Беларускі Мюнхгаўзен, самы папулярны і багаты магнат свайго часу ў Рэчы Паспалітай і адзін з найбагацейшых у Еўропе — усё гэта пра Пане Каханку. Мянушку сваю, дарэчы, ён атрымаў праз тое, што менавіта так звяртаўся да суразмоўцаў. Праславіўся князь Радзівіл перадусім раскошным ладам жыцця, неверагоднай шчодрасцю і вясёлымі выхадкамі. Але быў і іншы Пане Каханку, які горача любіў Беларусь і змагаўся за яе незалежнасць.
PALATNO расказвае гісторыю гэтага яскравага і неардынарнага чалавека, каб разабрацца, кім ён быў на самой справе — свавольным гулякам ці патрыётам.
Змест
X ардынат Нясвіжскі
Караль Станіслаў Ануфры Ян Непамуцэн Радзівіл, больш вядомы як Пане Каханку, нарадзіўся 27 лютага 1734 года ў Нясвіжы. Яго бацькамі былі гетман вялікі літоўскі і IX ардынат Нясвіжскі Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька і першая ў Беларусі і Польшчы жанчына-пісьменніца і драматург Францішка Уршуля з Вішнявецкіх. Таксама ў Караля быў брат-блізнюк, які рана памёр, таму малы князь стаў адзіным наследнікам багатай спадчыны Радзівілаў.
Пачатковую адукацыю хлопчык атрымаў дома. Чытаць і пісаць ён не вельмі любіў і ўмеў. Каб хоць як навучыць гарэзу грамаце і каб заняткі праходзілі больш весела, у замкавым двары паставілі драўляную дошку з літарамі. Малы Караль з сябрамі Валадковічам і Рэйтанам стралялі з арбалетаў у літару, якую называў настаўнік, і так яе запаміналі. Пазней малады Радзівіл некалькі гадоў вучыўся ў езуіцкай школе, але меў слабае здароўе, і дактары забаранілі бацькам прымушаць сына да навукі. Недахоп адукацыі і недастатковае валоданне замежнымі мовамі Караль Станіслаў потым адчуваў усё жыццё.
Вельмі рана князь пачаў цікавіцца палітыкай — ужо ў 16 гадоў яго абралі дэпутатам трыбунала, на пасяджэнні якога ён заўсёды прыязджаў з вялікай помпай і ваенным эскортам амаль у паўтысячы чалавек. Усё Мінскае ваяводства выязджала тады сустракаць князя, які потым усіх шчодра частаваў і адорваў. Гэтую традыцыю Радзівіл захаваў на ўсё жыццё.
Ва ўзросце 19 гадоў Караль Станіслаў пабраўся шлюбам з Марыяй Любамірскай, пляменніцай Яна Клеменса Браніцкага, уладальніка Беластока. Вяселле на некалькі тысяч чалавек было раскошным, але праз тры гады маладыя развяліся.
У 1760 годзе з падачы Чартарыйскіх, даўніх ворагаў Радзівілаў, за невялікую правіннасць асудзілі і прыгаварылі да смяротнага пакарання найлепшага сябра Караля — Міхала Валадковіча. Прысуд было вырашана выканаць як мага хутчэй, пакуль Караль Станіслаў быў у ад’ездзе. Радзівіл дазнаўся пра гэта і са сваёй харугвай панёсся на дапамогу з Белай Падляскі ў Мінск, але не паспеў. Валадковіча расстралялі, і гэта стала страшным ударам для князя.
Усё жыццё ён аплакваў сябра, а перад смерцю гаварыў: «Два сапраўдныя няшчасці меў я ў жыцці: першае — падзел роднага краю, другое — расстрэл Валадковіча».
У 1762 годзе раптоўна памёр Міхал Казімір Рыбанька, што стала яшчэ адной трагедыяй для Караля Станіслава, бо ён не паспеў развітацца з бацькам. Малады князь унаследаваў вялізную фартуну — 16 гарадоў і 683 вёскі. Такім чынам X ардынат Нясвіжскі стаў адным з самых багатых магнатаў у Еўропе. Да ўсяго, у тым жа годзе на Варшаўскім сейме князь атрымаў тытулы ваяводы віленскага і першага сенатара Вялікага княства Літоўскага, што ўзмацніла яго ўплывовасць.
«Трагічны і сумны мой лёс, але яшчэ больш трагічны лёс маёй айчыны, дзе глыбока пахаваны вольнасць і свабода»
Палітычнае жыццё ВКЛ і Кароны (Польшчы) ў XVIII стагоддзі было вельмі складаным. Радзівілы доўгія гады супрацьстаялі партыі Чартарыйскіх. Апошнія называлі Караля Станіслава «літоўскім мядзведзем» і як маглі перашкаджалі яму ў здабыцці дзяржаўных пасад. Радзівіл імкнуўся стаць гетманам вялікім літоўскім, як некалі яго бацька, але Чартарыйскія, каб не дапусціць гэтага, папрасілі дапамогі у Кацярыны II.
