Now Reading
«Гвалтавалі, тушылі цыгарэты аб грудзі, забаўляліся з нажом». Як дзейнічала самая буйная злачынная групоўка Беларусі 1990-х

«Гвалтавалі, тушылі цыгарэты аб грудзі, забаўляліся з нажом». Як дзейнічала самая буйная злачынная групоўка Беларусі 1990-х

банда пажарнікаў гомель, банды беларусі, беларускія бандыты

Росквіт крыміналу па ўсёй Беларусі прыйшоўся на 1990-я гады. Па буйных гарадах, абласных цэнтрах і правінцыі дзейнічала шмат арганізаваных злачынных груповак, банд і крымінальных аўтарытэтаў. Хваля не абышла і Гомель — запалохванні, збіццё, гвалт, забойствы і здзекі. Адной з гомельскіх банд была «Марозаўская» — самая крывавая арганізаваная злачынная групоўка. Менавіта яна змагла падпарадкаваць сабе іншую, самую буйную па колькасці злачынную групоўку Гомеля — «пажарнікаў».

PALATNO расказвае, з чаго пачыналася дзейнасць «пажарнікаў», як бандыты кантралявалі сферу інтымных паслуг горада, дзе праводзілі планёркі і што рабілі з тымі, хто не хацеў падпарадкоўвацца іх законам. 

Былы спартсмен, сын дырэктара і вясковы хлопец. З чаго пачалася дзейнасць групоўкі

Банда «пажарнікаў» пачала фарміравацца ў Гомелі ў пачатку 1990-х гадоў — прыкладна ў адзін час з іншымі злачыннымі групоўкамі. У прыбытковым на той момант для крыміналу горадзе аб’ядналіся тры хлопцы: Гена (Пажарнік), Алег (З’ян) і Валік (Вялікі).

Генадзь Бярэзін атрымаў свой пазыўны не проста так: у юнацтве займаўся пажарна-прыкладным шматбор’ем і нават стаў майстрам спорту. Яго мянушка стала назвай для брыгады, хоць сам Генадзь не быў яе аднаасобным лідарам. Цікава і тое, што падчас ператрусу ў кватэры Бярэзіна знайшлі калекцыю відэакасет і кніг з біяграфіямі вядомых гангстараў, на якіх ён, хутчэй за ўсё, хацеў быць падобным.

Іншы лідар, Валянцін Шкурко, рос у сям’і дырэктара школы. У маладосці служыў ва ўнутраных войсках падчас карабахскага крызісу і трапіў на вайну. Пасля войска атрымаў адукацыю юрыста ў Гомельскай ВНУ. Быў старшым лейтэнантам падраздзялення аховы.

Больш за іншых у групоўцы па сваёй жорсткасці вылучаўся Алег Чыркоў, які нарадзіўся ў вёсцы Бярозкі пад Гомелем. Раней працаваў у падраздзяленні аховы, але нядоўга, таму што хлопца звольнілі за дыскрэдытуючыя паводзіны.

Групоўка пачала дзейнічаць у 1994 годзе на Цэнтральным рынку — галоўнай гандлёвай кропцы Гомеля. Велізарны крыты павільён з прадуктамі, сотні намётаў, кіёскі і тысячы прадпрымальнікаў.

Генадзь працаваў на рынку грузчыкам, а потым далучыўся да групы рэкеціраў, якую кантраляваў Капцюр (па-руску — Коготь). Але з-за сваёй алкагольнай залежнасці Капцюр не змог доўга заставацца моцным аўтарытэтам і таму, сышоў на другі план. Новымі жорсткімі лідарамі на нейкі час сталі Пажарнік, З’ян і Вялікі, да якіх далучыліся і іншыя дзёрзкія хлопцы.

