У 1995 годзе пад Бярозай беларускі ваенны верталёт збіў паветраны шар з амерыканцамі

мі-24, авіякатастрофа беларусь, паветраны шар збіт у беларусі

12 верасня 1995 года падчас гонкі на Кубак Гордана Бэната паветраны шар з амерыканскімі аэранаўтамі перасёк польска-беларускую мяжу і быў збіты ваенным верталётам. Беларускія вайскоўцы палічылі паветраны шар пагрозай для ваеннага аэрадрома. Шар упаў ля Бярозы на Брэстчыне, абодва паветраплавальнікі загінулі. Гісторыя выклікала міжнародны скандал і рэзананс, але афіцыйныя прабачэнні сям’і загінулых беларуская дзяржава так і не прынесла.

PALATNO расказвае падрабязнасці той трагедыі.

Што адбылося

Раніцай 12 верасня 1995 года паветраны шар D-Caribbean у межах ужо некалькі дзён удзельнічаў у гонцы на Кубак Гордана Бэната. У межах гонкі шар з двума амерыканцамі на борце перасек польска-беларускую мяжу. Паветраны шар рухаўся ў бок вайсковага аб’екта, на думку беларускіх вайскоўцаў. Да шару паляцеў ваенны верталёт Мі-24, якому далі загад знішчыць паветраны аб’ект.

Паветраны шар збілі раніцай 12 верасня, праз пару гадзін абломкі знайшлі ў некалькіх кіламетрах ад Бярозы. Сведкі на зямлі, якія бачылі абломкі, сцвярджалі, што не бачылі кулявых раненняў на целах амерыканцаў. Верагодней за ўсё, яны загінулі ад удару пра падзенні з вялікай вышыні.

У паветраным шары знаходзіліся амерыканцы Джон Сцюарт-Джэрвіс і Алан Фрэнкель. Сцюарт-Джэрвіс быў ветэранам Каралеўскага флоту Вялікабрытаніі, быў збіты падчас Суэцкага крызісу, жыў у ЗША і ўсё жыццё захапляўся палётамі. Фрэнкель быў былым марскім лётчыкам, некалькі разоў удзельнічаў у Кубку Бэната.

Згодна з расшыфроўкамі перамоў беларускіх вайскоўцаў, загад аб знішчэнні быў дадзены пасля таго, як пілот верталёту пацвердзіў, што нікога ў паветраным шары няма. Беларускі журналіст Васіль Зданюк пазней расказваў, што ў момант інцыдэнту знаходзіўся ў кабінеце камандуючага ППА Валерыя Кастэнкі і чуў загад. Па меркаванні Зданюка, ваенныя палічылі, што паветраны аб’ект быў беспілотным і знаходзіўся паблізу ваеннага аб’екта стратэгічнага значэння.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Заходняя Беларусь і БССР у 1925 годзе: чым адрозніваўся крымінал?

 

«Справа мінскіх рэзнікаў». Як у БССР судзілі яўрэяў з-за мяса і замоўнага забойства

 

Як сто гадоў таму камуністы асудзілі беларускіх святароў за крадзеж царкоўных каштоўнасцей


Праз час у Беларусь заляцелі яшчэ два паветраныя шары

Праз некалькі гадзін у паветраную тэрыторыю Беларусі заляцелі яшчэ два паветраныя шары з амерыканцамі. Яны ішлі за D-Caribbean, але не маглі выйсці з ім на сувязь.

Адзін з шароў з Дэвідам Левінам і Маркам Саліванам селі ў Беларусі з-за дрэннага надвор’я, а з беларускімі дыспетчарамі яны не змаглі дамовіцца, бо беларусы адказвалі па-руску, а не па-англійску як гэта было прынята. У трэцім паветраным шары знаходзіліся Майкл Уолес і Кевін Брылман: іх папрасіў сесці пілот ваеннага верталёта, які цэліўся па шары кулямётам.

Цікава, што ўсіх чатырох затрымалі міліцыянеры, а пасля ўмяшання амерыканскіх консулаў іх вызвалілі і аштрафавалі на 30 долараў з-за адсутнасці віз.

Расследаванні пасля інцыдэнту і ні слова выбачэння

Міждзяржаўны авіякамітэт з Масквы прыйшоў да некалькіх высноў у расследаванні інцыдэнту.

  •  Сцвярджалася, што ў D-Caribbean не было радыёсувязі з-за няправільных частот.
  • Палёт над Беларуссю фармальна не быў дазволены;
  • Пілоты маглі спаць або быць без прытомнасці ад гіпаксіі;
  • Правілы перахопу аб’ектаў састарэлі.

Калегі загінулых і прадстаўнікі паветраплавання не пагадзіліся з часткай высноў. Перад трагедыяй Алан Фрэнкель выходзіў на сувязь з Майклам Уолесам, а на адной з радыёстанцый загінулых была аварыйная частата — значыць, яны ўсведамлялі небяспеку. Паветраны шар Фрэнкеля і Сцюарт-Джэрвіса меў буйныя апазнавальныя знакі, таму ваенныя верталётчыкі не маглі прыняць яго за метэазонд. Са збітым шарам не звязваліся ні з верталёта, ні з зямлі: гэтага не адбылося ні па радыёсувязі, ні быў усталяваны візуальны кантакт.

Беларускі бок заяўляў, што вайскоўцы дзейнічалі паводле інструкцый. Прадстаўнікі ЗША і паветраплавальнай супольнасці патрабавалі поўнага расследавання, але афіцыйных выбачэнняў і кампенсацыяй сем’і не атрымалі.

На месцы падзення паветранага шара ля Бярозы актывісты ўсталявалі памятны камень з надпісам «Прабачце».

Вярнуцца ўгару