Плешчаніцы ведаюць з-за вучылішча алімпійскага рэзерву, з якога выходзіла нямала зорак беларускага спорту. Аднак мястэчка на Міншчыне вядомае не толькі гэтым. Плешчаніцы цяпер невялічкі пасёлак, а раней — належала Тышкевічам, у савецкі час быў цэнтрам раёну.
PALATNO расказвае пра атмасферу Плешчаніц, якая шмат каго можа прыемна ўразіць.
Змест
Спадчына Тышкевічаў і шматканфесійнасць мястэчка
Упершыню Плешчаніцы ўпамінаюцца ў самым канцы XV стагоддзя як вёска Мінскага павета. Мясціна знаходзілася ва ўладанні Тышкевічаў, якія рупіліся пра ўладкаванне Плешчаніцаў: у 1817 годзе тут збудавалі царкву, а ў 1825 годзе заснавалі прыгонны тэатр. У ХІХ стагоддзі акрамя царквы ў мястэчку была і сінагога, якое славілася на ваколіцу тым, што ў паселішчы збіраліся два кірмашы, былі дзве карчмы, працавалі школа, бровар і пяць крам.
У 1882 годзе пры Тышкевічах у мястэчку заснавалі фабрыку шавецкіх капылоў, пазней — фабрыку шавецкіх гваздоў, якая з 1910 года пачала называцца «Германа-амерыканская фабрыка драўляных шавецкіх гваздоў і шпілек». Прадпрыемства мела дзве паравыя машыны, паравы кацёл, на ім працавала больш за 100 чалавек.
Сядзіба саміх Тышкевічаў не захавалася, аднак дажыў да сённяшняга часу вялікі драўляны дом кіраўніка сядзібы канца ХІХ.
Водгук эпохі Тышкевічаў застаўся не толькі ў гэтым. Цяперашні касцёл Плешчаніцаў размешчаны ў былых стайнях славутага беларускага дваранскага роду. Дзякуючы прыхільнасці ўладаў, парафіі перадалі закінуты будынак былой стайні Тышкевічаў пад касцёл. Летам 2019 года адбылося асвячэнне касцёла. Асвячэнне здзейсніў падчас урачыстай літургіі сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У найноўшай гісторыі Плешчаніц пабудавалі драўляную праваслаўную царкву на месцы Міхайлаўскага храма, які закрылі ў 1930-я гады і згарэў у 1941-м.
Аднак гэта не ўсе хрысціянскія канфесіі, якія прысутнічаюць ў амаль шасцітысячным мястэчку. У Плешчаніцах ёсць і пратэстанты. Пратэстансцкі храм у мястэчку вылучаецца архітэктурным рашэннем і працягвае ўвагу гасцей Плешчаніцаў.
Яўрэйская спадчына мястэчка
Некалі Плешчаніцы ўсё ж былі тыповым шматэтнічным беларускім мястэчкам, дзе абавязкова жылі яўрэі. Адпаведна ў паселішчы была ўласная сінагога і могілкі, дзе яўрэйская абшчына Плешчаніцаў хавала сваіх. На сённяшні дзень у Плешчаніцах яўрэйскага насельніцтва няма, бо падчас нямецкай акупацыі больш за паўтысячы чалавек знішчылі карнікі Трэцяга Рэйху.
Адметна, што мемарыяльны знак з надпісам фактычна прызнаваў факт Халакосту — пра гэта ў савецкія часы гаварыць было не прынята. Звычайна этнічная прыналежнасць забітых людзей падчас нямецкай акупацыі не згадвалася: пісалі пра «погибших советских граждан».
Будынак сінагогі захаваўся да нашых дзён. Перашачаткова сінагога была драўляная, але ў пасляваенны час будынак змяніўся да непазнавальнасці, бо яго абклалі чырвонай цэглай пры перабудове. Цяпер тут знаходзіцца Дом дзіцячай творчасці: аднапавярховы цагляны будынак знешне зусім непадобны на сінагогу, але ж некалі быў ім.
