Now Reading
Праваслаўны ў касцёле. Як разьбяр з Беларусі працуе ў каталіцкім храме ў Польшчы

Праваслаўны ў касцёле. Як разьбяр з Беларусі працуе ў каталіцкім храме ў Польшчы

Вялікі чырвоны касцёл знаходзіцца ў цэнтры Беластока — яго бачыў амаль кожны беларус, які жыве ў сталіцы Падляшша. Некаторыя нават заходзілі ўнутр. Але мала хто ведае, што частка ўбрання храма зробленая рукамі праваслаўнага разьбяра з Беларусі. Зараз майстар працуе над упрыгожваннем алтара — ужо зроблены 8 маленькіх фігур, ідзе работа над трыма вялікімі. PALATNO запыталася ва Уладзіміра Чыквіна, як ён прыйшоў да разьбярства, ці лёгка праваслаўнаму працаваць у касцёле, і пра што ён горача дыскутуе з ксяндзамі за абедам.

«У нас хлопец абавязкова мусіў умець плесці кошыкі». З чаго ўсё пачыналася

Беластоцкая майстэрня Уладзіміра знаходзіцца побач з касцёлам, у невялікім памяшканні, але тут хапае месца і для інструментаў, і для прац, у тым ліку вялікіх фігур анёлаў, якія ўпрыгожаць бакавы алтар ужо гэтай восенню.

— Я шмат чаго зрабіў у гэтым касцёле. Напрыклад, убранне чатырох спавядалень у неагатыцкім стылі, два парталы ў галоўным алтары, два невялічкія алтары «Хрыстос Міласэрны» і «Ян Павел ІІ». Я таксама многа зрабіў для комплексу Палаца Браніцкіх. Унутры Палаца Шлюбаў усё што рэзанае — маіх рук работа.

Уладзімір працуе пры касцёле каля 20 год — ён перыядычна прыязджае сюды з Беларусі. Агульны ж стаж у разьбярстве — больш за 40 год, ёсць званне народнага майстра. А пачыналася ўсё з пляцення кошыкаў у роднай вёсцы.

— Я родам з вёскі каля Белавежскай пушчы, з Камянецкага раёну. У дзяцінстве амаль увесь вольны час я бавіў у лесе, у тым ліку нешта калупаў нажом па дрэве. Да таго ж у нашай вёсцы была традыцыя, што хлопец абавязкова мусіў умець плесці кошыкі. Дзяўчыны па жаданню, а для хлопцаў гэта было абавязкова, нават не абмяркоўвалася.

Фота: PALATNO

Яшчэ ў дзіцячым узросце Уладзімір спаткаў людзей, якія паказалі яму, што такое разьбярства — гэта былі супрацоўнікі музея ў Белавежскай пушчы і майстэрні пры ёй. Яны далі хлопчыку трошкі памаляваць, пастругаць, пасля чаго будучы майстар захацеў сам выразаць драўляную лыжку. Ён успамінае, што вельмі доўга яе рабіў.

— Пазней спрабаваў розныя іншыя фігуркі рабіць, адну з іх на ўсесаюзную выставу нават забралі. Я тады быў ці ў 9-м ці ў 8-м класе. Фігурку тую потым згубілі, але пазней, праз 10 год, прывезлі да мяне. Яна зараз стаіць у майстэрні ў Кобрыне на палічцы сярод прац маіх сяброў.

«У войску я пазнаёміўся з таленавітымі разьбярамі з Украіны». Як вучань стаў майстрам

На паліцах беластоцкай майстэрні стаяць гатовыя працы, а таксама мадэлі з пластыліну. Частка сцяны завешана малюнкамі — менавіта з іх пачынаецца працэс стварэння новай фігуры.

— Пасля таго, як мы абмеркавалі з праектантам, што патрабуецца, я раблю малюнкі і нясу іх да эксперта па ўбранню касцёла, які мае тэалагічныя і мастацкія веды. Потым я раблю мадэль з пластыліну і ўзгадняю яе з праектантам. Калі фігура малая, то магу зрабіць пробнік з дрэва, каб паспрабаваць новы матэрыял.

