Больш за пяцьдзясят гадоў таму ў Мінску адбыўся першы рок-н-рольны фестываль — ён быў першым не толькі ў беларускай сталіцы, але першым і ў СССР. У часы, калі такая музыка была пад забаронай, пад дахам аднаго з вядучых інстытутаў краіны спявалі песні па-англійску, а дзяўчаты лезлі на канцэрты па вадасцёкавым трубам.
PALATNO расказвае, як у савецкай Беларусі стаў магчымы фестываль рок-н-ролу.
Якім быў фэст
Бубны, клавішы, гітары — з сярэдзіны 1960-х прыкладна так выглядаў тыповы рок-н-рольны гурт. І такіх гуртоў у Беларусі станавілася ў тыя часы ўсё больш і больш. Забароненая музыка, якая ўсё роўна захоплівала тысячы і тысячы слухачоў, пранікла і ў савецкую Беларусь: яе гралі ў дварах і рэстаранах. У часы адлігі ў савецкай Беларусі з’явіўся шэраг напалову легальных гуртоў. У большасці яны гралі рок-н-рол і блюз, а самым папулярным напрамкам стаў «біг-біт». Вядома, камуністычная партыя вырашыла ўзяць рок-н-рол у свае рукі — а значыцца, пачаць кантраляваць бунтароў з гітарамі, якія гралі заходнюю музыку.
12-14 красавіка 1968 года ў Радыётэхнічным інстытуце (цяпер — БДУІР) у Мінску адбыўся першы фестываль біт-ансамбляў. Гэта быў не толькі першы фестываль рок-н-ролу ў савецкай Беларусі, але і ў СССР. Знаўцы беларускай музыкі адлічваюць нараджэнне беларускага рок-н-ролу менавіта з гэтай даты, але, вядома, што гэту музыку ў краіне пачалі граць яшчэ раней.
Для ўдзелу ў фестывалі праводзілі адборачныя конкурсы, а сам фестываль прысвяцілі да 50-годдзя БССР. Фестываль арганізаваў рэктарат інстытута, гарадскія ўлады і камсамол, але ініцыятыва сыходзіла знізу — ад саміх музыкантаў. Для будучага мерапрыемства нават распрацавалі свой мерч: вырабілі фірмовыя запрашальнікі і карткі. Эмблемай фестывалю стала графічнае прамяністае сонца.
У фестывалі ўдзельнічалі дванаццаць гуртоў: «Алгарытмы», «2+2», «Грыфы», «Вясёлыя лісы», «Дойліды», «Рэфлексы», «Пінгвіны», «Скіфы», ансамбль Б. Гамаюнава, «Дысканты», «Сінія гітары», «Ювэнта». Кожны з гуртоў выконваў па сем песень — сярод іх павінны былі быць творы савецкіх кампазітараў, апрацоўкі на беларускія тэмы і ўласныя творы. На выступ аднаго гурта давалася 45 хвілін.
Большасць гуртоў складалася са студэнтаў сталічных інстытутаў, сярэдні ўзрост музыкантаў быў 20 гадоў. Але на фэсце выступілі нават школьнікі — яскравым прыкладам былі хлопцы з аднаго мінскага двара, якія прыйшлі на імпрэзу з калектывам пад назвай Funny Foxes («Вясёлыя лісы»).
Адзенне музыкантаў так вылучалася, што савецкія журналісты, якія прысутнічалі на выступах гуртоў пісалі пра яе так: «Гэта нешта сярэдняе паміж формай уланаў Прэабражэнскага палка і членаў Палаты лордаў англійскага парламента». Да таго ж музыкантам перад фестывалям рэкамендавалі падстрыгчыся, але большасць так і засталася з тымі ж бітлоўскімі прычоскамі.
Першае месца заняў гурт «Алгарытмы», на другім месцы аказаўся гурт «Дойліды», а трэцяе месца ўзялі «Рэфлексы».
Лепшым сола-гітарыстам стаў Яўген Канавалаў з «Алгарытмаў». З яго гурта лепшымі прызналі арганіста Вячаслава Ксяндзова, бубнача Міхала Голада, салістку Ларысу Лаўрышкову. Таксама «Алгарытмы» атрымалі прыз за найлепшы ўласны твор — ёй стала песня «13-ы маршрут». Гэта песня была прысвечаная рэальнаму маршруту аўтобусу, які хадзіў па Ленінскім праспекце.