Яўрэйскія могілкі таксама захаваліся. Там ёсць надмагільныя пліты, але яны засталіся забытымі, для мясцовых — гэта зялёная зона, дзе можна прайсціся. Частка надпамільных плітаў урасла ў зямлю, а некаторыя пакрыліся мохам і зліліся з навакольным асяроддзем.
У Плешчаніцах захаваўся цагляны будынак былой пякарні, што пабудавалі напачатку XX стагоддзя. Хутчэй за ўсё, яна належала мясцовым яўрэям.
Мемарыяльны камень, савецкія помнікі, брукаванка
Каля Плешчаніцаў адбыліся падзеі руска-французскай вайны 1812 года. Там праходзілі баі напрыканцы лістапада паміж авангардам рускай арміі на чале з генерал-лейтэнантам Чапліцы і часцямі арміі Напалеона.
Узброеныя сутыкненні пад Плешчаніцамі засведчылі цяжкі стан французскага войска: рускія актыўна наступалі, прымушалі ворагаў адступаць і губляць узбраенне. Так французы адступілі да Маладзечна, а рускія захапілі тысячы палонных.
Для мясцовых гэта падзея не з’яўляецца нечым адметным і далёка не кожны ведае пра існаванне мемарыяльнага каменя.
Насупраць мемарыяльнага камня аб падзеях 1812 года знаходзіцца яшчэ адзін мемарыял — савецкім патрыётам, што былі забітыя нацыстамі падчас апошняй вайны. А калі прайсці яшчэ трохі далей, то можна пабачыць брацкую магілу.
Мясцовай адметнасцю з’яўляецца брукаваная дарога, якая вядзе акурат да мясцовага вадасховішча. Брукаванка адносіцца яшчэ да часоў ХІХ стагоддзя, хоць цяжка адназначна гэта сцвярджаць. Некаторыя мясцовыя дапускаюць, што брукаванку заклалі ў савецкія часы.
Калі прайсці да канца брукаванай дарогі, то трапіш да прыгожага плешчаніцкага водасховішча, якое было створана для рэгулявання стока рэчкі Дзвінасы. Штучнае вадасховішча пабудавалі ў 1960-я. Цяпер яго выкарыстоўваюць для спартыўных мерапрыемстваў і як зону адпачынку.
Аўтастанцыя, драўляная архітэктура, абсерваторыя
Сваеасаблівая атмасфера Плешчаніцаў пачынаецца ўжо з прыбыцця на мясцовую аўтастанцыю. Мяcцовыя людзі ў мястэчку гаваркія і на шмат якія пытанні могуць з лёгкасцю адказаць, параіць дзе пагуляць, што паглядзець і паесці. Прыемна ўражваюць і мясцовыя таксісты, якія таксама лёгка ідуць на кантакт, прыемныя ў размове, падчас якой адчуваецца іх мясцовы каларыт.
Яшчэ ў першай палове 2010-х гадоў у Плешчаніцах была старая драўляная аўтастанцыя, якая вонкава і знутры выглядала вельмі аўтэнтычна і атмасферна. Хоць так падавалася толькі некаторым турыстам, аматарам гісторыі, культуры і краязнаўцам, а вось простыя тутэйшыя жыхары наракалі і хацелі новую аўтастанцыю, якая праз пэўны час паўстала (дакладней была рэканструявана або моцна перароблена старая).
Недалёка ад аўтастанцыі знаходзіцца галоўная плошча мястэчка, на якой досыць стандартна размешчаны будынак плешчаніцкага сельсавета, а насупраць — помнік Леніну. Помнік Ільічу выглядае не надта прыкметным: маленькім (сапраўднага росту) і на невыразным пастаменце, які хаваецца ў ценю блікітных елак.
Больш за тое, Ленін акружаны беларусамоўным вывескамі і шыльдамі, бо акрамя аўтастанцыі падпісаны па-беларуску некалькі мясцовых крамак і кафэ (да прыкладу кафэ «Сузор’е»). І мясцовая нацыянальна арыентаваная моладзь ў канцы 1990-х «правадыра пралетарыяту» неўзлюбілі: заляпалі фарбамі яго так, што начальства аддзірала некалькі дзён.