Ва Уладзіміра ўжо ёсць асабістая напрацаваная тэхналогія — як-ніяк 40 гадоў працуе з долатам і сякерай. Аднак і зараз, мужчына вучыцца, і не саромеецца пра гэта казаць. Бываюць такія задачы, калі трэба адкрываць кніжкі, чытаць, лезці ў інтэрнэт і разбірацца. А вось напачатку прафесійнага шляху такая магчымасць была не заўсёды — пасля школы будучы майстар хацеў паступіць у Бабруйск, але яго забралі ў войска.

— Там я пазнаёміўся з вельмі таленавітымі хлопцамі — разьбярамі з Украіны, з Івана-Франкоўшчыны. Мы і да сёння сябруем. Таму скажу, што ў войску я час не згубіў, бо шмат чаму ад іх навучыўся. Першыя паў гады, канешне, ганялі нас, а потым ужо вечарамі маглі спакойна збірацца, нешта маляваць, рабіць.

Пасля службы Уладзімір паступіў у Віцебск, на мастацка-графічны факультэт. Працаваў у школе, на фабрыцы сувеніраў у Брэсце, у прафесійным вучылішчы ў Кобрыне, у майстэрні пры мясцовым парку, потым мужчыну запрасілі выкладаць на мастацкі факультэт брэсцкага ўніверсітэту.

Таксама Уладзімір займаўся аднаўленнем традыцыйных рамёстваў. Майстар шмат ездзіў па замежных пленэрах, выставах, семінарах, у тым ліку ў Германію, Аўстрыю, Швецыю, Венесуэлу, на Шры-Ланку, у Індыю.

Фота: PALATNO

«Такое зробіш? Тры даляры хопіць?» Як пачалася супраца з касцёлам

Тры вялікія фігуры, якія стаяць на паддонах пасярод майстэрні, амаль гатовыя. За зіму майстар даробіць іх чыставую абробку, і возьмецца за яшчэ дзве.

— Вельмі многа работы было з крыламі. Тут праблема ў тым, што фігура анёла павінна быць лёгкай на выгляд, яна не мусіць быць цяжкай, брылай. І я іх раблю са жніўня. А вось маленькія фігуры робяцца за паўтары-два тыдні, але калі лічыць з праектаваннем, абмеркаваннем, узгадненнем, то працэс расцягваецца на паўтары месяцы.

Уладзімір паказвае адну з іх — гэта Ежы Матулевіч, ксёндз, які служыў у Вільні і мае дачыненне да Беларусі. Астатнія постаці — святары і святыя з розных эпох і месцаў, у тым ліку Ежы Папялушка, Андрэй Баболя, Станіслаў Костка.

Гэта не першыя працы, зробленыя для галоўнага касцёла Падляшша. А пачалася супраца больш за 20 год таму — як і ўсе ў той час на беларускім прыграніччы, Уладзімір ездзіў да Польшчы гандляваць. Ён прадаваў тое, што сам рабіў з дрэва — і людзі гэта з задавальненнем куплялі.

— І вось падыходзіць да мяне нейкі чалавек, дастае гатычную дэталь з дрэва і пытае: «Такое зробіш?». Я паглядзеў: «Ну зраблю». «А за колькі? Тры даляры хопіць?». Ён заказаў 50 штук тых дэталяў. Я паехаў дадому, зрабіў, прывёз, а ён дастае крыху іншую дэталь і заказвае ўжо 400 штук. І вось так мы з ім супрацоўнічалі. Гэты чалавек працаваў сталяром у касцёле.

Праз некаторы час той мужчына запрасіў Уладзіміра месяц папрацаваць з ім пры касцёле, потым два, і яшчэ два. Так — наездамі — праваслаўны майстар з Беларусі і працуе ўжо больш за 20 год.

— Першае што я сказаў: «Я праваслаўны». Можа гэта будзе нейкай праблемай. Але Падляшша — гэта талерантны рэгіён. Галоўнае каб чалавек быў прыстойны і добры майстар. Так што не было абсалютна ніякай праблемы ў тым, што праваслаўны працуе ў касцёле.

