69 гадоў таму пабачылі свет першыя гадзіннікі, якія выпусцілі на мінскім заводзе «Луч». Гэта быў жаночы гадзіннік, які стане адным з папулярных у Савецкім Саюзе. Аднак дызайн і механізм распрацавалі зусім не беларусы, «Лучу» перадалі ўсё майстры з Пензы.
PALATNO расказвае пра «Зару».
Не беларускі эксклюзіў
14 снежня 1955 года мінскі завод «Луч» выпусціў першыя гадзіннікі. Завод яшчэ працягвалі будаваць, частка супрацоўнікаў паралельна працавала на будоўлі, аднак першыя беларускія гадзіннікі ўжо з’явіліся. Аднак гэта былі не зусім беларускія гадзіннікі. Справа ў тым, што «Зару» рабілі па чарцяжах Пензенскага завода.
Пензенскі завод у той час спецыялізаваўся на вытворчасці выключна жаночых гадзіннікаў. У пачатку 1950-х гадоў майстры распрацавалі новы гадзіннікавы механізм малога калібру, які атрымаў назву «Зара». Ён стане вельмі папулярным у Савецкім Саюзе, яго будуць мадэрнізаваць і выпускаць мільёны гадзіннікаў на экспарт.
У Пензе пачалі рабіць жаночыя гадзіннікі пасля таго, як вытворчасць мужчынскіх перавезлі на іншыя савецкія заводы. Дагэтуль некаторыя памылкова заўважаюць, што першыя жаночыя гадзіннікі ў савецкія часы пачалі рабіць у Мінску, але гэта не так: гэта адбылося ў Пензе ў 1938 годзе пасля таго, як спецыялісты некалькі гадоў адвучыліся ў Францыі. Менавіта з таго заводу мінскі завод атрымаў чарцяжы.
Гадзіннік «Зара» быў малагабарытным гадзіннікам з калібрам 18 міліметраў на 16 рубінавых камянях. Рубінавыя камяні не выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання: яны былі патрэбныя для памяншэння трэння паміж дэталямі. Гадзіннік складаўся з 80 дэталяў, а іх большасць не перавышала аднаго міліметру.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет
Як раней людзі прачыналіся без будзільнікаў? Ці яны існавалі і раней?
Топ навуковых адкрыццяў жанчын, якія скралі мужчыны
Першая партыя была крыху больш за сто гадзіннікаў
Мінскі завод атрымаў чарцяжы жаночага гадзінніка«Зара» і наладзіў вытворчасць у кароткі тэрмін. З моманту пачатку працы завода да выпуску першых гадзіннікаў прайшло тры тыдні.
У снежні 1955 года мінскі завод выпусціў пробную партыю. Усяго — 128 гадзіннікаў «Зара».
«Было складана, але было цікава. Запал такі быў. Памятаю, калі сышлі першыя гадзіннічкі з канвееру, мы ўсе сабраліся і крычалі “Ура!”», — успамінае супрацоўніца мінскага заводу Ларыса Спіцына. Яшчэ адна супрацоўніца Ларыса Шляпцова больш дэталёва памятае тыя моманты: «Памятаю, што да гадзін дванаццаці ночы мы сабралі першыя гадзіннікі. Было столькі радасці, усе маладыя і натхнёныя. Гэта была вялікая падзея!»
Майстры з мінскага завода праходзілі навучанне ў Пензе, каб навучыцца збіраць гадзіннікі па іх чарцяжах. Першыя гадзіннікі на мінскім заводзе збіраліся ўручную, асноўнымі інструментамі майстроў былі адвёртка і пінцэт.
Ужо ў наступны, 1956-ы год, спецыялісты цалкам уключыліся ў працу, засвоілі работу на канвеерах: было выпушчана больш за 56 тысяч гадзіннікаў.