У Плешчаніцах багатая драўляная архітэктурная спадчына. Прыватны квартал немаленькі, там можна пабачыць рознакаляровыя хаты з разнастайнымі ліштвамі і іншымі архітэктурнымі ўпрыгажэннямі. Пры гэтым захаваліся і вялікія драўляныя дамы, частка з якіх некалі верагодна належыла мясцовым яўрэям.
Наогул забудова ўсіх Плешчаніцаў — гэта сумесь даўгіх кварталаў з пераважна драўлянымі хатамі і раёнам мястэчка з двух-, трох- і чатырохпавярховымі цаглянымі і блочнымі дамамі (рознага часу пабудовы), частка з якіх размешчана сярод прыгожых паркава-лясных зонаў.
Мала, хто ведае, што Плешчаніцы — гэта яшчэ і навуковы цэнтр. Менавіта тут знаходзіцца Беларуская геафізічная абсерваторыя. На ўскрайку мястэчка сярод здзічэлага саду хаваецца ад вачэй сціплы двухпавярховы дамок. Геафізічную абсерваторыю «Плешчаніцы» стварылі ў 1958 годзе.
У Беларусі тры сталіцы — Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы
У Беларусі існуе вядомая прыказка: «У Беларусі тры сталіцы — Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы». Існуе дзве версіі пра яе паходжанне.
Згодна першай з іх, такая прыказка магла з’явіцца ў пачатку 1920-х гадоў, калі толькі адбывалася фармаванне сучаснай тэрыторыі Беларусі. Быў такі перыяд у гісторыі краіны ад 1921 да 1924 гадоў, калі на працягу некалькіх гадоў Беларусь складалася ўсяго з шасці паветаў былой Мінскай губерні. У той час уся Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, а ўся Усходняя Беларусь — у савецкую Расіі. Вось і з’явілася ў народзе такая мудрая прыказка з намёкам на тое, — што, маўляў, што гэта за краіна такая, дзе ўсяго тры гарады — Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы.
Згодна другой версіі, Плешчаніцы — мястэчка, дзе значную частку насельніцтва складалі яўрэі. Вядомыя яўрэі плешчаніцкай зямлі — пісьменнік Ізраіль Сегаль (1926-2001), філосаф — Эліяху Гутмахер (1796-1874), амерыканскі мастак — Хендэль Ліберман (1900-1976), рэлігійны дзеяч — Менахем-Мендл Футэрфас (1907-1995), мемуарыст — Шмуэль-Давід Кугель. Адпаведна прыказка «У Беларусі тры сталіцы — Мінск, Бабруйск і Плешчаніцы» тлумачыцца іначай. Значэнне прыказкі ў тым, што ў Плешчаніцах і ў яго навакольных мястэчках пражывала ў той час не менш яўрэяў, чым у Бабруйску і Мінску, дзе іх у працэнтных суадносінах было найбольш у Беларусі.
***
У свой час аўтар матэрыялу быў настолькі ўражаны атмасферай пры наведванні, здавалася б звычайнага мястэчка, што напісаў цэлы верш-гімн Плешчаніцам, які не сорамна прэзентаваць на шырокую публіку ды нават перад самімі жыхарамі ўнікальнага мястэчка:
Толькі на твары з’яўляецца згуба,
Адразу тутэйшыя людзі пытаюць,
«Штосьці шукаеш?», — параіць што маюць,
Шчырасць людзей і мястэчка ўжо люба.
О, Плешчаніцы!
Адна з трох сталіца,
Дзівосаў хапае ў ёй,
Так будзь ж незвычайнай такой!
Вуліцаў утульнасць, прасторы багата,
Прыезд у мястэчка стаў маленькім святам,
Дамоў незвычайнасць, брук на дарозе,
Мо хтось адлюстроўваў гэта ў прозе?
О, Плешчаніцы!
Адна з трох сталіца,
Дзівосаў хапае ў ёй,
Так будзь ж незвычайнай такой!
За дзень не абыйдзеш ўсіх Плешчаніц часткі,
Ды мабыць прыродзе не трапіш у ласку,
Яшчэ сюды варта прыехаць, сябры,
З людзьмі каб завесці гамонку ў двары.
Хведар Прылёпаўскі