Усё ўскладнялася тым, што набліжаліся выбары караля, на якія Пане Каханку мог паўплываць — менавіта ад віленскага ваяводы залежала абранне манарха. Погляды на тое, хто мусіў стаць каралём Рэчы Паспалітай, у Радзівіла і Чартарыйскіх моцна адрозніваліся. Апошнія, як і расійскія ўлады, вельмі хацелі бачыць на троне Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
16 красавіка 1764 года для падтрымкі свайго кандыдата Чартарыйскія звярнуліся па ваенную дапамогу да Кацярыны II, і тая ўвяла войскі. Наступленне было хуткім, рускія ўзялі Слуцк, Нясвіж і разбілі пад Слонімам войска Радзівіла, які смела выступіў супраць акупантаў. Караль Станіслаў быў вымушаны бегчы за мяжу. Пасля гэтага яго прызналі ворагам айчыны і канфіскавалі амаль усю яго маёмасць. Таксама Чартарыйскія дамагліся таго, каб у Радзівіла адабралі пасаду ваяводы віленскага, і такім чынам пазбавілі князя палітычнага ўплыву.
У выгнанні Пане Каханку шукаў дапамогі для айчыны ў еўрапейскіх манархаў і вельмі часта пісаў сям’і лісты з невясёлымі думкамі: «Трагічны і сумны мой лёс, але яшчэ больш трагічны лёс маёй айчыны, дзе глыбока пахаваны вольнасць і свабода». Другая жонка князя, Тарэза з Ржавускіх, з якой ён ажаніўся 8 красавіка 1764 года, не паехала за мужам у выгнанне, а засталася ў Варшаве, дзе бавіла час на балях.
Засмучаны Караль Станіслаў пісаў цесцю: «Да тых перажыванняў i клопатаў маiх, найвялiкшае адчуваю ўмяртвенне, калi нават уласная жонка, якая абавязана дзяліць шчасце i няшчасце з мужам, адвярнулася i пакiнула мяне…».
У 1766 годзе, у выніку палітычных інтрыг, Радзівілу далі шанец вярнуцца на радзіму — з умовай падтрымаць Кацярыну II у яе планах пазбавіць Станіслава Панятоўскага трона. Той раптам пачаў праводзіць рэформы на ўзмацненне Рэчы Паспалітай, і гэта не падабалася Расіі. У тым жа годзе Караль Станіслаў прыехаў у Літву, дзе яго сустрэлі з вялікай радасцю — ён быў усё так жа папулярны сярод шляхты і простага люду. Але планы рускіх на князя не апраўдаліся, бо Радзівіл хутка зразумеў, што яго выкарыстоўваюць.
У 1768 годзе Радзівіл далучыўся да Барскай канфедэрацыі, створанай дзеля абароны незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць расійскай агрэсіі і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Караль Станіслаў другі раз сабраў войскі ў Нясвіжы, уступіў у баі з рускімі, але зноў прайграў і выехаў у Прусію, а пазней — у Аўстрыю.
Другая эміграцыя зацягнулася амаль на дзесяць гадоў, цягам якіх князь усё так жа пісаў манархам Еўропы і прасіў у іх падтрымкі для Бацькаўшчыны. Але нічога не дапамагала. Сувораў руйнаваў гарады і вёскі Радзівілаў, да Рэчы Паспалітай з усіх бакоў набліжаліся ворагі — у выніку адбыўся першы падзел краіны.
У 1778 годзе была аб’яўлена амністыя для ўдзельнікаў Барскай канфедэрацыі, і Радзівіл атрымаў шанец вярнуцца на радзіму. Пане Каханку прыехаў ў Нясвіж, разрабаваны і спустошаны рускімі, і адразу ж заняўся аднаўленнем горада. Ён запусціў мануфактуры, адрадзіў уласную армію, заснаваў першую ў гісторыі Беларусі марскую школу, узнавіў тэатр і аркестр, адбудаваў замак і пачаў ладзіць легендарныя гулянні з дарагімі заморскімі далікатэсамі. У Альбе пад Нясвіжам князь пабудаваў летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам з каналамі, звярынцам і бутафорскімі сялянскімі хатамі. Так ён вярнуў славу і бляск роднаму гораду.
У 1784 годзе да Радзівіла нават прыязджаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — у знак прымірэння. Урачыстыя балі, паляванні і феерверкі доўжыліся некалькі дзён і скончыліся эпічнай марской бітвай «Штурм Гібралтара», якую князь зладзіў на замкавых сажалках для свайго высокага госця.
Беларускі Мюнхгаўзен?
