Час ад часу беларускія чыноўнікі праводзяць прыёмы і гарачыя тэлефонныя лініі. Людзі калі-нікалі звяртаюцца да старшынь райвыканкамаў па дапамогу ў надзеі вырашыць нават асабістыя праблемы.
PALATNO даследавала ўсе беларускія рэгіёны і расказвае, з якімі праблемамі звяртаюцца да чыноўнікаў людзі: ад лавак у двары і галубоў на гарышчы да змянення часу працы адзінага кафэ і іржавай вады ў вёсцы.
У Беларусі адна з галоўных праблема — дарогі
Адна з самых распаўсюджаных праблем ва ўсіх беларускіх рэгіёнах — стан дарог у гарадах, а яшчэ часцей — у сельскай мясцовасці. На Астравеччыне прасілі перакласці асфальт, насыпаць гравій. З такой просьбай ішлі праз камунальныя службы і звярнуліся да старшыні райвыканкама. І гэта не адзіны выпадак у Беларусі. Амаль такія ж праблемы і ў Мінскай вобласці ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці: у прыватным сектары ў Маладзечне гараджане прасілі адрамантаваць дарогу, а ў вёсцы Качаны — хочуць новую.
У Дзяржынску пастар звярнуўся напрамкі да старшыні райвыканкама, каб той дапамог пракласці дарогу калі царквы. Высветлілася, што пракласці дарогу там планавалі яшчэ летась, але грошай на гэта ў чыноўнікаў не хапіла. Там жа, у Дзяржынску, мясцовая жыхарка паскардзілася на тое, што ля шматкватэрнага дома не мянялі асфальт амаль 30 гадоў. У ЖКГ адказалі, што гэтую праблему пакуль што не могуць вырашыць, бо займаюцца «смеццевым» пытаннем.
У Ельску мясцовыя жыхаркі прасілі адрамантаваць дарогу каля дома. Жанчыны скардзіліся, што ім цяжка перасоўвацца па ямах. Па іх словах, нават таксісты адмаўляюцца заязджаць да іх у двор праз кепскі стан дарогі. Відавочна, тая дарога стала сур’ёзнай праблемай, бо нават праўладныя журналісты зрабілі адтуль рэпартаж.
Ва Ушацкім раёне праблема з дарогамі вырашаецца сіламі саміх жыхароў вёсак, якія падсыпаюць на кепскія дарогі зямлю ці пясок. Разам з гэтым, мясцовым чыноўнікам дзякуюць за будаўніцтва тратуара ля бальніцы.
У Іўі старшыня райвыканкама вырашаў праблему з праходам да цэнтра горада, які быў зачынены з-за пажару ў закінутым дзіцячым садку. Высветлілася, што тая вуліца нават не заасфальтаваная, а побач няма крам. Мясцовыя, у асноўным — пенсіянеры, чакаюць хуткага вырашэння. Старшыня адказаў, што асфальтаваць пачынаюць з цэнтра (таму трэба пачакаць), а адкрыццё дарогі хутка адбудзецца (але таксама трэба пачакаць).
Кантраляваць жанчын з алкагалізмам і галубоў
Па ўсёй Беларусі раённыя газеты часам расказваюць, як у таго ці іншага старшыні райвыканкама прайшлі сустрэчы з мясцовымі жыхарамі і з якімі праблемамі людзі звяртаюцца да чыноўнікаў. Аднак такія справаздачы можна знайсці не ў кожнай раёнцы, а старшыні не вельмі часта адчытваюцца аб выкананай рабоце. Некаторыя чыноўнікі штомесяц расказваюць праўладным журналістам, як дапамаглі з добраўпарадкаваннем дворыка ці з пандусам для людзей з інваліднасцю ці сталага веку.
Так, яшчэ да пачатку лета ў маладзечанскага старшыні Юрыя Горлава было шмат працы. Яго прасілі ўсталяваць лаўку ў адным з маладзечанскіх двароў, абмежаваць доступ галубоў на гарышча дома, абнавіць разметку пешаходных пераходаў у Радашкавічах, пералічыць пенсію. Раёнка адрапартавала, што ўсе пытанні былі ўзяты на кантроль.