Сама арганізацыя мела выразную структуру і дзялілася на брыгады, кожная з якіх адказвала за пэўны кавалак працы. Напрыклад, члены адной кантралявалі рынак, другой — валютчыкаў, трэцяй — прастытутак, чацвёртай — бізнесы і гэтак далей. Асноўным відам дзейнасці быў рэкет. На рынку брыгадзе плацілі армяне, азербайджанцы, в’етнамцы, узбекі і цыганы. А тых, хто выступаў супраць — пагражалі і запалохвалі, у асобных выпадках аблівалі кіслатой.

На планёркі лідары банды збіраліся ў барах ля Цэнтральнага рынку, а крыху пазней з’явілася і штаб-кватэра — офіс фірмы «Саціс» з мэбляй, камп’ютарнай тэхнікай, відэаназіраннем і узмоцненай аховай.

Грошы за працу і выхад з яе. Як «пажарнікі» займаліся сутэнёрствам

банда пажарнікаў гомель, банды беларусі, беларускія бандыты
Затрыманы ў 2014 годзе член банды.

Акрамя рынку, «пажарнікі» кантралявалі і сферу інтымных паслуг Гомеля. За гэты кірунак адказваў нехта па мянушцы Бык. Пад яго кіраўніцтвам у гасцінічным комплексе «Турыст» і на трасах, якія вядуць з Гомеля, працавала мінімум сорак прастытутак. Для работніц існавалі правілы: не ўжываць алкаголь на працоўным месцы, не красці ў кліентаў,  не атручваць клафелінам і не прапускаць працу без паважных прычын.

Большасць дзяўчат, сярод якіх былі і непаўналетнія, прыязджалі ў Гомель з вёсак. Яны здымалі кватэры і знаёміліся з мужчынамі, якія падказвалі, дзе можна зарабіць грошы. Недалёка ад прыпынкаў «Лугавая» і «Сонечная» можна было атрымаць 10-15 тысяч рублёў у залежнасці ад віду аказаных паслуг. Бандыты, якія кантралявалі дзяўчат, збіралі выручку штодня. А тых, хто не пагаджаўся, вывозілі ў лес, збівалі, гвалтавалі, забіралі грошы і іншыя цэнныя рэчы. Для гэтага «пажарнікі» выкарыстоўвалі драўляныя клюшкі і біты, якія заўсёды вазілі з сабой у машынах. Часам члены групоўкі прапаноўвалі ахвярам самім выбраць прадмет для катаванняў.

У халодную пару года дзяўчат маглі вывезці да прыгарадных вадаёмаў і прымусіць хадзіць па лёдзе. Акрамя таго, у многіх ахвяр засталіся на целе асаблівыя меткі: бандыты тушылі аб дзявочыя цела цыгарэты і «забаўляліся» з нажом.

Дзве ахвяры «пажарнікаў» працавалі ля прыпынку «Лугавая». У адзін з вечароў да дзяўчын пад’ехалі члены групоўкі Валерый Рыхцікаў і Алег Грамыка і павезлі іх ў лес. Там Рыхцікаў дастаў нож і патрабаваў, каб дзяўчаты працавалі на яго і плацілі па 10 долараў штодня. Затым хлопец прыставіў нож да шыі адной з дзеўчын і сказаў, што заб’е і пакіне на гэтым месцы пад каменем. Ахвяра пагадзілася, пасля чаго яе пасадзілі ў машыну і павезлі да Быка.

«Па дарозе ў машыне папярэдзілі, каб рабіла ўсё, што загадаюць, і прытушылі каля грудзей цыгарэту. У кватэры, куды мяне прывезлі, спачатку збілі, а потым пяцёра незнаёмых хлопцаў гвалтавалі па чарзе з дзесяці вечара да чатырох раніцы… Праз некалькі дзён мяне адвезлі ў Маскву для занятку прастытуцыяй. Але мне адтуль адразу ж удалося ўцячы. Я вярнулася ў Гомель і ўжо на наступны дзень выйшла на “Лугавую”. Мяне ўбачылі Рыхцікаў і Грамыка і зноў запатрабавалі плаціць па 10 долараў. Прыйшлося пагадзіцца. Я прасіла іх не гаварыць Быку пра тое, што вярнулася з Масквы. Потым я памяняла месца працы і стала займацца прастытуцыяй на “Сонечнай”». 

