Пяць антыўтопій, якія дапамогуць паглыбіцца ў свет альтэрнатыўнай рэальнасці (ці мы ўжо там?)

антыўтопіі, лепшыя антыўтопіі, кнігі антыўтопіі

Больш за сто гадоў таму нарадзіўся Джордж Оруэл — майстар антыўтопіі, дзякуючы якому ў сусветнай літаратуры ёсць «1984» і «Ферма». Антыўтопіі часта паказваюць грамадства, у якім улада сканцэнтраваная ў руках невялікай групы людзей або асобы, што прыводзіць да прыгнёту і гвалту. Антыўтапічныя творы дапамагаюць зразумець небяспеку таталітарных рэжымаў і важнасць правоў чалавека.

PALATNO — пра пяцёрку антыўтопій, якія будуць не горш за знакамітыя «1984» і «Ферму».

«Мы» — Яўгеній Замяцін

Раман «Мы» лічыцца адным з першых значных антыўтопій. Ён аказаў вялікі ўплыў на пазнейшыя творы ў гэтым жанры. Яўгеній Замяцін напісаў яго ў 1920 годзе, але яго не друкавалі ў СССР да перабудовы.

У рамане апісваецца грамадства будучыні, у якой дзяржава кантралюе кожны аспект жыцця грамадзян. Галоўны герой, Д-503, расказвае пра сваё жыццё ў гэтым таталітарным грамадстве і сваю паступовую эвалюцыю да свядомасці і бунту.

У 1982 годзе выйшаў нямецкі навукова-фантастычны фільм «Мы» (ням. — Wir). Немцы адаптавалі гісторыю з рамана ў кінастужку. Аднак гэта не адзіная спроба экранізаваць раман Замяціна.

ДЗЕ КУПІЦЬ?
На oz.by можна купіць кнігу ад 6 рублёў.[/su_service]

«451 градус па Фарэнгейту» — Рэй Брэдберы

Кніга Рэя Брэдберы апісвае свет, дзе кнігі знаходзяцца пад забаронай і спальваюцца «пажарнымі». Галоўны герой, Гай Мантэг, таксама працуе «пажарным». Паступова ён пачынае задумвацца пра сэнс сваёй працы і значэнні кніг.

«451 градус па Фарэнгейту» з’яўляецца магутным выказваннем супраць цэнзуры і абмежавання свабоды слова. Брэдберы вельмі любіў чытаць, аднак падчас яго жыцця адбыўся шэраг падзей, дзякуючы якім і з’явілася гэтая кніга. Напрыклад, вялікае ўражанне на Брэдберы зрабілі спальванні кніг нацыстамі ў 1930-я гады.

«451 градус па Фарэнгейту» двойчы адаптавалі для кіно. Першы фільм выйшаў у 1966 годзе пад той жа назвай, што і сама кніга. Рэжысёрам стаў Франсуа Труфо – французскі рэжысёр, адзін з заснавальнікаў знакамітай французскай новай хвалі. Другі фільм выйшаў у 2018 годзе і быў не вельмі добра ацэнены крытыкамі і гледачамі.

ДЗЕ КУПІЦЬ?
На oz.by можна купіць кнігу ад 8 рублёў.

«Дзіўны новы свет» — Олдас Хакслі

Класічная антыўтопія Олдаса Хакслі апісвае будучыню, дзе людзі штучна ствараюцца ў адмысловых інкубатарах і выхоўваюцца ў сістэме каст, дзе няма месца для індывідуальнасці і свабоды.

У рамане падымаюць пытанні этыкі і маралі ў грамадстве, якое з’яўляецца цалкам пад кантролем.

Раман Хакслі неаднаразова экранізавалі, а самая апошняя адаптацыя выйшла на тэлебачанні пад назвай «Дзіўны новы свет». Аднак пасля аднаго сезону серыял вырашылі закрыць.

ДЗЕ КУПІЦЬ?
На oz.by можна купіць кнігу ад 12 рублёў.

«Аповед служанкі» — Маргарэт Этвуд

Маргарэт Этвуд стварыла раман, у якім расказваецца пра грамадства будучыні. У гэтым грамадстве жанчыны пазбаўленыя сваіх правоў, іх выкарыстоўваюць як інструмент для размнажэння.

Галоўная гераіня, Фрэдава, расказвае пра сваё жыццё ў Рэспубліцы Гілеад з тэакратычным рэжымам. Гэты раман крытыкуе патрыярхальныя структуры і, адпаведна, тэакратычнае кіраванне.

У 1990 годзе «Аповед служанкі» экранізавалі, аднак найбольшы поспех меў серыял, які пачаў выходзіць у 2017 годзе. У галоўных ролях здымаліся Элізабэт Мос, Джозэф Файнс, Івон Страхоўскі.

ДЗЕ КУПІЦЬ?
На oz.by можна купіць кнігу ад 13 рублёў.

«Чалавек, які бяжыць» — Стывен Кінг

Стывен Кінг напісаў твор пад псеўданімам Рычарда Бахмана, а ў сваіх мемуарах прызнаваўся, што напісаў кнігу ўсяго за тыдзень. Дарэчы, падзеі гэтай кнігі адбываюцца ў 2025 годзе.

У гэтым антыўтапічным творы Кінг апісвае свет, дзе бедныя людзі вымушаны ўдзельнічаць у смяротных тэлевізійных шоу, каб выжыць. Галоўны герой, Бэн Рычардс, удзельнічае ў самым небяспечным з іх — «Чалавек, які бяжыць». У ім герой павінен уцякаць ад прафесійных забойцаў і паліцыі, каб зарабіць грошы на лячэнне сваёй дачкі.

У экранізацыі кнігі за 1987 годзе ў галоўнай ролі здымаўся Арнольд Шварцэнэгер. Магчыма, што ў 2025 годзе выйдзе новая адаптацыя фільма з Гленам Паўэлам у галоўнай ролі.

ДЗЕ КУПІЦЬ?
На oz.by можна купіць кнігу ад 12 рублёў.
Вярнуцца ўгару