якая апавядае пра часы татарскага нашэсця на горад. Яна мае пазітыўна змест, бо нягледзячы на напад татарскага атраду на Крычаў, гараджане змаглі не проста адбіцца ад ворага, але і ўшчэнт яго разбіць, прымусіўшы заваёўнікаў уцякаць.

Гэта народная балада была вядома аматарам гісторыі і даследчыкам, але шырокую вядомасць гістарычная песня займела пасля яе выканання на музычных фестывалях беларускім гуртам сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса».

Упершыню тэкст эпічнага твора «Падымалісь чорны хмары» з’явіўся на старонках першай часткі «Выпісаў з беларускай літаратуры» (1918), укладальнікам і выдаўцом якой з’яўляўся Вацлаў Ластоўскі. Тэкст песні, як і ўсё выданне, быў надрукаваны беларускай лацінкай, а назва горада пісалася як Kryčoŭ, адпаведна ў такім выглядзе і скланяўся — Kryčowa, Kryčowam.

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Выпісы з беларускай літаратуры Вацлава Ластоўскага. Вільня, 1918 год. Фота: wikimedia.org

Пазней гістарычная песня з’яўляецца на старонках хрэстаматыі «Беларускі эпас», выдадзенай Акадэміяй навук БССР у 1959 годзе. Прывядзём тэкст гістарычнай песні, змешчанай у акадэмічным выданні:

Падымалісь чорны хмары,

Неба пакрывалі, —
Прыхадзілі злы татары

Пад Крычавам сталі,
Запалілі стары Крычаў, —

Канцы запылалі.
Наш Івашка падымаўся,

Людзі ў рады сталі.
Палілася кроў, змяшалась

З чорнаю зямлёю,-
Злы татары падаліся

Уцякаць гурбою.

А Івашка гоніць, гоніць,

Голасна смяецца,

Што татарва уцякае,

Аж хахол трасяцца.

У гістарычнай песні ясна адчуваецца песенная напеўнасць, выразны песенны і эпічны тон апавядання. Гурт «Стары Ольса» майстэрскі перадаў настраёвасць твора ў музычнай апрацоўцы пад назвай «Абарона Крычава» («Падымалісь чорны хмары»), што ўвайшла ў альбом «Гераічны эпас». Прычым пазначаецца яна ў альбоме гурта як народная балада XIII-XVI стагоддзяў, а гэта значыць, што гістарычная песня да нейкай канкрэтнай падзеі не прывязваецца, аднак сведчыць пра напад татараў на Крычаў.

І цяпер эпічны твор займае пачэснае месца сярод іншых гістарычных беларускіх песень і друкуецца ў разнастайных зборніках, у тым ліку адмысловых даведніках, дзе змешчаны ўзоры лепшых песень на гістарычную і сацыяльна-бытавую тэматыку.

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Альбом гурта сярэднявечнай музыкі Стары Ольса «Гераічны эпас» (Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы), дзе змешчана песня «Абарона Крычава». Фота: www.discogs.com

Наконт існавання гэтай гераічнай песні пра абарону Крычава ў народнай памяці вельмі цікавую згадку пакінуў дзеяч беларускай эміграцыі Юрка Віцьбіч у гістарычным нарысе «Плыве з-пад Святой гары Нёман»:

«Калісьці ў Віцебску на Сёмуху каля бабінцу Чорнае Тройцы, што на Пескаваціку, давялося мне пачуць сьляпога старца-лерніка. Адсунуўшы назад торбу, перабіраючы пальцамі рукі клявішы і круцячы правай корбу, ён у такт лерным гукам пяяў:

Падымалісь чорны хмары,

Неба пакрывалі.

І пяяў ён ня голасна, і самы голас, падбіты старасьцю, дрыжэў, але гэтулькі пачуцьця ўкладаў музыка ў сваю песьню, што здавалася ягоныя нявідушчыя вочы бачаць і хмары, і полымя, і даўнюю зацятую бітву. І можа ні адзін наш музычны інструмант гэтак не адпавядаў ягонай песьні, як задуменная засмучная лера.

Прыхадзілі злы Татары,

Пад Крычавам сталі.

Даўно ўжо парасла пустазельлем магіла таго дзеда. Ніхто ня пераняў ягоную забароненую леру. Аднак усёроўна досыць толькі прыгадаць сваю краіну, як загучыць у душы бясконца, зачэпляная ў ёй калісьці лернікам, струна:

Запалілі стары Крычаў, —

Канцы запылалі…».

У народзе гераічная песня была вядома ў першай палове ХХ стагоддзя. У песні пераважае не столькі сам змест, колькі апавяданне пра гістарычную падзею ці яе асэнсаванне, а таксама яе эмацыянальнае ўспрыманне і душэўнае перажыванне.