«Я часта бачуся са святарамі, і мы канструктыўна дыскутуем». Якія адносіны ў праваслаўнага з каталікамі

Працоўны дзень Уладзіміра пачынаецца з музыкі Баха —яна стаіць на будзільніку. З акна яго кватэры відаць майстэрню і касцёл — паміж імі 35 крокаў, як падлічыў сам майстар. Крыху далей ісці да плябаніі, дзе разам са святарамі беларус снедае, абедае і вячэрае. Перад пачаткам працы, майстар надзявае кашулю, якой больш за 100 год.

— Гэтую кашулю мне мой знаёмы пашыў 20 гадоў таму, а тканіне гэтай 90 гадоў, таму можна сказаць што кашулі каля 110 гадоў. У ёй вельмі добра працаваць, бо пот упітваецца добра.

Жытло і харчаванне прадстаўляе працадаўца. Як растлумачылі разьбяру: «Заўсёды майстар, каторы рабіў для касцёла, жыў пры касцёле, сілкаваўся пры касцёле».

— Я часта бачуся са святарамі, у тым ліку ў сталоўцы, і мы размаўляем на розныя тэмы — рэлігійныя, канфесіянальныя, пра шлюбы, разводы, хрышчэнне дзяцей і гэтак далей. І няма ніякіх праблем — мы не сварымся, а канструктыўна дыскутуем.

Уладзімір адзначае, што на Падляшшы заўсёды добра адносіліся да беларусаў. Ён ні разу тут не чуў чагосьці накшталт: «Панаехалі». Для мужчыны Беласток — вельмі ўтульны горад, амаль як Беларусь.

— У Беластоку я хаджу да царквы. Нерэгулярна, але калі душа патрабуе, я хаджу. Наведваю розныя праваслаўныя храмы, але часцей кафедральны Свята-Мікалаеўскі сабор — ён тут недалёка.

А ў касцёле майстар любіць адведваць канцэрты — нядаўна тут была арганная музыка і харавыя спевы. Таксама, бываючы ўнутры храма па справах, мужчына можа затрымацца, калі пачуе нешта цікавае на імшы, прысесці ціхенька і паслухаць.

«У мяне было добрае выхаванне». Чаму Уладзімір сам сабе зайздросціць

У майстэрні Уладзіміра шмат розных інструментаў. Ёсць нават кавадла. Але больш за ўсё стамесак — і старых, і новых, і пакупных, і самаробных.

— Кожны год з’яўляюцца новыя стамескі, бо для новай працы можа спатрэбіцца новы інструмент. Маю кузню тут — калі чагосьці не хапае, то на месцы і вырабляю. Нешта я купіў, штосьці сам зрабіў, нейкімі інструментамі памяняўся. Напрыклад, — майстар паказвае інструмент з металічнай часткай незвычайнай формы, — вось на гэту памяняўся з літоўцам адным. А мой разец у яго. Разьбяры робяць так.

Майстар кажа, што каб займацца разьбярствам трэба ўпартасць і самакрытычнасць, бо калі ты не будзеш бачыць свае памылкі, то і не зробіш нармальную работу — атрымаецца, як кажуць, аматаршчына: «Праца з дрэвам развівае логіку, развагу, цэльнасць натуры».

Уладзімір гаворыць, што часамі сам сабе зайздросціць — ён займаецца сапраўды любімай справай, паездзіў па свеце, працуе для галоўнага касцёла Падляшша. А яшчэ ён з цеплынёй успамінае сваіх бацькоў.

— У мяне было добрае выхаванне. Мы бывала са старэйшым братам нашкодзім, але бацькі ніколі на нас не крычалі з-за гэтага. Наадварот, гэта мы шукалі да іх падыход, каб яны з намі загаварылі. Добрае было выхаванне — сам сабе зайздрошчу. І гэта нават зараз сучасны падыход — я бачу як мая дачка са сваёй дачкой гэтаксама паводзіцца.

Разьбяр спадзяецца, што калісьці вернецца ў сваю родную вёску і адродзіць рамяство пляцення кошыкаў, якое нажаль амаль забылася.

Scroll To Top