Лепшым рытм-гітарыстам фестывалю прызналі Алега Герасіменку з «Грыфаў», лепшым салістам стаў Юрый Ражаў з «Пінгвінаў». Прыз за найлепшую апрацоўку беларускай тэмы атрымалі музыканты з «Дойлідаў».
Як успрынялі фестываль
Фестываль выклікаў вялікую зацікаўленасць сярод беларусаў. Спачатку ніхто не чакаў, што фэст будзе доўжыцца аж тры дні, але ўвесь гэты час зала Радыётэхнічнага інстытута была забітая натоўпам. Гітарыст з «Алгарытмаў» Яўген Канавалаў успамінаў:
«Атмасфера на фестывалі была, канешне, узрыўная. Была такая папулярнасць! Зафіксавалі нават такія выпадкі, што дзеўчыны збіраліся па вадасцёкавай трубе ў мужчынскі туалет, бо не хапала на ўсіх білетаў».
Музыканты з «Алгарытмаў» таксама ўспаміналі, што аўдыторыя падчас іх выступаў ускоквала з месцаў. А па ўспамінах журы, рэакцыя публікі амаль заўсёды супадала з ацэнкамі членаў журы. Публіцы так падабалася музыка, якую рабілі «Алгарытмы», што музыканты значна даўжэй заставаліся на сцэне, чым на адведзеныя 45 хвілін.
Цікава, што гурт «2+2» падчас фестывалю выканаў дзве кампазіцыі з рэпертуару The Beatles. «2+2» быў не адзіным гуртам, што пелі англамоўныя хіты: «Дойліды», да прыкладу, выканалі складаную песню тых жа «бітлоў» — Help. Гурт «Пінгвіны» ўвогуле прысвяціў адну з песень забітаму за тыдзень у Мэмфісе лідару за грамадзянскія правы Марціну Лютэру Кінгу.
«Знамя юности»: «Калі палічыць колькасьць ансамбляў на душу насельніцтва, то Менск ужо пакінуў Ленінград ззаду. Калі яшчэ ўлічыць, што ў нас цяпер ладзіцца толькі першы такі фэстываль, які пэўна рэзка павялічыць колькасьць прыхільнікаў новага напрамку ў эстраднай музыцы, то можна спадзявацца, што ў хуткай будучыні мы перагонім Ленінград і па абсалютнай колькасьці электрагітарных ансамбляў».
Што было пасля
«Хрушчоўская адліга» скончылася пасля «Пражскай вясны» і ўводу савецкіх войск у Чэхаславакію. Кіраўніцтва СССР так баялася перамен, што ўсе сферы жыцця — у тым ліку, і музычная, — былі пад прыцэльным наглядам. Таму легалізацыя рок-н-рола аказалася прыпыненай і часова згорнутай. Большасць з рок-н-рольных гуртоў расфарміравалі, а музыкаў адправілі служыць у савецкую армію.
Журналіст Віктар Сямашка расказваў, што лёс музыкаў склаўся па-рознаму: лепшы клавішнік фестывалю Вячаслаў Ксяндзоў скончыў жыццё самагубствам у тым жа годзе, лепшы саліст Юрый Ражаў зрабіў кар’еру ў Міністэрстве ўнутраных спраў і ўзначальваў прэсавы цэнтр.
Гурт «2+2» уліўся ў склад «Алгарытмаў» — змяшаны калектыў праіснаваў да 1971 года. Гурт «Дойліды» ўдзельнічаў ў Усесаюзным конкурсе «Алло, мы ищем таланты!» — і тры гады гастраліраваў па Савецкім Саюзе. Уладзімір Спірыдовіч з «Вясёлых лісаў» стварыў гурт «Арганаўты», які ў 1971 годзе перамог на другім біт-фестывалі.
Пасля першага рок-н-рольнага фестывалю заставаліся аўдыёзапісы і відэазапісы мерапрыемства. Аднак фільм пра фестываль некалькі разоў перароблівалі, і ў выніку ўвогуле забаранілі да паказу. З часам яго цалкам знішчылі з зыходнымі матэрыяламі. Копію кінастужкі захаваў дома аператар Эдуард Гайдук. З аўдыёзапісаў захаваліся толькі фрагменты выступу «Алгарытмаў» з глыбіні залі.