Пчала і пчаляры: як беларусы займаліся бортніцтвам

пчалярства, пчолы, бортніцтва, борць

20 мая адзначаецца Сусветны дзень пчол. У традыцыйным беларускім светапоглядзе пчала — гэта значна больш, чым карысная казурка. Яна нясе боскі пачатак, выступае як сімвал душы, сакральнай ахвяры і сувязі з нябесным. Пчаляры ж — людзі асаблівай прыроды, здольныя кантактаваць з «тагасветам» праз сваіх крылатых памочнікаў.

PALATNO расказвае пра беларускіх пчол, пчаляроў і гэту культуру.

Божая сляза, дух і святыня: якім быў статус пчолы

Беларускія народныя паданні прадстаўляюць пчалу як істоту, якая мае боскае паходжанне. Паводле аднаго з найбольш паэтычных міфаў, пчолы ўтварыліся са слёз дзяўчыны-прыгажуні, што плакала на камені сярод сіняга мора. Яе пакуты расчулілі самога Спаса, і з яго боскіх слёз з’явілася пчаліная матка.

Гэтая вобразная метафара падкрэслівае глыбока сакральны характар казуркі: яна не проста створана Богам, яна — плод містычнага спачування.

Іншая легенда апісвае саперніцтва паміж Богам і чортам: Бог стварыў бескарысных чмялёў, чорт — карысных пчол. Аднак Бог хітрасцю перацягнуў карысць на свой бок: папрасіў у чорта адну пчалу, надзьмуў яе, яна ператварылася ў матку, потым увесь рой паляцеў за ёю, а чорт застаўся з нічым.

Некаторыя паданні змяшчаюць выразныя маральныя ўрокі. У міфе пра божае пытанне да пчалы пра крыніцу лепшага мёду, пчала схлусіла, мяркуючы, што Бог хоча адняць у яе ўраджай. І была пакараная: цяпер мёд ёсць толькі на ліпе, а не на збожжы, хаця яно і пахне мёдам.

мёд, пчалярства, пчолы, бортніцтва

У іншым паданні з Гомельшчыны пчала і павук выступаюць братам і сястрой. Сарока прыносіць вестку пра смерць маці, і толькі пчала кідае ўсё і спяшаецца. Павук спасылаецца на працу і застаецца. Маці праклінае яго — з тых часоў ён вечна тчэ павуцінне. Пчала тут — вобраз адданасці і любові.

Ці ёсць у пчалы душа?

У традыцыйным свеце беларуса пчала — гэта не звычайная казурка. Пра яе смерць кажуць «памерла», а не «здохла», бо пчолы маюць душу.

Яшчэ адзін міф сцвярджае, што пчала стала паміраць пасля таго як джаліць, бо Бог вырашыў змяніць раўнавагу: раней ад укусу паміралі людзі. З пчоламі звязана яшчэ адно глыбока сімвалічнае павер’е: іх вулей параўноўваецца з храмам, а яго разбурэнне — з разбурэннем святыні. Украдзены мёд — як забойства чалавека, і за такое меркавалася смяротнае пакаранне.

Паводле некаторых вераванняў, пчалу можна заклясці, і тады яна ператворыцца ў асу. Гэта падкрэслівае ўразлівасць сакральнай істоты і яе магчымасць стаць сілай хаосу, калі з ёю абыходзіцца няправільна.

У чарадзейных казках пчолы выступаюць як чароўныя памочнікі героя. Яны даюць яму магчымасць выканаць заданні, перамагчы перашкоды, выступаюць як сродак сувязі з вышэйшымі сіламі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Тлумачым на драніках мастакоў эпохі Рэнесансу

«Вышывалі там, куды магла пранікнуць нячыстая сіла». Расказваем цікавосткі пра беларускі арнамент

Паляць, косяць, зарываюць. Як і навошта беларускія сілавікі змагаюцца з макам


Пчаляр — чалавек, у якога былі суперздольнасці

Пчаляры ў беларускай традыцыі — гэта людзі асаблівай сілы. Іх праца ўспрымаецца як сталая сувязь з «тагасветам». У адрозненне ад «шкодных чараўнікоў», якія прадаюць душу, пчаляры — станоўчыя персанажы: яны могуць супрацоўнічаць з ляснымі чортамі і вадзянікамі, але не пераступаюць маральныя межы.

Напрыклад, Ціт Старасельскі з Віцебшчыны на пачатку мінулага стагоддзя быў вядомы не толькі як пчаляр, але і як знахар. Ён дапамагаў сотням людзей штогод. Яго вобраз — гэта ўвасабленне прафесійнай магіі, глыбокіх ведаў і даверу з боку народа.

Пчаляры верылі ў існаванне «пчалінага бога». Звесткі пра гэта захаваліся яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. Вядома, у такіх вераванняў былі паганскія карані, у якім пчаляры былі пасрэднікамі паміж людзьмі і сакральнымі сіламі. У хрысціянскую эпоху гэты бог быў замешчаны на святога Зосіму.

мёд, пчалярства, пчолы, бортніцтва

Каб засцерагчы пчол, вуллі ставілі ў крапіве, а для захавання рояў ужывалі магічныя дзеянні: сыпалі зямлю з першай вясновай баразны, закопвалі цвікі з шыбеніцы. Некаторыя абрады мелі нават антыхрысціянскі характар — у іх праглядаецца рэшткавае паганства.

Асаблівая ўвага надавалася Калядам. На Шчадрэц (31 снежня) пчаляры елі мядовую сыту разам з куццёй. У гэты магічны момант ствараліся ўмовы для багатага пчалінага года. Таксама ўздым вулля на дрэва на 12-ы дзень Калядаў павінен быў гарантаваць новы рой.

Веды пчаляра перадаваліся толькі па мужчынскай лініі — гэта была тайна, захаваная ў сям’і, і адсюль — амаль поўная адсутнасць дакументальных сведчанняў пра абрады. Але нават у мове захаваліся водгукі: словы «сябры» першапачаткова абазначалі таварыства пчаляроў — людзей, звязаных агульнымі роямі і узаемадапамогай, нават мацнейшай, чым у родзе.

Мёд — ежа багоў і душ продкаў

Мёд у міфапаэтычнай традыцыі выступае як крыніца не толькі фізічнага, але і духоўнага жыцця. Ён асацыюецца з мудрасцю, абнаўленнем, саладосцю быцця. У скандынаўскай міфалогіі мядовая раса ахутвае Сусветнае дрэва Ігдрасіль, а багі п’юць брагу, падобную на мёд.

У беларускіх традыцыях мёд ужываецца ў вясельных і пахавальных абрадах. Маладым мазалі вусны, каб шлюб быў салодкі. У час хаўтур гатавалі сыту — мёд з вадой, які пілі на памінках. Лічылася, што мёд робіць свет памерлых больш салодкім, больш чалавечным.

Вярнуцца ўгару