Жыхар вёскі Трашчаны на Астравеччыне спрабаваў высветліць у старшыні мясцовага райвыканкама Ігара Шалудзіна, які да чынавенскай працы быў аграномам, як прадаць цяля. У мужчыны ніхто не купіў жывёлу па аб’яве, таму ён запытаўся, куды можна яго прадаць. Шалудзін «обращение выслушал и взял на карандаш».
У Клецку два мясцовых жыхары звярнуліся да старшыні Юрыя Карловіча, каб той дапамог ім з працай. Гэтыя пытанні, па класіцы, «были взяты на кантроль». Лельчыцкі старшыня Сяргей Дылюк вырашаў пытанні з аварыйнымі дрэвамі. І, як адзначыла мясцовая раёнка, «занял в этом вопросе принципиальную позицию»: даручыў камунальнікам даследаваць дрэвы. У Паставах старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік увогуле не сутыкаўся з праблемнымі пытаннямі гэтым летам. Да яго на прыём прыйшла толькі адна жанчына, якая дзякавала за прыгажосць ля Дома культуры.
У Гарадку мясцовыя жыхары паскардзіліся на тое, што іх шматкватэрны дом трэба аператыўна адрамантаваць. І на месца адразу ж выехала старшыня Ірына Палякова. Высветліць, чым жа скончылася гісторыя, не атрымалася. Вядома, што Палякова яшчэ раз сустрэлася з жыхарамі дома і паразмаўляла з імі.
У Дрыбіне да старшыні Ірыны Стрэчын прыйшла занепакоеная грамадзянка, якая скардзілася на знаёмую жанчыну, што злоўжывае алкаголем і мае непаўналетніх дзяцей.
У Касцюковічах старшыня Аляксандра Міхеенка выслухоўвала скаргі мясцовага жыхара на тое, што час ад часу прарывае трубы і залівае агарод з дваром. Спецыялісты водаканала пытанне вырашыць не змаглі. У райвыканкаме сказалі, што трэба проста пачакаць.
У Круглым старшыня Сяргей Ермаліцкі ратаваў каханне: да яго звярнулася мясцовая жыхарка, якая прыехала ў горад па размеркаванні, а яе муж жыве ў Мінску. Дзяўчына прасіла адмяніць размеркаванне ў Круглым і пакінуць магчымасць застацца з мужам у сталіцы. А яшчэ Ермаліцкі сур’ёзна адносіцца да занядбаных зямельных надзелаў, пагражае адабраць іх і аддаць тым, каму яны сапраўды патрэбны.
Вясковыя хочуць чыстай вады, зямлі і развіцця
Час ад часу чыноўнікі ездзяць па вёсках. Ушацкі старшыня Сяргей Садоўскі прыехаў у адну з вёсак, дзе выслухоўваў праблемы жыхароў і абяцаў усё вырашыць, а пакуль «берёт на карандаш». Напрыклад, у вёсцы Двор Пліна гадамі з-пад крану цячэ іржавая вада. Гэту праблему павінны былі вырашыць за кошт сродкаў ад Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, але пасля санкцый фінансаванне было спыненае. Новыя сродкі на чыстую ваду ў вёскі ва Ушацкім раёне чыноўнікі так і не знайшлі.
Даведка
Беларуская «ўлада» пастаянна падкрэслівае, што санкцыі ніякім чынам не ўплываюць на развіццё краіны. Так, Наталля Качанава заявіла напрыканцы ліпеня, што «насуперак санкцыйнаму ціску дабрабыт краіны прырастае ўпэўненымі тэмпамі». А намеснік міністра замежных спраў Ігар Назарук адзначыў, што «Беларусь падстроілася пад новыя ўмовы». Намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў кажа, што «ва ўмовах санкцыйнага ціску прадпрыемствы працуюць і людзі атрымліваюць годны заробак». Нагадаем, санкцыі былі ўведзены пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і саўдзелу ў вайне на баку Расіі супраць Украіны.
Жыхаркі пасёлка Радунь прыйшлі да старшыні райвыканкама ў Воранаве з праблемай развіцця свайго населенага пункта. Жанчыны скардзіліся, што там не будуюць новае жыллё, не добраўпарадкуюць цэнтр, а адзінае кафэ скараціла час працы. Старшыня Дзмітрый Захарчук, наадварот, пераконваў жанчын, што ў Радуні ўсё добра, а яны проста не заўважаюць пазітыўныя змены.
