Now Reading
Памілаванне ў Беларусі і іншых краінах: як выглядае працэс

Памілаванне ў Беларусі і іншых краінах: як выглядае працэс

памілаванне ў беларусі, працэс памілавання ў беларусі

22 мая 2023 года стала вядома, што былога рэдактара NEXTA Рамана Пратасевіча памілавалі ў Беларусі. Напачатку мая гэтага ж года беларускі суд прысудзіў яму восем гадоў пазбаўлення волі па шэрагу артыкулаў. Памілаванне Пратасевіча адбылося на фоне гучных судовых працэсаў, на якіх беларусы атрымліваюць дзясяткі гадоў зняволення з-за жадання ўдзельнічаць у выбарах і спыніць працяглую ўзурпацыю Лукашэнкам улады ў краіне.

PALATNO разбіраецца, як выглядае працэс памілавання ў Беларусі, як яго атрымліваюць зняволеныя і ці трапляюць яны назад, за краты ў беларускую турму.

Камісія па памілаванні і галоўная роля прэзідэнта

Прэзідэнт у Беларусі атрымлівае амаль усю ўладу ў краіне — так было не заўсёды, але змены да Канстытуцыі, якія час ад часу ўнасіў Лукашэнка, замацавалі гэту паўнату ўлады.

Лукашэнка адказвае за шматлікія дзяржаўныя пытанні: вядзе перамовы з іншымі краінамі, прызначае суддзяў, прэм’ераў і міністраў, інспектуе кароўнікі і вырашае, колькі трактароў прададуць у Зімбабвэ. Акрамя гэтага, ён прымае рашэнні ў вобласці прававога статусу асобы: вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства і наданні прытулку, а яшчэ — можа памілаваць зняволеных.

Гэтае паўнамоцтва зафіксаванае ў Канстытуцыі Беларусі, Указе прэзідэнта і Крымінальным кодэксе.

Памілаванне адбываецца толькі пасля таго, як зняволены напіша прашэнне на імя Лукашэнкі і пасля прысуду, які ўступіў у законную сілу. Спачатку асуджаны піша прашэнне аб памілаванні праз адміністрацыю папраўчай установы, збірае дакументы аб сваёй справе і прысудзе. На працягу месяца хадайніцтва накіроўваецца на разгляд у камісію па памілаванні, далучаюць даведкі аб паводзінах асуджанага і гэтак далей. Дарэчы, калі злачынства характарызуецца буйным прычыненнем шкоды, то ў камісію свае заключэнні дасылаюць старшыня Вярхоўнага суда, генпракурор і міністр унутраных спраў.

У камісію па памілаванні ўваходзяць юрысты, суддзі, пракуроры, сілавікі. Цяпер у камісіі дзевяць чалавек. Ёй кіруе намесніца лукашэнкаўскай адміністрацыі Вольга Чупрыс, яе намесніцы — дэпутатка Святлана Любецкая і супрацоўніца адміністрацыі Лукашэнкі Жанна Цішчанка. У складзе ёсць суддзя Вярхоўнага суда Тадэвуш Варановіч, дэпутатка Людміла Макарына-Кібак, юрысткі Людміла Міхалькова і Кацярына Новікава, дэпутат Сяргей Сівец і адвакат Уладзімір Чарапіца. У камісію могуць звяртацца напрамкі сваякі і блізкія асуджанага, каб атрымаць, да прыкладу, кансультацыю.

Затым камісія накіроўвае прашэнне да Лукашэнкі. Лукашэнка можа цалкам альбо часткова памілаваць асобу.

Калі асоба зноўку здзейсніць злачынства, то памілаванне не дапаможа, і згодна з артыкулам 73 Крымінальнага кодэкса суд прызначыць новае пакаранне.

Памілаваныя беларусы

Амаль кожны год з’яўляюцца навіны пра памілаванні: большасць з іх датычыцца эканамічных злачынстваў. Асабліва гэта гісторыі пра бізнесменаў і чыноўнікаў. У 2018 годзе памілавалі бізнесмена Казбека Япрынцава, якога за некалькі год да таго асудзілі да васьмі гадоў за махлярства. Яшчэ больш гучным бізнесменам з’яўляецца Юрый Чыж, які выходзіць і зноўку садзіцца за краты.

Беларускія чыноўнікі, якіх час ад часу садзяць за махлярства ці злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, таксама Лукашэнка часцяком мілуе. І яны далей займаюць дзяржаўныя пасады. У 2016 годзе былога намесніка генпракурора Аляксандра Архіпава прызначылі дырэктарам калгаса «Пятровічы», а кіраўніка Чашніцкага райвыканкама Уладзіміра Булая — калгаса «Кляновічы». У 2018 годзе памілаваны былы кіраўнік Салігорскага раёна Аляксандр Рымашэўскі быў прызначаны дырэктарам калгаса ў Драгічынскім раёне.

У 2021 годзе памілавалі Станіслава і Іллю Косцевых, якіх прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання. Іх судзілі за забойства былой настаўніцы. Хлопцаў, якім было 18 і 20 гадоў на момант затрымання, перавялі ў калонію.

Памілаванне не выключэнне і для зняволеных, хто сядзіць па палітычных артыкулах. Напрыклад, журналіст «Радыё Свабоды» Алег Груздзіловіч выйшаў на волю праз працэс памілавання. Яго асудзілі на паўтара года па «народным» 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса.

