А вы ведаеце, што першым прэзідэнтам Гаваяў быў беларус?

мікалай судзілоўскі, беларус на гаваях, беларус прэзідэнт гаваяў, судзілоўскі расэл

А вы ведалі, што больш за сто гадоў першым прэзідэнтам Гаваяў стаў беларус? Гэта праўда! У Мікалая Судзілоўскага вельмі цікавы лёс: ён пачынаў як рэвалюцыянер, якога амаль не арыштавала царская ахранка, змог уцячы ў Еўропу, а потым і ў Амерыку. Канфліктаваў у Сан-Францыска з праваслаўным святаром так, што яго адлучылі ад царквы. Тройчы быў жанаты, жыў у дзясятках еўрапейскіх і азіяцкіх краінах… І, вядома, паспех стаць першым гавайскім прэзідэнтам.

PALATNO расказвае пра Мікалая Судзілоўскага.

У 24 гады стаў палітэмігрантам

Мікалай Судзілоўскі нарадзіўся 3 снежня 1850 года ў Магілёве. Судзілоўскі паходзіў са шляхецкай сям’і, яго бацька валодаў маёнткам на Мсціслаўшчыне. У Магілёве хлопец скончыў мужчынскую гімназію і паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, але хутка перавёўся ў Кіеў, каб адвучыцца там на доктара.

У часы студэнтцва зацікавіўся палітыкай. У Кіеве ён стварыў народніцкі гурток, але доўга рэвалюцыйнай дзейнасцю ў Расійскай імперыі займацца не змог. У хуткім часе ім зацікавілася царская ахранка. Яму, як і многім народнікам, ставілі ў віну рэвалюцыйную прапаганду і агітацыю. У 1874 годзе Судзілоўскі быў вымушаны з’ехаць за мяжу.

Спачатку Мікалай накіраваўся ў Лондан, дзе часова ўладкаваўся ў бальніцу Святога Георга. Вядома, што Судзілоўскі выступіў на сходзе, які быў прысвечаны Паўстанню-1863, там жа выступалі Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс.

Пазней ён пераехаў у Жэневу, дзе ажаніўся на Любові Савіч. У шлюбе ў іх нарадзілася дзве дачкі, Вера і Марыя. Разам з Савіч яны едуць у Румынію. Там Судзілоўскі вучыцца на медыцынскім факультэце Бухарэсцкага ўніверсітэта. У той жа перыяд ён змяніў сваё імя на Нікалас Расэла.

У 1877 годзе пачалася руска-турэцкая вайна, у якой Судзілоўскі ўдзельнічае як ваенны доктар. Акрамя ратавання жыццяў, ён прапагандуе рэвалюцыйныя ідэі сярод вайскоўцаў. Гэта быў час, калі Судзілоўскі пазнаёміўся з многімі рускімі дактарамі і атрымаў кантакты, праз якія змог дасылаць рэвалюцыйную літаратуру ў Расійскую імперыю. Пасля вайны ён пачаў выдаваць газету, але пасля ціску з Расіі румынскія ўлады выслалі яго з краіны.

Новае жыццё, новая жонка, новыя краіны

Пасля заканчэння руска-турэцкай вайны Судзілоўскі развёўся з Любоўю Савіч. Ён хацеў і далей працягваць рэвалюцыйную дзейнасць, але спачатку вырашыў падзарабіць грошаў. Ён працаваў хімікам, акулістам і бактэрыёлагам у многіх еўрапейскіх краінах: Аўстрыі, Бельгіі, Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі.

Адной з апошніх еўрапейскіх старонак для Судзілоўскага становіцца Парыж. Там ён застаецца да 1882 года і займаецца палітычнай дзейнасцю. Затым ненадоўга з’язджае ў Балгарыю, а затым — у Грэцыю. У Грэцыі ён ажаніўся ў другі раз, яго жонкай стала Леакадзія Шабека. У 1887 годзе разам з жонкай адплывае ў Амерыку.

У Амерыцы асеў у Сан-Францыска. За гады жыцця на заходнім узбярэжжы атрымаў амерыканскае грамадзянства. У яго з’явілася свая практыка, ён працаваў акулістам. Судзілоўскі даваў прытулак сваім суайчыннікам, працягваў пісаць пра неабходнасць змяненняў у Расійскай імперыі і кантрабандай дасылаў рэвалюцыйную літаратуру.

Амерыка пакінула ў яго не самыя добрыя ўражанні. У лістах ён пісаў, што расчараваўся ў дэмакратыі: «Уся наша дэмакратыя залішняя, глыбінёй яна каля міліметра. Амерыка — чыстая англасаксонская сумесь ненасычанай прагнасці, брутальнай жорсткасці і крывадушнасці». У 1889 годзе ён звярнуўся з просьбай да расійскага ўраду вярнуцца на радзіму, але яму адмовілі.

