Пяць кніг, якія варта прачытаць увесну

кнігі на вясну, што пачытаць вясной, беларускія кнігі пра вясну

Эх, а што калі стаць рабінзонам, але не ў далёкіх краінах з блакітным морам, а на Палессі падчас паводкі? Ці адчуць, што думаюць кветкі? А ці можам мы атрымаць другі шанец, калі будзем дапамагаць іншым?

PALATNO расказвае пра кнігі, якія трэба прачытаць гэтай вясной (ці любой іншай вясной).

«Таямнічы сад»

Аўтар: Фрэнсіс Эліза Бёрнэт

Раман «Таямнічы сад» пісьменніцы Фрэнсіс Элізы Бёрнэт быў апублікаваны яшчэ ў 1911 годзе. У ім расказваецца гісторыя дзяўчынкі Мэры, якая пасля смерці бацькоў у Індыі пераязджае ў Англію да дзядзькі ў маёнтак. Спачатку Мэры паказваецца як даволі капрызная і эгаістычная дзяўчынка, але паступова яна змяняецца. У дзядзькавым маёнтку яна знаходзіць закінуты сад, у якім разам з новымі сябрамі пачынае яго аднаўляць.

Раман падыходзіць для чытачоў любога ўзросту. Ён расказвае пра сяброўства, адраджэнне душы і цела і, вядома, другі шанец.

«Клуб аматараў кніг і пірагоў з бульбяных лупінаў»

Аўтар: Эні Бэроўз, Мэры Шафер

Раман быў напісаны Мэры Шафер і дапрацаваны яе пляменніцай Эні Бэроўз. Кніга з’яўляецца эпісталярным раманам (то бок, у выглядзе лістоў) і расказвае пра пасляваенны перыяд у Вялікабрытаніі. Пасля Другой сусветнай вайны галоўная гераіня, пісьменніца Джульет, шукае тэму для новай кнігі. Джульет перапісваецца з Доўсі Адамсам з выспы Гернсі, які падчас вайны акупавалі нацысты: той расказвае ёй пра незвычайны літаратурны клуб. Джульет зацікавілася гісторыяй пра клуб, так яна пачынае перапісвацца з іншымі членамі клуба, а потым сама прыязджае на выспу. З часам Джульет разумее, што знайшла матэрыял не толькі для новай кнігі, а месца, дзе хоча жыць.

палескія рабінзоны, янка маўр, пра што палескія рабінзоны, кароткі змест палескія рабінзоны
Так штучны інтэлект бачыць палескіх рабінзонаў Янкі Маўра.

«Палескія рабінзоны»

Аўтар: Янка Маўр

У сваёй аповесці Янка Маўр расказвае пра двух падлеткаў, якія вандруюць падчас паводкі па Палессі і выпадкова трапляюць на маленькі астравок. Падлеткі не могуць з яго выбрацца, таму доўгі час выжываюць там: вучацца паляваць і будаваць жытло. Яны чакаюць пакуль вада сыдзе і яны змогуць выбрацца. З часам яны разумеюць, што палескія прасторы выкарыстоўваюць кантрабандысты, у якіх у закладніках знаходзіцца міліцыянер. Гэтага міліцыянера падлеткі ратуюць ад забойства кантрабандыстаў, а саміх злачынцаў арыштоўваюць.

Маўр натхняўся «Рабінзонам Круза», але перанёс падзеі ў знаёмыя беларускія мясціны. Пісьменнік развенчвае захапленне экзотыкай далёкіх краін, бо і на радзіме ёсць непаўторная прыгажосць з сапраўднымі выпрабаваннямі.

Выхаваўчае значэнне аповесці

«Палескія рабінзоны» – гэта не проста прыгодніцкі твор, а кніга, якая выхоўвае патрыятызм, цікавасць да гісторыі і прыроды роднага краю, вучыць настойлівасці, мужнасці, уменню знаходзіць выйсце нават у самых складаных сітуацыях. Янка Маўр паказвае, што сапраўдныя адкрыцці і прыгоды могуць адбывацца не толькі ў далёкіх марах, але і ў родных мясцінах – трэба толькі ўмець глядзець на свет з цікавасцю і любоўю.

«Мова кветак»

Аўтар: Ванэса Дыфенбах

Кніга «Мова кветак» ад Ванэсы Дыфенбах спалучае драму і псіхалагічны трылер з элементамі рамантыкі. Па сюжэце кнігі галоўная гераіня, Вікторыя Джонс, усё жыццё правяла ў прыёмных сем’ях і дамах для сірот. Яна не можа давяраць людязм і выражае свае пачуцці праз кветкі. Яна пачынае працаваць у кветкавай краме і адкрывае талент: яна можа знаходзіць кветкі, якія перадаюць эмоцыі. Аднак мінулае дзяўчыны не дае ёй спакою.

«Мэсія з роду Эфраіма»

Аўтар: Мойшэ Кульбак

Мойшэ Кульбак напісаў раман на ідышы ў 1924 годзе, яго падзеі адбываюцца ў ваколіцах Смаргоні ў пачатку мінулага стагоддзя. Па сюжэце ў розных мясцінах Беларусі патаемныя праведнікі рыхтуюць свет да прыходу месіі: галоўнымі героямі выступаюць людзі, якія адпраўляюцца ў вандроўку, мэта якой да канца не тлумачыцца. Гэтыя героі з’яўляюцца патаемнымі праведнікамі, якія рыхтуюць прыход месіі на літоўскую зямлю, і, адпаведна, шукаюць самога месію.

Раман-містэрыя, які стварыў Кульбак, гэта сумесь яўрэйскага фальклору і беларускага духу.

Раман на беларускую мову пераклаў Сяргей Шупа. Пераклад ёсць на польскую і літоўскую мовы.

Вярнуцца ўгару