Вы чытаеце:
«Для тых, хто забыўся на радзіму». На YouTube з’явіўся новы праект пра беларускую літаратуру

«Для тых, хто забыўся на радзіму». На YouTube з’явіўся новы праект пра беларускую літаратуру

беларуская літаратура, праект пра беларускую літаратуру, белліт

На беларускім YouTube запусцілі новы відэапраект пра беларускую літаратуру — «Для тых, хто забыўся на радзіму». Каб натхніць людзей чытаць сваю літаратуру, у праекце абмяркоўваюць выбітных беларускіх пісьменнікаў і творы, якія яны нам падарылі.

PALATNO расказвае, што цікавага і незвычайнага можна пабачыць там.

Пра што праект?

Праект стварыла выпускніца ліцэя БДУ Паліна. Разам з ёй шоу вядуць розныя беларусы і беларускі. У кожным выпуску яны чытаюць  урыўкі з твораў нашых выбітных аўтараў і абмяркоўваюць іх складаныя, часта трагічныя, але цікавыя лёсы.

Паліна кажа, што праект быў створаны для таго, каб паказаць, наколькі шматбаковай і цікавай можа быць беларуская літаратура. І яшчэ каб абавязкова натхніць чытаць беларускую літаратуру.

Стваральнікі падкрэсліваюць, што яны не прафесіяналы, а аматары беларускай літаратуры.

Вежнавец, Хадановіч, расстраляныя паэты. Што там абмяркоўваюць?

На канале выйшла восем выпускаў: ад Францыска Скарыны да Евы Вежнавец.

Францыск Скарына. Гэта першы выпуск на канале, з яго можна даведацца не толькі пра першадрукара (напрыклад, пра таямніцы яго гравюрнага партрэта), але і цікавосткі пра сам праект: навошта нам беларуская літаратура, якія стэрэатыпы пра яе існуюць, ці мае яна будучыню.

Янка Купала. Праект пра беларускую літаратуру не можа змаўчаць пра Янку Купалу і яго творчы шлях. У відэа абмяркоўваюць складанае жыццё «песняра» і яго трагічную смерць, яго творы і іх актуальнасць сёння.

Максім Багдановіч. У гэтым выпуску гаворка ідзе не толькі пра творчасць паэта, але і пра жанчын, якія паўплывалі на яго. Чаму ён пераклаў свой зборнік на рускую мову, што новага даў беларускай літаратуры, чаму так частка пераязджаў? Пра ўсё гэта — у відэапраекце «Для тых, хто забыўся на радзіму».

Цётка. Як склалася жыццё Алаізы Пашкевіч? Як сяброўка выратавала ёй жыццё? Чаму Пашкевіч узяла такі псеўданім? Які ўдзел брала ў рэвалюцыях 1905 і 1917 гадоў? Чаму ў яе не было твораў пра каханне?

Нерасстраляныя. Адна з самых важных тэм у беларускай літаратуры, пра якую шмат хто даведаўся ўжо па-за сценамі школы. У выпуску расказваецца пра «Чорную ноч», як паэтаў забілі двойчы, чаму Курапаты з’яўляюцца сакральным месцам. Таксама можна даведацца пра паэтаў і пісьменнікаў, чые жыцці перарваліся праз сталінскія рэпрэсіі. А яшчэ — як яўрэйская культура паўплывала на беларускую літаратуру.

Андрэй Хадановіч. У гэтым выпуску абмяркоўваюць Андрэя Хадановіча, яго творчы шлях і цяперашняе жыццё. Можна даведацца крыху больш пра літаратурны пераклад, пра тое, чаму першы зборнік Хадановіча выйшаў на ўкраінскай мове і чаму яго вершы чытаць лягчэй, чым вершы паэтаў мінулага стагоддзя.

Вальжына Морт. У выпуску разбіраюць творчасць беларускай паэткі Вальжыны Морт, абмяркоўваюць паэзію без рыфмы і песні паэткі без музычнага слыху і з адсутнасцю голасу. Выпуск здымалі на могілках, таму атмасфернасць відэа зашкальвае!

Ева Вежнавец. Кніга «Па што ідзеш, воўча?» — бадай што галоўная тэма гадзіннага выпуску праекта. Абмяркоўваюць не толькі самы важны твор Вежнавец (паводле яе ж слоў), але і сэксуальную адукацыю, выкладанне гісторыі ў школе і шмат чаго іншага, што ёсць у сучаснай беларускай літаратуры.

Вярнуцца ўгару