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Кніга «Плыве з-пад Святой гары Нёман» Юркі Віцьбіча. Фота: kamunikat.org

Магчымае датаванне эпічнага твора і метафарычнасць тэксту

Радкі «Чорны хмары неба пакрывалі» і «злы татары пад Крычавам сталі» акрэсліваюць, што хутка адбудзецца нешта страшнае і незваротнае. У гераічным творы малюнак чорных хмар, якія закрываюць нябёсы, служыць фонам надыходзячай бітвы і сімвалізуе хуткае бедства. Замалёўка прыроды выкарыстоўваецца ў эпічнай песні як сродак эзопаўскай мовы. Згодна тэксту твора гераічнага эпаса, запалілі татары менавіта «стары Крычаў».

Гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі ў даследаванні «Старадаўні Крычаў» выказаў наступнае меркаванне наконт прыблізнага месца падзей і часу паходжання гістарычнай песні:

«Улічваючы, што раён “старога” Крычава, які згадваецца ў паданні, верагодна, і ёсць гарадзішча Гарадзец, што нанава пачало засяляцца толькі з XVII стагоддзя., а татарскія прарывы пад Крычаў у гэты час у крыніцах не фіксаваліся, можна меркаваць, што паданне адносіцца да часу папярэдняга адначаснага існавання двух паселішчаў — гарадзішча Гарадзец і Замкавай гары (другая палова ХІІ — пачатак ХІV стагоддзяў). Верагодна, у сярэдзіне — другой палове ХІІІ стагоддзя адбыўся набег мангола-татар на Пасожскія раёны Смаленскай зямлі, у выніку якіх і быў спалены стары Крычаў, што і знайшло адлюстраванне ў паданні, якое з часам прыняло вершаваную форму».

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Кніга «Старадаўні Крычаў», у якой яе аўтар выказвае версію датавання эпічнага твора.

Прыблізна такую ж пазіцыю займаў і аўтарскі калектыў невялікай кнігі пра Крычаў («Кричев: историко-экономический очерк»), якая выйшла яшчэ за савецкім часам з нагоды юбілея горада. На старонках гісторыка-эканамічнага нарыса горада аўтары спрабуюць патлумачыць словазлучэнне «канцы запылалі» наступным чынам:

«Чтобы обратить в бегство отряд завоевателей, нужна была хорошо организованная вооруженная сила, которой мог располагать значительный город. Строка “канцы запылалі”, то есть концы улиц, лишний раз подтверждают это. Вполне возможно, что именно с тех давних времен до нас дошли названия этих “канцоў” — Гончаровка, Погорянь, Выгон, Забелышин, Латынь».

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Гарадзец  або Цвінтар — старадаўняе гарадзішча Крычава, дзе магла адбывацца падзеі, апісаныя ў гістарычным эпасе. Фота: krichev.gov.by

Жудасная карціна сярэднявечнай бітвы і асады горада апісваецца ў радках «Палілася кроў, змяшалась/ З чорнаю зямлёю», што можна інтэрпрэтаваць як даволі страшную, але і гераічную падзею.

Радкі «Злы татары падаліся/Уцякаць гурбою» сведчаць пра тое, што жыхары Крычава годна абараняліся і праз пэўны час пайшлі ў наступ. Апошні слупок гістарычнай песні наогул сведчыць, што крычаўляне прымусілі татараў да ўцёкаў: «А Івашка гоніць, гоніць,/Голасна смяецца,/Што татарва уцякае,/ Аж хахол трасяцца». Найменне «татарва» ў тэксце балады з’яўляецца прыніжальнай у дачыненні да ворага, які атрымаў паразу ў бітве. Прычым дакладнае акрэсленнне дзеянняў разбітага татарскага войска («уцякае, аж хахол трасецца») яшчэ больш прыніжае заваёўніка, сведчыць пра яго поўнае паражэнне і абсалютна няўдалую спробу асады Крычава.

Цэнтральны герой песні — Івашка. Ён выступае ў вуснапаэтычным творы як барацьбіт супраць татараў. Аднак вобраз Івашкі з’яўляецца зборным і адлюстроўвае ўсіх жыхароў Крычава, а шырэй і беларусаў, якія змагаліся супраць татарскага нашэсця. Словазлучэнне «Івашка падымаўся» азначае, што падняўся народ на бітву, «людзі сталі ў рады» — арганізаваныя вайсковыя атрады, якія ўрэшце далі адпор захопнікам з усходу.

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Драўляны дарожны знак-скульптура ў сярэдняй школе №3 Крычава, якая падобна на мангола-татарына. Фота аўтара

Вершаваны твор аб спусташэнні Крычава мангола-татарамі дастаткова цікавы, асабліва ў свеце таго, што пры археалагічных даследаваннях некаторых іншых усходнебеларускіх гарадоў прасочаны сляды штурму і знішчэння паселішчаў татарамі. Напрыклад, такія сляды былі зафіксаваны ў свой час Ігарам Марзалюком пры раскопках Магілёва: «Упершыню ў твар смерці жыхара Магілёва зазірнулі ў ХІІІ стагоддзе, калі мангола-татары, наблізіўшыся да “града”, спачатку абстралялі яго запальнымі стрэламі, а потым узялі штурмам. Аб трагедыі таго часу красамоўна сведчыць знаходка мангольскай стралы-зрэзня, зафіксаваная ў напольным схіле рова магілёўскага замчышча разам са слоем вугалю і фрагментамі непаліваных гаршкоў ХІІІ стагоддзе».

