Ад «Страчанага» да «Альфа»: чаму нашы пакаленні так назвалі?

пакаленні, колькі пакаленняў ёсць і як іх называюць

У кожнага пакалення — свой шлях, выклікі і бачанне будучыні. Гэтыя людзі, народжаныя ў розныя эпохі, перажылі сусветныя войны, культурныя рэвалюцыі, эканамічныя ўзлёты і падзенні, але кожнае з іх пакінула ўласны адбітак на нашай гісторыі. І цяпер, калі мы жывём у часы хуткіх змен і глабальных выклікаў, вельмі важна зразумець, як досвед мінулага сфарміраваў наш сённяшні дзень.

PALATNO расказвае пра пакаленні: ад «Страчанага пакалення» да «Альфа».

Страчанае пакаленне

Хто яны? Нарадзіліся ў 1883-1900 гады.

Тэрмін «Страчанае пакаленне» ўвяла амерыканская пісьменніца Гертруда Стайн, а папулярызавалі яго пісьменнікі: Эрнэст Хемінгуэй, Эрых Марыя Рэмарк ды іншыя. Хемінгуэй успамінаў, што ўпершыню пачуў пра страчанае пакаленне ў размове з Гертрудай Стайн, калі яна расказвала пра паход да механікаў.

«Страчанае пакаленне» прайшло праз жахі Першай сусветнай вайны, а тая вайна моцна паўплывала на іх светапогляд. Людзі аказаліся ў сітуацыі, калі традыцыйныя каштоўнасці страцілі значэнне. Многія адчувалі страту ў свеце, які змяніўся пасля вайны. У літаратуры і мастацтве гэтага часу адлюстроўвалася іх расчараванне і пратэст супраць старых нормаў.

страчанае пакаленне, як называюцца пакаленні, пакаленне z, пакаленне альфа
Вайскоўцы Першай сусветнай вайны на маршы.

Вялікае пакаленне або Пакаленне GI

Хто яны? Нарадзіліся ў 1901-1927 гады

Тэрмін GI Generation выкарыстоўваўся, бо многія людзі гэтага пакалення былі вайскоўцамі. GI — гэта абрэвіятура ад Goverment Issue, якой пазначалі амерыканскіх вайскоўцаў. Гісторык Том Брока назваў іх «Вялікім пакаленнем» за ўклад у перамогу ў вайне і аднаўленне свету ў пасляваенны перыяд.

Пакаленне людзей, народжаных у гэты час, вызначаецца як «Вялікае». Яны былі тымі, хто змагаўся падчас Другой сусветнай вайны, а да гэтага перажыў Вялікую дэпрэсію. Пакаленне стала вядомым адказнасцю, дысцыплінай і калектывізмам.

Маўклівае пакаленне

Хто яны? Нарадзіліся ў 1928-1945 гады

Гэта пакаленне атрымала сваю назву дзякуючы адсутнасці ўдзелу ў сацыяльных рухах і рэвалюцыях. Тэрмін «Маўклівае пакаленне» з’явіўся ў артыкуле часопіса Time у 1950-я гады, які апісваў кансерватыўныя тэндэнцыі часу.

Яны былі сведкамі Другой сусветнай вайны, выраслі ў перыяд пасляваеннага аднаўлення. Яны адрозніваліся тым, што ў большасці не выказвалі значных пратэстаў і часта імкнуліся да стабільнасці.

пакаленне альфа, пакаленне z, міленіялы
Знакаміты пацалунак на Таймс-сквер пасля аб’яўлення аб заканчэнні Другой сусветнай.

Бэбі-бумеры

Хто яны? Нарадзіліся ў 1946-1964 гады

Назва «Бэбі-бумеры» паходзіць ад дэмаграфічнага феномена пасля Другой сусветнай вайны, калі пасля яе рэзка павялічылася нараджальнасць.

Пакаленне расло ў перыяд эканамічнага росквіту. Яно перажыло сацыяльныя змяненні: рух за грамадзянскія правы ў ЗША, сексуальную рэвалюцыю, адлігу ў СССР і іншыя… Пакаленне «Бэбі-бумераў» часта характарызуюць як індывідуалістаў, якія імкнуцца да матэрыяльнага дабрабыту.

Пакаленне X

Хто яны? Нарадзіліся ў 1965-1980 гады

Назва «Пакаленне Х» стала папулярнай дзякуючы пісьменніку Дугласу Коўпленду. Коўпленд апісаў пакаленне ў кнізе Generation X: Tales for an Accelerated Culture.

Пакаленне вырасла ў перыяд эканамічнай нестабільнасці і распаду традыцыйных сямейных структур. Яны былі сведкамі пранікнення тэхналогій у паўсядзённае жыццё, але разам з гэтым сутыкнуліся з праблемамі: разрыў паміж пакаленнямі, змена сацыяльных каштоўнасцей. Для гэтага пакалення быў важны пошук балансу паміж працай і асабістым жыццём.

пакаленне альфа, пакаленне z, страчанае пакаленне
Мінск у 1990-х гадах.

Міленіялы або Пакаленне Y

Хто яны? Нарадзіліся ў 1981-1996 гады

Назву «Міленіялы» прыдумалі, бо пакаленне стала дарослымі ў перыяд змены тысячагоддзя.

Многія з іх выраслі ў эпоху імклівага развіцця інтэрнэту і іншых лічбавых тэхналогій. Міленіялы характарызуюцца гнуткасцю, адаптыўнасцю да хуткіх змен і вялікай увагай да асабістага развіцця і прафесійнага росту. Яны цэняць разнастайнасць і інклюзіўнасць, часта лічаць сябе «грамадзянамі свету», бо раслі ў эпоху глабалізацыі.

Пакаленне Z

Хто яны? Нарадзіліся з 1997 па пачатак 2010-х гадоў

Пакаленне так назвалі, як лагічны працяг алфавіту: спачатку былі пакаленні X, Y… І цяпер, вядома, Z.

Гэта пакаленне з дзяцінства знаходзілася ў асяроддзі лічбавых тэхналогій. Яны выраслі з мабільнымі тэлефонамі ў руках, побач з сацыяльнымі сеткамі і пастаянным доступам да інфармацыі праз інтэрнэт. Пакаленне Z адаптыўнае да хуткіх тэхналагічных змен і актыўна цікавіцца праблемамі кліматычных змяненняў, роўнасці і сацыяльнай справядлівасці. Яны хутка засвойваюць новыя тэхналогіі і маюць іншыя погляды на кар’еру, лічачы важным не толькі працу, але і асабістыя каштоўнасці.

Пакаленне Альфа

Хто яны? Нараджаліся з 2010 года

Назву «Пакаленне Альфа» абралі як сімвал пачатку новай эпохі. Літара «Альфа» — першая літара грэчаскага алфавіту — падкрэслівае, што гэта пакаленне з’яўляецца першым, народжаным у новым тысячагоддзі, пачынаючы новы цыкл пакаленняў пасля пакалення Z. Тэрмін увёў аўстралійскі навуковец Марк МакКрындал.

Гэта пакаленне толькі пачынае фарміраваць свае каштоўнасці і адносіны да свету. Яны растуць у час, калі тэхналогіі сталі яшчэ больш значнымі, а сацыяльныя і экалагічныя праблемы яшчэ больш вострымі. «Пакаленне Альфа» — гэта дзеці міленіялаў. Аналітыкі мяркуюць, што гэта пакаленне будзе моцна адрознівацца ад усіх папярэдніх праз моцны ўплыў штучнага інтэлекту і новых тэхналогій. Прынамсі, такую думку выказаў сацыёлаг МакКрындал.

Вярнуцца ўгару