У Сан-Францыска ў Судзілоўскага здарыўся сур’ёзны канфлікт з епіскапам мясцовай праваслаўнай царквы Уладзімірам. Судзілоўскі абвінаваціў яго ў паборах і разбэшчанасці, а затым звярнуўся да Сінода ў Пецярбурзе з патрабаваннем адхіліць Уладзімір. У сваю чаргу, епіскап абвінаваціў Судзілоўскага ў двоежонстве і адлучыў яго ад царквы. Судзілоўскі падаў грамадзянскую позву аб паклёпе, і пасля гэтага справа вырашалася: Сінод прызнаў адлучэнне недзейсным, а Уладзіміра адклікалі з Амерыкі.

Гавайскі перыяд: любоў да выспаў, праца на плантацыі, выбары ва ўрад

У 1892 годзе Судзілоўскі з жонкай з’язджае з Амерыкі на Гаваі. Там ён уладкаваўся доктарам і займеў уласную плантацыю. Яму падабаліся Гаваі, ён нават пісаў навуковыя артыкулы пра геаграфію выспаў, якія пасля сталі часткай савецкага падручніка па геаграфіі.

На Гаваях ён не пакінуў грамадзянскай пазіцыі. Ён заахвочваў мясцовых выкарыстоўваць гавайскую мову ў школах, быў супраць амерыканскай каланізацыі. Судзілоўскага сталі называць на выспах Каўкай Лукіні («рускі доктар»), але яго афіцыйным імем лічылася тое, што ён набыў у Румыніі — Нікалас Расэл.

У 1893 годзе на Гаваях адбылася рэвалюцыя і манархічны ўрад быў зрынуты. Судзілоўскі лічыў рэвалюцыю памылковай, бо пасля, па яго меркаванні, да ўлады прыйдуць капіталісты. Судзілоўскі выступаў за абвяшчэнне незалежнай рэспублікі з моцным цэнтральным урадам.  На кароткі час была створана Гавайская рэспубліка.

Сітуацыя на Гаваях Судзілоўскаму так не падабалася, што ён вырашыў вярнуцца ў Еўропу. Аднак ад’езд адклаўся, бо ён перадумаў у апошні момант. Судзілоўскі некалькі разоў пераязджаў на выспах, але ў выніку заняўся кававай плантацыяй і медыцынскай практыкай. Справы на яго плантацыі ішлі добра: там пабудавалі дом, стайні, дарогі, апрацоўвалі амаль 20 гектараў кавы. На поспехі імігранта Судзілоўскага звярнула ўвагу мясцовае выданне Hilo Tribune: «Гэта ўсё паказвае, што доктар Расэл той яшчэ дзялок».

Плантатарска-доктарская ідылія скончылася ў 1898 годзе, калі ў Гавайскай рэспубліцы ўвялі падатак на каву. Судзілоўскі быў абураны падаткаў, таму вырашыў арганізаваць Асацыяцыю плантатараў кавы, якую і ўзначаліў. У тым жа годзе ЗША анэксавалі Гаваі, а каб Гаваі сталі часткай амерыканскай дзяржавы там павінны былі прайсці выбары, трэба было стварыць тэрытарыяльны заканадаўчы орган.

У 1900 годзе за месцы ў ім змагаліся рэспубліканцы і дэмакраты, але мясцовыя гавайцы стварылі ўласную партыю, якая прыцягнула асноўныя галасы выбаршчыкаў. Партыя атрымала амаль палову галасоў у гавайскім Сенаце. Пасля выбараў Судзілоўскі пісаў свайму сябру, рэвалюцыянеру Ягору Лазараву:

«Скончыліся восем гадоў алігархіі місіянераў-цукравікоў. Каб падняць мясцовае насельніцтва, мы давалі запальныя прамовы супраць улады і ворагаў Гавайскіх выспаў. Вынікі кампаніі пераўзышлі нашы чаканні… Мы пабілі рэспубліканцаў і дэмакратаў. Я значыўся ў выбарчым бюлэтні як Каўка Лукіні. Мы сутыкаемся з перспектывай здзяйснення сапраўднай рэвалюцыі на ўсіх Гавайскіх выспах зверху ўніз. Я амаль адзіны белы чалавек у абедзвюх палатах, які ведае што-небудзь пра заканадаўчы апарат у цывілізаваных краінах, таму, верагодна, асноўная задача па складанні законапраектаў і дакументаў будзе класціся на мяне».

