Першая аптэка ў Пінску і аптэчная справа на беларускіх землях. Як развівалася фармацыя?

аптэкі вкл, аптэкарская справа ў вкл, медыцына ў вкл

Першыя аптэкі з’явіліся на беларускіх землях у сярэдзіне XVI стагоддзя, калі яны ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. З часам колькасць аптэк павялічвалася, яны належалі ці прыватным асобам, ці каталіцкім кляштарам.

PALATNO расказвае пра аптэкі на беларускіх землях.

Пінск — калыска аптэчнай справы

Першая аптэка на беларускіх землях адкрылася ў 1561 годзе ў Пінску. Менавіта тут, у горадзе на Піне, з’явілася першая ўстанова, якая стала пачаткам для фармацэўтычнай гісторыі Беларусі.

Яшчэ праз некалькі гадоў падобная аптэка адкрылася ў Брэсце. Вядома, што чалавекам, які адкрыў яе, быў аптэкар Станіслаў.

Пінская аптэка, як і іншыя падобныя ўстановы таго часу, займалася не толькі продажам лекаў, але і іх вырабам. Аптэкар гатаваў мікстуры з мясцовых траў, каранёў і мінералаў, а таксама выкарыстоўваў імпартную сыравіну, якую прывозілі купцы з Кракава, Вільні і іншых гарадоў Рэчы Паспалітай ці іншых краін. Прафесія аптэкара патрабавала ведаў у медыцыне і батаніцы, а яшчэ была неабходна вялікая адказнасць, бо няякасны прэпарат мог каштаваць пацыенту жыцця.

Агулам, ад сярэдзіны XVI да XVIII стагоддзя на беларускіх землях было каля 40 аптэк. Многія з іх не захаваліся да нашага дня, але пакінулі пасля сябе багатую гісторыю і сведчанне таго, што на беларускіх землях фарміравалася культура медыцынскай дапамогі і фармацыі.

Што было да аптэк і як развівалася аптэчная справа ў Рэчы Паспалітай

Да з’яўлення аптэк лекі ў Беларусі гатавалі народныя лекары, траўнікі і знахары. Яны выкарыстоўвалі ўсё, што давала прырода: расліны, прадукты жывёльнага паходжання, мёд, тлушч, мінералы. З развіццём гарадоў і рамёстваў у XVI стагоддзі пачала фарміравацца новая галіна — аптэчная справа. Пасля Люблінскай уніі беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Тады фармацэўтычная дзейнасць атрымала юрыдычнае рэгуляванне.

Цікава, што аптэкары таго часу мелі некалькі прафесій. Яны былі яшчэ і лекарамі, і цырульнікамі, і гандлярамі. Аптэка магла нагадваць невялікую краму, дзе побач з лекамі прадаваліся спецыі, віно, мыла, духі, фарбы. Паступова адбылося раздзяленне гэтых прафесій, а аптэкар стаў спецыялістам выключна ў галіне фармацыі.

У XVII-XVIII стагоддзях аптэкі пачалі адкрывацца пры каталіцкіх манастырах і езуіцкіх калегіумах. Манахі захоўвалі старажытныя рэцэпты, займаліся лячэннем бедных. Так, у 1639 годзе ў Глыбокім дзейнічала аптэка пры манастыры кармэлітаў, а ў 1740-м — у картэзіянскім манастыры ў Бярозе. Езуіты адкрывалі аптэкі ў Гродне і Нясвіжы.

У 1768 годзе быў прыняты Устаў камісіі добрага парадку (Boni Ordinus), які прадугледжваў абавязковыя нечаканыя праверкі аптэк двойчы на год. Праверкі праводзілі лекары, якія кантралявалі якасць прэпаратаў і тэрміны іх прыдатнасці. Калі знаходзілі сапсаваныя лекі, то аптэку маглі апячатаць, а тавар знішчалі. Аптэкар атрымліваў штраф, а ў выпадку паўторных парушэнняў — пазбаўляўся права працаваць па прафесіі. У дакуменце таксама прапісвалася, што лекары павінны былі набываць усе неабходныя сродкі толькі ў афіцыйных аптэках.

Аптэчная справа была цесна звязана з развіццём шпіталёў. У XVII стагоддзі шпіталі адкрываліся пры касцёлах і саборах, дзе лекі непасрэдна выраблялі ўнутры гэтых устаноў.

Вярнуцца ўгару