Пане Каханку часта называюць беларускім баронам Мюнхгаўзенам. Але гісторыкі настойваюць, што гэта апошні прысвоіў сабе байкі, звязаныя з Радзівілам. Гістарычным фактам з’яўляецца тое, што Мюнхгаўзен служыў у Гродне ў кавалерыйскім палку ў часы Пане Каханку. Цалкам мажліва, што барон чуў усе гэтыя анекдоты, прыпісаў іх сабе і такім чынам праславіўся.
Адна з такіх баек — пра аленя і вішнёвае дрэўца. Аднойчы Пане Каханку паехаў на паляванне, доўга адстрэльваў дзікоў і нарэшце ўбачыў аленя. У князя ўжо не засталося ні адной кулі, і ён зарадзіў сваю стрэльбу вішнёвымі костачкамі. Адна з іх трапіла якраз між рагоў аленя, той спужаўся і ўцёк у лес. На наступны год на чарговым паляванні Пане Каханку ўбачыў аленя, на галаве якога цвіло вішнёвае дрэва, і, вярнуўшыся дадому, з захапленнем пра гэта расказваў.
Другі анекдот — пра патомства ад русалкі. Аднойчы на Адрыятычным моры матросы Радзівіла вылавілі прыгожую русалку, і князь закахаўся ў яе. Пазней ён расказваў, што яна нарадзіла яму сто тысяч селядцоў, якія ён прадаў і атрымаў добрыя грошы.
А вось адна з самых папулярных гісторый, якая гаворыць аб неверагоднай шчодрасці князя. Аднойчы спякотным летам у Нясвіжскім замку сабралася шмат гасцей — Пане Каханку зладзіў чарговы раскошны баль. Як і заўсёды, усё было на вышэйшым узроўні акрамя таго, што было вельмі горача. Тады Радзівіл звярнуўся да прысутных і паабяцаў раніцай сапраўдную зіму і катанне на санках. Госці вырашылі, што князь зашмат выпіў і не ўспрынялі яго словы ўсур’ёз. Якое ж было іх здзіўленне, калі раніцай яны ўбачылі, што ў замкавым двары ляжыць снег і стаяць запрэжаныя мядзведзямі сані. Госці прыгледзеліся і зразумелі, што ўся ваколіца засыпана соллю — вельмі дарагой у той час прыправай, якую прывозілі з-за мяжы.
Радзівіл быў такі ж шчодры і на падарункі, за што яго вельмі любілі і слугі, і шляхта. Ён раздаваў направа і налева коней, багатыя паясы, адзенне, пісталеты, гадзіннікі, табакеркі і ўпрыгожванні з брыльянтамі.
«Я люблю Карону, але няма нічога лепшага, як наша Літва»
У 1789 годзе Караль Станіслаў страціў зрок. А 21 лістапада 1790 года памёр у Белай Падлясцы.
Паміраў ён цяжка, трызніў, траціў прытомнасць і гаварыў сам з сабою: «Давялося мне нарадзіцца ў цяжкія часы… Сляпым быў, але дарогу шукаў, а людзі казалі, што я гарэза. Вызвалення айчыны страшэнна прагнуў, але хто мог ведаць, у чым яно было? Валадковіч, ці ты на паляванне ў Налібокі сабраўся, ці прыйшоў па мяне? Пачакай, каханы, ужо нядоўга… Пры жыцці прыняў цяжкую кару. Заплаціў за ўсё з лішкам: грашыма, крывёю, слязьмі, выгнаннем, бедамі, пане каханку… Пасля Барскай уволю наглядзеўся, як нас чацвертавалі, і мне гэта не залічыцца?.. У Альбе не ўдалося закончыць будаўніцтва, хутка там усё загіне… Хто ведае, што будзе з самімі Радзівіламі?».
Таксама князь прасіў сяброў і слуг выбачыць яго: «Прабачце, калі я вас патурбаваў, і памятайце, што я таксама чалавек».
Так скончылася жыццё легендарнага Пане Каханку, найзаможнейшага магната, сімвала сваёй эпохі, які, нягледзячы на багацці і ўладу, ніколі не пагарджаў больш беднай шляхтай ці сялянамі, не саромеўся садзіцца з імі за адзін стол і заўсёды дапамагаў ім чым мог. Ён да канца жыцця быў ворагам Кацярыны II і намагаўся выратаваць радзіму ад расійскай пагрозы.
Вобраз Пане Каханку нярэдка падаецца скажоным і далёкім ад гістарычнай праўды — пісьменнікі, гісторыкі і экскурсаводы расказваюць пра яго як пра блазна і гуляку. Насамрэч Караль Станіслаў вельмі любіў Беларусь і быў сапраўдным патрыётам. Ён, як і ўсе Радзівілы, лічыў сябе ліцвінам, вельмі добра ведаў беларускую мову, і кніжную, і гутарковую, паважаў яе, размаўляў і пісаў на ёй. А яшчэ ён часта гаварыў: «Я люблю Карону (Польшчу), але няма нічога лепшага, як наша Літва (Беларусь)».