«Пажарнікі» знайшлі дзяўчыну, адвезлі ў лес, збілі драўлянай бітай, забралі грошы і тэлефон. Пасля гэтага ахвяра напісала заяву і аднесла ў апорны пункт міліцыі. На наступны дзень да яе прыехалі Рыхцікаў і Грамыка, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў лес, дзе паказалі тую самую заяву. Затым бандыты дасталі біту, распранулі дзяўчыну, згвалцілі, разанулі нажом па грудзях і адвезлі дадому.

З жанчын, якія пажадалі па сваёй волі сысці з працы, «пажарнікі» патрабавалі ад 500 да 1000 долараў.

Былі таксама і элітныя прастытуткі, якія працавалі ў гасцініцы «Турыст». Сумоўе на працу праводзіў сам Бык. Ён ацэньваў дзяўчыну і знаёміў яе са старэйшай прастытуткай. Пасля яе смерці на пасаду прызначылі Таццяну Процкую, якой астатнія дзяўчаты павінны былі аддаваць 50% свайго заробку. Гэтыя грошы Процкая перадавала Быку. За пасрэдніцкія функцыі раз на тыдзень кожная дзяўчына плаціла ёй па 5 долараў. Гадзіна працы гасцінічнай прастытуткі каштавала 30 долараў, дзве — 50, за ноч бралі па 100.

Прастытуткі працавалі кожны дзень з 22:00 да 4:00, адпачывалі толькі па нядзелях. Кожная з іх прыносіла даход у сярэднім 600-700 долараў у месяц.

Прадпрамальнікі, таксісты і іншыя ахвяры «пажарнікаў»

Бандыты маглі спакойна адабраць любую маёмасць, якая ім падабалася. Напрыклад, у вядомага бізнесмена «пажарнікі» аднялі дрэваапрацоўчы завод — проста пагразілі прасвідраваць яму дрылём каленную чашачку. На заводзе ў той час працавалі 200 чалавек.

Грошы «пажарнікі» ўкладвалі ў дарагія машыны, нерухомасць і легальны бізнес — шэраг гандлёвых аб’ектаў і камерцыйных фірмаў. Члены групоўкі вымагалі грошы і з таксістаў: напрыклад, аднаго з бандытаў Уладзіміра Раманюка затрымалі пасля таго, як ён спрабаваў выцягнуць з таксіста 200 долараў за заступніцтва.

Акрамя кантролю над таксістамі, прастытуткамі і прадпрамальнікамі, «пажарнікі» займаліся і іншымі вымагальніцтвамі. Яны кралі каштоўныя рэчы ў ахвяр, а пасля запужвалі іх. Быў выпадак, калі адзін чалавек выпадкова разбіў машыну аднаго з бандытаў, і яго закрылі ў падвале і патрабавалі кампенсацыю, кідаючы ў яго пітарды.

«Пажарнікі» пастаянна знаходзілі сабе новых работнікаў. У крымінальных заданнях удзельнічалі нават падлеткі.

А вось пры сустрэчы з самай крывавай групоўкай Беларусі ў 90-х гадах — «Марозаўскай» — «пажарнікі» далі задні ход. «Марозаўцы» захапілі сваіх сапернікаў і прывезлі ў загарадны дом каля вёскі Рудня-Споніцкая Веткаўскага раёна. Там пасля жорсткага дыялогу «пажарнікі» прызналі ўладу «марозаўцаў» і сталі адлічваць грошы ў іх абшчак.