У 2022 годзе стала вядома, што Лукашэнка памілаваў чатырох жанчын, якіх асудзілі па палітычна матываваных справах, з нагоды Міжнароднага дня жанчын. Асуджаныя адбывалі пакаранне ў гомельскай калоніі.

У 2023 годзе памілавалі дзевяць фігурантаў «справы TUT.by». Іх вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, а Генеральная пракуратура паведаміла, што яны кампенсавалі шкоду.

І самым гучным памілаваннем проста зараз з’яўляецца справа Рамана Пратасевіча. Напачатку мая 2023 года Пратасевічу прысудзілі восем гадоў калоніі, але пад варту ў зале суда яго не ўзялі. 22 мая 2023 года стала вядома, што былога журналіста памілаваў Аляксандр Лукашэнка.

— Літаральна толькі што я падпісаў усе адпаведныя дакументы аб тым, што я памілаваны. Гэта, канешне, проста добрая навіна, — расказваў Пратасевіч.

У 2021 годзе самалёт авіякампаніі Ryanair, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і яго тагачасная дзяўчына Сафія Сапега, пасадзілі ў Мінску. Беларускія «ўлады» заяўлялі, што на борце знаходзіцца бомба, аднак гэта было толькі нагодай, каб затрымаць былога галоўрэда NEXTA. Сафія Сапега праходзіць працэс экстрадыцыі ў Расію, таму што з’яўляецца расійскай грамадзянкай. Беларускі суд прызначыў ёй шэсць гадоў зняволення.

Памілаванне ў іншых краінах

Памілаванне існуе ў многіх краінах свету — незалежна ад палітычных сістэм і рэлігійных ідэалогій. Памілаванне як распаўсюджаны працэс расквітнела ў сярэднявечнай Еўропе, яно было інструментам манарха. Аднак гісторыя памілаванняў значна больш доўгая, іх выкарыстоўвалі нават у антычнасці. Да эпохі Асветніцтва памілаванне разглядалася некаторымі мысліцелямі як адвольная манархічная ўлада.

— У дэмакратычных краінах такая ўлада памілаванняў не можа існаваць, — пісаў англійскі юрыст і аўтар фундаментальнай працы XVIII стагоддзя па англійскім агульным праве Уільям Блэкстан.

Сучаснае выкарыстанне памілавання прымае розныя формы для дасягнення розных мэт. Часцей за ўсё памілаванне ў розных краінах выдаецца непасрэдна кіраўніком дзяржавы. Незалежна ад таго, хто дае памілаванне, яно можа ўплываць на асобных людзей і груп — як жывых, так і памерлых. Памілаванне выкарыстоўваюць для выпраўлення гістарычных памылак, зняцця судзімасці або змякчэння прысуду. У некаторых краінах асноўнай роллю памілавання з’яўляецца змякчэнне смяротнага прысуду.

Іспанія. У Іспаніі памілаванне выдаецца каралём: спачатку асуджаны падае прашэнне ці гэта робяць яго сваякі, затым прашэнне разглядае кабінет міністраў, а калі прашэнне прынятае, то міністр юстыцыі дасылае яго каралю. Цікава, што некалькі арганізацый і рэлігійных братэрстваў таксама маюць права памілавання, дзякуючы Сярэднявеччу, аднак такая практыка ў краіне не выкарыстоўваецца.

ЗША. Згодна з Канстытуцыяй Злучаных Штатаў, у прэзідэнта ёсць паўнамоцтвы аб памілаванні на федэральным узроўні, у справе ваенных судоў і прысудаў у Вышэйшым судзе Калумбіі. Губернатары большасці амерыканскіх штатаў таксама маюць паўнамоцтвы памілаваць асуджаных, у некаторых штатах такія паўнамоцтвы перададзеныя прызначанаму агенцтву ці праўленню — напрыклад, камісіі па памілаванні і ўмоўна-датэрміновым вызваленні ў Аклахоме, Алабаме, Джорджыі, Айдаха, Канектыкуце, Мінесоце, Небрасцы, Невадзе, Паўднёвай Караліне.

Польшча. У незалежнай Польшчы правам памілаваць надзелены прэзідэнт паводле Канстытуцыі.

Германія. У Германіі, як і ў ЗША, права памілавання падзеленае паміж федэральным і зямельным узроўнямі. Прэзідэнт Германіі можа даваць памілаванне на федэральным узроўні, а можа дэлегаваць гэтае права іншым асобам.

Кітай. Рашэнні аб памілаванні ў Кітаі прымаюцца Пастаянным камітэтам Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. У 1950-х памілаванне выдаваў Маа Цзэдун, аднак пазней такія абавязкі леглі на большую колькасць асоб. Таксама кітайскія канстытуцыі 1970-1980-х гадоў пакінулі памілаванне як адзіны спосаб выйсці на волю ці змякчыць тэрмін за кратамі, бо амністыя была скасаваная.

Швейцарыя. У Швейцарыі памілаванне можа быць прадастаўлена Федэральным сходам за злачынствы, якія пераследуюцца федэральнымі ўладамі. Да злачынстваў, якія ўваходзяць у юрысдыкцыю кантона, мясцовая ўлада вызначае орган для памілавання. У большасці кантонаў мясцовы парламент можа памілаваць асобу.

Вярнуцца ўгару