Мікалая Судзілоўскага абралі прэзідэнтам гавайскага Сенату. У хуткім часе ён зразумеў, што гэта пасада наадварот перашкаджае ўдзельнічаць у палітычных справах, ён не мог удзельнічаць у дэбатах, прасоўваць законапраекты і галасаваць за іх пакуль не ўзнікала тупіковая сітуацыя. Газета Pacific Commercial Advertiser нават апублікавалі карыкатуру на Судзілоўскага і далі яму мянушку «Папа Расэл», на карыкатуры ён быццам сядзіць у баку ад усіх сенацкіх сварак.

Калі Судзілоўскі спрабаваў зацвердзіць сваё лідарства, то яго абвінавачвалі ў тым, што ён дзейнічае з інтарэсаў «кагосьці з Пецярбургу» і паводзіць сябе «па-царску». У выніку, ён вырашаў падаць у адстаўку з пасады прэзідэнта. Пасада сенатара дазволіла Судзілоўскаму нарэшце працаваць з законапраектамі, а галоўным з іх стаў закон па кантролю над спіртнымі напоямі. Для наваспечанага амерыканскага палітыка ён стаў фатальным. Дарэчы, Судзілоўскі актыўна выступаў за ўсеагульнае выбарчае права і ўдзеле жанчын у палітычных працэсах.

У выніку, Судзілоўскі дыскрэдытаваў сам сябе з-за закону аб алкагольных напоях. Рэспубліканская частка Сенату моцна атакавала яго, а гавайцы, якія раней падтрымлівалі яго, выступілі гэтым разам супраць. Вось нататка гавайскай Independent: «Мы глыбока паважаем доктара Нікаласа Расэла, цяпер Сенатара Расэла (ён нам прабачыць выкарыстанне імя, пад якім ён маскіруецца), але найбольшую павагу ён меў як доктар, але як палітык і грамадзянін (якой заўгодна краіны), які вырашае важныя сацыяльныя пытанні, мы думаем, што ён у іх празмерна ўмешваецца і, простай мовай, надта памыляецца».

Законапраект Судзілоўскага аб кантролі над алкаголем адхілілі ў Сенаце. Гэта моцна ўдарыла па ім, ён расчараваўся ў амерыканскай палітыцы і адмовіўся балатавацца ў Сенат на наступны год.

Пераезд у Азію: Кітай, Японія, Філіпіны і зноў Кітай

У 1903 годзе Судзілоўскі захацеў аднавіць рэвалюцыйную дзейнасць на памежжы Расіі. У тым жа годзе ён адплыў у Кітай. Працяглая адсутнасць Судзілоўскага цяжка паўплывала на яго жонку, якая заставалася на Гаваях. Магчыма, яна засталася там без сродкаў, бо гавайскія газеты пісалі пра тое, што яна прадавала частку маёмасці.

У 1905 годзе Судзілоўскі з’язджае ў Японію, куды яго запрасілі агітаваць рускіх ваеннапалонным. Урад Расійскай імперыі пратэставаў праз свайго амбасадара ў Вашынгтоне наконт дзейнасці Судзілоўскага ў Японіі. Амерыканскі ўрад часова папрасіў Судзілоўскага з’ехаць з Японіі. Калі ён вярнуўся на Гаваі, то яго амерыканскі пашпарт і грамадзянства анулявалі. Судзілоўскі быў збянтэжаны гэтым і напісаў пісьменніку Максіму Горкаму пра поўнае расчараванне ў амерыканскай дэмакратыі. Судзілоўскі абвінаваціў Вашынгтон у пераследзе і незаконным пазбаўленні грамадзянства.

У гэты час Судзілоўскі расстаўся з жонкай і зноў з’ехаў у Японію.

Пасля вайны ён застаўся ў Нагасакі. Там пачаў працаваць доктарам і знайшоў новую жонку, мадам Ахару. Ад японскай жонкі нарадзіўся сын Ясуміцу і дачка Флора. У 1906 годзе стварыў выдавецтва для забеспячэння літаратурай рускіх палітычных ссыльных у Японіі і Сібіры.

У 1907 годзе Судзілоўскі пераехаў на Філіпіны. У той час пра яго напісалі ў рускіх газетах, што ён памёр. Ён падзякаваў журналістам «за бясплатны некралог, апублікаваны заўчасна, бо спадзяюся жыць яшчэ шмат гадоў, магчыма, нават сто гадоў». На Філіпінах усынавіў двух хлопцаў Дзіка і Гары, якія засталіся без бацькоў пасля іх смерці (яны былі пацыентамі Судзілоўскага).

У 1921 годзе пераехаў у Кітай. Судзілоўскі шкадаваў, што з-за вандровак так і не змог паўдзельнічаць у рэвалюцыі 1917 года. Аднак ніколі ў Савецкі Саюз не прыязджаў, хоць і падтрымліваў савецкую ўладу.

У 1930 годзе Мікалай Судзілоўскі памёр ад грыпу ў кітайскім Цянцзыню.

Вярнуцца ўгару