Прысуды па справе «пажарнікаў» і новыя злачынствы

банда пажарнікаў гомель, банды беларусі, беларускія бандыты
Ігар Кулеўскі, Аляксей Літвінаў, Анатоль Сусолкін, Уладзімір Пятроў дагэтуль знаходзяцца ў вышуку.

Канец дзейнасці «пажарнікаў» паклалі ў 2004 годзе. У верасні распачалі першую крымінальную справу, а ў лістападзе 2005 года пачалі судзіць амаль 30 ўдзельнікаў, якіх прысудзілі да пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 14 гадоў. Галоўным на той момант — Бярэзіну, Чыркову, Вячаславу Ліценштейну (Ліцен) і яшчэ некалькім членам банды, удалося ўцячы. Беларускія праваахоўнікі накіравалі ў Інтэрпол дакументы аб вышуку 22 падазраваных у сур’ёзных злачынствах на Гомельшчыне. У выніку, З’яна і Пажарніка і Ліцена затрымалі спецназаўцы Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам МУС Расіі ў Маскве. Чыркова і Бярэзіна прысудзілі да 19 гадоў пазбаўлення волі, Ліценштэйна — да 17 гадоў.

Саўдзельнік Валянцін Шкурко ў пэўны момант адкалоўся ад банды і вёў афіцыйны бізнес у Бранску. Яго знайшлі і асудзілі на 15 гадоў. У сакавіку 2007 года злавілі яшчэ аднаго «пажарніка» Алега Ганчарова па мянушцы Ганчарык. Мужчына хаваўся ў адной з вясковых хат у Гомелі: яму далі 15 з паловай гадоў зняволення.

Яшчэ адзін член банды Андрэй Шылец жыў пад чужым імем на Урале. Завёў сям’ю і быў вядомы як мясцовы крымінальны аўтарытэт, але ў 2013 годзе яго выкрылі. Мужчыне прызначылі 20 гадоў пазбаўлення волі.

Гамяльчаніна Аляксандра Мядзведзева затрымалі ў Маскве за захоўванне наркотыкаў. Ён адбыў пакаранне ў Расіі, а затым вярнуўся ў Беларусь. У 2014 годзе атрымаў за вымагальніцтва 7 гадоў пазбаўлення волі.

Суды над «пажарнікамі» праходзілі за зачыненымі дзвярыма. Прадстаўнікоў СМІ ўпусцілі ў актавую залу СІЗА пасля абвяшчэння прысуду для таго, каб зрабіць фотаздымкі. У адказ на гэта «пажарнікі» крычалі журналістам: «Жывёлы, пайшлі прэч адсюль, вы брэшаце!».

Некаторыя «пажарнікі» атрымалі тэрміны ад 3 да 8 гадоў, выйшлі на волю да 2014 года і паспелі зноў здзейсніць злачынствы.  Напрыклад, 20 верасня на адным з лецішчаў пад Гомелем прагрымеў выбух. Пазней высветлілася, што такім чынам жыхар Гомеля хацеў правучыць былога кампаньёна па бізнесе. Пры ператрусе ў падазраванага мужчыны, былога «пажарніка», знайшлі пісталет-кулямёт «Agram-2000» з глушыцелем і патронамі. Яшчэ адзін член банды пасля вызвалення пазбіваў групу з дзевяці чалавек і «крышаваў» гандляроў спайсамі.  Трэці «пажарнік» адзначыўся ў Рэчыцы, у складзе арганізаванай групоўкі, якая займалася махлярствам.

Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі, у 2015 годзе яшчэ шэсць злачынцаў знаходзіліся ў міжнародным вышуку. Адзін з «пажарнікаў» Аляксей Літвінаў мог хавацца ў Швецыі, Анатоль Сусолкін — ва Украіне. Ігара Кулеўскага бачылі ў Тульскай вобласці, Уладзіміра Пятрова — у Польшчы, Германіі і Іспаніі.

Вярнуцца ўгару