Знаходка татарскай манеты і іншы погляд на датаванне гераічнай песні

Існуе яшчэ адзін погляд на час паходжання эпічнага твора аб абароне Крычава. Даследчыкі Барыс і Чаропка ў сваім матэрыяле, прысвечаным беларускім гістарычным песням, выказваюць меркаванне, што «Падымалісь чорны хмары» можа адлюстроўваць падзеі 1508 года, калі на дапамогу рускім войскам пад Оршу ішлі загоны крымскіх татар. Верагодна, адзін з іх напаў на Крычаў і быў разбіты абаронцамі горада.

Гэту думку развівае настаўнік гісторыі і краязнавец з Крычава Сяргей Крыжэвіч. Ён сцвярджае, што вясной 2012 года на заходняй ускраіне Крычава быў выпадкова знойдзены фрагмент срэбранай манеты крымскага хана Менглі-Гірея. Крыжэвіч тлумачыць з’яўленне такой знаходкі тым, што адносіны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім у канцы ХV — першай палове ХVІ стагоддзя былі вельмі напружанымі і неаднаразова перарасталі ў маштабныя ваенныя канфлікты. Абедзве дзяржавы змагаліся паміж сабой за панаванне на абшарах Усходняй Еўропы.

Замірэнне 1503 года толькі часова прыпыніла барацьбу паміж Літвой і Масквовіяй. У 1507 годзе пры новым маскоўскім вялікім князі Васілю ІІІ і новым вялікім князі літоўскім і польскім каралі Жыгімонце І Старым вайна ўзнавілася з новай сілай. Сувязь крымскага хана Менглі-Гірея ў гэтым вайсковым канфлікце двух буйных дзяржаў палягала ў тым, што Масковія была надзейным хаўруснікам Крымскага ханства ў барацьбе з Вялікай Ардой за «спадчыну» Залатой Арды. Таму ў знак хаўрусу крымскія татары адаслалі невялікую частку сваіх атрадаў (загонаў) у падтрымку войскаў Маскоўскай дзяржавы, што вяла вайну з ВКЛ. Таму ў песні адлюстроўваюцца падзеі 1508 года.

падымалісь чорны хмары, беларускія эпічныя балады
Выява двух бакоў фрагмента манеты крымскага хана Менглі-Герэя, што была знойдзена на заходняй ускраіне Крычава. Фота: belhistory.com

Крычаўскі краязнавец у адным са сваіх артыкулаў выказвае пэўны сумнеў наконт доказнай базы аўтара «Старажытнага Крычава», які датуе гераічную баладу ХІІІ стагоддзем: «Меркаванне А.Мяцельскага, канешне, заслугоўвае ўвагі. Але, у выніку археалагічных раскопак, якія даследчык некалькі гадоў вёў у Крычаве і яго наваколлях, не было знойдзена ніводнага артэфакта, які б меў дачыненне да мангола-татар: ні татарскіх стрэл, ні рэшткаў ваеннай амуніцыі. Падчас даследаванняў выяўлены толькі сляды моцнага пажарышча на гарадзішчы “Гарадзец”, датуемыя ХІІІ стагоддзем. Але гэты факт не можа быць яскравым доказам разбурэння Крычава мангола-татарамі ў сярэдзіне-другой палове ХІІІ стагоддзяў. Пажар мог адбыцца на Гарадцы і без удзелу качэўнікаў».

Своеасаблівым пацвярджэннем рэалістычнасці падзей «Падымалісь чорны хмары» можа быць адно з паданняў пра назву старадаўняга Крычава, якая нібыта пайшла ад крыку татараў: «За ракою Сож ёсць высокі курган: гэта магіла загінуўшых татараў; з гэтага ж боку ракі месца, дзе татары былі разбіты, называецца Крычаў, таму што калі іх тураўцы прыціснулі да ракі, татары паднялі страшэнны крык. Хто паспеў пераплысці раку, таго кончылі на том баку. Над імі і насыпан курган».

Згадка пра тураўцаў можа заблытаць і паставіць пад сумнеў, што твор звязаны з Крычавам. Аднак у ім Сож, які сведчыць, што гаворка ідзе хутчэй за ўсё пра ўсходнебеларускі горад. У гэтым паданні праўда жыцця мудрагеліста пераплялася з нястрыманай фантазіяй і выдумкай народа, якая нясе на сабе яркія рысы самабытнага народнага вуснапаэтычнага твора.

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару