Now Reading
Супрацоўніцтва ў часы крызісу: як выглядаюць адносіны гарадоў-пабрацімаў

Супрацоўніцтва ў часы крызісу: як выглядаюць адносіны гарадоў-пабрацімаў

Вайна Расіі супраць Украіны, у якую апынулася ўцягнута і Беларусь, прывяла да шэрагу заканамерных падзей у выглядзе санкцый, абмежаванняў. А як пры гэтым выглядаюць «лакальныя» адносіны? Полацк заўсёды ганарыўся сваім сяброўствам з нямецкім горадам Фрыдрыхсхафенам, а як гэта выглядае сёння?

Адкуль увогуле ўзяліся гарады-пабрацімы

Гарады-пабрацімы іначай таксама называюць «пародненыя» гарады. Фармальна гэта форма сувязі, якая заключаецца ў падпісанні пагадненняў аб супрацоўніцтве і сяброўстве, сумесных праектах у гуманітарнай, эканамічнай, культурнай сферах. Звычайна гэта з’ява ўключае ў сябе абмен дэлегацыямі, наладжванне камунікацыі паміж жыхарамі, гуманітарную ці тэхнічную дапамогу, абмен вопытам і таму падобнае.

Упершыню такую дамову заключылі ў 1944 годзе савецкі Сталінград (Валгаград) і англійскі горад Ковентры. Была вельмі прыгожая гісторыя, калі жыхары Ковентры вышылі абрус і сабралі грошы для аднаўлення разбуранага Сталінграда. У 1950-х практыка такіх кантактаў распаўсюдзілася.

У Беларусі гэта вельмі папулярна, і, як сцвярджае афіцыйны сайт Віцебскага выканкама, «чым гэты лік (колькасці пабрацімаў — рэд.) больш, тым больш дружалюбным і гасцінным з’яўляецца горад».

Праўда, вельмі важна, што адна з галоўных задач такой сувязі — аказваць дапамогу ў цяжкіх сітуацыях. І падобным чынам рэагаваць на падзеі ў свеце. Так, у сакавіку 2022 года той жа брытанскі Ковентры аб’явіў аб разрыве пабрацімства з Валгаградам у сувязі з нападам Расіі на Украіну.

Вясной і летам мінулага года пагадненні аб пабрацімстве з беларускімі гарадамі ў аднабаковым парадку спынілі ўкраінскія гарады (у т.л. Кіеў, Мікалаеў, Палтава), польскія (Гдыня, Вроцлаў і інш.) і літоўскія (Клайпеда, Шаўляй і інш.).

Полацк і Фрыдрыхсхафен

Горад Полацк мае пагадненні з 32 гарадамі з 13 краін свету (паводле інфармацыі аддзела па адукацыі Полацкага выканкама; на афіцыйным сайце гарадскіх уладаў такой інфармацыі няма зусім).

Назву нямецкага горада Фрыдрыхсхафен у Полацку ведае ці не кожны жыхар. Як мінімум, таму што так названы адзін з гарадскіх прыпынкаў у цэнтры горада. Але таксама і таму, што пра гэтую тэму рэгулярна пішуць мясцовыя СМІ: турыстычныя вандроўкі, новае абсталяванне ў бальніцу, сяброўскія экскурсіі як палачан, так і немцаў.

Гарады сябруюць больш за 30 год і мінулы не стаў выключэннем: у верасні з чарговым візітам у Полацк прыязджаў Уве Ленц – каардынатар партнёрскіх адносін, старшыня гарадской рабочай групы пры адміністрацыі Фрыдрыхсхафена. Акрамя дыпламатычных сустрэч, ён правёў яшчэ тэхнічнае абслугоўванне і дыягностыку медыцынскага абсталявання. Гарадская газета «Полацкі веснік» падкрэслівае, што за гады супрацоўніцтва для медыцынскіх установаў Полаччыны было пастаўлена сотні адзінак медабсталявання, у тым ліку жыццёва неабходная тэхніка (дэфібрылятары, кювезы, кардыёманіторы).

Існуе сайт Freundeskreis Polozk (Кола сяброў Полацка), праўда, толькі ў нямецкамоўнай версіі. Гэта зарэгістраваная асацыяцыя, якая падтрымлівае партнёрства між гарадамі і ўсяляк спрыяе іх развіццю. Тут і пра апошнія навіны супрацы, і пра праекты, і асобна — катэгарычнае заяўленне супраць вайны.

«У Полацку пануе беднасць»

Ні «Полацкі веснік», ні старшыня выканкама Ігар Марковіч, які актыўна дзеліцца навінамі на сваёй старонцы ў Instagram, пра вайну не выказваюцца. Роўна як і не распавядаюць пра тое, што горад прапануе ўзамен у адказ на бясконцую гуманітарную дапамогу. А тым часам у снежні мінулага года ў нямецкім выданні Suedkurier.de з’явіўся цікавы артыкул з разважаннямі – ці магчымыя ахвяраванні ў Беларусь і ці павінна яно быць зараз?

Адказ – адназначна станоўчы. Арганізатары і актывісты партнёрскай асацыяцыі, у тым ліку й прадстаўнікі царквы дзеляцца сваімі ўражаннямі пра беларускую ўладу, горад Полацк і яго жыхароў. Маўляў, тыя знаходзяцца ў крытычным фінансавым становішчы, пануе беднасць і асабліва моцна – сярод сталага насельніцтва. Распавядаюць пра інфляцыю, кошты на прадукты і лекі, абмежаванасць медыцыны. Той самы Уве Ленц нават прыводзіць лічбы: «Звычайны рабочы зарабляе ўсяго 150-200 еўра, доктар — 300 еўра».

Гэтая навіна, з аднаго боку, уражвае. Яна паказвае, што еўрапейцы раздзяляюць уладу і народ, і эмпатычна ставяцца да чужых праблемаў. А з іншага – выклікае пытанне:  у якой сітуацыі наша краіна, калі людзі, якія жывуць у горадзе амаль за дзве тысячы кіламетраў, хвалююцца за дабрабыт тутэйшых пенсіянераў і самотных людзей  больш, чым тут свае?.. І што было б з той жа сітуацыяй з медыцынай у Полацку і раёне, калі б не гэтая дапамога?

P.S. У Instagram да допіса ў старшыні Полацка пра сустрэчу з нямецкімі партнёрамі быў водгук, які хочацца прывесці цалкам і без дадатковых заўваг:

«Спасибо Вам за все Ваши старания, дорогой Игорь Иванович! Может быть у них есть возможность помочь инсулиновой помпой? А вдруг, где-нибудь завалялась ненужная. Не по карману нам, а для них, глядишь — пустяк».

Вярнуцца ўгару