502 гады таму, у 1523 годзе ў Кракаве была выдадзена «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Гэта была адна з найяскравейшых паэм пра гісторыю і быт нашых зямель таго часу.
PALATNO расказвае, што Мікола Гусоўскі расказаў у паэме пра наш край.
Пра што паэма?
Асноўны герой паэмы — зубр. Мікола Гусоўскі апісвае жывёлу, яго нораў і паляванне на яго. Разам з апісаннем зубра аўтар расказвае пра край, небяспекі і людзей. Гусоўскі захапляецца прыродай Вялікага Княства Літоўскага, але разам з гэтым нагадвае, што чалавек павінен ведаць меру і не грэбаваць роднай прыродай.
Гусоўскі апісаў зубра як амаль міфічнага героя. Для аўтара гэта быў не проста звер, а выпрабаванне чалавечай мужнасці і розуму. Увогуле праз усю паэму прасочваецца сінтэз жанраў: гэта ода, апісанне прыроды, паляўнічы эпас і палітычная прамова пра родны край для замежнікаў.
Мікола Гусоўскі пісаў тэкст паэмы па-лацінску, калі знаходзіўся ў дыпламатычнай місіі ВКЛ у Рыме. Упершыню «Песню пра зубра» надрукавалі ў 1523 годзе, праз год пасля напісання, у Кракаве.
Галоўныя матывы і сэнсы, якія ўклаў Гусоўскі ў твор:
- Зубр стаў сімвалам краю. Гусоўскі намаляваў зубра як увасабленне першароднай моцы і свабоды, праз гэту жывёлу аўтар паказаў ідэнтычнасць сваё роднай зямлі, якая таксама з’яўляецца еўрапейскай дзяржавай, але зусім адрозная ад іншых краін.
- Чалавек і прырода. Паляванне ў паэме паказваецца як рамяство, рытуал і рызыкоўнае выпрабаванне. Гусоўскі падкрэслівае, што чалавек не павінен валадарыць у прыродзе, а павінен суіснаваць з прыродай і разумець межы.
- ВКЛ як частка Еўропы. Праз «Песню пра зубра» Гусоўскі праклаў культурны мост з ВКЛ у Еўропу. Гусоўскі размаўляў праз паэму па-лацінску з Рымам і Еўропай, то бок іх мовай, каб замежнікі ўбачылі ВКЛ роўнай і каштоўнай часткай Еўропы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Богам дадзены талент». Расказваем пра пісьменніка Лукаша Калюгу
Ён прыдумаў беларускую літаратуру. Расказваем пра фалькларыста Рамуальда Падбярэскага
Паэт нацыянальнай волі і духоўнай трагедыі. Расказваем пра Уладзіміра Жылку
Як «Песня пра зубра» адгукаецца нам цяпер?
«Песню пра зубра» можна раскладваць на некалькі пластоў, бо Мікола Гусоўскі расказвае не проста пра зубра і яго нораў, а падымае шмат пытанняў і праблем.
Па-першае, Мікола Гусоўскі яшчэ ў XVI стагоддзі зрабіў тое, што маркетолагі цяпер называюць наратыўным брэндынгам. Ён расказаў усёй Еўропе пра сваю радзіму праз моцны сімвал, а менавіта — зубра.
Па-другое, зубр для Беларусі і Польшчы быў і застаецца цяпер рэальным паказчыкам, як людзі абыходзяцца з асяроддзем. Гусоўскі спрабуе этычна аргументаваць ахову відаў жывёл і лясоў праз сваю паэму, а саму «Песню пра зубра» можна лічыць раннім маніфестам аховы прыроды.
Паляванне на зубра ў паэме добра спрацавала як метафара палітыкі: гэта рытуал, калектыўная каардынацыя, рызыка перайсці мяжу. Гусоўскі прапаноўвае культуру абмежавання — тое, чаго часта не стае сучасным палітычным элітам.
«Песня пра зубра» аспрэчвае звычку цэнтра вызначаць перыферыі. Мікола Гусоўскі паказвае, што Вялікае Княства Літоўскае не з’яўляецца экзатычнай прасторай, а суб’ектам з уласным досведам. Лацінская мова і антычныя формы паэмы, якія выкарыстаў аўтар, не адбіраюць у твора яго ідэнтычнасць: наадварот, усё гэта дапамагае ў «Песні пра зубра» ўключыць ВКЛ у Еўропу на сваіх умовах.