У Бешанковічах ледзьве не адбыўся перадзел тэрыторый, але на дапамогу прыйшла старшыня Галіна Унуковіч. Мясцовы жыхар захацеў купіць зямельны надзел, але той належыць сельскай гаспадарцы раёна, і на продаж зямлі фермеру дзяржаўная ўлада пайсці не змагла.
У Дзяржынску старшыня райвыканкама Максім Лысенка сутыкнуўся са скаргай жыхара вёскі Белікоўшчына. Мужчына прасіў пачысціць вадаём у мясцовасці, але старшыня патлумачыў, што гэта не просты вадаём, а сажалка. А сажалкі, як высветлілася, чыноўнікі чысціць не будуць, і параіў заняцца гэтым мясцовым жыхарам сваімі сіламі.
Ад сацыяльных пытанняў да рытарычных: навошта людзі прыходзяць са скаргамі
Дзяржынскі кіраўнік Лысенка вырашае не толькі праблемы вяскоўцаў, але і ідзе па шляху развіцця сацыяльнай дзяржавы. Да яго звярнулася маці дзіцяці з інваліднасцю: прасіла, каб райвыканкам усталяваў пандус у пад’ездзе. Па яе словах, гэта каштавала б 1 000 рублёў. Усталёўваць пандус ніхто так і не збіраецца — жанчыне параілі звярнуцца па дадатковыя сацыяльныя выплаты, а частку сумы сабраць з жыхароў дома.
Гэта не адзіная гісторыя ў беларускіх рэгіёнах, калі сацыяльныя службы сумесна з дзяржаўнымі чыноўнікамі адмаўляюцца ісці насустрач людзям з інваліднасцю. Так, у Крупках пенсіянерка закранула «тему обеспечения равенства возможностей всех людей». Яна хацела б самастойна сябе абслугоўваць, але не мае магчымасці, бо жыве на другім паверсе. Пенсіянерка звярнулася з просьбай абмяняць сваю кватэру на сацыяльнае жыллё на першым паверсе з пандусам. Сацыяльныя работнікі прапанавалі ёй персанальнага асістэнта, а вось жыллё — не, бо яго няма і ніхто яго не збіраецца будаваць.
У Мастах кіраўнік райвыканкама Андрэй Санько змагаецца з дзіцячай пляцоўкай. У мясцовых развярнулася сапраўдная вайна: жыхары аднаго дома хочуць мець пад вокнамі дзіцячую пляцоўку, а жыхары іншага нават дайшлі да суда, каб яе прыбралі. Суд вырашыў, што пляцоўку ўсталявалі з парушэннем нормаў, але ўжо шмат часу яе не прыбіраюць. Санько пастанавіў наступнае: вырашыць гэтае пытанне як гаспадары, што б гэта ні азначала.
У Карэлічах чыноўнікі заўважылі павелічэнне колькасці зваротаў ад мясцовых жыхароў. Людзі ідуць з просьбамі дапамагчы адкрыць бізнес, па кансультацыі па падключэнні электрычнасці г. д. Карэліцкі старшыня райвыканкама Генадзь Шутаў лічыць, што павелічэнне зваротаў — гэта добры знак: «Значыць, людзі давяраюць мясцовай уладзе, ведаюць, што іх выслухаюць і дапамогуць. <…> Для гэтага мы і працуем».
У Чавусах мясцовы старшыня Дзмітрый Акуліч, як і яго калегі з іншых беларускіх рэгіёнаў, вырашаў пытанні якасці дарог, добраўпарадкавання на могілках і вывазу смецця. Аднак, у адрозненне ад іншых чыноўнікаў, Акуліч усё-такі знайшоў самую галоўную праблему і адказ на пытанне, чаму беларусы працягваюць ісці звяртацца па дапамогу:
— Многія звароты паказалі недапрацоўку службаў і спецыялістаў з насельніцтвам. Людзям трэба тлумачыць, чаму прымаюцца тыя ці іншыя рашэнні, тады зваротаў і пытанняў не будзе.